Литература11

Чтобы знать все о празднике 25 марта: топ-5 документальных и художественных книг о БНР

Напярэдадні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі знаёмім вас з кнігамі, якія дапамогуць асэнсаваць значнасць гэтай падзеі.

Дарота Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці»

«Некалькі год таму ўпершыню я праглядала надрукаваныя дакументы, якія тычыліся Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны падаліся мне яскравым сведчаннем неардынарнай палітычнай драмы: юнацкія ідэалы, мары пра ўласную дзяржаву, адсутнасць разумення з боку міжнародных палітычных колаў, нечаканыя павароты, рамантычныя героі. Урэшце — трагічны фінал беларускай незалежніцкай ідэі і яе прыхільнікаў, большасць якіх за свае мары заплацілі найвышэйшую цану, будучы пакаранымі смерцю ў перыяд сталінскіх рэпрэсій».

Кніга Дароты Міхалюк (гісторыка з Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні), якая выйшла ў 2010-м па-польску і ў 2015-м па-беларуску, напэўна, найбольш поўная манаграфія пра Беларускую Народную Рэспубліку на сёння.

Аўтарка, якасна апісаўшы гэты перыяд, зрабіла тое, што так і не зрабіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Акрамя перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі, Міхалюк падрабязна разглядае нацыятворчы працэс ад сярэдзіны XIX стагоддзя, выспяванне нацыянальнай ідэі ў пачатку XX стагоддзя, развіццё беларускага руху ў часе Першай сусветнай вайны. У кнізе апісаная дзейнасць чатырох урадаў БНР да канчатковага расколу прыхільнікаў беларускай незалежнасці і адстаўкі Антона Луцкевіча ў лютым 1920 года. Завяршаецца кніга на сумнай ноце: аўтарка пералічвае дзеячаў БНР і распавядае пра іх далейшыя лёсы. Пераважна няпростыя і з трагічным фіналам.

Калі вам недастаткова павярхоўнага разгляду тэмы пра спробу здабыцця першай беларускай дзяржавы, калі вы хочаце паглыбіцца ў манаграфію з багатай колькасцю спасылак на аўтарытэтныя крыніцы і архіўныя дакументы — кніга Дароты Міхалюк сапраўдны must read.

Алег Латышонак «Жаўнеры БНР»

«Прадметам гэтага дасьледаваньня зьяўляецца ўдзел беларусаў у барацьбе за незалежнасьць сваёй краіны ў тыя часы, калі ўпершыню была абвешчаная незалежная беларуская дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка (БНР)».

Калі ўздымаецца тэма БНР, то звычайна разглядаецца сфера дыпламатыі і змагання за міжнароднае прызнанне. Сёння рэдка закранаецца тэма тагачаснай барацьбы за незалежнасць са зброяй у руках ці хаця б спробы арганізацыі свайго войска і кантралявання тэрыторыі. Кніга беларускага гісторыка з Падляшша Алега Латышонка менавіта пра беларускае войска ў перыяд станаўлення дзяржаўнасці.

Выданне закранае перыяд ад пачатку самаарганізацыі беларусаў-вайскоўцаў у арміі Расійскай імперыі ў часе Першай сусветнай вайны да збройнага змагання случакоў у часе Збройнага чыну.

У кнізе падрабязна разглядаецца дзейнасць Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Мінску ў канцы 1917 — пачатку 1918 гг. і ўзяцце пад кантроль часткі Мінска беларускімі атрадамі 19-20 лютага 1918 года. Апісаная дзейнасць беларускіх вайсковых фармаванняў у арміях іншых дзяржаў: беларускіх частак у літоўскай арміі, дзейнасць Беларускай вайсковай камісіі ў Польшчы, удзел арміі Балаховіча ў савецка-польскай вайне, а таксама яго «Палескі паход» з далейшым абвяшчэннем сябе Начальнікам Беларускай Дзяржавы і стварэннем марыянеткавага ўрада. Цэлы раздзел кнігі прысвечаны абмундзіраванню і знакам адрознення ўсіх беларускіх вайсковых фармаванняў гэтага перыяду, што будзе цікава, напрыклад, рэканструктарам.

Алесь Пашкевіч «Пляц Волі»

«…Усё часьцей на схіле майго веку паўстае неадчэпнае — «Чаму?». Чаму краіна з такім прыродным багацьцем, такім трывалым народам — і не малым! — аніяк надзей сваіх лепшых спраўдзіць ня можа? Чаму дазваляла і дазваляе каланізаваць сябе — баёдаць свае папаратнікі? Ці ж мала крыві ейныя алтары залівала? Ці ж горшымі вестуны-прарокі былі? А тады — чаму?!».

Падзеі рамана «Пляц Волі» адбываюцца ў пачатку ХХ стагоддзя, у часы станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Кнігу Алеся Пашкевіча толькі напалову можна назваць мастацкай, бо яна напоўненая сапраўднымі дакументамі, артыкуламі, матэрыяламі пачатку мінулага стагоддзя, арганічна ўплеценымі ў сюжэтную канву твора. У канцы кнігі ў раздзеле «Прыпісы» можна знайсці спасылкі на ўсе крыніцы, выкарыстаныя ў творы.

Першая кніга гэтага рамана-дакумента распавядае пра спробы стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і змаганне за яе існаванне і функцыянаванне. Таксама шмат увагі надаецца Слуцкаму збройнаму чыну. Галоўным героем другой кнігі становіцца Кастусь Езавітаў. Кожная падзея, выказванне амаль кожнага палітычнага дзеяча ў рамане падмацоўваецца дакументам, што дадае кнізе большай важкасці. «За гістарычную праўду» ў рамане аўтар быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй імя Валянціна Пікуля (з уручэннем залатога медаля). Факт, які толькі павышае цікавасць да кнігі. Сур’ёзны раман з сур’ёзнай гістарычнай асновай.

Генрых Далідовіч «Свой дом»

«Калі мы не можам ісці супраць і Германіі, і Расіі, значыць, у нас ёсць свой трэці шлях — шлях поўнай сваёй незалежнасці…».

Творчасць Генрыха Далідовіча шчыльна звязаная з гісторыяй Беларусі, да таго ж ён першым сярод беларускіх пісьменнікаў напісаў гістарычныя раманы пра БНР, таму наступную кнігу ніяк нельга абмінуць увагай.

Раман «Свой дом» завяршае трылогію пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ў XX ст., а першыя дзве кнігі трылогіі — «Гаспадар-камень» і «Пабуджаныя» — апавядаюць пра падзеі напярэдадні і ў часе Першай сусветнай вайны, а таксама Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Частка падзей у рамане разгортваецца ў родных аўтару мясцінах: Налібацкім краі, дзе жывуць з дзяцінства знаёмыя яму людзі, таму асабліва ярка ўдалося яму выпісаць вобразы і характары мясцовых жыхароў.

Акрамя гэтага ў творы пад сваімі сапраўднымі імёнамі прысутнічаюць рэальныя гістарычныя асобы: Жылуновіч, Чарвякоў, Мяснікоў, Ландар, Кнорын і іншыя. Але калі вырашыце чытаць гэтую кнігу, варта мець хаця б нейкі гістарычны бэкграўнд, каб разумець, якія асобы хаваюцца за крыху пераробленымі прозвішчамі, напрыклад, Баравік, Нядоля ці Еўзікаў (а для папаўнення гістарычных ведаў варта звярнуцца да першага пункта гэтага спіса).

У творы апісаная вялікая колькасць гістарычных падзей таго перыяду, напрыклад, абвяшчэнне БНР, дзейнасць Беларускай сацыялістычнай гpaмaды, драматычныя ўмовы стварэння БССР, і многія падзеі суправаджаюцца вытрымкамі з сапраўдных дакументаў. Далідовіч запэўнівае, што гэты перыяд быў лёсавызначальным для далейшага развіцця беларускага краю, і ў чытачоў няма прычын яму не верыць.

