Федэральная служба бяспекі Расіі забараніла ўсім замежнікам, якія навучаюцца ў расійскіх школах, удзельнічаць у сваёй алімпіядзе па крыптаграфіі.

Загадзя іх не апавясцілі пра гэта рашэнне, у выніку некалькі навучэнцаў не пусцілі ў будынак Акадэміі ФСБ, дзе праходзіла алімпіяда, паведамляе Lenta.ru.

«Ахоўнікі ўзялі мой беларускі пашпарт і сказалі, што трэба пачакаць, пакуль вырашаецца пытанне аб маім удзеле. У будынак мяне не пусцілі, таму прыйшлося стаяць і чакаць на вуліцы, хоць быў адчувальны мароз», — распавядае ўдзельнік алімпіяды, 10-класнік маскоўскай школы «Інтэлектуал» Яўген Койляк.

Разам з Койлякам, як адзначае выданне, у будынак Акадэміі не пусцілі яшчэ чацвярых замежнікаў, а таксама тых, хто забыўся пашпарты. Усе яны паўтары гадзіны чакалі рашэння на марозе. «У выніку выйшлі нейкія людзі ў форме, прадстаўляцца яны не сталі, але сказалі, што замежных грамадзян ім пускаць забаронена. Па іх словах, алімпіяда праводзіцца толькі для расейцаў у сувязі з асаблівым статусам Акадэміі ФСБ», — паведаміў школьнік.

У правілах правядзення алімпіяды на яе афіцыйным сайце нічога не гаворыцца пра забарону на ўдзел у ёй замежнікаў. У прэс-службе Мінадукнавукі паабяцалі праверыць інфармацыю пра нядопуск да алімпіяды некаторых школьнікаў, падкрэсліўшы, што ніякіх абмежаванняў для грамадзян іншых краін у гэтым пытанні не прадугледжана. «Калі дзіця навучаецца на тэрыторыі Расіі, калі яно ўбудавана ў сістэму адукацыі РФ, то ён мае поўнае права ўдзельнічаць у алімпіядах. Ніякі спецыяльны статус алімпіяды або месца яе правядзення не могуць быць перашкодай», - заявілі ў ведамстве.

Алімпіяда па матэматыцы і крыптаграфіі праводзіцца з 1991 года, арганізатарамі выступаюць ведамасныя Акадэмія ФСБ і Інстытут крыптаграфіі, сувязі і інфарматыкі. З 2007 года алімпіяда з'яўляецца міжрэгіянальнай, у 2008 годзе яна ўключана ў афіцыйны пералік алімпіяд школьнікаў, што зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі і навукі. Пераможцы атрымліваюць 100 балаў ЕГЭ па матэматыцы, якія залічваюць пры прыёме ВНУ, якія прызнаюць вынікі алімпіяды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0