23 сакавіка ў Вільні Дзень памяці беларускага нацыянальнага героя адзначылі шэсцем і паніхадай за яго душу ў храме Святой Троіцы. Арганізатарам акцыі выступіла ініцыятыва Беларуская Нацыянальная Памяць і Таварыства беларускай культуры Літвы.
Спачатку ўдзельнікі ўшанавання беларускага героя сустрэліся на Лукішскім пляцы. Выступілі арганізатары і вядомыя беларусы. Памяць кіраўніка антыцарскага паўстання 1863--1864 гадоў і проста паўстанцаў была ўшанаваная хвілінай маўчання, ускладаннем кветак і знічоў да крыжа на пляцы.
Адтуль шэсце накіравалася да гары Гедыміна -- месца, дзе, як мяркуецца, знаходзіцца магіла Каліноўскага. Акцыя закончылася малітвай “Магутны Божа”.
Беларуская Нацыянальная Памяць ужо ў чацвёрты раз з’яўляецца арганізатарам акцыі. Дата мерапрыемства намі была выбрана не выпадкова- Каліноўскі быў пакараны смерцю на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 года.