Рыгор Мозолевский: как жил самый богатый крестьянин Гродненской губернии
Для большинства из нас жизнь крестьян сто и более лет назад ассоциируется прежде всего с нищетой, жизненной беспросветностью и неграмотностью — «паны сохи и косы». На самом деле все было совсем не так, пишет доктор исторических наук Сергей Токть.
Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе беларускія сяляне атрымалі маёмасныя правы і законныя магчымасці ўзбагачацца: набываць зямлю ва ўласнасць, закладаць прадпрыемствы, займацца гандлем. Некаторыя вяскоўцы хутка скарысталіся з гэтага і сталі заможнымі землеўладальнікамі, прадпрымальнікамі і купцамі. У савецкай гістарыяграфіі іх называлі «кулакамі» і абвінавачвалі ў эксплуатацыі аднавяскоўцаў. Такой сялянскай буржуазіі гісторыкі прысвячалі значна менш увагі ў параўнанні з вясковым пралетарыятам, і ў выніку беларускі селянін-буржуа так і застаўся таямнічым незнаёмцам з дрэннай рэпутацыяй.

Аднак гістарычная рэальнасць выглядала больш складанай. «Багатыры», як называлі ў беларускай вёсцы багатых гаспадароў, былі звычайна людзьмі моцнымі і неардынарнымі, хоць iх шляхі да ўзбагачэння рэдка адпавядалі жыццепісанням хрысціянскіх святых. Яркі прыклад — Рыгор Мазалеўскі з мястэчка Скідзель, які стаў самым багатым селянінам Гродзенскай губерні канца ХІХ стагоддзя.
Сын бунтаўніка, які стаў начальнікам
Мазалеўскія былі карэннымі жыхарамі Скідзеля. Калі ў 1829 годзе скідляне ўзбунтаваліся супраць уладальніцы мястэчка княгіні Чацвярцінскай, то адным з важакоў бунту стаў бацька Рыгора Іван Мазалеўскі. Княгіня аддала яго ў салдаты, хоць Іван меў ужо 39 гадоў. Далейшы ягоны лёс невядомы. Рыгор, які меў тады 12 год, вырас у сям’і дзядзькі Якуба.

Паводле гаспадарчага інвентара маёнтка Скідзель 1845 г., ён ужо быў самастойным гаспадаром, меў сына Сцяпана (памёр маленькім). Потым Рыгор пакінуў гэтую гаспадарку сваім братам і заснаваў новую. Паводле рэвізскай сказкі 1858 года, ён жыў з жонкай Тэкляй, сынамі Лявонам, Пятром і Іванам, дачкой Ганнай.
У 1861 годзе сяляне Скідзельскай воласці абралі Рыгора Мазалеўскага старшынёй. Яго ўзрост тады быў прыкладна 46 гадоў. Варта ўзгадаць, што перад гэтым Мазалеўскі быў паліцэйскім тысяцкім: ажыццяўляў паліцэйскую ўладу ў маёнтку Чацвярцінскіх. Напэўна, што ён знайшоў паразуменне з уладальнікам — князем Канстанцінам Чацвярцінскім (1792—1871), сынам Калеты (1774—1840), якая незаконна аддала ў салдаты ягонага бацьку. Цікава, што Рыгор Мазалеўскі адзіны з жыхароў Скідзеля пагадзіўся прыняць землі, якія ім прапанавалі Чацвярцінскія замест адабраных (астатнія скідляне змагаліся за зварот старой зямлі ажно да 1939 года). Хоць зямля і была няўдобіцай, Мазалеўскі яе ўгнойваў і атрымліваў добры ўраджай.
Рыгор Мазалеўскі, чалавек няпростага характару, кіраваў воласцю жалезнай рукой. Але ў час паўстання 1863 года над ім навісла пагроза.
Пасварыўся са святаром і ледзь не трапіў у Сібір
26 лістапада 1863 года віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў напісаў гродзенскаму губернатару, што Мазалеўскі «позволил себе в самых неблагонамеренных выражениях отзываться на счет правительственных распоряжений, поясняя, между прочим, что Императрица Екатерина, заграбивши этот край, лишила их тех привилегий и преимуществ, какими предки их будто-бы пользовались, что Русское правительство установило крепостное право, которого в Польше не существовало, и что, наконец, Высочайший манифест 19-го Февраля 1861 года не принес существенного улучшения их быта». Акрамя таго, Мазалеўскі нібыта быў прасякнуты польскім духам і рэвалюцыйнымі настроямі, моцна спачуваў ідэям паўстання. Дзеля таго Мураўёў прапанаваў Мазалеўскага, «як чалавека нядобранадзейнага і шкоднага», выслаць разам з сям’ёй. Як аказалася, скаргу на Мазалеўскага напісаў скідзельскі святар Іван Хамічэўскі, у якога адбыўся канфлікт з валасным старшынёй з-за народнага вучылішча.
