Зорак беларускага жывапісу прытуліла да сябе на цэлы тыдзень старажытная Друя. Другі мастацкі пленэр «Пачаткі» прагрымеў значнай культурнай падзеяй не толькі на браслаўскай зямлі, але і ў краіне. Астатнім шматгамным змазкам, што прыцягнуў аматараў мастацтва і гасцей з розных местаў нашай Радзімы, стаўся вернісаж у мурах сярэдневяковага пабернардзінскага кляштару.

Ідэя правядзення пленэру ў Друі належыць мясцоваму святару Сяргею Сурыновічу, які выступае як мецэнат падзеі, і мастачцы Вользе Куваевай, якая займаецца адборам удзельнікаў.

Гэтая падзея адбываецца ў другі раз, але ад самага пачатку трапіла ў поле зроку выбітных творцаў нашай краіны. Пленэр незвычайны як адносна месца правядзення — мастакі жывуць у келлях XVII стагоддзя, — так і колькасцю ўдзельнікаў, напрыклад у гэтым годзе ў пленэры ўзялі ўдзел трыццаць жывапісцаў.

Мастацкая палітра ўдзельнікаў прадстаўлена ў вельмі шырокім дыяпазоне: каралеўна беларускага авангарду Вольга Сазыкіна, сімвалісты Марта Шматава і Алесь Пушкін, мультыплікатар, акварэліст Дзмітры Сурыновіч, кераміст Алег Іларыёнаў, майстра габеленаў Дот Амбусаматаў, жывапісцы Дзяніс Барсукоў, Антон Вырва, Кацярына Говен, Уладзіслаў Пятручык, Таццяна Уласевіч, Анастасія Бурко, Юрый Немагай, Раман Коршунаў, Дзяніс Барсукоў і іншыя. Удзельнічалі выпускнікі дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў і навучэнцы розных курсаў і мастацкіх вучэльняў разам са сваімі выкладчыкамі. Стыль, спосаб пісьма ды тэхніка жывапісу ўдзельнікаў пленэру ахоплівала самыя розныя кірункі сучаснага мастацтва.

«Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах — дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва мастоў, пошук супольнай гамы, дэталізацыя адценняў сумоўя», — падкрэслівае айцец Сяргей Сурыновіч. Самі ўдзельнікі адзначаюць, што для іх час удзелу ў пленэры ў Друі — гэта час не толькі інтэнсіўнай працы над мастацкімі творамі, але і духоўных пошукаў.

Створаны на пленэры твор сталічнай мастачкі Марты Шматавай «Друя» многія называюць шэдэўрам.

Створаны на пленэры твор сталічнай мастачкі Марты Шматавай «Друя» многія называюць шэдэўрам.

Алесь Пушкін стварае маштабнае палатно «Краіна Друя»

Алесь Пушкін стварае маштабнае палатно «Краіна Друя»

Уладзіслаў Пятручык за працаю над выяваю «Брама друйскага касцёла»

Уладзіслаў Пятручык за працаю над выяваю «Брама друйскага касцёла»

Зміцер Сурыновіч

Зміцер Сурыновіч

Марта Шматава

Марта Шматава

Навучэнец Акадэміі мастацтваў Андрэй Ігнаценка за працай

Навучэнец Акадэміі мастацтваў Андрэй Ігнаценка за працай

Вольга Сазыціна ў майстэрні

Вольга Сазыціна ў майстэрні

Алег Іларыёнаў «Пахмурна»

Алег Іларыёнаў «Пахмурна»

17 ліпеня пленэр урачыста адкрыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Праз слова да мастакоў архімандрыт Сяргей Гаек звярнуў асаблівую ўвагу на глыбіню і сэнс паняцця «культура», раскрыццё культуры ў мастацтве і месца Міласэрнага Бога, які з’яўляецца асноўнай крыніцай натхнення і таленту чалавека. Адкрыццё імпрэзы было дапоўнена духоўнымі спевамі і жывой класічнай музыкай. Скрыпічны ансамбль, якім кіруе праваслаўная настаўніца Валянціна Казакевіч, мэта якой — навучыць сапраўднаму музычнаму майстэрству вясковых дзяцей, у тым ліку сіротаў з дзіцячага дома, — нагадаў пра ўзрост друйскага кляштара своеасаблівым чынам, падрыхтаваўшы новую музычную праграму, складзеную з твораў XVI—XVII стагоддзяў.

