Калi пачыналi будаваць офiс «Вэлкам» на Кастрычнiцкай плошчы ў Мiнску, на плоце будоўлi былi размешчаны выявы гэтага будучага гмаха i побач з iм — iснуючага тады будынка Музея Вялiкай Айчыннай вайны. Маўляў, не турбуйцеся, мiнчукi, будынак музея застаецца! Але ўрэшце ён быў знiшчаны, чым быў парушаны архiтэктурны ансамбль плошчы. Калi яго разбуралi, на плоце развесiлi выявы не таго, што мяркуецца пабудаваць на яго месцы, а мноства рэпрадукцый старых фотаздымкаў мiнскiх пабудоў, многiя з якiх ужо не iснуюць. Як бы без слоў сказалi жыхарам: у Мiнску i раней многа разбуралася, i мы працягнем гэтым займацца, а што пабудуем — не ваша справа. З часам даведаецеся. Цяпер за гэтым плотам глыбокi катлаван пад нейкае збудаванне.

Прафесар Адам Мальдзiс прапаноўваў прыстасаваць будынак на плошчы, ужо пакiнуты музеем, для размяшчэння Беларускага дома. Гэта была слушная, вельмi актуальная ў наш час iдэя, але ўлады яна не зацiкавiла, i будынак паспешна разбурылi.

На плошчы з’явiлася пустка. Але ж гэтае месца прывабнае для бiзнэсу. На такiм месцы бiзнэсоўцы заўсёды iмкнуцца размясцiць як мага больш карысных плошчаў. Таму тут ужо у 2007 годзе прапанавалi будаваць менавiта хмарачос.

Спачатку яго хацелi ўцiснуць па-за будынкам музея. Месца было замала, i вырашылi выгнаць музей з плошчы, каб захапiць большую тэрыторыю. Зацiкаўленыя асобы казалi, што хмарачосам нададуць Мiнску сiлуэт, якога яму быццам бы вельмi бракуе. Праектныя распрацоўкi, выкананыя згодна з гэтай задумай, груба парушалi кампазiцыю i маштаб забудовы. Гэтая iдэя сустрэла крытыку грамадскасцi i, здаецца, была адрынута як архiтэктурна недарэчная для гэтага месца. Потым у СМI з’явiлася выява 7—9-павярховага будынка на месцы музея. Сваiм аблiччам ён дысгарманiраваў з агульным ансамблем забудовы, але ўсё ж быў меншым лiхам, чым хмарачос. Пры жаданнi яго выгляд магчыма было б удасканалiць — лепш упiсаць у асяроддзе, паменшыць памеры. Размясцiць у iм лепш за усё было б, з прыцягненнем прыватных ахвяраванняў, усё той жа Беларускi дом, бо месца тут для яго найлепшае!

А нядаўна ў СМI зноў з’явiлiся развагi аб тым, што на гэтым месцы павiнен быць «сiлуэтны будынак, якi дапаўняў бы Верхнi горад», хоць i нiжэйшай павярховасцi, чым праектаваны тут раней хмарачос. Такое вось iмкненне проста прыхарошыць гiстарычны Мiнск новым сiлуэтам — i нiякага намёку на камерцыйныя iнтарэсы, нi слоўка аб тым, што ў гэтым аб’ёме варта размясцiць i чаму.

Агульнавядома, што па ўсiх элементарных правiлах будаваць высокiя дамы побач з каштоўнымi гiстарычнымi ансамблямi недапушчальна, але ў нас iх парушалi не раз.

Трэба разумець, што сёння ў нас пануе дыктатура «шырспажыву» — масавых будаўнiчых i аздабляльных тэхналогiй, якiмi вымушаны карыстацца беларускiя архiтэктары, што вельмi абмяжоўвае магчымасцi формаўтварэння. Вынiк гэтага — спрошчанасць форм, адсутнасць вытанчанай дэталiроўкi, выпадковае спалучэнне матэрыялаў. Калi прыгледзецца да ўсiх архiтэктурных вертыкаляў Мiнска, створаных у апошнія дзесяцігоддзі, вiдавочна, што па сваёй эстэтыцы, па мастацкiх якасцях сiлуэта яны не годныя параўнання з творамi ранейшых часоў. «Застылай музыкай» iх нiхто не назаве. Побач з гiстарычнай забудовай iм месца не павiнна быць.

У цэнтра Мiнска ўжо ёсць выразны, каштоўны сiлуэт — гэта вертыкалi Верхняга горада. Ён можа быць узбагачаны ўзнаўленнем вежы былога Езуiцкага калегiума i Дамiнiканскага касцёла. А ад пазнейшых пабудоў, што ўносяць дысгармонiю ў панараму, трэба паступова пазбаўляцца, а не множыць iх колькасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?