У Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя па гарачых сьлядах «чарнобыльскай справаздачы». Прадстаўніца ААН лічыць, што на забруджаных тэрыторыях можна нармальна жыць, але беларускі бок мае намер дамагацца частковага перагляду драфту справаздачы.

Джыган Султанаглу, кіраўніца прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Беларусі:

Экспэрты запэўніваюць, што шкода здароўю людзей і навакольнаму асяродзьдзю была меншай, чым пра гэта звычайна казалі. Людзі на закранутых тэрыторыях, за невялікімі выключэньнямі, могуць весьці нармальнае жыцьцё. Экспэрты ні ў якім разе не жадаюць прыменшыць чалавечую трагедыю, якую перажываюць людзі на гэтых тэрыторыях. Але Праграма разьвіцьця ААН надзвычайна заклапочана эканамічным разьвіцьцём гэтых рэгіёнаў і будзе накіроўваць сваю дзейнасьць у гэтым накірунку. Праграма CORE мусіць іграць у Беларусі нават большую ролю, чым цяпер. Яна накіраваная на зьдзяйсьненьне асноўных парадаў Венскага форуму: спрыяньне разьвіцьцю мясцовай ініцыятывы, прадстаўленьне людзям магчымасьці будаваць сваю будучыню.

Якаў Кёнігсбэрг, старшыня Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне, удзельнічаў у падрыхтоўцы справаздачы ў якасьці экспэрта ад Беларусі:

Праблема Чарнобылю скончыцца толькі тады, калі з моманту аварыі пройдзе ня менш за 300 год. Тады распадуцца асноўныя радыянукліды — цэзій і стронцый. Да гэтага часу праблема застанецца, і ў гэтым экспэрты адзінадушныя. Што да таго, што ўсё нібыта «добра і вясёлкава» — нічога падобнага, нельга так лічыць. Але трэба разумець, што дзякуючы высілкам, якія былі зробленыя ўрадамі Расеі, Украіны і перш за ўсё Беларусі (у нас быў самы маштабны комплекс захадаў), удалося пазьбегнуць тых жахлівых наступстваў, якія маглі б быць.

Іосіф Багдзевіч, дырэктар Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі Акадэміі навук Беларусі, удзельнік падрыхтоўкі справаздачы:

Форум падкрэсьліў, што ў дзьвюх краінах — Расеі і Ўкраіне, дзе зьнізіліся захады па абароне ад радыяцыі, утрыманьне радыянуклідаў у прадуктах падвысілася. У Беларусі ж за апошні час утрыманьне зьніжаецца. Мы пацярпелі больш за ўсіх, але надзялялі больш увагі праблеме. Калі пачаць укладаць у гэта менш сродкаў, зноў стане горш.

Алена Купчына, начальніца ўпраўленьня гумантарнага супрацоўніцтва і правоў чалавека МЗС Беларусі:

Беларуская дэлегацыя ў Вене здолела зафіксаваць разуменьне, што неабходна дапрацаваць праект выніковага дакумэнту па тых пытаньнях, якія ў той ці іншай ступені не задавальняюць нашыя краіны. Перш за ўсё гэта датычыцца рэкамэндацыяў урадам пацярпелых дзяржаваў. У канцы верасьня адмысловая міжведамасная група сфармулюе гэтыя заўвагі, і мы накіруем іх у сакратарыят МАГАТЭ ў Вену. Канчатковы дакумэнт толькі ў сярэдзіне кастрычніка набудзе свой фінальны выгляд.

Уладзімер Цалко, старшыня Камітэту па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце міністраў:

Прынятыя ў Вене рэкамэндацыі носяць агульны характар, і ўжываць іх у кожнай з трох краінаў мэтазгодна з улікам нацыянальных асаблівасьцяў. Для Расеі праблема зьвязана зь недахопам сродкаў, якія паступаюць на захады па зьніжэньні дозавых нагрузак на насельніцтва. Ва Ўкраіне існуюць цяжкасьці, зьвязаныя з надзейнасьцю ўкрыцьця на 4-м блёку ЧАЭС. У Беларусі праблема Чарнобылю — гэта праблема нацыянальнага ўзроўню, што вызначае і агульнанацыянальныя маштабы мерапрыемстваў па яе пераадоленьні. Прызнана неабходным працягнуць мэдыцынскія дасьледаваньні, засяродзіць намаганьні на вывучэньні раку шчытападобнай залозы і іншых відаў раку, а таксама катаракты і сардэчна-сасудзістых паталёгіяў.

Выпрацаваныя два велізарныя навуковыя даклады, але іх нідзе не друкавалі. Іх яшчэ нідзе няма. Усе спасылаюцца на гэты драфт — рэзюмэ, але яно мае палітычнае адценьне. Высновы рабілі зусім іншыя людзі. Сюды мы будзем уносіць заўвагі. Навуковая справаздача — гэта навуковая справаздача. А мы дакажам зусім іншы пункт гледжаньня».

Запісаў АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0