История

Янка Брыль: как счастливо пережить несчастливую эпоху

Героями чаще всего считают борцов, в учебниках истории больше всего прославляют воинов. Народный писатель Беларуси Янка Брыль, хоть и пришлось ему повоевать, хоть вырос и жил в милитаристскую эпоху, был, наоборот, человеком принципиально, до пацифизма мирным. Парадоксально, но и от гибели, и от позора, даже в тоталитарном обществе Брыля спасала верность своему личному самурайскому кодексу. В общественной жизни Брыль был мастером мудрой осторожности. А в личной — ему удалось передать, полученный от родителей, заряд доброты, любви и верности следующему поколению семьи. Как у него это получилось? К 105-летию со дня рождения писателя публикуем архивную статью из «Нашай гісторыі».

Янка Брыль. Фота Анатоля Клешчука.

Янка быў апошнім, дзясятым, дзіцем у таты з мамай — «пестуном», як казалі тады без адмоўнай канатацыі. Яго бацька меў у 1917­-м 47 год, 44 было маці. Парадзіха трохі саромелася свайго веку, але доктар, які прымаў малое, выгукнуў: «Мадам, не грешите! Какой прелестный мальчик!»

«Мадам» — бо Янка нарадзіўся ў Адэсе. Туды выехаў на заробкі з­пад Карэліч ягоны бацька Антон Данілавіч. Ён рабіў правадніком на цягніках лініі Санкт­-Пецярбург — Адэса. У працы было многа плюсоў: праваднік атрымліваў пры цары 35 рублёў на месяц (настаўнік 24) — плюс чаявыя, плюс дазвалялася правозіць у службовым купэ кашы з вінаградам на продаж у паўночных губернях.

Яго жонка Настасся Іванаўна заставалася на радзіме глядзець гаспадарку, дзяцей і старых мужавых бацькоў.

У сям’і Брылёў дагэтуль захоўваецца вялікі скураны партманет, у які Антон Данілавіч складаў царскія асігнацыі. І ўсё ж «чыстая» гарадская праца разглядалася як нешта часовае: капейка да капейкі, сям’я адкладала грошы на спрадвечнае «купіць зямлю, прыдбаць свой кут». Карты зблытала Першая сусветная вайна: з яе пачаткам бацька забраў сям’ю з Беларусі ў Адэсу.

Партманет Антона Брыля. Фота з сямейнага архіву.

Цяпер цяжка такое нават уявіць: першыя дзеці Антона і Настассі былі старэйшыя за найменшых на цэлае пакаленне. Сястра Ганна, меўшы ўжо сваё дзіця, часам падкормлівала цыцкай і малога Янку — што са смехам прыпамінала яму ў дарослым веку.

Ганна і Янка — першая і апошні — пражылі найдаўжэй з дзяцей Антона і Настассі. Трое з іх памерлі малымі ад невылечнай у той час шкарлятыны, Уладзіміра расстраляў савецкі НКВД у 39 гадоў, Ігнат памёр пасля катаргі на Беламорканале ад лейкеміі і Мікалай ад інсульту — у 59, Міша раптоўна ад сэрца — у 51, Віліта ад раку — у 75.

Капліца на могілках у Загоры, дзе пахаваныя сваякі Брыля.

З Адэсы — у Загора

У Адэсе сям’і прыжыцца не ўдалося: разам з вайной прыйшла інфляцыя, бацька захварэў на тыф, пасля на паўторны тыф, старэйшым сынам даводзілася ездзіць праваднікамі замест яго. А ў 1922­-м сям’я пастанавіла з Краіны Саветаў вярнуцца ў Беларусь, у роднае Загора, на гаспадарку. Яно тады было ўжо пад Польшчай.

У Брыля ёсць абразок, як тата падсцілае іх першай карове чыстай ячнай саломы і, не ўцярпеўшы, сам кладзецца на яе і запрашае пяцігадовага сына — такая радасць гаспадара.

Старэйшыя сыны не паехалі. Яны на той час ужо мелі спецыяльнасці і жонак. Уладзімір вывучыўся на заатэхніка, а Ігнась, які ў гімназічныя гады спрабаваў уцячы ў манастыр, пасля паступіў на медыка, але правучыўся да першага наведвання анатамічкі. Ён выкладаў у беларускай школе ў Адэсе, а пасля прыняў­такі сан праваслаўнага святара. 

Бацькі мелі план, каб з часам старэйшыя сыны забралі да сябе ў горад меншых — Міхася і Янку. Мяжу, якая стала паміж Адэсай і Загорам пасля Рыжскага міру, усур’ёз спачатку не прымалі. Развал імперыі, як мы можам бачыць на прыкладзе СССР, усведамляецца паступова. На шчасце для Міхася і Янкі, ажыццявіць бацькоўскі план не ўдалося.

Загора, з якога родам Брылі, — старое сяло на бітым шляху, што аддаўна злучае Слуцк, Нясвіж, Мір і Наваградак. Фота Надзеі Бужан.

Муштук і папка

Лёс найстарэйшага брата Янка Брыль апісаў у аповесці «Муштук і папка». След Валодзі згубіўся — дакладней, знайшоўся — у Быкаўні пад Кіевам. Гэта ўкраінскія Курапаты, дзе пахаваныя сотні тысяч ахвяраў сталінізму. Падчас раскопак паміж костак выявілі муштук з выдрапаным надпісам «Брыль В.А. 16.ІХ.1937».