Сяргей Шупа «Падарожжа ў БНР»

«Папярэджваю чытачоў, што хоць кожны сказ у гэтай кнізе мае пад сабой дакументальнае падмацаваньне, не спрабуйце браць зь яе цытаты для сваіх курсавых, дыплёмных, кандыдацкіх і доктарскіх працаў! Мая задача — зацікавіць, даць імпульс, падказаць тэму або нечаканы паварот, а далей — шукайце першакрыніцы. Бо насамрэч яны бясконцыя і могуць адкрывацца нанова, казаць іншыя рэчы, чым казалі мне, даваць іншыя пэрспэктывы».

Самая свежая кніга па тэме, якая выйшла літаральна на днях і прэзентавалася ў сталіцы за пяць дзён да стогадовага юбілею БНР. На прэзентацыі аўтар неаднаразова падкрэсліваў, што яго кнігу варта ўспрымаць не як сур’ёзнае навуковае даследаванне ці мастацкі раман, а як «гісторыю для чайнікаў», але першыя чытачы ўжо аспрэчылі такую сціпласць аўтара.

«Падарожжа ў БНР» мае падзагаловак «архіўны раман», і гэта сапраўды вандроўка ў мінулае праз тысячы перабраных аўтарам архіўных дакументаў. Вандроўка для тых, хто робіць першыя крокі ў спасціжэнні гісторыі (тых самых «чайнікаў»), а таксама для тых, хто ўжо доўгія гады ідзе гэтым шляхам.

Шмат гадоў працы з архівамі, першапачатковым вынікам якой сталіся два тамы «Архіваў БНР», і праз 20 гадоў аўтар, стаміўшыся чакаць вартых выданняў ад аўтараў навукова-папулярнай літаратуры, вырашыў напісаць кнігу сам.

Кніга вельмі «жывая». Дзякуючы лёгкаму стылю аўтара з яе старонак перад вачыма чытача дынамічна паўстаюць гістарычныя асобы, дагэтуль схаваныя ў стосах сухіх дакументаў і навуковых прац. Кніга кранальная і захапляльная, бо прымушае суперажываць яе героям, радавацца іх поспехам і расчароўвацца паразам.

У пачатку Сяргей Шупа падлічвае сярэдні ўзрост тых, хто тварыў беларускую нацыянальную рэвалюцыю. 29 гадоў! Наймаладзейшаму Тамашу Грыбу было 22, а найстарэйшаму Васілю Захарку — 40.

І гэтыя маладзёны стваралі гісторыю. У прыклад нам.

Ідэя заставачнай ілюстрацыі — Алесь Плотка, малюнак — Юлія Галавіна.

Комментарии1

Сейчас читают

Бетонировать деньги — национальная идея белорусов? Сравнили темпы строительства в Беларуси, Польше, Литве и Латвии11

Бетонировать деньги — национальная идея белорусов? Сравнили темпы строительства в Беларуси, Польше, Литве и Латвии

Все новости →
Все новости

Таксист высадил из машины ребенка, который затем потерялся6

«Я понимаю, что можно сделать копию кроссовок…» Россияне сплагиатили минский детский сад4

Келлог назвал два вопроса, которые необходимо решить, чтобы сдвинулись переговоры по Украине11

«Увидела подошву — ужаснулась»: жительница Бреста показала, что стало с ее обувью от «Марко» после прогулки по снегу18

Смертельное ДТП под Могилевом: один мужчина погиб, второй в больнице

Бывший редактор Nexta Ян Рудик женился в Киеве и рассказал, как угроза «Орешником» подтолкнула сделать предложение7

Россияне массированным ударом атаковали Кременчуг: в городе пропали электричество, вода и отопление6

Покаяние за 2020‑й не помогло — концертов «Дроздам» не дают. Группа прекращает выступления, Карпанов идет в белорусскоязычный стендап13

В белорусских родильных отделениях нет препарата, который необходим новорожденным16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бетонировать деньги — национальная идея белорусов? Сравнили темпы строительства в Беларуси, Польше, Литве и Латвии11

Бетонировать деньги — национальная идея белорусов? Сравнили темпы строительства в Беларуси, Польше, Литве и Латвии

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць