Апошні канцэрт Івана Ахлабысьціна падчас турнэ па Беларусі адбыўся ў Магілёве — у найвялікшай канцэртнай залі гораду — Палацы вобласьці.

На духоўную гутарку, як пазначалася ў рэкляме, расейскага актора і сьвятара Івана Ахлабысьціна сабралася стракатая публіка — ад моладзі да людзей сталага веку.

Найвялікшая канцэртная заля Магілёва — Палац вобласьці — разьлічаная на тысячу месцаў. На канцэрце Ахлабысьціна яна была запоўненая больш чым на палову. Творчы вечар доўжыўся дзьве гадзіны. Амаль увесь гэты час расейскі госьць адказваў на пытаньні. Іх ахвочыя загадзя напісалі на паперках. Дзеля абароны аўтарскіх правоў фота і відэаздымкі выступу расейскага госьця забаранілі.

Адказы на многія з пытаньняў публіка вітала воплескамі. Іх заўважна было меней, калі Ахлабысьцін адказваў на пытаньне: «Якім ён бачыць выйсьце з украінскага крызісу?»

«Спадзяюся, што ўвядуць войскі. Я ня бачу ніякага цывілізацыйнага выйсьця. Гэта ж жах, што адбываецца. Славяне сякуць славян.

Гэта той Гардзееў вузел, які трэба расьсекчы адзін раз. Узяўшы на сябе адказнасьць. Усім жа зразумела, што Амэрыка ад нас не адстане. Вайна будзе. Нікуды ты не падзенесься, бо мы ёй нявыгадныя. Нечакана раптам ачунялі. А гэта ім не падабаецца».

У наступных адказах Ахлабысьцін удакладніў, што чым хутчэй Расея ўвядзе ва Ўкраіну войскі, тым меней загіне ўкраінцаў.

Акрамя Амэрыкі, на ягоную думку, ва ўкраінскім крызісе вінаваты і ранейшы кіраўнік Украіны, пры якім квітнела карупцыя. Тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, даводзіў Ахлабысьцін, Расея перажывала ў дзевяностыя і пачатку двухтысячных — перадзел маёмасьці.

Увесьці войскі ва Ўкраіну, паводле Ахлабысьціна, Расею змушаюць у тым ліку і абставіны:

«Бо калі гэтага ня будзе, то пачнуцца хваляваньні і ў нас. Будуць напалоханыя алігархі. Пакоціцца крывавы вал рэпрэсій. У вас жа таксама хутка, як разумею, выбары. Значыць, больш будзе арыштаваных па розных эканамічных артыкулах. Ёсьць агульныя дзяржаўныя заканамернасьці. Лес сякуць — шчэпкі ляцяць».

Самім украінцам, даводзіў Ахлабысьцін, не дадуць замірыцца ніколі. А Расея не пазьбегне вырашэньня ўкраінскага пытаньня:

«У выніку гэта на нас усё пяройдзе і ўжо пераходзіць. Нас заціснулі ў тупіку. Проста прыперлі. У нас ужо сындром загнанага ў кут зьвера».

Расеец заявіў, што Беларусьсю зачараваны. Тут, паводле яго, жывуць дужа талерантныя людзі. Іх ён параўнаў з эльфамі. Каб быць больш пераканаўчым, Ахлабысьцін згадаў показку пра беларуса, які сеў на цьвік.

Ахлабысьцін абверг чуткі пра тое, што набыў у Магілёве кватэру. Адказваючы на пытаньне: «Ці плянуе яе набыць?», расеец выказаўся, што ня супраць быў бы. У Беларусі яму нібыта камфортна, а ад Масквы ён стаміўся.

«Вы ведаеце — сур’ёзна. Мяне Бацька не бянтэжыць. Я «колхознік», як бацька (заля ўзрываецца воплескамі). Я ўжо ў гадах. А ў яго асноўны электарат такі. То бок я проста ў «касу трапляю» (сьмех).

«Вы прыехалі ў Беларусь. Беларусь — гэта Расея? Ці ёсьць у Беларусі эўрапейская будучыня?» — запыталіся ў Ахлабысьціна.

«А нашто вам эўрапейская будучыня? Эўропе б беларускую будучыню. У бедных нарвэгаў дзяцей адбіраюць і Ім (людзям зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй — РС) аддаюць.

Дзецям жа спачатку ўсё гэта падабаецца, бо цікава, а потым жа гэта псыхалягічная траўма. У Нямеччыне бацькоў садзяць у турму за тое, што яны не дазваляюць наведваць урокі сэксуальнага выхаваньня, на якіх вучаць, у чацьвёртай клясе, займацца ананізмам… Беларусь — гэта Расея? Так, вядома ж. Белая Расея».

Свой творчы вечар Ахлабысьцін скончыў нечакана. Падзякаваў публіцы і сышоў са сцэны. Сьпяшаўся на цягнік.

Творчыя вечарыны скандальна вядомы сваімі выказваньнямі пра сытуацыю ва Ўкраіне і краінах постсавецкай прасторы расейскі актор і сьвятар Іван Ахлабысьцін правёў у Менску, Горадні і Магілёве. Праз гэтыя заявы грамадзяніну Расеі забаронены ўезд ва Ўкраіну і Латвію.

Арганізавала беларускае турнэ Івана Ахлабысьціна канцэртная агенцыя «Шаблі». Яе дырэктар Уладзімер Шаблінскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заяўляе, што не зьяўляецца прыхільнікам ідэяў актора і прызнае, што некаторыя зь іх, калі расеец быў бы грамадзянінам Беларусі, «цалкам маглі б разглядацца з пункту гледжаньня дзейнага заканадаўства нашай краіны як «распальваньне варожасьці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?