Валодзя, калгасны заатэхнік, заеўся з партыйным начальствам і па даносе быў узяты як «разоблаченный сын польского помещика». Дата на муштуку — першага допыту.

Жонка Валодзі ўспамінала, як чакала следчага пад дзвярыма да ночы і станавілася перад ім у снег на калені. Не дапамагло. У органах Валодзю прыпісалі яшчэ шпіянаж на карысць Германіі і выбілі патрэбныя прызнанні.

Нядоўга пабыў святаром і Ігнат. Неўзабаве ён быў арыштаваны ды адпраўлены на «перакоўку», капаць Беламорканал. «Одет, обут, накормлен», — пісаў ён дамоў. Ігнату пашчасціла выжыць, пасля лагера ён пасяліўся аж за Уралам, настаўнічаў, а пры першай магчымасці зноў вярнуўся да святарства.

Брылі спяваюць

Загора, у якое вярнуліся Брылі з Адэсы, — старое сяло на бітым шляху, што злучаў Слуцк, Нясвіж, Мір і Наваградак. Тут іх род прасочваўся ад канца XVIII стагоддзя. Хоць і парабкі.

Паводле Уладзіміра Калесніка, даўнія продкі пісьменніка за прыгонам мелі прозвішча Брылевічы, а Антон Данілавіч, калі прыйшоў у воласць рабіць пашпарт, каб ехаць на заробкі, назваўся вясковай мянушкай Брыль. Сам пісьменнік гэтую версію не падмацоўваў. Але і Брылевічы ў наваколлі ёсць.

Загора — спрадвечная назва, хоць вёску на картах пішуць як Загор’е.

Загора, дзе вырас Брыль. Там захавалася хата ягонага брата. Фота Надзеі Бужан.

У сям’і Брылёў было здавён прынята «дружыць».

«Дружылі» яшчэ дзяды, родныя браты Даніла і Ёсіп, загорскія парабкі, якія на дваіх купілі ў пані Наркевіч­-Ёдкі пяць дзесяцін зямлі. Дружылі і іх дзеці — стрыечныя Антон і Павел, якія разам працавалі ў Адэсе. Не кідаў Антон Данілавіч і жончыну радню. Ён узяў у горад і аддаў вучыцца на краўца роднага брата Настассі, Навума, калеку з малых гадоў. Навум вярнуўся ў родную вёску аж занадта фасоністым краўцом.

Наступнае пакаленне таксама не адышло ад традыцыі. «У іх была вялікая сям’я і ўсе адно з адным сябравалі, — расказваюць дочкі Янкі Брыля. — І, дарэчы, добра спявалі. Наш бацька ведаў польскія, украінскія, беларускія, рускія песні — калі яны збіраліся ў Загоры, бывала, хадзілі за два кіламетры на раку Вуша лавіць рыбу, а пасля сядзелі ля вогнішча і спявалі. Гэта было чуваць у вёсцы і там казалі: «Ну, ужо Брылі спяваюць»».

«Вечна занятая i справядліва добрая»

Жыццё за палякамі ідыліяй не было. Асабліва калі ўвесну 1924­-га, застудзіўшыся ў лесе, памёр ад запалення лёгкіх бацька. «Маліся, Іван, каб я выздаравеў! Малітва рэбёнка ўслышыцца», — прасіў ён, лежачы, 7­-гадовага сына як апошнюю надзею.

«Маленства маё, апошняга пестуна, пасля гарадскога вясковае, працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але i справядліва добрай», — пісаў Брыль пра маці.

Брыль успамінаў, як мама, выкупаўшы яго, малога, у балеі, выцалоўвала мыльную пену з вочак, каб не плакаў. Але раз, калі прынёс з выгану брыдкія прыпеўкі, адхвастала нагайкай, пакінутай на іх сялібе казакамі, калі ў Загоры стаяў фронт.

Гаспадаром у хаце стаў брат Мікалай, якому ішоў 14­-ы год. Паміраючы, бацька прасіў маці «вучыць» меншых дзяцей — Мішу і Янку. Гэта каштавала нятанна і пазбаўляла гаспадарку рабочых рук.

Чытанне і думанне

Браты перад тым скончылі сямігодку ў мястэчку Турэц. Вучылі там па-­польску, але некалькі ўрокаў на тыдзень вялі па­-беларуску — гэта быў кампраміс перад бацькамі, якія дабіваліся для дзяцей школы на роднай мове.

Настаўнікі там былі розныя: пані Марыя Пранеўская была добрым геніем і апякункай Янкі. Дзякуючы ёй, ён вынес са школы «здаровую натуральную любасць да польскай культуры». Тым часам настаўнік матэматыкі, адзеўшы маску, дапамагаў паліцыі катаваць арыштаваных камуністаў. Вучні байкатавалі таго настаўніка.

Калі Міша, якому ўдалося паступіць у Наваградскую гімназію, рыхтаваў да ўступных экзаменаў Янку, маці марыла: хоць бы ты не паступіў. Але Янка здаў на выдатна і быў залічаны. Праўда, павучыцца доўга не ўдалося: прыехаў дзядзька Навум і расказаў, што маці захварэла, гаспадарку абклалі штрафамі, а Мікалай не дае рады адзін. Браты паплакалі ноч і пастанавілі вяртацца ў Загора.

З той пары Янка Брыль нідзе не вучыўся, калі не лічыць пасляваенныя курсы марксізму-­ленінізму, якія ў абавязковым парадку праходзілі ўсе пісьменнікі — нават Янка Маўр, якому было за 60.

