У Мінску двое мужчын здзейснілі разбойны напад ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены на жанчыну, якая працуе начным вартаўніком. Здарэнне адбылося ў ноч на 1 красавіка, каля 03:40.

Як высветлілася, 24-гадовы мінчанін і яго 23-гадовы іншагародні прыяцель, раней неаднаразова судзімыя за рабаванні і разбоі, уначы трапілі ў памяшканне і сталі збіваць 63-гадовую жанчыну-вартаўніка. Затым нападнікі спрабавалі адчыніць сейф, у якім знаходзіліся ахвяраванні прыхаджан, аднак жанчыне ўдалося вырвацца. Яна дабегла да трэцяга паверху, дзе знаходзіліся святары пасля службы, яны выклікалі хуткую дапамогу пацярпелай і міліцыю.

Узламаць сейф маладым людзям не ўдалося, і яны збеглі. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў Упраўлення Следчага камітэта Беларусі, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі і сталічнай міліцыі іх затрымалі па гарачых слядах. У цяперашні час у дачыненні да мужчын заведзена крымінальная справа па арт. 207 КК Беларусі. Ім можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?