У Міхайлаўскім скверы Мінска падчас акцыі групы грамадзян супраць свавольства ўладаў затрыманыя міліцыяй відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Сяргей Сацюк і журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч.

Як паспеў расказаць па тэлефоне Сяргей Сацюк, прыкладна ў 10.15 яго папрасілі прайсці ў міліцэйскую машыну. Цяпер ён знаходзіцца ў міліцыі, хутчэй за ўсё, Маскоўскага раёна. Відэааператар мяркуе, што яго адвязуць у пастарунак, дзе прагледзяць адзнятыя падчас акцыі матэрыялы.

Ва УУС Маскоўскага раёна таксама вязуць Алега Груздзіловіча.

Арганізатар пікету праваабаронца Тамара Сяргей распавяла, што ў Міхайлаўскі сквер прыйшлі 20 чалавек. Яны мелі намер сустрэцца з Лукашэнкам і перадаць яму пасланне супраць беззаконня ў судах і пракуратуры за подпісам 30 чалавек.
Аднак людзі ў цывільным выціснулі ўдзельнікаў акцыі з тэрыторыі Міхайлаўскага сквера ў бок плошчы Мяснікова.

Міхайлаўскі сквер знаходзіцца недалёка ад Дома ўрада, дзе ў 11.00 павінна пачацца выступ Аляксандра Лукашэнкі з пасланнем да народа і парламента.

Пазней журналістаў выпусцілі з пастарунка, знішчыўшы відэазапісы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?