У свой час Мікалай не паступіў вучыцца на арнітолага, цяпер працуе зваршчыкам у вілейскім каледжы.

Разам з жонкай Людмілай ён жыве ў прыватным доме. Дэманструючы калекцыю, якую ён збіраў больш за 40 гадоў, Мікалай акуратна расклаў 4 скрынкі з птушынымі яйкамі: іх аказалася больш за дзве сотні, розных па колеры і форме.

Усё пачалося з дапаможніка 1949 выдання — «Вызначальнік птушак». Будучы васьмікласнік, Мікалай узяў кнігу ў школьнай бібліятэцы. «У мяне быў інтарэс: як гэта жыць і не ведаць, якія птушкі жывуць вакол нас», — кажа суразмоўца.

Вывучаў птушак Мікалай комплексна: спачатку адрозніваў птушак паводле афарбоўкі, пазней — па голасе. І паступова навучыўся вызначаць, дзе і якая з іх жыве. Першае яйка калекцыі — вераб’інае.

«Самае буйное яйка — белага бусла, крыху меншае — серабрыстай чайкі. На астраўку на вадасховішчы знайшоў, — кажа калекцыянер. — Найменшае яйка — каралька, самай маленькай птушкі ў Беларусі. Яно важыць усяго шэсць грамаў».

Аказваецца, колер яйка залежыць ад таго, дзе гняздуецца птушка: у дупле — белыя і блакітныя, на зямлі — стракатыя. Спецыяльна па чарговы экзэмпляр Мікалай у лес не хадзіў: часцей за ўсё на знаходку арнітолаг натыкаўся, ідучы ў грыбы.

«Аднойчы знайшоў у гняздзе малінаўкі птушанят зязюлі, яе яйкі знаходзіў у канаплянкі. Зязюлі выбіраюць тых, чые яйкі падобныя да іхных па колеры і форме, а потым падкідваюць», — адзначыў ён.

Не раз арнітолаг назіраў, як птушкі спрытна адводзяць ворага ад гнязда, прыкідваючыся параненымі, а праз 10 метраў рэзка ўзлятаюць.

За гады шлюбу Людміла захапілася птушкамі не менш за Мікалая: ведае іх, а ўзімку падкормлівае. Сыходзячы, цікаўлюся, чыё яйка хацелася б знайсці. «Дубаноса, гэтая птушка прыгожая, костачкі вішні дзяўбе», — адказаў Мікалай.

Людміла настойліва рэкамендуе мужу паказаць калекцыю людзям, толькі дзе арганізаваць выставу, вілейцы пакуль не ведаюць. А дзецям было б цікава, упэўненыя сужэнцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?