Грамадства3333

У Варшаве адкрылася выстава Зянона Пазняка

У Беларускім Доме ў Варшаве адкрылася фотавыстава Зянона Пазняка «Мінск: Адлюстраванне часу». Настальгічная, — прадставіла яе куратарка Настасся Кажапенка: няма таго Мінска і нас у ім няма, піша reform.news. 

Зянон Пазняк. Вуліца Няміга. Від са двара. Усё знішчана саветамі ў 1972-74 гадах. Фота 1965 года

Куратарка пайшла няпростым шляхам і выбрала для выставы фотарэпрадукцыі з аўтарскага альбома «Мінск», які выйшаў у 1968 годзе. Негатывы здымкаў цяпер недаступныя, таму трэба было на належным узроўні надрукаваць тое, што мелася ў наяўнасці, — якасныя сканы.

Выстава, нягледзячы на яе камернасць, атрымалася знакавай, вартасць яе не толькі мастацкая, але і гістарычная: перад намі дакументы часу.

Фотаальбом «Мінск» — сапраўды легендарны і рарытэтны, аднак ён толькі верхняя частка айсберга, невялікі фрагмент велізарнага фотаархіва Зянона Пазняка, прысвечанага беларускай сталіцы.

1960-я — складаны час для старой архітэктуры, горад змяняўся на вачах, а ў прыярытэтах савецкай улады гістарычная спадчына не знаходзілася ніколі: у пачатку 1970-х была знішчана Няміга, разбурэнне гістарычнага ландшафту працягваецца і дасюль і не толькі ў сталіцы.

Фрагмент экспазіцыі выставы Зянона Пазняка «Мінск: Адлюстраванне часу». Фота: reform.by

На сустрэчы з гледачамі Зянон Пазняк падрабязна расказаў, як ён пачаў фатаграфаваць у 14 гадоў, як займаўся ў майстра старой школы, які навучыў яго нюансам фотапрацэсу, і як яшчэ ў школьныя гады зразумеў сутнасць савецкай улады: «Адзіны занятак, да якога ў мяне ляжыць душа, — гэта пісаць вершы і рабіць фатаграфіі, аднак з дзяцінства, з сямейнага выхавання я адчуваў, што мы жывем у такой краіне, дзе мы не гаспадары, што зневажаюць нашу мову і гісторыю. Я ведаў гісторыю свайго роду і разумеў, што маю абавязак змагацца за Бацькаўшчыну, і гэта прывяло мяне да палітыкі».

Тады ж ён асэнсаваў, што фатаграфія з яе функцыяй дакладнай фіксацыі можа стаць яго зброяй. «Я здымаў мэтанакіравана, — скажа Зянон Пазняк на адкрыцці выставы. — Аб’ехаў усю Беларусь… Стараўся фатаграфаваць старую архітэктуру, бо разумеў, што яна будзе знішчана. Таксама ўдзельнічаў у ахове помнікаў. Ішла лютая барацьба, нешта ўдалося захаваць. Аднак разбурылі частку Траецкага прадмесця, поўнасцю знішчылі Нямігу, забілі Лявона Баразну, майго сябра»

Мінск ён фатаграфаваў «зімой і летам, днём і ноччу», паслядоўна фіксаваў фрагменты старой архітэктуры. Цяпер гэта неацэнны матэрыял, таму што многага ўжо няма і ўзнаўляць давядзецца з падмуркаў: «Нямігу ўжо не адновіш, таму што яны знішчылі ўсё, разам з зямлёй, праклалі вуліцы, пабудавалі дамы. Некалькі фрагментаў адновім: там, дзе пракуратура стаіць, быў кляштар бенедыктынак. Касцёл можна аднавіць».

Таксама можна аднавіць Дамініканскі касцёл. Зянон Пазняк праводзіў яго раскопкі, раскрыўшы тысячу квадратных метраў за адзін археалагічны сезон, а падмуркі закансерваваў. Узведзены пазней будынак Палаца рэспублікі не закранае перыметр храма.Як прыклад аднаўлення гістарычных будынкаў спадар Зянон згадвае стары горад Варшавы, разбураны падчас Другой сусветнай вайны і цалкам узноўлены ў 1950-я да самых дробных фрагментаў.