Універсітэт Брылю замяніла чытанне і думанне. Браты з Адэсы аддалі цэлы кораб гімназічных падручнікаў і рускай класікі. У кнігалюба і дзеяча Беларускай сялянска­работніцкай грамады Якава Ваўчка з суседняй вёскі знайшліся віленскія беларускія выданні. Праз пакаёўку з панскай бібліятэкі даставалі Гейнэ, бо сам пан не даваў. Брыль нават выкупіў абанемент у яўрэйскай кагальнай бібліятэцы ў Турцы і хадзіў туды па кнігі.

Янка не цураўся і грамадскай актыўнасці: арганізаваў самадзейны тэатр. Сабраныя пасля паказу спектакля грошы часам аддавалі на дабрачыннасць: напрыклад, на карову сіротам (старая здохла, праглынуўшы цвік).

Удзельнікі самадзейнай тэатральнай трупы ў Загоры. Каля 1937 года. Янка стаіць справа. Якое ж гэта было інтэлігентнае пакаленне! Фота з сямейнага архіва.

З беларускай самадзейнасцю ў Польшчы было строга: на кожнае мерапрыемства трэба было браць дазвол у старасты ў Стоўбцах, на спектаклі мусіў таксама прысутнічаць паліцыянт з карабінам.

Тады ж Янка пачаў друкавацца, яго першыя творы з’явіліся ў віленскім часопісе «Шлях моладзі». Назбіралася іх на асобную кніжку, але выданне зборніка апавяданняў каштавала як мінімум 75 злотых — эквівалент 30 пудоў жыта.

«Чаму я не думаю, у каго траплялі кулі?»

Ад Ваўчка Мішу і Янку прыйшло і захапленне ідэямі Льва Талстога. Браты, якія маглі весці гутарку цытатамі з Гогаля, адкрыўшы для сябе Талстога, пра Гогалевы «смешачкі» забыліся.

Талстоўцаў у тадышняй Заходняй Беларусі было нямала: талстоўскі гуманізм клаўся на духоўныя пошукі таго міжваеннага пакалення, ён падаваўся справядлівай альтэрнатывай і польскаму шавінізму, і рэакцыйнаму клерыкалізму, і радыкальнаму марксізму, і мілітарызму, у які пагружалася тагачасная Еўропа.

Антываенны талстоўскі дух настолькі ўвайшоў у Янку, што, трапіўшы ў войска, ён хацеў трапіць у санітарную каманду. Аднак начальства вырашыла іначай — двухметровы хлопец стаў правафланговым ва ўзводзе элітнай марской пяхоты.

У прызыўны год Янкі Польшча ўвайшла ў распятую нацыстамі Чэхаславакію, каб адкусіць спрэчную Цешынскую Сілезію. Брыль успамінаў, які быў шчаслівы, што не трапіў на тую вайну. Праўда, неўзабаве яму, другому нумару кулямётнага разліку, давялося ўбачыць у бінокль Гданьск у чырвоных нацысцкіх сцягах: гітлераўцы прыйшлі прабіваць «калідор» ва Усходнюю Прусію.

«Чаму я не думаю, у каго траплялі кулі?» — задумляўся Брыль­-талстовец у старасці, успамінаючы, як пад Гданьскам пускаў па наступаючых немцах «усю стужку старога «максіма» — дзвесце пяцьдзясят патронаў — адным націскам».

«Грос Ханс»

«Ён жыў пад акупацыяй… Ён жыў пры панскай Польшчы…» І трэба было ў першым выпадку быць героем-­партызанам, а ў другім вязнем­-падпольшчыкам, каб дараўняць якой-­небудзь нікчэмнасці, што нідзе не была», — скрушна натаваў савецкія стэрэатыпы Брыль.

Побыт у нямецкім палоне Брыль апісаў пасля ў рамане «Птушкі і гнёзды». Ён успамінаў, што раман яго прымушалі перапрацоўваць: недастаткова варожымі былі паказаныя ў ім простыя цывільныя немцы, якіх «грос Ханс» сустракаў падчас сваіх прыгод на нямецкай зямлі.

Янка Брыль у нямецкім палоне. Фота з сямейнага архіва.

У палоне Янка сустрэў чэрвень 1941-га. Тады не разумелася, чаму брат Міша настойліва раіў з палону дахаты не ўцякаць, а дзейнічаць афіцыйна, праз савецкае прадстаўніцтва. Уцекача дома маглі палічыць засланым шпіёнам.

Партызан

«Ці мы калі­-небудзь будзем пісаць пра партызаншчыну ўсё?..» — такім пытаннем Брыль скончыў абразок пра «лясную» сяброўку партызанскага камандзіра, якая проста з яго зямлянкі выпраўлялася рабіць трэці аборт.

У лес будучы пісьменнік сышоў у 1944­-м, пасля таго, як партызаны разбілі ў Загоры падраздзяленне мясцовай антыпартызанскай самааховы. Перад тым Брыль нейкі час быў партызанскім сувязным. Сувязным быў і яго брат Мікалай, які для прыкрыцця выконваў у Загоры функцыю кіраўніка той самааховы.

Брыль трапіў у партызанскую разведку. Ён ганарыўся тым, што ўзяў удзел у выгнанні нацыстаў з Беларусі. Але пісьменнік быў далёкі ад шаблоннага хваласпеву, які пачаўся ў літаратуры, калі партызаны Кірыла Мазураў і Пятро Машэраў узялі ўладу ў БССР.

