Ідзе чэмпіянат свету па футболе, 15 чэрвеня гуляла зборная Гандураса, таму самы час прыгадаць Футбольную вайну. 

Вайна адбылася паміж Сальвадорам і Гандурасам, і доўжылася яна з 14 па 20 ліпеня 1969 г. Назва шмат каго ўводзіць у зман і прымушае думаць, што футбольныя жарсці падштурхнулі дзве цэнтральнаамерыканскія нацыі да вайны паміж сабой. Аднача, яе падставы насілі куды больш глыбокі характар, чым незадаволенасць вынікамі матчу. 

Прычынай жа канфлікту сталі спрэчныя тэрыторыі і нелегальная міграцыя на тэрыторыю Гандураса.

Рэальнай мяжы паміж краінамі не існавала, абедзве яны прэтэндавалі на пэўныя тэрыторыі, размешчаныя ў памежных раёнах. Больш развіты ў эканамічным дачыненні Сальвадор пакутаваў ад перанасялення. А вось Гандурас, шчыльнасць насельніцтва якога ў 8 разоў саступала па гэтаму паказчыку Сальвадору, меў значную колькасць незаселеных тэрыторыяў. 

Гэта прывяло да росту нелегальнай міграцыі сальвадорцаў у суседнюю краіну. Да 1960 г. на тэрыторыі Гандураса налічвалася каля 60 тыс. нелегальных мігрантаў, а да 1969 іх колькасць павялічылася да 300 тыс. У 1967 г. паміж дзвюма краінамі была заключана дамова, згодна з якой перасяленцам з Сальвадора даваўся тэрмін у 5 гадоў для таго, каб легалізаваць сваё знаходжанне на тэрыторыі Гандураса, альбо пакінуць яго межы. Аднача адносіны паміж краінамі на той момант былі ўжо значна сапсаванымі. 

Яшчэ 25 мая 1967 г. салдаты нацыянальнай гвардыі Сальвадора арыштавалі на спрэчных тэрыторыях чатырох грамадзян Гандураса.

Адзін з іх — Антоніа Марцінес Аргета, быў абвінавачаным у забойстве двух сальвадорцаў, здзейсненых у 1961 і 1963 гг. Яму вынеслі прысуд – 20 год зняволення. У сваю чаргу, у руках гандурасцаў апынулася каля 50 сальвадорскіх салдатаў.

Інцыдэнт быў вычарпаным толькі ў 1968 г., калі Марцінес Аргета і сальвадорскі вайскоўцы былі адпушчаныя дадому. Але ўдзельнікі падзеяў, як і шмат хто з аналітыкаў, лічаць, што менавіта падзеі мая-чэрвеня 1967 года з'явіліся пралогам футбольнай вайны. 

Абвастрэнне адносінаў адбылося на пачатку 1969 г., калі прэзідэнт Гандураса Асвальда Лопес Арэльляна паспрабаваў перакласці віну за жаласны стан гандураскай эканомікі на сальвадорскіх перасяленцаў.

У студзені 1969 г. урад Гандураса адмовіўся падаўжаць дамову 1967 г. аб эміграцыі, прыстрашыўшы канфіскаваць зямельныя ўладанні тых, хто не з'яўляецца выхадцам з Гандураса. У прэсе пачалі з'яўляцца матэрыялы шавіністычнага характару. Да канца мая 1969 г. сальвадорцы пачалі ў масавым парадку пакідаць Гандурас і вяртацца на радзіму, якая і без таго пакутавала ад перанасялення. 

Апагею напружанасць паміж дзвюма краінамі дасягнула ў чэрвені 1969 г., калі футбольныя зборныя Гандураса і Сальвадора правялі тры сустрэчы запар

у рамках адборачнага цыклу чэмпіянату свету 1970 за права згуляць стыкавы матч з камандай Гаіці. Тады ад Паўночнай, Цэнтральнай Амерыкі і Карыбаў у фінал выходзіла адна зборная (другой была Мексіка — гаспадыня чэмпіянату), і адбор ішоў па складанай схеме. Каманды Сальвадора і Гандураса перамаглі ў сваіх групах, і выйшлі адна на адну ў «паўфінале». 

