Пад складанай жыццёвай сітуацыяй для вызвалення ад выплаты падатку на дармаедства не будзе разумецца маёмаснае становішча грамадзяніна. Пра гэта 13 студзеня на брыфінгу ў прэс-цэнтры БелТА заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Міхаіл Расолька.

Як паведамлялася, дэкрэтам № 1 ад 12 студзеня ўнесены змены ў дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Адным з такіх з'яўляецца права мясцовых саветаў дэпутатаў або па iх даручэнні мясцовых выканкамаў вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

«Дэкрэт гаворыць пра тое, што такая льгота будзе давацца пры наяўнасці цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая не залежыць ад маёмаснага становішча. Пры наяўнасці аўтамабіля ў чалавека якое маёмаснае становішча — дастатковае ці не? Таму тут няма прывязкі. Цяжкая сітуацыя можа паўстаць і ў чалавека дастаткова забяспечанага», — заявіў Расолька.

Ён адзначыў, што ў міністэрства і раней звярталіся людзі, якія паведамляюць аб немагчымасці заплаціць падатак на дармаедства з-за жыццёвых праблем, і МПЗ раіла ім ісці з гэтым пытаннем у мясцовыя саветы дэпутатаў.

«Пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй для мэтаў дэкрэта мы разумеем сітуацыю, калі былі сапраўды аб'ектыўныя акалічнасці або сукупнасць акалічнасцяў, якія не залежаць ад грамадзяніна і якія ён не мог пераадолець за кошт наяўных магчымасцяў», — сказала начальнік упраўлення комплекснага аналізу Мінпрацы і сацабароны Таццяна Юшкевіч.

Паводле яе слоў, у міністэрстве разумеюць, што ўзнікае шмат жыццёвых сітуацый, якія прадбачыць і фармалізаваць ў выглядзе нейкіх нормаў у дэкрэце «сапраўды, напэўна, немагчыма». «І таму лічым, што такі аб'ектыўны разгляд дазволіць вызваліць грамадзян ад выплаты збору ў тым ліку і за 2015 год», — заявіла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0