Брыль не ездзіў на партызанскія гадавіны ў родны раён. Меркаваў, што яго запрашаюць як «селебрыці», а як шараговага партызана і не паклікалі б. Слухаць выхвалянне камандзіраў аднаго перад адным не хацелася.

Былі сярод іх шчырыя сумленныя людзі, як «дзядзя Валодзя» Царук, упаўнаважаны ЦК і штаба партызанскага руху, былы заходнебеларускі палітвязень, ці літаратуразнаўца Фёдар Янкоўскі, які ў вайну курыраваў цэлую партызанскую зону ад ГРУ Генштаба. Але былі і «раскормленыя расхваленыя пачвары». Адзін такі хваліўся перад школьнікамі, як у атрадзе прыдумалі выпрабаванне дванаццацігадоваму хлопчыку: забіць роднага дзядзьку, якога падазравалі ў сувязі з паліцыяй. Калі малы адмовіўся, яго «шлёпнулі разам з тым дзядзькам»…

Пабачанае на вайне часам адгукалася кашмарамі: Брылю снілася, што яму загадалі расстраляць сям’ю паліцая з малымі дзецьмі. Здараліся і кашмары іншага кшталту: «Сон. Даў згоду быць намеснікам Лынькова, старшыні Саюза пісьменнікаў адразу пасля вайны. …як жа ад гэтага прыстойна выкруціцца?..»

«Ваня, ты што, звар’яцеў?»

Той «дзядзя Валодзя» Царук стаў «хрышчоным» Брыля ў беларускай савецкай літаратуры.

Яго рука была за тым, што Янку паклікалі з разведкі ў рэдакцыю партызанскай газеты, што штабной машыністцы было загадана перадрукаваць яго рукапісы для адсылкі ў Маскву з пазнакай «Саюз беларускіх пісьменнікаў. Максіму Танку». Следам Брыля ўзялі ў рэдакцыю баявога лістка «Раздавім фашысцкую гадзіну», пераўтворанага пасля ў часопіс «Вожык». Каб не гэта, партызанскага разведчыка маглі б мабілізаваць у войска — вайна ж працягвалася.

Царук заікаўся. Пасля вайны ён, намеснік старшыні абласнога савета, ездзіў па вёсках, арганізоўваючы калгасы, і так агітаваў сялян: «М­мужчыны, п­пішыцеся ў к­калхоз. К­калі ўжо такі ў нас п­парадак, што яны п­павінны быць, як і ўсюды, то н­нікуды в­вы ўсё роўна не дзенецеся. Б­бальшавікі як н­намогуцца, т­то і зробяць. Лепш ужо, хлопцы, раней запісацца, чым п­потым, у свіныя галасы!..»

Самым цяжкім перыядам Брыль называў тое пісанне «ў ваенным друку, спачатку ў партызанах, потым у Мінску, калі трэба было выціскаць з самога сябе, як з пустога цюбіка, патрэбнае «для барацьбы, для перамогі»… Заходнебеларускі літаратар мусіў «перабудоўвацца», «засвойваць», «здаганяць». Пісьменнік шукаў баланс паміж тым, што хацелася сказаць на самай справе, і тым, што можна было выдаць. Машыністка іх лясной партызанскай газеты, у якой слова СТАЛІН пісалася толькі вялікімі літарамі, набіраючы першыя творы Брыля, часам казала: «Ваня, ты што, звар’яцеў? Такога нельга пісаць!»

Савецкі рэжым меў спосабы паказаць беларусам з Заходняй, што можна, а чаго нельга. Капэзэбовец Сяменікаў, выпіўшы ў Танка чарку, расказваў, як яго выклікалі ў Маскву і там у турме «ўсю сцяну галавой абабілі». Як асудзілі на дзесяць год і пасля «дадавалі», аж пакуль яго не вызваліў хрушчоўскі ХХ з’езд. 

«У адной камеры з ім сядзеў перад расстрэлам Браніслаў Тарашкевіч, які «ўсё падпісаў». Бачыў ён на Валадарцы і Веру Харужую, якая хадзіла па турме і заклікала арыштаваных камуністаў пагаджацца з несусветнымі абвінавачваннямі следчых, бо гэта «патрэба партыі». Танк выказаў тады здагадку, што Харужая і пайшла ў партызаны, пакінуўшы малое дзіця, бо адчувала віну.

Спалены архіў

Скора разабраўшыся, што можна, а што не, Брыль у 1949-­м амаль цалкам знішчыў свой архіў.

Тыя паперы 1930—1940­-х былі закапаныя ў бочцы на гумне ў стрыечнага брата. Брыль спаліў «са страху» ўсё, што магло быць небяспечным, трапіўшы ў рукі спецслужбам. Што ж там магло быць?

Літаратуразнаўца­-ўзвышэнец Антон Адамовіч, які займаўся арганізацыяй легальнага беларускага друку ў акупаваным Менску пры немцах, адзначаў, што друкавацца Брыль пачаў не пасля вайны, а ў паднямецкай «Беларускай газэце»: «Усё гэта добра ведама тым, хто тады тамака быў».

Нейкі час Янка Брыль нават працаваў у Менску пад акупацыяй, у Гістарычным музеі, якім загадваў яшчэ адзін у далейшым беларускі эмігрант — Антон Шукелойць. Ніколі ніводным словам пісьменнік не абмовіўся пра гэты перыяд свайго жыцця нават дзецям.

