Усе адказы заўсёды знаходзяцца побач. Проста шукаем мы іх не ў тых месцах. У навінах, у тэлевізары ці ў сацыяльных сетках.

Прычына, з якой асабіста мне зрабілася страшна, калі Міністэрства абароны Расіі падняло па трывозе часткі 1-й танкавай арміі і заявіла, што танкі кіруюцца «на вучэнні» ў «Рэспубліку Беларусь», — палягае ў тым, што я страціў разуменне Крамля. Складанасці з тым, што дыктары балбочуць на федэральных каналах, я пачаў адчуваць яшчэ да Крыма, прыкладна на этапе вызвалення Паўднёвай Асеціі. Таго, што не можаш зразумець, сцеражэшся.

І ясна, што войны так не абвяшчаюцца, што патрэбная нагода, што стасункі паміж дзвюма краінамі нібыта партнёрскія (сумесныя вучэнні ж!) і ўводу войскаў, здаецца, не прадугледжваюць. Але занадта моцна тое нагадала Чэхаславакію 1968-га, не? Танкі нібыта вырушылі і будуць «цягам сутак», беларускі бок заяўляе, што іх тут не чакае, а мінскія журналісты да другой паловы дня не могуць спраўдзіць інфармацыю ў Маскве. І — каб вы разумелі ўсю прыгажосць раскладу — заява пра «пераброску» дагэтуль на сайце Mil.ru, хаця вучэнні скончыліся, а афіцыйныя тлумачэнні пра тое, што падраздзяленні перакідваліся на палігоны ў Расіі, ужо даўно зробленыя.

І ў той час як навіны ці нават фільмы нічога да разумення рускіх не дадаюць, добрая літаратура дазваляе зазірнуць у загадкавую чытацкую душу. Калі вы жадаеце нутром адчуць стаўленне сытага жыхара маскоўскіх пентхаўсаў да вайны на Данбасе, зазірніце ў «Патрыёта» Андрэя Рубанава. Рубанаў да нядаўняга часу быў… не скажу «лібералам» (бо лібералам ён ніколі не быў), але дакладна не «рускім нацыяналістам». Былы бізнесмен, з турэмным вопытам, у нулявыя ён стварыў некалькі бліскучых раманаў пра салодкае жыццё падпольнага банкіра і немінучую расплату за бонвіванства. Чытачы Snob.ru глядзелі на Рубанава як на свайго, іх з ім яднала крыўда на праваахоўнікаў і турэмныя стансы. Прылепін, Сенчын і Шаргуноў знаходзіліся недзе вельмі далёка. І тут раптам збліжэнне!

«Патрыёт» — гэта дыягназ таму, як моцна змяніўся герой з сусвету «Бумера» і «Брыгады». Сэлфмэйд, які ў 90-я «вырашаў пытанні» з кольтам у кішэні і пляшкай віскі ў руцэ, пасівеў, падурнеў, збанкрутаваў і пачаў узнаўляць у сваіх унутраных маналогах агульныя месцы з заклёнаў Першага канала. «Піндосы», «міравая закуліса», «гей-Еўропа», Меркель і г. д.

Мне хочацца верыць, што лірычны герой тут надзейна адасоблены ад аўтара рамана — бо ранейшыя раманы Рубанава пакідаюць адчуванне амаль біяграфічных. Сцэнар, які Рубанаў напісаў для патрыятычнага фільма «Вікінг», таго самага, пра Уладзіміра і Рагнеду, дазваляе дапусціць, што «патрыёт» ім задуманы зусім не як карыкатура. Увесь тэкст гэты спіты дзядзька марна «едзе ваяваць» на Данбас. І ўвесь час яму нешта замінае — наезды крэдытораў, з’яўленне яшчэ аднаго сына, суіцыдальныя думкі, нават чэрці. Ён імкнецца на Данбас, каб там загінуць. Жаданне «патрыёта» адпомсціць «піндосам», пайсці дабравольцам у пекла месцамі выглядае амаль абгрунтавана — так, што пачынаеш разумець ягоную жыццёвую драму (а размову тут мы вядзем менавіта пра драму генерацыі), ягоныя матывы. Бізнес лёг, крэдыты вісяць, пракуратура на хвасце — трэба сысці прыгожа. На Данбасе. Святы матыў проста! З аднаго боку — Украіна, якая б’ецца за сваю зямлю. З другога — вось такія рубанаўскія патрыёты, стомленыя і расчараваныя хлопцы з «Брыгады». Якія цяпер за Пуціна і супраць піндосаў.

Калі жадаеце зразумець замежную палітыку Расіі — чытайце Рубанава. Калі жадаеце зразумець унутраную сітуацыю ў Расіі, дачыненні грамадзян з уладай, праглыніце апошні раман Германа Садулаева «Іван Аўслендэр».

