Тэатр2

Топ-5 тэатральных прэм’ер — 2018, якія трэба паглядзець да канца года ўсім культурным людзям

Хутка скончыцца чарговы год, а вы так ні разу за гэты час не былі ў тэатры? Між іншым, 2018-ты быў багаты на цікавыя, эксперыментальныя прэм’еры.

Дзелімся з вамі топам самых-самых з іх, якія яшчэ можна заспець у снежні — спяшайцеся набыць квіток!

«І не намі тое прыдумана» ў Маладзёжным тэатры

Фота Яўгена Лукачука, facebook.com.

Свежая пастаноўка па п’есе «Нічыпар» Дзмітрыя Багаслаўскага, прэм’ера якой адбылася ў канцы лістапада. Важная з’ява як мінімум таму, што беларускіх драматургаў у нас усё яшчэ ставяць не так часта, як тое мае быць.

П’еса напісаная ў дарожным жанры і распавядае гісторыю дзеда Нічыпара, які вырашыўся адправіцца «ў доўгі шлях смерць перадужаць дзеля жыцця вечнага». Сам па сабе жанр нечым нагадвае казку, але ад гэтага ён менш жыццёвым не робіцца (сярод персанажаў вам сустрэнуцца і Старшыня, і Бацюшка).

У якасці рэжысёра выступіў артыст Маладзёжнага Дзяніс Паршын, які працуе ў тэатры з 2016 года. Некаторы тэатральныя крытыкі называюць яго адкрыццём года, так што ў вас на руках ужо як мінімум некалькі аргументаў за тое, каб наведаць гэты спектакль.

«Радзіва «Прудок» у Купалаўскім

Фота: kupalauski.by.

Прэм’ера спектакля па дзённіку Андруся Горвата адбылася ў маі, але да гэтага часу патрапіць на яго досыць складана: квіткі лепш набываць за некалькі месяцаў наперад. Акрамя лірычнасці самой гісторыі журналіста-дворніка, які з’ехаў са сталіцы ў вёску Прудок, на радзіму дзеда, каб аднаўляць старую хату (а ў нечым — і самога сябе), тут не адарваць вочы як мінімум яшчэ ад некалькіх момантаў. Па-першае, ад неверагоднай сцэнаграфіі і ў прамым сэнсе касмічных касцюмаў Кацярыны Шымановіч. Па-другое, ад феерычнай ігры Святланы Анікей. Яна адным махам пераўвасабляецца то ў экскурсаводку Купалаўскага, то ў цётку Дуню, то ў бабулю з могілак… Здаецца нават, што рукі Святланы старэюць разам з яе новым персанажам.

Усім-усім, хто ў гарадскіх джунглях сумуе па чыстых вясковых эмоцыях, строга рэкамендуецца.

«Генэзіс, ці Паходжанне відаў» тэатра «ІнЖэст»

Фота Яўгена Ерчака.

Адзін з ветэранаў у галіне эксперыментальнага пластычнага тэатра Вячаслаў Іназемцаў пасля доўгага зацішша прэзентаваў, нарэшце, сваю новую працу, і гэта зноў — вельмі эстэтычна моцнае выказванне. У працах Іназемцава заўсёды захапляе майстэрства акцёраў. Іх целы, здаецца, здольныя на ўсё: і выгінацца, як змяя, і вытрымліваць нізкія тэмпературы басанож, і лётаць на хадулях так, што ў гледачоў ідзе кругам галава. Акрамя гэтага, Іназемцаў са сваім калектывам зноў разбураюць звыклыя ўяўленні пра сцэну. Так, калі ў адным са сваіх спектакляў «Рамонт» яны папросту памяняліся з гледачамі месцамі (апошнія сядзелі на ўзвышэнні, а акцёры гралі на крэслах і пад імі), то ў «Генэзісе» сцэны як такой увогуле няма: выказванне на тэму паходжання свету, супрацьстаяння дабра і зла адбываецца ў былым цэху, сённяшняй прасторы «Ок16».

Пасля прагляду гарантаваныя шмат думак, метафар і задавальнення ад праслухоўвання музычнага суправаджэння ў выкананні Мацвея Сабурава і групы «Плато».

«З вучылішча» («С училища») у «Ок 16»

Фота: facebook.com.

Калі вы глядзелі «Опіум», першы беларускі спектакль, на які сабралі грошы народным, краўдфандынгавым спосабам, то вам павінна спадабацца і гэтая праца рэжысёра Аляксандра Марчанкі (тым больш большасць акцёраў будзе ўжо знаёмая па мінулай пастаноўцы ці як мінімум па іх ролях у РТБД).

У аснове — моцны тэкст Андрэя Іванова, намінанта на «Залатую маску», з такімі пазнавальнымі беларускімі акцэнтамі, як «Камары», сталінскі ампір ці Саладуха (дарэчы, у снежні можна заспець яшчэ адну працу па тэксце Іванова: «Крыжовы паход дзяцей»). Шчырая размова пра тое, хто мы ёсць сёння і што адбываецца, калі свет гопнікаў з ПТВ сутыкаецца з гламурным светам? Хто з іх больш інтэлігентны і сапраўдны?

«Родныя людзі?» у Moving Art Factory

Прэм'ера гэтай дакументальнай пастаноўкі адбудзецца толькі 18 снежня, але гэта досыць аператыўнае мастацкае выказванне на заяву Аляксандра Лукашэнкі супраць законапраекта аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Нездарма анонс суправаджаюць хэштэгі той пятніцы, калі кіраўнік краіны выказаўся па тэме (многія абазначылі яе як чорную пятніцу): #гвалтусям’і, #традыцыйныякаштоўнасці, #б’езначыцьлюбіць, #самавінаватая і інш.

Спектакль зроблены на аснове сапраўдных гісторый жанчын, якія перажылі хатні гвалт, і гэта ўжо далёка не першая дакументальная праца рэжысёркі Валянціны Мароз. Так, зусім нядаўна яна разам з удзельнікамі і ўдзельніцамі Лабараторыі сацыяльнага тэатра «ECLAB» рабіла спектакль «11 красавіка» пра тэракт у мінскім метро.

Каментары2

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў: Расія не будзе спыняць вайну ва Украіне на час перамоваў аб міры5

Жыхара Брэста, які зрабіў заўвагу жанчыне з трыкалорам і Z, сілавікі прымусілі прабачацца перад расіянамі16

Момант, калі збілі ATACMS над пляжам Севастопаля, трапіў на ВІДЭА7

Пераможцам конкурсу на найлепшы здымак насякомых стала фатаграфія пчол-зязюль, што займаюцца рэлаксам ФОТАФАКТ2

Кітай спадзяецца, што Беларусь і Польшча вырашаць канфлікт без закрыцця мяжы12

ЗША афіцыйна ўнеслі Беларусь у спіс дзяржаў — спонсараў гандлю людзьмі4

Маргарыта Ляўчук знайшла, як вырашыць праблемы з прысудам у Беларусі6

МКС выдаў ордары на арышт Сяргея Шайгу і Валерыя Герасімава11

Турма будучыні. Навуковец прапанаваў хуткі спосаб перавыхавання злачынцаў — даць адчуць пакуты іх ахвяр4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

Галоўнае
Усе навіны →