Так рабілі многія, хто пажыў пры Сталіне. Таварыш Брыля па нямецкім палоне, заходнебеларускі літаратар Міхась Васілёк, за сам факт публікацыі пры немцах у газеце «Раніца» загрымеў у ГУЛАГ пасля вайны. Дзякуючы хадайніцтву Максіма Танка яго ўдалося ўратаваць. Брыль на той час не меў і такога літаратурнага імені.

«…які шчаслівы лёс вызмейваў і цябе паміж небяспекамі, які касталом трэба было прайсці, якія страты перажыць, як, — можа, і на здзіўленне — штосьці ўсё­-такі зрабіць!..» — так, азіраючыся назад, рэфлексаваў народны пісьменнік Янка Брыль. У беларусаў яго пакалення тыповых лёсаў не было: калізіі і стратэгіі змагання за выжыванне з вялікай гісторыяй былі асабістыя і ўнікальныя.

Ніколі не позна правіць

Індульгенцыяй для пісьменніка стала Сталінская прэмія. Ён атрымаў яе ў 1952 годзе за аповесць «У Забалоцці днее». Да лаўрэатаў меней чапляліся, а з пачаткам адлігі іх нават пускалі на Захад.

Хоць Брыль успамінаў, як якісьці начальнік дапытваўся ў яго перад паездкай у ГДР: «А почему именно должен ехать Брыль, почему не Шемякин?» Вось так, у трэцяй асобе. Аргумент, што ў ГДР быў выдадзены раман Брыля і ёсць запрашэнне выдавецтва, на таварыша начальніка не дзейнічаў.

А пра «Забалоцце», у якім апісаныя перавагі калгаснага ладу, Брыль не раз успамінаў з сорамам. «Міжвольна стала балюча ад той ілжы дзеля racji stanu [»дзяржаўны інтарэс» (польск.) — Рэд.], якую я гарадзіў, браў штурмам, заплюшчыўшы вочы, дабіваўся газетнай праўды і лірычнай лёгкасці». Пісьменнік усё жыццё працаваў над сабой, кіруючыся словамі Талстога, што правіць сябе ніколі не позна.

З братамі і пляменнікамі. Ад левага боку: Міхась, Мікалай, Янка, сын Віліты Шура Брылевіч і сын Ігната Шура Лейка. Фота з сямейнага архіва.

Уменне адмовіцца

Са Сталінскай прэміяй дапамог тагачасны старшыня Саюза пісьменнікаў Пятрусь Броўка. Пятро Усцінавіч меў намер вывесці Брыля «ў людзі», ашчаслівіўшы адміністратыўнай пасадай: у канцы 1956-­га прапаноўваў узначаліць «Літаратуру і мастацтва», праз год — выдавецтва «Беларусь», яшчэ пазней — стаць яго намеснікам у СП. Янка Брыль у першым выпадку проста адмовіўся, у другім — узяў два дні на роздум, і больш гэта тэма не падымалася. У трэцім выпадку Брыль намякнуў дзейнаму намесніку Івану Шамякіну, што Броўка лічыць яго «распанелым» і збіраецца яго пазбавіцца. Спалоханы Шамякін пабег каяцца і ўлагодзіў пытанне.

Уменне не ўступіць

Для адпаведнасці высокім пасадам трэба была партыйнасць. І Броўка рабіў намёкі. Але ў камуністычную партыю Брыля пасля вайны не бралі з­за рэпрэсаванага брата, а пасля ён і сам не хацеў.

«Няўжо гэта такая вялікая, недазволеная раскоша — самому думаць, што правільна, а што не, самому вырашаць, звяраючы правільнасць сваіх рашэнняў з самым найвышэйшым, цераз галовы інструктараў і сакратароў?..» — разважаў ён і пакепліваў з палымянага камуніста Максіма Танка: «Для Максіма і прыбіральшчыца ў ЦК — вялікі аўтарытэт».

І ўсё ж цалкам адміністратыўных пасад пазбегнуць было немагчыма. Беспартыйны Брыль быў нават дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У яго акрузе спачатку разгубіліся, а пасля вырашылі, што пісьменніку партыя загадала заставацца беспартыйным, «паколькі трэба ж нам блок» — і супакоена прагаласавалі «за». Ясная справа, што кандыдата за савецкім часам выбаршчыкам прапаноўвалі толькі аднаго.

Падчас сустрэч з выбаршчыкамі Брыль адчуў, які страх пасяліла ў людзях савецкая сістэма: «Шмат людзей думае добра, цвяроза, але гавораць толькі «нізам­-понізам», адкрыта, гучна — галасуючы за ўсё, што ідзе па загадзе, зверху». Дый сам ён на першай сесіі адчуваў сябе «ў ролі апарата для паднімання рукі і пляскання далоньмі». А на пасяджэнні камісіі па культуры «нейкая фіфа­-настаўніца выскачыла з першым пытаннем: «А что же будем делать с белорусским языком»…

«Як жа ўсё-­такі лёгка асімілюецца беларус!..»

Адзін зямляк пабыў без году тыдзень на цаліне і ўжо качак называе «уцямі», другі, пажыўшы ў Польшчы, на родную мову не пераходзіць ужо нават сам­насам, пісаў Брыль.

Асабліва многа запісаў на гэтую тэму датавана брэжнеўскім часам. У 1970-­я пісьменнік сам сабе і ў размове з блізкім сябрам Уладзімірам Караткевічам прызнаваўся, што мае мала надзей на выжыванне беларускай культуры. Яны пагаджаліся, што «ўсе нашы капітальныя выданні — тамы фальклорнай серыі, энцыклапедычныя шмат­ і аднатомнікі — як быццам падбіванне вынікаў, баланс перад закрыццём…» Няма каму напісаць у серыю «Жыццё знакамітых людзей» кніжку пра Купалу, Коласа, Скарыну, затое грувасціцца «шматпуддзе помнікаў». А ўлада паводзіць сябе як той цэкоўскі бонза, што стукае алоўкам па стале на класікаў літаратуры, якія асмеліліся загаманіць на сходзе.

Русіфікацыя грамадства адбівалася нават на адносінах з сынам­-падлеткам. «Гора наша! — і паміж намі расце ўжо моўны бар’ер: яму ўсё цяжэй гаварыць са мной па­беларуску, — пісаў Брыль. — А што дасі яму побач з Талстым, Дастаеўскім, Чэхавым, у свет якіх ён акунаецца, і як паставіш яго супраць магутнай плыні асіміляцыі?.. Унучка кажа «тата», але і «тату» гэтага забяруць у яе ў яслях, куды яна днямі пайшла… Гаўнюкі мы — а як жа сваё захоўваюць іншыя?»

Сваё самурайскае стаўленне да русіфікацыі Брыль сфармуляваў, ідучы са свайго лецішча ў Крынічным Карэліцкага раёна ў вёску па малако: «Я так нічога іншага і не прыдумаю для сябе, як жыць з чыстым сумленнем сына свайго народа, як старацца добра пісаць на роднай мове».

Наша Феня — Галоўліт

Сумленнаму пісьменніку ў СССР, які хацеў да таго ж друкавацца, даводзілася ўвесь час балансаваць паміж праўдзівасцю і ідэалагічнай адпаведнасцю.

Брыль успамінаў, як у 1978­-м яго распякалі ў прэзідыуме Саюза пісьменнікаў за тое, што ў запісах дазволіў сабе засумнявацца: як гэта Максім Горкі пагадзіўся на перайменаванне яго роднага Ніжняга Ноўгарада? Асабліва «празрыста прынцыповым» быў Шамякін: яго раман «Вазьму твой боль» прэтэндаваў на Дзяржпрэмію СССР разам з «Я з вогненнай вёскі». А падчас размеркавання дзяржпрэмій ідэалагічная беззаганнасць іграла вялікую ролю.

Успамінаў Брыль цэнзарку Феню Дадзіёмаву, якая бракавала запар усё, што ён прыносіў, аж пакуль з ёй не пагутарыў Лынькоў. Пра тую Феню, жонку вялікага начальніка, Кандрат Крапіва напісаў эпіграму:

Напісаўшы добры твор,

мы здаём яго ў набор.

Калі ж ёсць у нас сумненні —

адсылаем проста к Фені.

Наша Феня — Галоўліт,

знает, что в ему болит.

Апошні радок — намёк на ўзровень валодання рускай мовай у цэнзаркі. Не кажучы пра беларускую.

Дзяцей у сям’і аберагалі ад «палітыкі». «Калі яны з маці гаварылі пра штосьці «такое», дык пераходзілі на польскую мову. Калі мы пачалі разумець польскую — «партызаны» пераходзілі на нямецкую», — расказвае дачка Брыля Наталля. Яны не мелі ўяўлення пра цэнзурныя праблемы бацькі­-пісьменніка, які «ўсё ў сабе трымаў». Як вынік, у лютым 1957-­га Брыля падкасіла блакада сэрца — ён пасля таго кінуў курыць. Тады сама Брыль узяў за звычку штовечаровыя праходкі — з Васілём Віткам, Алесем Бачылам, Янам Скрыганом. Колькі ўсяго непадцэнзурнага было тады перагаворана!

Працяг «класавай барацьбы»

Янка Брыль пакрытыкоўваў ваенную прозу Быкава: яму не хапала дэталяў па­-за магістральным канфліктам і выбарам герояў. Многае ён сам бачыў у партызанах, іншае даведаўся ў пачатку 1970­-х, калі разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам складаў кнігу пра зверствы нацыстаў у Беларусі. І прыйшоў да высновы, што для беларусаў Другая сусветная была грамадзянскай вайной.

Яны тады апыталі больш за трыста сведак. І трэба ж было перапрацаваць у душы пачутае і пабачанае: расказы бабуль, што жывуць з прабітымі галовамі (няправільна трапілі ў патыліцу падчас расстрэлу), дзяцей ваеннага часу, што «без адзінай драпінкі» засталіся жывыя ў брацкай магіле пад целам маці або старэйшай сястры.

«Вогненныя вёскі» паказалі страшны бок грамадзянскай вайны: расчалавечванне суседа, якога ты нібыта ўсё жыццё ведаў. Калі «немцы ідуць, кураць, а б’юць людзей паліцэйскія, нашы…»

«Тут, на Лагойшчыне, — адзначаў ён у палявых нататках, — яшчэ раз моцнае, агіднае пацвярджэнне таго, чаго мы «не хочам падкрэсліваць» — вайна па сутнасці грамадзянская. Процьма паліцыі, падзел вёсак на тых і тых, жорсткасць жахлівая, ажно пытаешся: адкуль яна такая? І думаецца, што тут і быў якраз працяг «класавай барацьбы»».

«Я з вогненнай вёскі» выйшла ў 1975-м. Міхась Стральцоў назваў яе «хаджэннем па чалавечых пакутах, па вогненных кручах зямнога пекла». З гэтай кнігі вырас у беларускай літаратуры дакументальны жанр, у якім знайшла сябе будучая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.