«Аўслендэр» — пры сваёй моцнай метафізічнай зараджанасці — мог бы адыгрываць для новай генерацыі ролю, якую некалі граў «Чапаеў і Пустата» Віктара Пялевіна. Вычарпальны тэкст пра ўсё — пачынаючы з беластужкавых пратэстаў і заканчваючы сэнсам жыцця. Калі ёсць цяпер у Расіі асоба, роўная колішняму Пялевіну (які канчаткова ператварыўся ў фабрыку па штампоўцы аднолькавых раманаў раз на год), дык гэта былы жыхар горада Грознага Садулаеў.

Адразу зазначу, што я не магу зразумець, як Герман здолеў напісаць такі тэкст. Некалі я чытаў ягоны «Шалінскі рэйд», «Апокрыфы чачэнскай», «Я — чачэнец» і думаў, што чую голас чалавека з рэальным вопытам удзелу ў чачэнскай аперацыі. Жыццё ў зямлянках, холад, страляніна там апісаныя так, што гэта немагчыма прыдумаць — магчыма ці то пачуць ад знаёмцаў, ці то перажыць на ўласным вопыце (пасля ракетных удараў баевікі бягуць глядзець Першы канал, каб зразумець, што адбылося, хто страляў і колькі людзей загінула — каларытная дэталь сапраўднай вайны).

Гэтым разам Садулаеў напісаў раман пра ўніверсітэцкага выкладчыка, які выходзіць на зімовыя пратэсты супраць Пуціна, але ягоная спецыяльнасць — санскрыталогія і ўпанішады — дазваляюць яму зразумець марнасць змагання.

Пранікненне ў сусвет героя — неверагоднае, апошняя чвэрць тэксту выглядае як індуісцкі трактат. «Ёсць у санскрыце іншае слова — «ананда». На рускую яго перакладаюць як «асалоду» (…) І ёсць адна дзіўная фраза ў «Веданта сутры»: «ананда маё абх’ясат» (…) Гэта можна перакласці так — ён, брахман (жыццёвая сіла ці тое, што жыве ў нас — В.М.) — зробленае з ананды». І далей — нагадванне, што калі ў Марыі Антуанеты на эшафоце запыталі пра апошняе жаданне, тая папрасіла ў ката яшчэ некалькі хвілін жыцця. Хаця тыя хвіліны былі — здавалася б — не самымі салодкімі ў яе біяграфіі (але «ананда маё абх’ясат»). Такіх назіранняў у Вікіпедыі не прачытаеш, таму складана зразумець, як Садулаеў здолеў нарадзіць такога расказчыка. І вось такі голас, спакойны і мудры, тлумачыць, як у Расіі будзе далей. Пераемнікам Пуціна зробіцца зусім не Сечын ці Мядзведзеў, а… Рамзан Кадыраў. Пасля сыходу Кадырава пачнецца міжусобіца паміж «пуцінінгамі» і «кадырынгамі», і смутныя часы скончацца толькі калі застанецца адзін.

Але самае цікавае разважанне Іван Аўслендэр пакідае пра прыроду ўлады. Выбарная дэмакратыя, — заключае санскрытолаг пасля таго, як губляе імпэт да пратэстаў, — патрэбная ў краінах, якія вымагаюць сувымерных з чалавекам адміністрацыйных дзеянняў. Мост пабудаваць. Ці дарогу паміж гарадамі палепшыць.

Расія — краіна велізарная, і таму яе ўладар мусіць дамаўляцца са стыхіямі. Бо чалавек у Расіі, на гэтых велізарных прасторах, сярод лясоў і стэпаў, ніякай дарогі не пабудуе, як бы ні імкнуўся. Адсюль — любоў да тыранаў, што здольныя дамаўляцца з прыродай. Сталін і Пуцін — не выбарныя лідары. Яны — пасярэднікі паміж людзьмі і багамі. Ад іх не чакаюць рэформ. Ад іх чакаюць цудаў. Ураджаю. Высокіх цэнаў на нафту.

А што да любімага беларускімі калумністамі Навальнага, дык учытайцеся ў наступнае: «Здаецца, дракон можа перамагчы. Калі б дракон зусім не мог перамагчы, дык у чым было б геройства Індры? Але дракон ніколі не пераможа. Навошта ж распальваць вогнішчы, калі вясна прыйдзе па законе? Не. У тым і закон, што трэба распаліць вогнішчы. І вясна будзе. І лета. І Масленіца. І Пуцін — наш прэзідэнт. І ўсё гэта было ўжо мільёны разоў, мільёны гадоў, пакуль нейкія тупагаловыя янкі (…) не прыдумалі зрабіць са свяшчэннага магічнага рытуалу сваю дурную «дэмакратыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?