Раніцай 9 жніўня дахаты да ўсіх сведак, якія адмовіліся ад раней дадзеных паказанняў па справе незалежнага прафсаюза РЭП, прыехала міліцыя.

Гэтую інфармацыю паведаміла «Салідарнасці» крыніца ў прафсаюзе:

- Іх прымусова забралі ў пракуратуру. Адна жанчына не хацела адчыняць дзверы. Ёй прыгразіў участковы: будзем ламаць дзверы.

Суразмоўца дапоўніў, што сведак не папярэдзілі аб выкліку ў пракуратуру загадзя - таму яны засталіся без падтрымкі адваката.

- Так, людзей сапраўды прэвентыўна прывезлі ў пракуратуру Мінска. Без позваў, без нічога, - пракаментаваў «Салідарнасці» сітуацыю кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч за некалькі хвілін да пачатку чарговага дня суда. - Проста забралі і павезлі: каго участковы, каго людзі ў цывільным.

Па маёй інфармацыі ў пракуратуру даставілі трох чалавек - Герасіменка, Есіповіч і Грынцэвіч. Справа ў тым, што яны адмовіліся ад сваіх першапачатковых паказанняў, таму суд пастанавіў, каб пракуратура апытала іх на прадмет, які ціск на іх быў аказаны дазнавальнікамі, - пракаментаваў сітуацыю ён.

9 жніўня ў судзе працягваецца разгляд справы прафсаюза РЭП - кіраўніка арганізацыі Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка абвінавачваюць у незаконным атрыманні сродкаў на рахунак у замежным банку «з мэтай асабістага ўзбагачэння».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0