Фрагмент экспазіцыі выставы Зянона Пазняка «Мінск: Адлюстраванне часу». Фота: reform.by

«У рэстаўрацыі важная дакументальная аснова, — тлумачыць Зянон Пазняк. — У нас ёсць магчымасць многае аднавіць — па фатаграфіях, па абмерах, па чарцяжах, па каменьчыках, якія засталіся. Вялікая культурная работа будзе перад нацыяй: аднавіць нашую гісторыю. І прыкладная фатаграфія адыгрывае тут найвялікшую ролю».

Зянон Пазняк не можа дакладна палічыць, колькі зрабіў здымкаў старой архітэктуры. Іх тысячы. Аднак з усяго масіву яго фатаграфій у альбом «Мінск» трапіла толькі нязначная частка. Калі выдавецтва «Беларусь» заказала маладому аўтару здымку для альбома, прысвечанага сталіцы, то мэты замоўцы і выканаўцы кардынальна розніліся.

«Ім трэба былі мікрараёны хрушчоўскія, — згадвае Зянон Пазняк. — Усе пытанні зводзіліся да таго, што нельга паказваць «старьё». Старая архітэктура — гэта «старьё». Цэнзура цэнзурай, але спачатку трэба было ўсё аднесці ў аддзел культуры ЦК КПБ, і там далёкія ад мастацтва людзі ўсё вырашалі».

Сам аўтар ставіў цалкам іншую мэту: фатаграфуючы з 1964 года стары Мінск, ён хацеў паказаць горад з гісторыяй, а не безаблічна-індустрыяльны, як таго хацелі замоўцы. Давялося змагацца за кожную фатаграфію. Здымкі старога горада, змешчаныя ў альбоме, былі адваяваныя ў выніку ўпартай барацьбы з цэнзарамі і чынавенствам.

Фрагмент экспазіцыі выставы Зянона Пазняка «Мінск: Адлюстраванне часу». Фота: reform.by

Альбом «Мінск» неўзабаве стаў рарытэтам, і не толькі з-за зніклых гістарычных краявідаў, але і па прычыне адметнасці погляду на горад, то-бок па прычыне мастацкай.Фатаграфія — гэты асаблівы від мастацтва, дзе акрамя тэхнічнага складніку ўсё вырашае погляд аўтара, погляд не метафарычны, а рэальны.

Вырашае тая секунда, калі трэба націснуць кнопку затвора фотаапарата — менавіта ў той момант, калі ўсё складзецца ў фокусе аб’ектыва.

Філосаф Ралан Барт называў гэты ўвасоблены ў фатаграфіі момант punctum, а Зянон Пазняк, верагодна, націскае затвор, калі прадчувае верш, хоку. Як у хоку нешта прачынаецца паміж радкамі, так і ў перспектыве кадра — у гэтай прасторы аптычнага неўсвядомленага — складаецца візуальная гісторыя, якую ніяк не перавядзеш у апісальны тэкст.

Таму яго фатаграфіі часта суправаджаюцца яго вершамі, а свае выдадзеныя ў эміграцыі кнігі Зянон Пазняк ілюструе ўласнымі здымкамі. І кажа, што даўно зразумеў, што «хоку — гэта фатаграфія, фатаграфія, якую можна пісаць пяром».

Каментары33

  • Гавел
    01.05.2024
    Наш шаноўны Зянон мнагагранны, як і ўсе вялікія людзі свету.
    Бог даў яго беларусам, каб выратаваць іх краіну, але не ўсе беларусы гэта зразумелі.

    Таму цяпер і пакутуюць пад маскоўскімі лукашэнкамі, блытаясь паміж рознымі палітычнымі паразітамі, накшалт ціханоўскіх-латушак-цапкал і лябедзек з франямі.
  • Дадам
    01.05.2024
    Дадам, што гэтая самаадданая праца яшчэ й мусіла патрабаваць адчувальных фінансавых выдаткаў. Нагадаю малодшаму пакаленню, што здымкі тады рабіліся на фотаплёнку, якую трэба было купляць у краме, і якая налічвала толькі 32 кадры (ці 36? непрынцыпова). І хімічныя рэактывы для прадукавання негатываў, а таксама фотапапера таксама каштавалі грошай. 
  • Наведвальнік
    01.05.2024
    Дзякуй

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу74

Грамадствадапоўнена74

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдкага чорнага ваўка забілі паляўнічыя ў Лідскім раёне4

У Вільні праходзіць пратэст перавозчыкаў у сувязі з блакаваннем фур беларускімі ўладамі15

Стала вядома, з кім яшчэ сустракаўся Дзмітрый Лукашэнка ў Інданезіі7

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку4

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу74

Грамадствадапоўнена74

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць