Журы назвала імёны выканаўцаў, якія трапілі ў фінал конкурсу «Заспявай 2.0». Менавіта гэтыя артысты маюць магчымасць выступіць ужывую на канцэртах праекту і атрымаць грашовы прыз да 1000 еўра.
Перад сябрамі журы стаяла задача – назваць па шэсць вартых увагі канкурсантаў у намінацыі «Кавэр» і «Паэзія».
У журы ўвайшлі: музыкі Ігар Варашкевіч («Крама»), Валеры Дайнека («Беларускія Песняры») і Алег Хаменка («Палац»), паэты Адам Глобус і Віталь Рыжкоў, культуролаг Максім Жбанкоў, журналістка Таццяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэту конкурсу — Павал Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртанне»), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!») і Сяргей Будкін (прадзюсар конкурсу, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm).
У намінацыі «Кавэр» ацэньвалася перадусім не адпаведнасць кавэр-вэрсіі арыгіналу і нават не столькі вакальныя і тэхнічныя магчымасці выканаўцаў, колькі шырыня творчага мыслення і ступень прасякнення абраным спеўным матэрыялам. Звярталася ўвага на ўменне перажыць яго наноў, на здольнасць падаць вядомую песню па-новаму ў перакладанні на сваю асобу і надаць вядомаму твору іншае актуальнае гучанне. Віталіся таксама апраўданыя эксперыменты з музычнымі стылямі і самой формай твору.
Такім чынам, паводле рашэння журы шасцёрка галоўных прэтэндэнтаў у гэтай намінацыі выглядае такім чынам (у алфавітным парадку):
Дадаткова журы адзначыла яшчэ Таню Матарыкіну зь песняй «З ранку да ночы» (кавэр на Ірыну Дарафееву) і гурт «Колір» з кавэрам на гурт Naka. У лік лепшых таксама патрапіла K3tyvana, якая даслала на конкурс беларускамоўны кавэр на песню Adele «Skyfall». Гэта пярэчыла правілам (разглядаліся толькі кавэры на беларускіх выканаўцаў), але некаторыя сябры журы ўключылі яе ў свае шорт-лісты. Асобным чынам журы адзначыла таксама самую маладую канкурсантку – 5-гадовую Кіру Патапчук, якая выканала «Купалінку».
У намінацыі «Спяваная паэзія» звярталася ўвага як на абраны тэкст, так і на яго арыгінальную музычную падачу, на гарманічнае спалучэнне музыкі і слова. Журы адзначае, што тут агульны ўзровень канкурсантаў быў куды вышэй, чым у намінацыі «Кавэр».
Шасцёрка лепшых у гэтай намінацыі выглядае наступным чынам (у алфавітным парадку):
Дадаткова былі адзначаныя таксама Bigi з песняй «Літары» (словы Алеся Плоткі), Дзмітрый Нікановіч з песняй «Ключы» (словы Мікіты Найдзёнава) і Люба Ружэнка з песняй «Адам і Марыля» (словы Валянціны Аколавай).
Такім чынам, магчымасць выступіць ужывую у межах конкуросу «Заспявай 2.0» атрымалі 12 канкурсантаў:
GreenPills, Валерыя Дэле, Маze, Navi, Symphorine, Яўген Цярэнцеў, Vegatables, Марына Вярэніч, «Колір», Пётра Клюеў, Paulinе, а таксама K3tyvana (па-за конкурсам).
У выпадку, калі нехта з абраных канкурсантаў не зможа выступіць, такую магчымасць атрымае нехта з шэрагу азначаных па-за шасцёркаю. Першыя на чарзе тут Bigi, Дзмітрый Нікановіч, Таня Матарыкіна, Люба Ружэнка.
Канцэрты фіналістаў «Заспявай 2.0» будуць праходзіць цягам усяго лета на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды ў Мінску ужывую пры падтрымцы вядомых музыкаў. Сваю папярэднюю згоду на ўдзел ужо далі гурты «Палац», «Крама», «Крыві», HandMade, Наста Шпакоўская, Юрый Несцярэнка ды іншыя. Расклад першых выступаў будзе абвешчаны пасля ўзгаднення датаў з выступоўцамі.
Пераможцы конкурсу «Заспявай 2.0» будуць названыя пасля серыі летніх канцэртаў на фінальным гала-канцэрце праекту.
Комментарии