Рыгора Мазалеўскага выратавала тое, што за яго заступіліся мясцовыя ўплывовыя чыноўнікі, якія пазычалі грошы ў спраўнага селяніна. Губернатар Іван Скварцоў 10 лютага 1865 года даслаў у Вільню ліст з просьбай пакінуць Рыгора Мазалеўскага «на ранейшым месцы жыхарства і пры займанай пасадзе», але пачаць за ім тайны нагляд паліцыі.
У селяніна добры адвакат
У Скідзелі захавалася паданне, што Мазалеўскі прысвоіў скарб паўстанцаў 1863 года, які паслужыў яму першапачатковым капіталам. Так ці не, але ў 1869-м ён сышоў з палітыкі ў бізнэс — пакінуў пасаду валаснога старшыні і засяродзіўся на кіраванні сваёй вялікай гаспадаркай.
Як паўставала багацце Рыгора Мазалеўскага? Усё пачалося ў 1864 годзе, калі ўладальнік суседняга маёнтка Каўшова Мікалай Кахоўскі падараваў селяніну 8 дзесяцін зямлі. Хутчэй за ўсё, такім чынам ён разлічыўся за пазыку. Як сірата Мазалеўскі стаў адным з асноўных крэдытораў акругі? Верагодна, узбагаціцца яму дапамаглі пасады. Яшчэ да пасады валаснога старшыні ён выконваў функцыі паліцэйскага тысяцкага ў маёнтку Скідзель, напэўна, кантраляваў корчмы… Пры гэтым яго сваякі, сям’я дзядзькі, так і засталіся звычайнымі гаспадарамі ў Скідзелі.
У 1865-м селянін Мазалеўскі купіў луг Абалонь у свайго былога пана Канстанціна Чацвярцінскага (ягоная маці аддала ў салдаты Рыгоравага бацьку Івана). Здзелка выклікала канфлікт з сялянамі вёскі Гліняны, якія лічылі гэтую зямлю сваёй. Мазалеўскі на правах валаснога старшыні наклаў на глінянцаў штрафы за спробу забраць сена са спрэчнага лугу, а некаторых уласнаручна збіў, ледзь не пакалечыўшы.
Маёнтак Мазалеўскага ўвесь час разрастаўся, часта цаной не зусім справядлівых здзелак. У снежні 1877-га селянін вёскі Каўшова Міхал Шагун скардзіўся ўладам, што ягоны былы пан Аляксандр Кахоўскі аддаў яму 6 дзесяцін зямлі «як забеспячэнне ўзятых у яго 150 рублёў». Пан даў селяніну распіску, якая, аднак, не мела юрыдычнай сілы, і абяцаў пры продажы маёнтка здзейсніць фармальную купчую крэпасць, але раптоўна памёр. Судовы прыстаў прадаў маёнтак Кахоўскага Рыгору Мазалеўскаму, а новы гаспадар не пажадаў прызнаваць правы Шагуна на тую зямлю. Губернскія ўлады параілі Шагуну звярнуцца ў суд, але шанцаў выйграць працэс у Мазалеўскага непісьменны селянін не меў. У 1879 годзе сяляне вёскі Пузавічы таксама беспаспяхова судзіліся з Рыгорам Мазалеўскім за ўрочышча Старына. Мазалеўскі пры гэтым не траціў асабісты час на судовыя пасяджэнні, ягоныя інтарэсы бараніў калежскі асэсар Алімп Бучынскі.
Шмат грошай даваў на дабрачыннасць
У 1890 годзе Рыгору Мазалеўскаму належалі маёнткі Мількаўшчына (980 дзесяцін зямлі) і Каўшова (1383 дзесяцін), і ён тады з’яўляўся найбуйнейшым у губерні землеўладальнікам сялянскага паходжання.
Трэба прызнаць, што Мазалеўскі шмат грошай аддаваў на дабрачыннасць, асабліва на ўпрыгожванне скідзельскай Свята-Пакроўскай царквы, дзе быў ахрышчаны. Пасля вялікага пажару ў Гродне ў маі 1885-га ён ахвяраваў пагарэльцам 100 рублёў. Памёр Рыгор Мазалеўскі 11 чэрвеня 1895 года ў 78 гадоў і быў пахаваны ля скідзельскай царквы.
Паводле тастаменту, яго маёнтак на той час ацэньваўся астранамічнай для селяніна сумай — 116 940 рублёў. Рыгор завяшчаў маёнтак Радзівонавічы з фальваркам Суцькі сыну Ляву, маёнтак Каўшова і палову маёнтка Лагер — Івану, фальварак Кахова і другую палову Лагера — Сымону, а Вялікую Мількаўшчыну — малодшаму Андрэю. Дачкам выплочваліся вялікія сумы грошай.
