Для выступлення артыста або музычнага калектыву на карпаратыўнай вечарынцы неабходна атрымаць гастрольнае пасведчанне.

Аб гэтым на прэс‑канферэнцыі 30 чэрвеня ў Мінску паведаміла начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Алена Вештарт, каментуючы ўказ прэзідэнта Беларусі ад 13 мая № 259 «Аб арганізацыі гастрольна‑канцэртнай дзейнасці».

Паводле яе слоў, указам зменена паняцце гастрольна‑канцэртнай дзейнасці: цяпер да яе адносіцца не толькі канцэртная дзейнасць, што прыносіць даход, але і дабрачынныя выступленні. Каб наладзіць канцэрт, арганізацыя павінна падаць заяўку на яго правядзенне ў аддзел культуры мясцовай адміністрацыі, атрымаць гастрольнае пасведчанне і аплаціць дзяржпошліну, дзе прадугледжана пэўная сістэма льготаў.

А. Вештарт паведаміла, што дзеянне ўказа распаўсюджваецца на вяселлі або выпускныя вечары, куды запрашаюцца музычныя калектывы пры ўмове, калі канцэрт арганізуецца юрыдычнай (рэстаранам або школай), а не фізічнай асобай.

Паводле яе слоў, заяўка на правядзенне канцэрта павінна быць разгледжана на працягу пяці дзён пасля яе падачы. Пры ўпраўленні культуры гарадскіх і абласных выканкамаў павінны быць створаны экспертныя камісіі, якія «пры неабходнасці ажыццяўляюць прагляд і праслухоўванне канцэртных праграм і даюць рэкамендацыі па выдачы гастрольных пасведчанняў».

За правядзенне канцэртаў без гастрольнага пасведчання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: для індывідуальнага прадпрымальніка штраф ад 20 да 200 базавых велічынь, для юрыдычнай асобы — да 500 базавых велічынь з канфіскацыяй даходу, атрыманага ад незаконнай дзейнасці.

Указ набыў сілу 1 чэрвеня 2008 года. Як раней паведамляла прэс‑служба прэзідэнта, «дакумент прыняты ў мэтах абароны правоў спажыўцоў паслуг культуры шляхам упарадкавання ўсёй сферы гастрольна‑канцэртнай работы, недапушчэння правядзення культурна‑відовішчных мерапрыемстваў нізкага мастацкага ўзроўню або якія ўяўляюць пагрозу маралі, грамадскаму парадку, правам і свабодам грамадзян».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0