Хто вінаваты больш: бульба ці макарона? Ад чаго адмовіцца, на што налегчы, каб захаваць ідэальную форму? А можа, і тое, і тое — пустыя калорыі? Чым падмацаваць свой выбар, калі і тое, і іншае — смаката?
Давайце зазірнем у падручнік па біялогіі за шосты клас альбо проста прыгадаем: усё жывое складаецца з клетак. Прынцыповая пабудова клетак аднолькавая, розняцца яны ў дэталях.
І ў кожнай жывой клетцы ёсць усё, каб жыць самастойна і адасоблена, як арганізм. Проста ў шматклетачных арганізмах клеткі спецыялізуюцца, часткова адмаўляюцца ад адных функцый на карысць іншых. Хімічны склад клеткі — амаль уся табліца Мендзялеева. Нязначна розняцца толькі прапорцыі ўтрымання мікраэлементаў. Гэта значыць, што ў кожнай клетцы ёсць практычна ўсё, што патрэбна для жыцця іншай клетцы.
Абапіраючыся на гэты факт, мы можам умоўна падзяліць прадукты на тыя, што складаюцца з клетак — садавіна, гародніна, злакі, мяса, прадукты жыццядзейнасці клетак — малако (і шэраг вытворных), і рафінаваныя прадукты — пры вырабе іх моцна разбураецца клетка, выдзяляюцца асобныя групы арганічных рэчываў, а ўжо з іх вырабляцца ежа. Той жа цукар. Рафінаваны алей.
Дый булачкі не зусім каб з дрэва знятыя і даўно забыліся, што былі цэльнай пшаніцай, цукровым бураком і каровай (то бок сенам?). І г.д.
Падзел, зразумела, умоўны. Але дазваляе ўявіць сабе асноўную ежу нашых датэхнагенных продкаў, якія не ведалі атлусцення і карыесу. Спажыванне клеткавых прадуктаў запраграмаванае прыродай. Гэта значыць: паміж бульбай і макаронай прырода абірае бульбу — сырую, неабіраную.
Але большасць з нас на такі выбар не пагаджаецца. Мы абіраем бульбу гатаваную — печаную, вараную, а часам пачынаем то рэзаць, то марозіць, то смажыць на перагрэтым рафінаваным алеі, то глутаматам натрыя пасыпаць — уласнымі намаганнямі ў каштоўны прадукт запіхваем атруту. І тут на сцэну выплывае макарона. …
Але звернемся да голых фактаў, тым больш, што абсалютная большасць прадуктаў біяхімікамі даўно разабраная на атамы-малекулы і прааналізаваная.
Каларыйнасць бульбы падвышаецца падчас гатавання ад прыкладна 77 (сырая) і да 140 (бульба-фры) Ккал. Каларыйнасць макароны ў сярэднім роўная 338 Ккал на 100 г сухой вагі. Адпаведна, пры адварванні яна істотна зменшыцца (у 2—3 разы, у залежнасці ад гатунку).
Давайце ж параўнаем «голую макарону» з «голай бульбай»
Паказчык на 100 г | Бульба абіраная, вараная | Макарона вараная з мукі найвышэйшага гатунку, яечная | ||
Плюсам пазначаны вышэйшы паказчык | ||||
каларыйнасць | 82 |
| 140 | ++ |
бялкі | 2 |
| 11,5 | ++ |
тлушчы | 0,4 |
| 2,9 | ++ |
вугляводы | 17 |
| 67 | +++ |
вітаміны | ||||
вітамін PP | 1,3 мг | + | 1,17 |
|
бэта-карацін | 0,02 мг | ! |
| - |
вітамін A | 3 мкг | ! |
| - |
вітамін B1 | 0,12 мг |
| 0,17мг | + |
вітамін B2 | 0,07 мг |
| 0,13мг | + |
вітамін B5 | 0,3 мг | = | 0,3мг | = |
вітамін B6 | 0,3 мг | + | 0,16мг |
|
вітамін B9 | 8 мкг |
| 20 мкг | ++ |
вітамін C | 20 мг | ! |
| - |
вітамін E | 0,1 мг |
| 2,1мг | +++ |
вітамін H | 0,1 мкг |
| 2,02мкг | +++ |
халін |
| - | 52,5 | ! |
мікраэлементы | ||||
кальцый | 10 мг |
| 86 мг | +++ |
магній | 23 мг |
| 25 мг | = |
натрый | 5 мг |
| 33 мг | +++ |
калій | 568 мг | +++ | 188 мг |
|
фосфар | 58 мг |
| 139 мг | +++ |
хлор | 58 мг |
| 77 мг | + |
сера | 32 мг |
| 71 мг | ++ |
жалеза | 0,9 мг |
| 1,2 мг | + |
цынк | 0,36 мг |
| 0,78 мг | + |
ёд | 5 мкг | +++ | 1,5 мкг |
|
медзь | 140 мкг |
| 700мкг | +++ |
марганец | 0,17 мг |
| 0,577 мг | +++ |
мром | 10 мкг |
| 2,2 мкг | ++ |
фтор | 30 мкг | + | 23 мкг |
|
малібдэн | 8 мкг |
| 12,6 мкг | + |
кобальт | 5 мкг | +++ | 1,6 мкг |
|
Як бачым, макарона «перамагае» па каларыйнасці, утрымлівае больш бялкоў, тлушчаў ды вугляводаў — гэта зразумела, бо бульба, як і любая гародніна, нясе ў сабе шмат вады. Гэтым тлумачыцца і перавага па большасці мікраэлементаў з боку макароны. Аднак важна адзначыць, што па вітамінах групы В яны трымаюцца амаль на роўных, у той жа час у бульбе багата вітаміну С, прысутнічае вітамін А. Макарона ж утрымлівае болей вітамінаў Е, Н і фоліевай кіслаты. Ёд, кобальт і калій, па якіх бульба ў лідарах, неабходныя беларусам для прафілактыкі хвароб шчытавіцы, сардэчных хвароб і астэапарозу. Медзь, марганец, кальцый і фосфар, якія пераважаюць у макароне, таксама неабходныя косткам ды цягліцам, удзельнічаюць у кроватварэнні, працы нервовай і рэпрадуктыўнай сістэм.
Калі лічыць порцыі ў грамах — макарона выглядае больш энергетычнай і канцэнтраванай па многіх пазіцыях. Але калі з’есці бульбы на столькі ж калорый, на колькі і макароны — па большасці элементаў паказчыкі амаль выраўняюцца, а тое, у чым бульба пераважае, набярэ яшчэ большы адрыў. Фактычна — баявая нічыя!
Што да шкоды — нам шкодзіць не ежа, а нашае стаўленне да яе якасці, колькасці ды своечасовасці.