Літаратурную вечарыну для мастакоў правяла ў межах пленэру пісьменніца Ірына Жарнасек. Прадстаўляючы ўласную творчасць, асаблівым чынам засяродзілася на сваім рамане, героі якога праз сваё пакліканне і станаўленне непасрэдна звязаныя з Друяй. «Будзь воля Твая» аб жыцці, служэнні і гераічнай пакутніцкай смерці святароў айцоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія добраахвотна прынялі смерць разам са сваімі парафіянамі, спаленымі ў 1943 годзе нямецкімі карнікамі.

24 ліпеня Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, завяршыўся пленэр «Пачаткі-II». Біскуп Буткевіч прысвяціў сваю гамілію сэнсу малітвы «Ойча наш», кожнае слова якой набывае, калі казаць пра творчасць, асаблівы сэнс, а таксама засцярогам ад празмернага захаплення плёнамі сваёй творчасці, нагадаўшы, што талент мастака — усяго толькі прылада Боскай рукі. Таксама біскуп Віцебскі падкрэсліў, што засяроджанасць на творах мастацтва, ператварэнне іх у самамэту набліжае да паганства, калі не натхняецца прагай праслаўляць Божую волю і Божую ласку.

Апошні дзень пленэру адначасова стаўся вернісажам — мастакі паказалі як скончаныя працы, так і мноства эскізаў, якія з часам ператворацца ў паўнавартасныя палотны. Частка работ засталася ў галерэі кляштара. Нягледзячы на ўмову — пакінуць у кляштары адну карціну, — шмат хто з мастакоў пакідаў дзве ці тры працы ў якасці падзякі за гасціннасць гаспадара і створаную ім атмасферу натхнення.

Пасля літургіі перад мастакамі, гасцямі мястэчка і мясцовымі вернікамі выступілі майстры музыкі — мінскі фолькавы калектыў «Рутвіца», рок-музыка Піт Паўлаў. Біскуп Буткевіч і музыка Паўлаў супольна выканалі пад гітару хіт «Тры чарапахі», што сталася таксама незвычайнай падзеяй і своеасаблівай гучнай заявай ерарха, які адкрыты да сучаснага мастацтва і музыкі, гатовы весці дыялог і спрыяць развіццю.

Уладзімір Някляеў, які прыбыў у Друю загадзя, жыў разам з мастакамі, назіраў за іх працай, дэклараваў на завяршэнне мастацкай падзеі сваю паэзію, прысвяціў таксама яе радкі святару, гаспадару пленэру:

Ці дажджы, ці завея,
Калі сейбіт сее — дык сей!
Прыйдзе час — і даспее
Твая ніва, Сяргей!

Вернісаж адбываўся ў калідорах манастыра. Гледачы прыбылі не толькі з Браслаўшчыны, ехалі з розных куткоў Беларусі, многія начавалі ў палатках і ўласных аўто ля Браслаўскіх азёр, каб затым у адным месцы, якое сабрала зорак сучаснага айчыннага жывапісу, датыкнуцца да мастацтва. На выставе мастакі прэзентавалі каля 160 работ, якія паўсталі ў Друі.

Сімвалам пленэру ў Друі стала праца сталічнай мастачкі Марты Шматавай «Друя» (П.А. 70/50), якую мастакі ацанілі як шэдэўр. Працы мастачкі знаходзяцца не толькі ў найлепшых галерэях нашай краіны, але Германіі, Галандыі, Аўстрыі, Бельгіі і г.д., а заразяе творы ёсць і ў Друі. Палатно ўяўляе сабою дзяўчыну ў вобразе Друі, якая распусціла блакітныя косы, — сімвалы вусця Дзвіны і Друйкі, дзе знаходзіцца само паселішча. Чырвоныя каралі, якія звіслі да вады, — месца трагічных падзеяў апошняй вайны, габрэйскага гета. Выразныя межы як на небе, так і на зямлі — вобраз гістарычнага месцазнаходжання мястэчка на памежжы. Малюнак Троіцкага Касцёла на плячы дзяўчыны — сувязь гісторыі і сучаснасці.

Галоўная ідэя айца Сяргея Сурыновіча — стварыць уласную галерэю ў мурах кляштара. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?