8 лютага ў Віцебску, у самым цэнтры горада, між гар- і аблвыканкамамі ля «Піраміды» адбыўся пікет прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і кампаніі «Гавары праўду». «Прамоўцамі» партыя называе сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Хадэкі адкрыта кажуць, што ў выбары не вераць і на перамогу не разлічваюць. Але выкарыстоўваюць кампанію для сустрэч з людзьмі.

На пікеце ў Віцебску, апроч подпісаў у падтрымку прамоўцаў, збіралі таксама подпісы за будаўніцтва смеццепераапрацоўчага камбіната і супраць алкагалізацыі насельніцтва.

Нягледзячы на дрэннае надвор'е, сабраць подпісаў атрымалася шмат, паведаміла каардынатарка аргкамітэта БХД у Віцебску Таццяна Севярынец.

Але… На пікет завіталі людзі ў цывільным з камерамі, якія здымалі ўдзельнікаў пікета ў твар.

Тое самае раней здарылася ў Мінску. Як выявілася, здымалі людзей супрацоўнікі міліцыі ў штацкім. На думку лідараў БХД, мэта гэтага — застрашыць людзей.

Наведала пікет і прадстаўніца выбарчай камісіі. Яна ніяк не адрэагавала на дзеянні асобаў у цывільным, — адзначаецца ў паведамленні з Віцебска

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0