Матчы, якія праходзілі ў сталіцах дзяржаў, суправаджаліся збіццём як заўзятараў, так і гульцоў каманд гасцей.

У першай гульні, якая праходзіла 8 чэрвеня ў Тэгусігальпе, перамог Гандурас – 1:0. У другім матчы, 15 чэрвеня (45 год таму!), перамог Сальвадор – 3:0. Падчас гэтага матчу на стадыёне ў Сан-Сальвадоры быў спалены сцяг Гандураса, і падвергся абразам дзяржаўны гімн краіны. У самім Гандурасе пачаліся збіцці і забойствы сальвадорцаў, пры гэтым у ліку пацярпелых апынуліся супрацоўнікі пасольства. 

Пакуль FIFA з-за аднолькавай колькасці ачкоў, набраных камандамі, прызначала дадатковы матч на нейтральным полі, у Сальвадоры быў абвешчаны дадатковы заклік на ваенную службу. Гэта адбылося 24 чэрвеня. А 27 чэрвеня, у дзень трэцяга матчу, які праводзіўся ў Мехіка, Гандурас разарваў адносіны з Сальвадорам. У гульні Гандурас саступіў з лікам 2-3, прычым Сальвадор вырваў перамогу ў дадатковы час. 

Баявыя дзеянні пачаліся раніцай 14 ліпеня 1969 г. з налёту сальвадорскай авіяцыі на аб'екты ваенна-паветраных сілаў Гандураса.

Адначасова сальвадорскія войскі перайшлі мяжу і пачалі прасоўваньне ўглыб гандураскай тэрыторыі. За некалькі дзён сальвадорцы акупавалі тэрыторыю плошчай ў 1600 кв. км, аднак далейшае прасоўванне іх войскаў было спынена. Авіяцыя Сальвадора страціла 4 баявыя самалёты, што сур'ёзна адбілася на маральным стане лётчыкаў. У той жа час самалёты гандураскіх ВПС ажыццяўлялі эфектыўную падтрымку сваіх наземных сілаў. 

15 ліпеня Арганізацыя Амерыканскіх дзяржаваў, якая сабралася на экстраннае пасяджэнне, звярнулася да ваюючых бакоў з прапановай спыніць агонь. У ноч на 18 ліпеня гэтая прапанова была прынятай, а 20 ліпеня пагадненне аб спыненні агня ўступіла ў сілу. Гэты дзень лічыцца датай заканчэння канфлікту – у выніку, вайна доўжылася блізу 100 гадзін, за што і атрымала яшчэ адну назву — Стогадзінная вайна. Але сальвадорскія войскі працягвалі акупаваць частку гандураскай тэрыторыі, а ВПС Гандураса 27 ліпеня падвергнулі бамбардзіроўцы 5 сальвадорскіх гарадоў. Мірнае пагадненьне было падпісаным толькі 5 жніўня, і тады ж пачаўся адвод войскаў. 

Людскія страты абодвух бакоў ацэньваюцца ў 2-4 тысячы чалавек. У асноўным гэта было мірнае насельніцтва Гандураса.

Матэрыяльныя страты зклалі 50 млн. даляраў ЗША. Ад 60 да 130 тыс. сальвадорцаў былі вымушаны пакінуць Гандурас. Пад пагрозу было пастаўлена існаванне Цэнтральна-амерыканскага агульнага рынку. Пытанне аб спрэчных тэрыторыях было вырашаным толькі ў 90-х гг. ХХ ст. 

Што цікава, Футбольная вайна ўвайшла ў гісторыю як апошняя вайна, у якой актыўны ўдзел прымалі поршневыя знішчальнікі. Маёр ВПС Гандураса Фернанда Сота збіў 3 самалёты праціўніка, у сувязі з чым яго часам называюць апошнім асам поршневай авіяцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?