Скончыўшы кнігу пра нацысцкі генацыд, Брыль піша «Ніжнія Байдуны». Гэтая адчайна вясёлая, поўная народнага гумару «карнавальная аповесць» была нібы кампенсацыйная тэрапія пасля вогненных вёсак, адзначаў крытык Міхась Тычына. Ісак Бабель пісаў так пра Адэсу.

Я аптымістка толькі ў лесе

«…Хутараначка, польская гімназістка­-выдатніца, потым савецкая студэнтка з найвышэйшымі адзнакамі, універсітэцкая выкладчыца з пяццю еўрапейскімі мовамі — лацінскай, англійскай, нямецкай, польскай i рускай, не лічачы шостай, сваёй, — яна нармальна ведала свой узровень, аднак зусім не задавалася, любіла здаровы смех, магла ўздымацца да самаіроніі».

Так Брыль апісваў сваю жонку. Яны пазнаёміліся ў 1937­-м, калі Ніне Клаўсуць было 16, і сябравалі ўсё жыццё. Яна была з суседняй вёскі, а яе бацька Міхаіл Клаўсуць у рэвалюцыю 1905-­га ўзначальваў мясцовую ячэйку РСДРП, пасля сядзеў.

«Іх вёскі — два кіламетры адна ад адной. Ён некага шукаў і зайшоў на хутар, дзе жыла маці, а бліжэй яны пазнаёміліся, калі брат Міхась ажаніўся з яе сястрой Марыяй. Бацькі яшчэ перапісваліся і ў 1945 годзе ажаніліся», — расказала дачка.

У мірскім загсе замест добрага слова­-віншавання іх папярэдзілі, што развод будзе каштаваць тры тысячы рублёў. Пасляваеннае вяселле: на стале быў вінегрэт і самагонка, у пасагу — коўдра і падушка.

«Наш бацька аптыміст, а я песімістка. Я аптымістка толькі ў лесе, калі я зусім адна», — казала яна дзецям. Меліся на ўвазе лясы вакол Крынічнага, над Нёманам, на мяжы Міншчыны і Гродзеншчыны, дзе Брылі мелі дамок.

«Строгай» у сям’і была яна, мужу адводзілася роля «добрага паліцэйскага». Дочкі ўспамінаюць, як бацька ляцеў праз усю кватэру, звярнуўшы па дарозе на падлогу тэлефон, каб разняць іх адзіную за ўсё жыццё дзіцячую бойку. Самі бацькі дзяцей ніколі не білі. Найгоршым пакараннем было, калі з імі не размаўлялі. За што маглі зладзіць абструкцыю? За выпраўленне школьных адзнак у дзённіку, напрыклад.

Бывала, што і з бацькам маці не гаварыла тыдзень. Хоць адносіны яны мелі сяброўскія і не сварыліся.

«Нікому з нас нічога не навязвалі, кожны выбіраў свой шлях — мы з сястрой гуманітарыі, а брат наш — кандыдат фізіка­-матэматычных навук. Адносіны ў сям’і былі роўныя і спакойныя, мы маглі падысці да бацькоў з любым пытаннем», — кажуць Галіна і Наталля.

«Мама была чалавекам старога гарту: яна ўмела шыць, вышываць, калі абед, то павінна быць першае і другое. Яна яшчэ шафёрскія курсы скончыла. Бацька рагатаў: «Табе не хапае толькі краўцоўскіх». Сам ён вельмі хацеў кіраваць, але правы яму не давалі з­-за зроку».

«Першая нармальная»

Пісьменніца Вольга Іпатава, Брылёва зямлячка з Міра, якой, сіраце, давялося пакаштаваць дзіцячага дому, успамінала Брылёву сям’ю як «першую нармальную», якую ёй давялося пабачыць.

Хоць дзяцінства пісьменніцкіх нашчадкаў з дома №36 не было нейкім выбітным. «У некага бацька быў рабочы, у некага настаўнік, у нас — пісьменнік. Мы ўспрымалі гэта звычайна», — кажа дачка. Успамінае, як малыя набіваліся ў кватэру Янкі Маўра — глядзець першы ў доме тэлевізар. Дзіцячы пісьменнік мусіў трываць. Мусіла трываць дзіцячыя набегі на музей Янкі Купалы (ён месціўся тады побач са старым Домам літаратара, насупраць кінатэатра «Піянер») і ўдава класіка Уладзіслава Францаўна.

Янка Брыль (справа) і беларускі пісьменнік з эміграцыі Масей Сяднёў у Доме літаратара. 1990-я гады. Фота Анатоля Клешчука.

Вучыліся дзеці з 36­-га дома ў мінскай школе №2, якая стаяла на месцы цяперашняга шпіталя на спуску па вуліцы Энгельса. Туды сама хадзілі дзеці партыйнага начальства: Пятра Машэрава, Сяргея Прытыцкага, Васіля Шавуры. Але дырэктар Уладзімір Ляпёшкін ставіўся да ўсіх «роўна».

«He ўсё сказалася…»

Маці вучылася, пасля працавала, бацька пісаў — і Брылі наймалі для дачок нянек. Недахопу ў кадрах не было: вясковыя дзяўчаты тады як маглі ўцякалі з калгаса ў горад. Калі на падыходзе быў сын, іх нянька звольнілася, бо, як казала, не любіла зусім малых дзяцей. І — карма — не змагла знайсці працы і вымушаная ўрэшце была глядзець блізнюкоў­-немаўлят. З малым Андрэем любіў займацца пляменнік, братаў сын, што якраз жыў тады ў Брылёў. «Брылі нанялі сыну гувернёра!» — шапталіся суседзі.