Пасля Рыгора
Усе маёнткі Мазалеўскага перайшлі ў спадчыну сынам. Багатыры сялянскага паходжання мелі праблемы з адаптацыяй да новага статусу, з цяжкасцю пераадольвалі комплексы. Прыклад гэтага — дарожнае здарэнне, якое адбылося са старэйшым сынам Рыгора Мазалеўскага Іванам. 10 студзеня 1889 года парабак князя Друцкага-Любецкага, прускі падданы Андрэй Фалярынскі, на параконнай фурманцы спрабаваў абагнаць фурманку Івана Мазалеўскага, што апошні расцаніў як абразу і, «подъехав к корчме при деревне Пузевичах, вызвал находившихся в оной несколько человек, которые начали наносить Фоляринскому побои, от которых он по доставлении приехавшими в Пузевичи товарищами батраками домой в фольварок Лавно вскоре умер».
Унучка заснавала Тэатр юнага гледача
Першая сусветная вайна стала выпрабаваннем для роду Мазалеўскіх. Унучка Рыгора Любоў Іванаўна Мазалеўская (1903—1964) у 1920 годзе далучылася да Чырвонай Арміі. У 1926-м яна скончыла ў Маскве Беларускую тэатральную студыю і стала пазней вядомай беларускай артысткай і тэатральным рэжысёрам, стваральніцай Беларускага тэатра юнага гледача. У міжваенны час Любоў Мазалеўская перапісвалася са сваімі сяброўкамі з Каўшова і Скідзеля.
Валоданні Мазалеўскіх «за польскім часам» паменшалі. У 1921-м маёнтак Каўшова Івана Мазалеўскага складаў 790 дзесяцін, маёнтак Мількаўшчына Андрэя Мазалеўскага — 630 дзесяцін. Мазалеўскія наймалі на працу шматлікіх парабкаў. Мясцовы краязнаўца Аляксандр Сявенка запісаў успаміны пра тое, што ў маёнтку Каўшова парабкаў запрашалі за адзін з гаспадарамі стол і не шкадавалі ім «ні сала, ні кілбасаў». Дзяцей з бедных сем’яў паілі малаком. Мазалеўскія ўвесь час вялі сялянскі лад жыцця і радніліся з мясцовымі сялянамі. Паводле інфармацыі польскай паліцыі, яны цікавіліся беларускім нацыянальным рухам, але камуністычны характар гэтага руху не мог іх не адстрашваць.
Усіх расстралялі і выслалі, апошняга забілі партызаны
Прыход савецкай улады ў верасні 1939 года азначаў крах роду Мазалеўскіх. Яны хутка страцілі свае маёнткі, у якіх былі створаны калгасы. Але пазбаўленне ўласнасці было толькі пачаткам трагедыі. Ужо ў верасні 1939 года Іван Мазалеўскі быў расстраляны разам з польскімі асаднікамі ў гміне Жыдомля актывістамі мясцовага рэўкама. Былы ўладальнік Мількаўшчыны Андрэй Мазалеўскі і ягоныя сыны Рыгор, Уладзімір ды Канстанцін былі ў 1940-м асуджаныя як «сацыяльна небяспечныя элементы» на тэрміны ад 5 да 8 гадоў лагеру (усе пазней рэабілітаваныя). Таксама былі арыштаваныя сыны Івана Рыгоравіча Мазалеўскага: Іван, Рыгор і Андрэй.

Застаўся на Скідзельшчыне толькі Канстанцін Іванавіч — малодшы ўнук Рыгора Мазалеўскага. Косцік, як яго называлі, з прыходам немцаў у 1941 годзе пайшоў служыць у паліцыю. Летам 1943-га на хутар, дзе Косцік жыў з маці і сястрой, прыйшлі партызаны. Ён прапанаваў ім выпіць гарэлкі, а ў часе выпіўкі смяротна параніў аднаго партызана, свайго школьнага сябра, нажом. Партызаны застрэлілі Косціка і спалілі хутар. Загінулі таксама яго маці і сястра. 15-гадовы парабак Пеця Лапыш, які стаў сведкам падзей, мусіў падацца ў партызаны.
Памяць пра Мазалеўскіх была выкраслена з афіцыйнай гістарычнай памяці іх малой радзімы. Зніклі будынкі, не захаваліся фотаздымкі. Лёс гэтага сялянскага роду адлюстроўвае лёсы прадпрымальнай часткі беларускага сялянства. Гэтыя моцныя і спраўныя людзі маглі шмат зрабіць для беларускага нацыянальнага руху, для народа і дзяржавы, але віхура гісторыі нішчыла і ламала іх у першую чаргу, часта з каранямі вырываючы з роднай зямлі.
-
Ограбления, изнасилования и даже кража одежды из гроба: Минск криминальный при Сталине
-
«Две Козы» или что-то другое? 300 лет назад в Новогрудке была улица с интригующим названием
-
Командующим НАТО стал генерал Гринкевич. Впечатляет, насколько он похож на некоторых Гринкевичей, которые живут в Беларуси
Комментарии