Кардынал Казімір Свёнтак быў чалавекам з жыццёвым лёсам, пра які, калі зняць пра яго кіно, чужыя людзі сказалі б: ну не, у жыцці так не бывае.
Саветы арыштавалі яго ў 1941 годзе, абвінавацілі ў шпіянажы (вядома ж, ніякім шпіёнам ён не быў, проста вынішчалі «варожых элементаў»), вынеслі смяротны прысуд. 26-гадовы, па цяперашніх мерках яшчэ юнак, ён сядзеў у камеры смяротнікаў у Брэсце. Кожную ноч роўна апоўначы ў гэтым канцы вязніцы адчыняліся дзверы, і некага — вязні не ведалі, чыя чарга — выводзілі на расстрэл. Але напалі немцы, энкавэдэшнікі разбегліся, жыхары Брэста, наадварот, збегліся і павыпускалі вязняў. У першыя дні вайны Саветы расстралялі тысячы зняволеных з турмаў Луцка, Глыбокага, Мінска, Львова — тых, каторыя былі далей ад мяжы, але Брэст немцы занялі ўжо ўранку 22 чэрвеня, тут крывавую лазню зладзіць не паспелі. Свёнтак вярнуўся служыць у свой касцёл у Пружаны. Адно зло ўратавала ад іншага зла.
У 1944-м ад расстрэлу гестапа яго, наадварот, уратаваў прыход савецкіх войскаў.
Застаўся на гібель, але не загінуў
Гэты чалавек бясконца давяраў Богу. У 1944 годзе ён, 29-гадовы, ужо, у адрозненне ад 1939-га ведаючы, што чакае яго ў СССР, і маючы выбар, не паехаў у заходнім кірунку, а застаўся служыць, нягледзячы на смяротны прысуд, які ніхто з яго не здымаў. Чарговы раз Саветы яго арыштуюць у снежні 1944-га.
Кніга «Мяне заўсёды ратавала вера…» немудрагелістая: складаецца з успамінаў пра кардынала, якія пасля яго смерці друкаваліся на старонках часопісаў «Наша вера», «Ave Maria», «Дыялог» і на інтэрнэт-партале catolic.by. У цэлым кніга збудаваная па прынцыпе «пра памерлага толькі добрае», ва ўспамінах беларусаў суцэльны мёд, а вось замежнікі спрабуюць апісаць чалавека такім, якім ён быў, з усімі супярэчнасцямі.
Многа цікавых дэталек тых людзей, якія былі побач з кардыналам у розныя гады. У першую чаргу гэта духоўныя асобы, дактары і простыя парафіяне-суседзі.
Аказваецца, ужо немаладым Свёнтак па-ранейшаму рассякаў на матацыкле «Іж», прычым не толькі па патрэбах душпастарскага служэння, але і на рыбалку, і на паляванне. Дайшло да таго, што касцельныя бабулі, баючыся за здароўе любімага ксяндза, адабралі ў яго матацыкл.
Іншае захапленне будучага кардынала — кінакамера. Ён здымаў шмат і рознае. Сёння тыя запісы вельмі цікавыя, бо захавалі нам Палессе, якое не было яшчэ асушана, а жыло натуральным жыццём.
Свёнтак у савецкія часы змагаўся з мясцовымі ўладамі, імкнучыся захаваць гістарычныя будынкі Пінска і ваколіцаў, бараніў старыя гарадскія могілкі і кварталы.
Сабакі і кава
Ці вось яшчэ адна дэталь. Вядома, што Свёнтак любіў сабак.
Быў у яго маленькі Ас. Ксёндз вазіў яго ў кошыку на ровары і на матацыкле. Па-сяброўску вучыў яго «прыслугоўваць»: на загад «пільнуй шапку» сабака пільнаваў; … на слова «міліцыя» брахаў і станавіўся каля свайго сябра, каб яго бараніць».
Ксёндз любіў і фатаграфаваць — яшчэ тады, калі гэта было даступна нямногім. Каб зняць, як падае лісце з дрэваў, ён плаціў хлопцам па рублі за тое, што яны ўзлезуць на дрэва і патрасуць яго галінкі, каб спаданне лістоты можна было зняць у палёце.
Па дарозе з дыпламатычнага прыёму ў Мінску мог спыніцца ў лесе за Івацэвічамі і гадзіну ранкам слухаць салаўёў.
Жыў ён у маленькай хатцы на вуліцы Тараса Шаўчэнкі, 12 у Пінску, у пакоі ў яго стаяў вузкі ложак і стол.
«У змрочныя 1950-я, каб не страціць розум, ён стаў займацца садам». Быў узорам сціпласці ў побыце і пры гэтым адданасці справе жыцця.
«Стыль жыцця ксяндза Казіміра не вельмі змяніўся, калі ён быў прызначаны біскупам, а пасля і кардыналам. Змяніўся толькі клас аўтамабіляў, якія … пад'язджалі да дамка на Шаўчэнкі. Гэта былі лімузіны амбасадараў, нунцыяў, высокіх гасцей», — успамінае пінскі доктар Іван Панасевіч.
«Выгоды не рабілі на яго ніякага ўражання», — заўважае нямецкі тэолаг Марцін Бюшэрмёле.
Адзіная яго слабасць — не мог жыць без кавы, піў яе, нават калі кардыёлагі забаранялі. Жартаваў, што «стрэс, які ён перажыве, адмовіўшыся ад кавы, больш шкодны за саму каву». Запарваў яе ў бляшаным кацялку, захаваным з лагерных часоў.
Дабрадушны, але зацяты; здольны мяняцца, але які імкнецца нічога не мяняць; паляк, які, аднак, здолеў зразумець, што «Польшча не вернецца»
Успаміны замежнікаў адкрываюць для нас іншыя бакі чалавека, якому Бог судзіў узначаліць Касцёл у Беларусі пасля падзення савецкай імперыі, у засценках якой ён ледзь не загінуў, «і фундаментам гэтага Касцёла стаў мучанік — кардынал Свёнтак, гэтак, як было ў першыя стагоддзі хрысціянства», кажа пра яго кардынал Станіслаў Дзівіш, правая рука Яна Паўла ІІ.
З успамінаў паўстае чалавек дабрадушны, але зацяты; здольны мяняцца, але які імкнецца нічога не мяняць; паляк, які, аднак, здолеў зразумець, што «Польшча не вернецца»; нарэшце, чалавек, які «любіў пасмяяцца, але ніколі не смяяўся з кагосьці».
У еўрапейскай традыцыі ўспаміны — не агіяграфія, а нагода паказаць чалавека ва ўсёй яго складанасці і дынаміцы. Чалавек прыгожы тым, што ён жывы, сплецены з розных перакананняў, звычак і матывацый, прыгожы гэтай сваёй складанасцю, і мяняецца. Беларусам яшчэ трэба вучыцца гаварыць пра людзей паважліва і тактоўна, але без ідэалізацыі, якая спусташае і, па вялікім рахунку, абясцэньвае чалавека.
З успамінаў арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, які з 1996 да 2001 года быў апостальскім нунцыем у Беларусі, мы даведваемся, што Свёнтак быў прыхільнікам неўмяшальніцтва ў палітыку.
«Ад кардынала Свёнтка я даведаўся, што мой папярэднік [нунцый Агасціна Маркета, 1994—1996] адразу на першай аўдыенцыі [ў прэзідэнта] пайшоў у наступ і ў сваёй прамове крытыкаваў Беларусь за адсутнасць свабоды веравызнання, за парушэнне правоў чалавека і г.д.». Грушоўскі паслухаўся кардынала і «вырашыў, што ва ўступным слове трэба сказаць пра веру».
Грушоўскі таксама апісвае кардынала як чалавека ўпартага, які да апошняга імкнуўся захаваць поўную ўладу над Касцёлам.
Так, пасланцу Ватыкана давялося ўжыць увесь свой дыпламатычны талент, каб змусіць 85-гадовага іерарха — біскупам Свёнтак стаў у 77 гадоў, «калі ўжо некаторыя біскупы ідуць на пенсію», заўважае былы нунцый, а апісаныя падзеі адбываюцца праз дзясятак гадоў пасля таго, як Свёнтак узначаліў Касцёл, — пагодзіцца на стварэнне ў краіне новых дыяцэзій і высвячэнне новых біскупаў. Свёнтак не пагаджаўся ні на пераезд з Пінска ў Мінск, ні на прызначэнне дапаможнага біскупа.
«Так бывае са старымі людзьмі, асабліва калі іх стары менталітэт спалучаецца з цвёрдым характарам», — адзначае нунцый-славак, які сам даслужыць у Беларусі роўна да 75-годдзя.
Пасля з такой жа цяжкасцю Ватыкан навязаў Свёнтку стварэнне канферэнцыі каталіцкіх біскупаў і стварэнне Віцебскай дыяцэзіі, ён упарта супраціўляўся ўсяму гэтаму. Але калі тое такі было зроблена, Свёнтак уцёк са шпіталя ў Беластоку, праехаў 700 кіламетраў па галалёдзе, каб паўдзельнічаць у высвячэнні біскупа Віцебскага. Выбар будзе няўдалым — Уладзіслаў Блін сыдзе ў адстаўку ў 2013 годзе з прычын, якія так і не агучваліся.
«Кампраміс не быў яго моцным бокам, — адзначае Марцін Бюшэрмёле, — і менавіта таму, што ксёндз-кардынал быў вельмі проста і канкрэтна мыслячым чалавекам».
«Катам прабачаю»
Біскуп Ежы Мазур успамінае, што кардыналу яго лагерныя ўспаміны балелі і праз 50 гадоў. «У Сібір я дабравольна не паеду, сваё там перажыў ужо, хопіць», — адмовіў ён на просьбу прыехаць у Іркуцк на асвячэнне катэдры і Капліцы паяднання і міру. Было гэта ў 2000 годзе, кардыналу тады было ні многа ні мала 85 гадоў. Але калегі ўгаварылі. У Іркуцк прывезлі зямлю з розных лагерных гарадоў. Першай была Варкута, дзе сядзеў сам Свёнтак. «Кардынал пацалаваў гэтую зямлю і лёг крыжам», — успамінае біскуп. «У імя ўсіх, хто загінуў, усім катам прабачаю», — сказаў Свёнтак.
На целе ў яго да канца жыцця жыцця заставаліся сляды абмаражэнняў падчас лагернай працы. Свёнтка ўратаваў фельчар-яўрэй, даў гусінага смальцу. «Ног то я вам не пакажу, бо я ўсё [ўвесь запас] выкарыстоўваў, каб уратаваць нос», — з гумарам расказваў кардынал.
Не прайшло і некалькі гадоў
Ксёндз Славамір Ляскоўскі спыняецца на іншым цікавым моманце, які паказвае, як будучы кардынал мяняўся, як ад «духу пальшчызны», які цэментаваў Касцёл у савецкія часы, каталіцтва перайшло да ўсведамлення новых рэалій і, больш за тое, стала ў авангардзе нацыянальнага адраджэння беларусаў.
Кардынал быў сынам паляка-афіцэра і нарадзіўся ў сучаснай Эстоніі.
«Яшчэ ў канцы 80-х гадоў ён казаў, што ніколі не будзе цэлебраваць святую імшу па-беларуску альбо па-руску, аднак не прайшло і некалькі гадоў, як у ім адбыўся цуд перамены», — піша Ляскоўскі.
Сярод заслуг кардынала — аднаўленне мінскай архікатэдры і падрыхтоўка да выдання «Рымскага Імшала» па-беларуску.
Кардынал натхняў святароў з характэрным сваім гумарам: «Слухайце, мяне ў свой час выслалі ў Варкуту. Вас у найгоршым выпадку вышлюць назад у Польшчу, таму вы не павінны баяцца».
Жартаваў ён і ў Ватыкане. У Рыме ў кампаніі біскупаў аднойчы сказаў: «У кананічным праве ёсць памылка!» — успамінае манах Бэла Лані SVD. «І ўсе прысутныя знямелі: чалавек нядаўна стаў біскупам, а ўжо крытыкуе кананічнае права». Свёнтак тым часам працягваў: «У кананічным праве напісана, што кожны біскуп павінен ісці на пенсію ў 75 гадоў. А што рабіць таму, хто менаваны біскупам у 77 гадоў?» На гэта адзін уплывовы кардынал адказаў: «Што ж, usque ad mortem — тады працуйце да смерці!»
Але часам гумар не дапамагаў. «Кардынал згадваў, што беларускія людзі яшчэ пакуль homo soveticus — у тым ліку і святары, і нават ён сам, — успамінае Марцін Бюшэрмёле. — Я не разумеў, як святары, што прысягалі паслушэнства кардыналу, адмаўляліся па яго просьбе прыехаць у тое ці іншае месца, каб даць магчымасць іншаму адправіцца на лячэнне. Для мяне гэта было балюча, для кардынала — таксама. Яму балела і тое, што нават старонні чалавек мог заўважыць гэтыя недахопы і праблемы».
«Мяне ўтрымала і ў жыцці, і пры Богу мая моцная непахісная вера, — казаў кардынал у інтэрв'ю часопісу «Наша вера», якое ўвайшло ў кнігу і дало ёй назву. — Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці брэсцкай турмы. Але ў душы быў перакананы, што выжыву».
«Не губляў надзеі таксама ў перасыльным лагеры ў Оршы, дзе сярод вязняў панавала крывавая дызентэрыя… Лежачы на бетоннай падлозе, напаўпрытомны, я не пераставаў маліцца», — успамінаў кардынал. «Гэтая вера дае мне сілы і цяпер, у выкананні шматлікіх абавязкаў», — дадаваў ён.
«Я — звыклы, нармальны, смяротны чалавек, які ад пачатку прыняў Божую волю і ўсюды імкнуўся, наколькі ставала сілы, яе выконваць», — казаў ён у іншым інтэрв'ю.
Гісторыя кардынала Свёнтка — гэта пра тое, якую сілу дае чалавеку вера.
А значыць і пра тое, колькі намаганняў праціўнікі будуць прыкладаць, каб гэтую веру знішчыць. Свёнтак заслугоўвае не толькі кнігі ўспамінаў, але і кнігі-біяграфіі, і фільма пра сябе. Кніга выдавецтва «Pro Christo» дадае матэрыялу для будучых іх аўтараў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары