Па выніках кастрычніка золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 38,1 млн. долараў ЗША і, паводле папярэдніх звестак, 1 лістапада 2015 года склалі 4 млрд. 666,7 млн. долараў ЗША ў эквіваленце.

Як патлумачылі ў Нацбанку, падтрыманню золатавалютных рэзерваў садзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў і Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, купля галоўным банкам краіны замежнай валюты на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», а таксама паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафтапрадукты. 

Адмоўны ўплыў на аб'ём золатавалютных рэзерваў у асноўным аказалі пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб'ёме, а таксама памяншэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.

У жніўні на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік Нацбанка Павел Калаур заявіў, што да канца 2015 года аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі захаваецца на цяперашнім узроўні, які складае каля 4,7 млрд. долараў.

У нацыянальным вызначэнні аб'ём золатавалютных рэзерваў павялічыўся на 117,8 млн. долараў і на 1 лістапада склаў 5 млрд. 159,8 млн. долараў ЗША ў эквіваленце. У склад ЗВР у нацыянальным вызначэнні дадаткова ўключаюцца рэзервовыя актывы ў расійскіх рублях і кітайскіх юанях, а таксама каштоўныя камяні і розныя віды каштоўных металаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?