У Мінску 1 сакавіка ў другі раз уручана штогадовая прэмія імя беларускага палітолага, выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Святланы Навумавай.

Навумава, якая была адной з актывістак кампаніі «Гавары праўду!», памерла 10 сакавіка 2011 года на 56-м годзе жыцця ад хваробы нырак. Прэмія, паводле меркавання яе заснавальнікаў, заклікана стымуляваць дзейнасць палітычных журналістаў і аналітыкаў, а таксама звярнуць увагу на найболей перспектыўных маладых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі.

У намінацыі «Палітычная журналістыка» перамог гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут, уласны карэспандэнт «Газеты выборчай» у Беларусі. У намінацыі «Палітычная аналітыка» прэміі ўдастоены кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. У намінацыі «Надзея: найлепшы малады палітык года» перамог лідар маладзёжнага нефармальнага аб’яднання «Zмена» Павел Вінаградаў.

З трох пераможцаў узнагароду асабіста змог атрымаць толькі Аляксандр Класкоўскі. Андрэй Пачобут не можа пакінуць Гродна, бо знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Яму ўзнагарода будзе ўручана пазней. За Паўла Вінаградава, які адбывае сямісутачны адміністрацыйны арышт, узнагароду атрымала яго жонка Святлана Вінаградава.

Характэрна, што

медаль для прэміі стварыў мастак Генадзь Лойка, які быў затрыманы 21 лютага каля сталічнай гімназіі № 4 за пікет у падтрымку беларускай мовы і адседзеў пяць сутак па прысудзе суда Фрунзенскага раёна Мінска.

Усяго падчас вылучэння прэтэндэнтаў у трох намінацыях было названа 18 чалавек. Двое намінантаў — Сяргей Вазняк і Ігар Драко — знялі свае кандыдатуры, паколькі з’яўляюцца членамі кіраўніцтва «Гавары праўду!».

На працягу месяца члены журы конкурсу, куды ўваходзяць вядомыя палітыкі, вучоныя, дзеячы культуры, журналісты, вывучалі дзейнасць намінантаў і галасавалі.

У 2012 годзе пераможцамі прэміі сталі: у намінацыі «Палітычная журналістыка» — намеснік галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна; у намінацыі «Палітычная аналітыка» — каардынатар праекта «Беларускі штогоднік» Валерыя Касцюгова; у намінацыі «Надзея — найлепшы малады палітык» — намеснік старшыні міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Анастасія Палажанка.

Сустаршынямі аргкамітэта прэміі з’яўляюцца прафесар Уладзімір Дунаеў і лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?