Ніна Міхайлаўна папракала мужа паўжартам: хіба ты дзяцей гадаваў? Ездзіў усё недзе. Але яе роля ў сям’і не абмяжоўвалася парадкаваннем дзяцей і ўнукаў. Яна была сярод першых, хто чытаў — і правіў — рукапісы новых твораў. Асабліва бязлітасна Ніна Міхайлаўна ставілася да Брылёвых мініяцюр і лірычных замалёвак — «толькі кожная дзясятая цікавая». Яны пражылі разам больш як паўстагоддзя.

У 2003-­м на лецішчы ў Крынічным жонку раптоўна разбіў інсульт. Пасля яшчэ 80 дзён яна змагалася за жыццё.

«Яшчэ яна сказала дочкам у бальніцы, што са мною ў яе будзе гутарка. I я чакаў той гутаркі, часам нават i з рэўнасцю да дзяцей i ўнукаў, разважаючыся тым, што гэта, відаць, нармальна ў параўнанні з шасцю дзясяткамі гадоў нашай з ёю сумеснай долі, калі, вядома ж, як i ў кожнай чалавечай пары, здаралася i па­рознаму. Нейкай выключнай гутаркі, пра якую яна намякала, на жаль, не адбылося. Быў моцны поціск правай, не спаралізаванай рукі, было маўчанне i мой нястрымны, страшны i шчаслівы плач… He ўсё сказалася…»

Свой самурайскі кодэкс

Янка і Ніна Брылі пахаваныя на могілках у Калодзішчах. Штогод у жніўні нашчадкі Янкі Брыля таксама выпраўляюцца ў Загора і Маласельцы, каб спарадкаваць магілы продкаў.

Як народнаму пісьменніку, Брылю «палагалася» месца на прэстыжных Усходніх могілках. Але першай памерла жонка. Калегі па Саюзе пісьменнікаў звярнуліся да высокага чыноўніка гарвыканкама з просьбай выдзеліць ёй месца для пахавання, тлумачачы, што Іван Антонавіч захоча быць пахаваным разам з ёю, гэта яго правіла. «А кто она такая, чтобы лежать на Восточном?» — адфутболіў іх чыноўнік. Не далі пахаваць жонку народнага пісьменніка і на Кальварыйскіх могілках. А Брыль быў не з тых, хто будзе дабівацца лепшага месца. У Калодзішчах — дык у Калодзішчах: «І там таксама беларуская зямля».

Магілы Янкі і Ніны Брылёў на могілках у Калодзішчах. Фота Андрэя Дынько.

Брыль да апошняга заставаўся верны свайму самурайскаму кодэксу гонару.

Янка Брыль перажыў жонку на тры гады, трохі не дажыў да 89-ці. Пісьменнік пад канец жыцця слаба бачыў і чуў. Кантакты са знешнім светам абмежаваліся. Сяброў у такім веку амаль не застаецца, інтэрв’ю даваць ён адмаўляўся, горка перажываючы дзяржаўны курс на русіфікацыю.

Яго радасцю было чытанне, Талстой і традыцыйныя суботнія сустрэчы з сям’ёй. Гэта быў рытуал: збіраліся дзеці, унукі, дзядуля дазваляў сабе чарачку віна…

«Калі мама памерла і ён застаўся адзін, дома было прачытана ўсё», — сведчыць дачка. Родныя шукалі па Мінску кнігі, якія ён патрабаваў.

Калі Брыль аўдавеў, дочкі па чарзе, праз дзень, прыязджалі гатаваць яму абед і абедалі з ім. Так усе тры гады, кожны дзень.

Ці лічыў Брыль сам пражытае жыццё шчаслівым? Ніхто не скажа.

У матэрыяле выкарыстаныя інтэрв’ю Ірэны Кацяловіч з дочкамі Янкі Брыля Наталляй Семашкевіч і Галінай Брыль.

Комментарии

Сервису «Яндекс. Такси» угрожают блокировкой: на ОНТ вышел разгромный репортаж, заодно автор лишил машины курьера

Сервису «Яндекс. Такси» угрожают блокировкой: на ОНТ вышел разгромный репортаж, заодно автор лишил машины курьера

Все новости →
Все новости

Сдают в аренду коттедж погибшего хоккеиста Цыплакова в Дроздах. Вот интерьеры ФОТО22

Пушистые VIP-клиенты. Как в Боровлянах создали парикмахерскую для домашних животных

«Ситуация близка к катастрофе», а «такой мог быть зимний курорт!». Российские военкоры о наступлении повстанцев в Сирии9

Полина Шарендо-Панасюк обжалует последний приговор — но его обжалует и прокуратура

В Минске таксист ударил пассажира за то, что тот якобы громко хлопнул дверью3

Прогноз погоды на первые дни зимы1

Отца, который отсудил двоих детей у жены и вернулся из Бельгии в Беларусь, судят за изнасилование несовершеннолетних1

Агенты ГРУ Мишкин и Чепига, которые отравили Скрипалей в Солсбери, занимаются вербовкой людей для организации диверсий в Европе4

В Вооруженных силах заявили, что разработали аналог Starlink для белорусской армии13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сервису «Яндекс. Такси» угрожают блокировкой: на ОНТ вышел разгромный репортаж, заодно автор лишил машины курьера

Сервису «Яндекс. Такси» угрожают блокировкой: на ОНТ вышел разгромный репортаж, заодно автор лишил машины курьера

Главное
Все новости →