«Ны быйся ны ўроку, ны ўляку». Как в Ивановском районе заговаривают детей и конфеты
На Палесьсі дагэтуль спрабуюць даць рады хваробам замовамі і зёлкамі. «Свабода» выправілася ў Янаўскі раён на Берасьцейшчыне, каб пашаптаць зьляк (пярэпалах) і зьняць сурокі.
«Дом траўніка» ў вёсцы Стрэльна Янаўскага раёну Брэсцкай вобласці.
Тэлефонаў і адрасоў палескіх варажбітак і знахарак не знайсьці ў інтэрнэце. Яны не рэклямуюць свае паслугі. У пошуках дапамогуць праваднікі зь ліку мясцовых.
Фатаграфавацца знахаркі катэгарычна адмаўляюцца. Ня дзіва, калі ў суседнім раёне жыве іншая «бабка», якая можа сурочыць праз здымак да трэцяга калена. Уся гэтая сфэра магічнай дзейнасьці напоўнена прымхамі і забабонамі. Ластаўка ўляціць у хату — дрэнны знак. Прысьняцца пацукі ці парасяты — бывайце, грошы. Заўважыш каля ганку рассыпанае зерне ці жоўты пясочак, на гарышчы пустыя яечкі — усё, бадай прапаў, нехта табе «падрабіў». Шукай «бабку», каб пашаптала, адвяла гора ад хаты.
Кожная знахарка мае сваю вузкую спэцыялізацыю. Яны падзяляюцца на тых, хто шэпча ад
- зьляку
- алькагалізму
- эпілепсіі
- «надрыву жывата»
- «крыксаў» у дзяцей
- удару
- сурокаў
- рожы
- «ветру» (калі чалавек трапіў у віхор на полі)
- зубнога болю
У вёсцы Стрэльна Янаўскага раёну 13 гадоў таму стварылі музэй — «Дом траўніка».
Тут можна даведацца пра гаючыя ўласьцівасьці расьлін, а яшчэ — прачытаць замовы ад хвароб і сурокаў. Не сьпяшайцеся перапісваць тэксты — яны вам наўрад ці дапамогуць. Да зёлак і замоў трэба валодаць пэўнай сілай.
«Зёлкамі і словамі лячыліся спрадвеку. Я ва ўсё веру»
Дырэктарка музэю — Галіна Вайцяшчук. 39 гадоў яна выкладала ў школе біялёгію.
«Працавала ў Стрэльніцкай школе, якую пабудаваў мой бацька. Мне няма даражэй куточка, чым наша вёска. Тут прайшло маё дзяцінства, маладосьць, сталасьць і старасьць. Цяпер я хачу ўшанаваць усё лепшае нашага краю. Мы не згубілі час — мы сабралі ўсё лепшае, што маем», — кажа дырэктарка музэю.
Яна зазначае, што за апошні год «Дом траўніка» наведалі дэлегацыі з Ісьляндыі, Бэльгіі, Галяндыі, Швэцыі. Сюды едуць мэдыкі, фармацэўты, прадстаўнікі Акадэміі навук.
Галіна верыць у магічную сілу зёлак, да якіх абавязкова трэба прыкласьці «добрае слова».
«Мая бабуля пражыла 97 гадоў. Яна ня ведала ні дактароў, ні лякарняў. Лячылася толькі зёлкамі. Я зь дзяцінства назірала, як мая бабуля дапамагала дзеткам — ад крыксаў ці сурокаў. Я бачыла, як дзіця крычыць, стаіць прутам і ня можа ноччу спаць. Бабка пачытае над ім замову — і дзіця засынае. Я ва ўсё веру», — кажа дырэктар музэю.
У музэі сабраная інфармацыя пра зёлкі і іх гаючыя ўласьцівасьці. Тут склалі картатэку мясцовых знахарак, запісалі іхнія замовы.
Досьведам музэю зацікавілася Акадэмія навук. Інстытут генэтыкі і цыталёгіі заключыў з музэем дамову, згодна зь якой супрацоўнікі Дому траўніка маюць дзяліцца з навукоўцамі сваім досьведам у галіне «традыцыйных ведаў, зьвязаных з генэтычнымі рэсурсамі».
«Я толькі зьляк лячу. Астатняе ня ўмею»
Пошукі знахарак прывялі нас у вёску Гарбаха. Заўважылі такую адметнасьць — «бабкі» звычайна жывуць на ўскрайку вёсак. На хаце 85-гадовай Вольгі Іванаўны вёска канчаецца. Далей — поле. Перад хатай — могілкі.
Раней Вольга Іванаўна варажыла на картах — навучылася ад маці. Да яе ехалі людзі з усяе вобласьці. Гасьцей цікавіў лёс зьніклых рэчаў, ці варта выходзіць замуж за таго ці іншага хлопца, ці ехаць у абласную лякарню па здароўе.
«Гэта ў мяне ад маці. Яна варажыла на картах да апошняга. Ёй было 84 гады. Маці сказала: «Я хутка памру — так карты паказалі і так сон сасьніла». Мой муж схаваў тыя карты, каб ня брала дурное ў галаву. І я казала: «Кінь ты тыя карты, не памрэш». Але як яна сказала — так і адбылося. Цяпер я рэдка варажу, бо моцна баліць галава, ціск скача. Варажба ўплывае і на галаву, і на сэрца. Трэба разгадаць карту — ня так лёгка. Адна карта мае шаснаццаць значэньняў. Гэта так здаецца — раскінуў карты, і ўсё ведаеш», — кажа Вольга Іванаўна.
Да яе прывозяць дзяцей «паглядзець» ад зьляку. Мясцовыя «бабкі» менавіта так называюць свае магічныя дзеяньні — «паглядзець». Якраз у час нашага візыту да брамкі падʼехаў чорны «Фольксваген». Маладыя бацькі прывезьлі сваё дзіця «паглядзець ад зьляку».
«Дзіця малое прывозяць — трэба ж дапамагчы. Я сама навучылася глядзець ад зьляку ў 12 гадоў — мяне вадзілі да бабкі, калі я сабак спужалася. Яна мяне навучыла. Ня ўсе людзі могуць навучыцца. Вось я спрабавала нявестку сваю навучыць — ня вучыцца яна. Ці трэба дар нейкі мець, ці што — хто яго ведае?» — разважае «народная лекарка».
Вольга Іванаўна кажа, што ня мае таксы за свае паслугі. «Хто дзякуй скажа, хто шакалядку прынясе. Гадасьці я ніколі нікому не рабіла. Хто так робіць — гэта ня людзі, а зьвяры, калі на людзей нешта насылае», — кажа жыхарка Гарбахі.
Да чаго можа прывесьці зьляк
Вольга Іванаўна ў маладосьці сама зьвярталася да знахарак.
«Я ў маладосьці неяк моцна стукнулася. Хадзіла да бабкі, каб яна мяне паглядзела — мне лягчэй зрабілася. І ад зьляку лячылася — бо сама сябе не паглядзіш. І роднага чалавека, калі кроў на кроў — не паглядзіш», — кажа пэнсіянэрка.
У маладосьці Вольга Іванаўна рабіла даяркай. На ранішнюю дойку мусіла выбірацца на фэрму каля трэцяй гадзіны ночы — бо а шостай кароў гналі на пашу. Жанчына жыве каля могілак, але ніколі не баялася мерцьвякоў.
«Жывых трэба баяцца. Чалавек памёр, закапалі — чаго яго баяцца?» — зьдзіўляецца Вольга Іванаўна.
У тую ноч яна заўважыла, што брамка на могілкі расчыненая. Потым пачула нечы стогн ці енк. На фэрму прыбегла «белая, як сьмерць».
«І ногі пачалі падкошвацца ў мяне, і сіл няма ніякіх — такі моцны быў зьляк. Потым мы паглядзелі, што там на могілках трава была прымятая, і ад ровара таксама. Відаць, нейкі пʼяніца пасьля заробку трапіў туды ды заснуў. Я пачала слабець, млела, мне ў грудзях балела. Жанчыны мне кажуць: «Трэба шукаць нейкай рады ад зьляку — бо ты памрэш». Пайшла я да Каці — жыла такая ў нас жанчына, і яна мяне паглядзела ад зьляку. Не паверыце — проста сонца ў вочы засьвяціла! Да гэтага я і есьці не магла — нічога ня лезла. Пасьля таго як яна мяне паглядзела, пайшла я дахаты, і такі апэтыт зьявіўся! Так смачна бульба мне пахла! А цяпер да мяне прыяжджае дачка той Каці, нябожчыцы — каб я яе паглядзела», — распавяла Вольга Іванаўна.
«Бязь веры няма чаго жыць»
Пэнсіянэрка Валянціна Лагодзіч верыць у магічныя ўласьцівасьці каменьчыкаў, ікон, вады, гузікаў. Усе гэтыя рэчы яна «замаўляе» — каб яе не сурочылі.
«Мая маці дапамагала людзям. Яна глядзела ад зьляку, ад удару. Я сама хадзіла на мыліцах. Дактары сказалі, што ўвогуле ня буду хадзіць — у ложку буду ляжаць. Я ўжо хацела атруціцца — як гэта мне ляжаць у ложку? Цяпер бачыце — хаджу. Розныя малітвы чытала. Ці малітвы дапамаглі, ці сама сабе дапамагла. Ня ведаю. Але ёсьць Бог перад намі», — кажа Валянціна Андрэеўна.
Яна сьцьвярджае, што ўмее «паглядзець ад эпілепсіі».
«Раней глядзела свайго сына. Пакуль загаворвала яго — не было прыступаў у яго. Потым перастала загаворваць — і прыступы пачаліся. Ён цяпер у інтэрнаце. Зусім загаварыць яго я не магу — бо гэта адна кроў. Каб чужы быў — загаварыла б», — кажа жыхарка Варацэвічаў.
Калі яна сама ня можа даць рады розным жыцьцёвым праблемам і хваробам — зьвяртаецца да варажбітоў і знахарак.
«І пад Драгічынам ёсьць бабкі. І пад Пінскам жыве такі дзед, што толькі гляне на цябе — усё будзе ведаць. Ён і па фатаграфіі можа дапамагчы. Ён што хочаш можа зрабіць на адлегласьці», — кажа Валянціна.
Яе стрыечны брат даволі скептычна ставіцца да расповедаў сваячкі.
«Ат, глупства адно. Ня верце ёй з той магіяй!» — раіць вясковец. Але дадае: «Бязь веры чалавеку няма чаго жыць. Хоць у якую веру трэба верыць, хоць у што».
Сам ён верыць у сны. Асабліва баіцца, каб не сасьніць парасят ці пацукоў.
«Калі прысьняцца — абавязкова гора здарыцца, грошай ня будзе, будзеш голы і босы!» — упэўнены вясковец.
«Загаварыла цукерку. Пʼяніца зьеў — і больш ня біў жонку»
Марыя жыве ў вёсцы Варацэвічы. Нашаму візыту яна не была надта рада.
«Хто вам сказаў пра мяне? От ужо людзі! От ужо людзі! Я нічога не хачу афішаваць — мне гэта ня трэба!» — папярэдзіла пэнсіянэрка.
Але сёе-тое пагадзілася распавесьці. Кажа, што ўменьне «глядзець» людзей у яе пайшло «неяк само сабой».
«Людзі едуць і едуць — просяць дапамагчы. Ад ветру, ад рожы, дзетак вязуць маленькіх — ад зьляку. Лекары ім самі кажуць, каб шукалі бабак. Бо ёсьць такія хваробы, што і лекары ня могуць ні распазнаць, ні дапамагчы. Да нас зьвяртаюцца як да апошняй інстанцыі. Проста пачытаць замову — не дапаможа. Трэба мець дар. Мая маці малілася, бабулька таксама. Дапамагае гэта тым, хто верыць. Хто едзе да мяне — і моцна верыць, што я дапамагу, а ня так проста, прыехаў і ўсё», — кажа Марыя.
Яна распавяла, як жанчына з адной вёскі не магла даць рады мужу, які піў, завёў каханку ды яшчэ жонку біў.
«Прыехала да мяне. Я пачытала малітвы, замовы, загаварыла цукерку. Ён потым яе зьеў — і як адрэзала. Адчапіўся ад каханкі, і жонку больш ня біў», — кажа Марыя.
Як у яе спалучаюцца малітвы — зварот да Бога, і замовы — зварот да «нейкай сілы»? Царква ж забараняе варажбу і чарадзейства. Ці верыць яна ў Бога?
«Веру, канечне. Бог не сьвятло — ня выключыш», — кажа Марыя.
Комментарии