Музыка22

22 лютага — Akute, Паліна Рэспубліка, «Адыс Абеба» на прэміі Ultra-music

Рэдактары Ultra-Music пра тое, як стварыць музычны партал на энтузіязме.

Уручэнне прэміі Ultra-music.com адбудзецца 22 лютага ў клубе «Цэнтр». У канцэрце бяруць удзел: Akute, Паліна Рэспубліка, «Адыс Абеба», Plum Bum і Irdorath.

Напярэдадні карэспандэнт НН сустрэўся з рэдактарамі сайта Ultra-music.com, каб даведацца, як гісторык-архівіст Вячаслаў Радзівонаў і журналіст Аляксандр Чарнуха сваімі сіламі стварылі музычны партал.

Вячаслаў Радзівонаў: Сайт існуе ўжо дзесяць год, насамрэч — першыя сем год гэта быў мой уласны блог з рэцэнзіямі. Я калісьці захапляўся расейскай версія часопіса NME, і мне хацелася стварыць нешта падобнае. І тры гады таму блог ператварыўся ў сайт — мне тады напісаў Саша, мы сустрэліся і вырашылі развіваць Ultra-Music. У лістападзе як-небудзь адсвяткуем дзесяцігоддзе. Зараз гэта без перабольшання, самы папулярны ў Беларусі музычны сайт.

Аляксандр Чарнуха: У нашай краіне, музыка ў заняпадзе. Нізкі ўзровень у таго, што гучыць на тэлебачанні, на большасці радыёстанцый. А цікавых гуртоў, насамрэч шмат, нават папулярных за мяжой і абсалютна невядомых на радзіме. Мы імкнёмся ў даступнай форме прэзентаваць іх.

Ці магчыма пры дапамозе сайта выцягнуць андэграўнд на паверхню?

АЧ: Вельмі цяжка. Мы не адзіны рэсурс такога кшталту, але тут патрэбна кансалідацыя сярод музыкаў і журналістаў. Трэба выйсці за рамкі дзвюх з паловай тысяч людзей, якія цікавяцца музыкай.

Сайт некамерцыйны: колькі чалавек у вас працуе, чаму яны пагадзіліся працаваць бясплатна?

ВР: У нас недзе дваццаць аўтараў, якія перыядычна пішуць на сайт. У асноўны час яго робім я, Саша, Жэня Лагуноўская. Мы штодня нешта робім для сайта. Астатнія пішуць час ад часу. У большасці выпадкаў, калі просіш кагосьці зрабіць матэрыял, ніхто не адмаўляе. Яны таксама любяць беларускую музыку, на гэтым усё трымаецца.

Якія крытэры існуюць для той музыкі, што з’яўляецца на сайце?

ВР: Адзінае абмежаванне — якасць запісу. Мы інфармацыйнае выданне, мусім паказваць розную музыку, а не толькі тую, якая падабаецца нам. Мы не даём ацэнак — проста прэзентуем. Тыя, каго мы запрасілі выступіць на прэміі, гэта частка нашых фаварытаў: каб паклікалі ўсіх, давялося б рабіць двухдзённы фестываль.

АЧ: У нас, на жаль з кантэксту, выпадае электронная і рэп-музыка. Магчыма, гэтых музыкаў не вельмі цікавіць наш сайт, але тут трэба яшчэ каб у нашай рэдакцыі быў хто-небудзь, хто б ведаў, дзе такую музыку шукаць. А наконт абмежаванняў — трэш з сутарэнняў мы наўрад ці будзем ставіць.

Выходзіць за беларускія межы не збіраецеся?

АЧ: Калі нашы карэспандэнты выязджаюць у іншыя краіны, яны пішуць пра замежжа. У нас быў выдатны артыкул пра музыку Барселоны ў трох частках. Ці ёсць рубрыка «Прабел» Сяргея Качагара: ён піша пра музыку Конга і іншых афрыканскіх краін. Чытаюць слаба, але гэта, відаць, самае цікавае на нашым сайце — у рунэце інфармацыі пра гэтую музыку амаль няма, а аўтар разбіраецца ва ўсім, што адбываецца ад Конга да Малі, ад Намібіі да Свазіленда.

А якія самыя вялікія поспехі ў гісторыі сайта?

АЧ: Мы імкнемся рабіць цікавыя рубрыкі, але напаўняюцца яны нерэгулярна. Напрыклад, «Хатняе заданне» — калі нашыя журналісты ходзяць у госці да музыкаў. Людзям цікавей паглядзець, як гэты самы музыка жыве. Ці рубрыка «Не мая справа» — калі людзі, якія ніякага дачынення да музыкі не маюць, разважаюць пра яе. Ці вось сёння прэм’ера рубрыкі «Праслушка» — мы звяртаемся да людзей самых розных прафесій, каб яны прааналізавалі той ці іншы альбом. З захаваннем арфаграфіі і пунктуацыі. І ведаеце, атрымліваецца цікавей, чым калі тое самае робяць прафесіяналы.

А не было жадання стаць на «камерцыйныя рэйкі»?

ВР: Мы вельмі хочам, каб гэта прыносіла грошы, каб выйсці на наступны, прафесійны ўзровень. Але пакуль гэта цяжка. Натуральна, трэба каб праект быў цікавы рэкламадаўцам. Чаго ў нас ніколі не будзе, дык гэта артыкулаў на замову — гэта разбуральна і для журналістыкі, і для музыкі. А вось банэрамі мы цікавімся. Арганізатары канцэртаў яшчэ не гатовыя траціць грошы на такую рэкламу. У гэтай сферы не круціцца вялікіх грошай.

АЧ: У нас, калі справа даходзіць да грошай, адразу вочы па пяць капеек: не маем мы камерцыйнай хваткі. Ды і юрыдычна мы пакуль не маем магчымасці весці камерцыйную дзейнасць.

Але пры гэтым засноўваецца музычная прэмія…

ВР: Яна аплачваецца з уласнай кішэні. Спонсараў мы не знайшлі, хаця рэклама была б нядрэнная, таму працягваем рабіць прэмію за свой кошт.

АЧ: Летась, напрыклад, грошы «не адбіліся» — бо ў параўнанні з папярэднімі гадамі павялічыўся маштаб прэміі. І часу вельмі не хапае — у нас ва ўсіх ёсць сталая праца, а прэмія ствараецца ў вольны час. Але адмаўляцца ад яе мы не хочам, бо гэта ўжо стала традыцыяй.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка зняла канфлікт паміж падлеткамі, пасля чаго іх выклікалі ў міліцыю8

Таццяну з Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»6

У «ДНР» збаёдалі мошчы Аляксандра Неўскага. Іх везлі на малебен аб пераадоленні паліўнага крызісу34

Японія развітваецца з гальштукамі2

Беларусы без пашпартоў ва Украіне ў жніўні рызыкуюць стаць нелегаламі — яны не змогуць абнавіць ДНЖ16

Больш за 100 тысяч нарвежцаў зладзілі фірмовае веславанне проста ў цэнтры Осла

ЗША зноў некалькі гадзін білі па Іране1

Спад нараджальнасці можа стымуляваць эканамічны рост3

Іспанія стала першым фіналістам чэмпіянату свету. Францыя зрынутая28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць