Белдызайн з rOtring6

Беларускі дызайн: як прыдумляліся Новая Баравая, аквапарк «Лебядзіны» і віп-медцэнтр для чыноўнікаў 

Архітэктурныя праекты і рашэнні заўсёды горача абмяркоўваюцца ў грамадстве. А ўсё таму, што архітэктура непасрэдна закранае інтарэсы людзей.

Калі ідзе размова пра рызыку зносу Асмалоўкі ці Трактаразаводскага пасёлка, то гэта закранае не толькі мясцовых жыхароў, якім трэба будзе пераехаць з любімага раёна. Гэта хвалюе любога неабыякавага мінчука, які наўрад ці хоча, каб на месцы мілых вачам гістарычных дамкоў з'яўляліся бяздушныя новыя збудаванні са шкла і бетону.

Сумесна з нямецкім брэндам прафесійных прылад для пісьма rOtring і афіцыйным дыстрыб'ютарам брэнда ў Беларусі — кампаніяй Universal Press мы завяршаем праект «Сучасны беларускі дызайн з rOtring» яшчэ адной важнай тэмай — сучасная беларуская архітэктура.

Якая яна? У чым яе адметнасць? Чаму нашы будынкі трапляюць у сусветныя топы самых непрыгожых, а некаторыя выклікаюць шквал крытыкі і сярод саміх беларусаў? Ці ёсць нам чым ганарыцца ў архітэктуры?

Мы спыталі ў тых, хто працуе ў гэтай сферы не першы год і імкнецца рабіць Беларусь прыгажэйшай.

«Архітэктура — не сфера паслуг, гэта творчасць»

«Зоркi сучаснай сусветнай архітэктуры не хаваюць свайго захаплення iдэямi канструктывiзму 1920-х гадоў. Яны актуальныя i сёння, паспяхова эксплуатуюцца па ўсiм свеце. Натхнёныя рэвалюцыйнымі зменамi ў грамадстве, архiтэктары таго перыяду бачылі сваю мiсiю не толькi ў стварэннi будынкаў, але і ў фармiраваннi новай філасофіі, новага стылю жыцця i асяроддзя.

У СССР быў створаны моцны Саюз архітэктараў — арганізацыя, якая адзначала архітэктурную элiту i рэгулявала дзейнасць асобна ўзятых майстроў у патрэбным кірунку. Такія творцы, як Іван Жаўтоўскі, сапраўды былі асобамі, аўтарытэтамі, з меркаваннем якіх лічыліся. Гэта дазваляла дасягаць сапраўдных поспехаў, як, напрыклад, ансамбль сённяшняга праспекта Незалежнасці. Ім Мінск ганарыцца і цяпер.

З часоў Хрушчова роля архітэктара, як i мастака ўвогуле, у грамадстве пачала драбнець. Драбнее яна і сёння», — уводзіць у матчастку галоўны архітэктар інстытута «Мінскграмадзянпраект», сябра рады Беларускага саюза архітэктараў Аляксандр Цяльцоў.

Аляксандр Цяльцоў.

Пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута ў 1978 годзе Аляксандр працаваў архітэктарам Белдзяржпраекта пры Дзяржбудзе БССР. У Мінскграмадзянпраект прыйшоў у 1980-м і, можна сказаць, прысвяціў гэтаму месцу ўсё жыццё.

Сярод дзяржаўных аб’ектаў, над якімі спадар Цяльцоў працаваў як аўтар, аздараўляльна-адукацыйны цэнтр «Надзея» (2001 г.), рэспублiканскi гарналыжны цэнтр «Сiлiчы» (гасцiнiца i рэстаран, 2004 г.), гасцiнiца «Вiкторыя» ў Мiнску (2002 г.), шматфункцыянальны комплекс па вуліцы Iнтэрнацыянальнай у Мiнску (2009 г.), рэканструкцыя будынка былой бiблiятэкi iмя Ленiна пад Савет Рэспублікі (2009 г.), аквапарк «Лебядзіны» на пр. Пераможцаў у Мiнску (2013 г.) і іншыя.

Першы аб'ект, пабудаваны Цяльцовым: прафілакторый Мінскага тонкасуконнага аб'яднання ў раёне в. Зацань (1982 г.). Усё, што мы тут бачым, чарцілася ў дакамп’ютарны час, уручную. Сёння гэты аб’ект разбураюць, каб будаваць на яго месцы новы.

У Мінскграмадзянпраекта, дзе сёння працуе 308 спецыялістаў, ужо распісаныя планы на ўвесь 2019 год. Частка іх тычыцца арганізацыі інфраструктуры да Еўрапейскіх гульняў, будаўніцтва адмiнiстрацыйнага будынка метрапалiтэна, пашырэння і рэнавацыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Па праектах інстытута будуць узведзеныя жылыя комплексы па Крапоткіна — Харужай — пр. Машэрава, «Пiцерскiя верфi», шматкватэрныя дамы раёна «Пiрс» у Ратамцы, жылыя дамы «Мінск-Мір» («Dana Holdings» будуе іх пры дапамозе інстытута).

«Другая частка дастаткова руцінная i не вельмі захапляльная у творчым плане, але неабходная грамадству: тыя ж панэльныя жылыя дамы, школы і дзіцячыя садкі.

Дзейнасць большасцi праектных інстытутаў у значнай меры арыентаваная на дзяржаўнага заказчыка, недастаткова зацiкаўленага ў стварэннi паўнавартаснага асяроддзя. Усе праблемы з архітэктурай хаваюцца менавіта ў гэтым.

Росквiту ў сферы можна чакаць тады, калi з’явiцца разуменне, што архiтэктурная дзейнасць — не сфера паслуг, не дадатак будаўнічага комплексу з наборам атэстатаў і ліцэнзій. Гэта творчасць. I вызначальнае звяно ў ёй — асоба творцы, які мае сваё светаўяўленне і разуменне жыцця, заслужаны аўтарытэт i павагу ў грамадстве. Пакуль што ў нас індывідуальнасць не заахвочваецца, у выніку ўсе праекты перастаюць адрознівацца адзін ад аднаго», — шчыра прызнаецца Аляксандр.

Дазволіць сабе нейкі крэатыў архітэктары могуць у вольны ад асноўнай працы час: накідваюць ідэі для свабодных зямельных участкаў у Мінску і накіроўваюць іх у Мінгарвыканкам. Праўда, што там з імі адбываецца потым — таямніца. Без адказаў застаюцца і многія іншыя прапановы.

Адзін з праектаў архітэктара: дом, натхнёны беларускім арнаментам.

Так, Беларускі саюз архітэктараў яшчэ ў 2014-м годзе выступіў з заканадаўчай ініцыятывай і даслаў у Міністэрства архітэктуры і вышэйшыя арганізацыі шэраг патрэбных нашай краіне прапаноў па атэстацыі спецыялістаў, арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Сярод многіх іншых там утрымлівалася прапанова ўкараніць парадак персанальнай атэстацыі спецыялістаў, стварыць дзяржаўны стандарт прафесійнай дзейнасці архітэктараў і інжынераў-праекціроўшчыкаў. Аднак і тут ніхто не адгукнуўся.

«Сёння Беларускі саюз архітэктараў, на жаль, знаходзіцца ў зімняй спячцы. Рэальных дзеянняў арганізацыя распачаць не можа, бо не мае вагі і паўнамоцтваў. Пры ўсім гэтым — вялікае шчасце, што саюз хаця б застаецца. І калі ўмовы ў грамадстве зменяцца, да архітэктуры зноў павернуцца тварам, у нас будзе гатовая структура, якая зможа рэгуляваць, абмяркоўваць і падказваць», — разважае Аляксандр Цяльцоў.

Ён упэўнены, што грамадства вартае сённяшняй архітэктуры:

«Калі людзям абыякава, якія дамы будуюцца, — значыць, яны будуць жыць у гэтых дамах. Значыць, у дадзены момант грамадства яшчэ ні на што не можа паўплываць. Яму трэба сталець».

За што архітэктару сорамна?

«За сябе мне не сорамна. Кожны аб’ект — частка жыцця, не толькi майго, але i маiх родных. Не выключаю, што можна было б лепш, але на той момант было зроблена ўсё магчымае. Спадзяюся, недарма, у тым лiку для беларускай архітэктуры, якая яшчэ патрабуе глыбокага асэнсавання.

Дарэчы, аквапарк «Лебядзіны» выгадна адрозніваецца ад падобных будынкаў менавiта сваёй беларускай стылістыкай. Сумленная арганiзацыя прасторы, выкарыстанне будаўнiчых матэрыялаў, стрыманая шэрая каларыстыка, натхнёная лёнам. Традыцыйна ад нашых задум засталося добра калі адсоткаў пяць. Так, не атрымалася цалкам пазбавіцца ад штучных пальмаў (замест іх бачыліся беларускія яблыні ці елкі), зрабіць басейны падобнымі да лясных азёр (пакласці не блакітную плітку, а зялёную). Прычын шмат: і тое, што заказчык — па сутнасцi, арганізацыя, арыентаваная на будаўнічы працэс. І тое, што закупка матэрыялаў зводзіцца да аднаго крытэру: набыць больш таннае, а не больш якаснае i надзейнае, тое, што патрэбна для ажыццяўлення ідэй архітэктараў…».

Праект Цяльцова: аквапарк «Лебядзіны».

А вось шкадаванне пра многія рэчы прысутнічае. Шкада, што мы згубілі Маскоўскі аўтавакзал, які ў свой час атрымаў дзяржаўную прэмію. Шкада музея ВАВ — ён адпавядаў свайму часу. І быў куды больш да месца, чым тое, што будзе замест яго. Мне нават шкада знесенага будынка кінатэатра «Авангард» у Грушаўцы, ён быў у неблагім стане. І калі забудоўшчыку быў патрэбны дзіцячы садок, то чаму б не паэксперыментаваць з формай і не ўпісаць яго ў існуючы ландшафт: уявіце, як цікава дзецям было б хадзіць праз тыя калоны!».

Будынкі, якіх ужо няма.

Каго з архітэктараў вылучае Цяльцоў?

«На мяне да гэтага часу робіць уражанне дзейнасць Барыса Школьнікава (падабаецца яго офіс «Лукойла» на Нямізе), Алега Вараб’ёва (будынак банка на Заслаўскай). Адно з упрыгажэнняў Мінска — Палац піянераў Віталя Бялянкіна, на мой погляд.

З моладзі ж асабліва нікога адзначыць не магу. Не таму, што я стары буркун, проста хачу ўсцерагчы ад невылечнай ранняй «зорнай хваробы». Прызнанне да кожнага прыйдзе ў свой час. Маладыя архітэктары пераважна займаюцца прыватнымі дамамі і інтэр’ерамі. І я іх разумею: там ёсць заказчыкі, якім цікава зрабіць добра, з імі працуецца плённа. Канкураваць па вялікіх аб’ектах, нягледзячы на дэклараванне свабоды прадпрымальніцкай ініцыятывы, прыватным студыям становіцца ўсё складаней.

Адна невялікая заўвага да маладога пакалення: яны добра валодаюць камп’ютарнымі праграмамі, але праз гэта ў іх праектах часта губляецца наватарства i iндывідуальнасць — такое магчыма толькі калі абдумваеш кожную дэталь, прамалёўваеш іх ўручную».

А цяпер перадамо слова маладому пакаленню.

«У сферы архітэктуры шмат што вырашае эканамічнае становішча»

Архітэктурная студыя ZROBYM architects была заснаваная ў 2011 годзе двума выпускнікамі БНТУ Аляксеем Караблёвым і Андрэем Макоўскім (творчы псеўданім — Андрусь Бездар).

Андрусь Бездар і Аляксей Караблёў.

Калектыў складаецца з 27 супрацоўнікаў, з іх 21 — архітэктары з профільнай і дызайн-адукацыяй, 4 архітэктурныя кіраўнікі, бухгалтар і офіс-менеджар. Акрамя праектавання дамоў і кватэр, іх дызайну, студыя займаецца вытворчасцю модульных дамоў, мае свой брэнд серыйнай мэблі (BY furniture).

У офісе ZROBYM architects.

Каго з калег лічаць класнымі: LEVEL80, Studio11, бюро «33|16».

«НН»: Дзе і як сёння лепш вучыцца на архітэктара?

Аляксей Караблёў: Наша архітэктурная адукацыя ніякая, з ВНУ і каледжаў выходзяць абсалютна прафнепрыдатныя спецыялісты. Праграму даўно трэба было б перапісаць, хаця гэта не вырашыць праблему з кадрамі. Каб у навучальных установах працавалі добрыя выкладчыкі, ім трэба добра плаціць, а ў дзяржаўных установах з гэтым не вельмі. У выніку лекцыі чытаюць не самыя лепшыя тэарэтыкі, якія ніколі ў жыцці не праектавалі і не ведаюць, як працаваць у спецыялізаваных праграмах (калі мы вучыліся ў БНТУ, іх увогуле не выкладалі).

З іншага боку, любая вышэйшая адукацыя — гэта добрая школа жыцця. У нашай прафесіі важна ўмець уважліва слухаць кліента, зрабіць тэхзаданне так, каб яно спадабалася. Гэтаму крыху вучышся ва ўніверсітэце: усе выкладчыкі розныя, і тое, як ты здасі экзамен, не заўсёды залежыць ад валодання тэмай. Часцяком ролю грае характар экзаменатара, яго асоба. І ты вучышся счытваць пажаданні, каб у выніку прыйсці да паразумення.

Не архітэктурны дыплом важны для нас, каб узяць чалавека на працу, а сапраўдныя веды, валоданне патрэбнымі камп’ютарнымі праграмамі, добры эстэтычны густ. Дыплом — сярод апошняга, на што мы глядзім.

Андрусь Бездар: У нас сёння няма моцнай архітэктурнай школы, усе кампенсуюць недахоп ведаў самастойна. Як і няма, напрыклад, спецыялізаваных выданняў. Ёсць толькі часопіс «Обстановка», але ён хутчэй дызайнерскі і выходзіць рэдка.

«НН»: Як у вас адбываецца праектаванне прыватнага дома? Раскажыце схему.

АБ: Звычайна да нас прыходзіць кліент з пэўнымі пажаданнямі, але без канкрэтнай ідэі (людзі ў якасці прыкладаў могуць паказваць карцінкі з інтэрнэту). Каб зафіксаваць усе пажаданні, мы задаём чалавеку шмат пытанняў з нашага брыфу: чым жыве сям’я, як шмат часу гаспадары бавяць на кухні, колькі чалавек гатуюць, як часта да ўладальнікаў прыходзяць госці, ці глядзяць нашы кліенты кіно, ці патрэбны ім комін, што патрэбна іх дзецям і гэтак далей. Сыходзячы з адказаў, мы разумеем, якія памяшканні будуць патрэбныя, якой будзе плошча дома, як лепш расставіць мэблю.

Акрамя гэтага, мы выязджаем на месца. На архітэктуру ўплывае вельмі шмат нюансаў: дзе знаходзяцца суседзі (каб іх вокны не выходзілі ў вокны нашых кліентаў), дзе заезд для машыны, дзе — добрыя краявідныя кропкі, куды трапляе сонца.

Мы з Аляксеем прымаем удзел у стварэнні першаснай канцэпцыі дома, часта самі яе прэзентуем. Далей працу вядуць арт-дырэктар і архітэктар, якія робяць праект. На апошняй стадыі падключаецца галоўны архітэктар — тэхнічны спецыяліст, які правярае праект на адпаведнасць нормам. Нам важна, каб кожны дом быў суцэльным і ўнутры, і звонку, таму мы займаемся яшчэ і інтэр’ерам, прадметным дызайнам, добраўпарадкаваннем тэрыторыі — для гэтага ў офісе працуюць будаўнікі з цеслярамі.

«НН»: Ці можна сёння пабудаваць дом, выкарыстоўваючы выключна беларускія матэрыялы?

АК: Будаўнічая сфера добра ў Беларусі развітая, матэрыялаў шмат. Іншая справа — як яны выглядаюць. У асноўным беларускія матэрыялы разлічаныя на ніжні сегмент рынку. Гэта бачна па нашых шматпавярховіках. Нават тое, што выдаецца за жыллё элітнага класа (напрыклад, дом Чыжа ля Траецкага), далёка такім не з’яўляецца.

АБ: Мы праектавалі жылы комплекс у расійскім горадзе Обнінску, і ён там лічыўся будынкам для сярэдняга класу, хоць яго аздобныя матэрыялы былі куды больш якаснымі. Калі ў Мінску той жа вентфасад зроблены з алюмініевых касет ці таннай керамічнай пліткі, то ў Калузе гэта шырокафарматны керамаграніт, які куды больш эстэтычны і праслужыць даўжэй. Зноў жа, скразны пад’езд адной вышыні з узроўнем дарогі, з відэадамафонам і вартаўніком, велапаркоўкамі — не адметнасць элітнага класа, гэта звычайнае жытло ХХІ стагоддзя! Смешна, што на нашым рынку наогул прысутнічае жытло камфорт-класа. Яго існаванне гаворыць пра тое, што будуецца і жыллё некамфорт-класа. На Захадзе, напрыклад, не так. Там некамфортнае жыллё будаваць нельга.

Жылы комплекс ад студыі ў Обнінску.

Што тычыцца матэрыялаў, то цяпер на беларускім рынку можна набыць больш-менш нармальныя: цэглу, керамічныя блокі, уцяпляльнік. А вось з аздобнымі матэрыяламі ў нас пакуль вялікія праблемы.

АК: Ну і ў краіне амаль няма кліентаў, якія былі б гатовыя набываць прэміум-клас. Тады навошта прадпрыемствам запускаць новую лінію для прадуктаў індывідуальнага, не масавага спажывання?

АБ: Большасць беларусаў увогуле не былі за мяжой (ну, апроч Расіі ці Украіны). Відавочна, што тыя дамы-слупы, якія ў нас будуюцца, і тыя матэрыялы, што ёсць на рынку, для іх будуць добрымі, бо яны не бачылі іншага. Бачылі, што ў суседа дом з газасілікатных блокаў, з вокнамі 1000 на 1500 мм, металачарапічным дахам, цэглай «Бесер» і тынкоўкай «Караед»— вось і будуюць так. А няма попыту — няма і прапановы.

Кошты ў нашай студыі вышэй за сярэднія. Нашы асноўныя кліенты — айцішнікі, прадпрымальнікі. Каб выканаць іх пажаданні, нам застаецца набываць будаўнічыя матэрыялы за мяжой. Архітэктура ўвогуле залежыць ад эканамічнага стану краіны: калі краіна бедная, то і архітэктура такая.

Студыя актыўна мяняе інтэр’еры кавярняў у Мінску, Магілёве, Брэсце і Віцебску (тое, як утульна вы адчуваеце сябе ў Let it be, Green Cuisine, Штодзённіку, Simple і іншых — справа іх рук).

«НН»: Калі ў прыватным сектары яшчэ можна пабудаваць дом мары, то сярод кватэрных прапаноў і выбіраць асабліва няма з чаго…

АК: У нас спрабавалі зрабіць элітны жылы комплекс «Поры года» на вуліцы Кісялёва. З вышынёй столі 3,2 метра і кватэрамі па 600 квадратных метраў. Ёсць квартал элітных дамоў на Жасмінавай… У асноўным жа ўсе варыянты, якія забудоўшчыкі называюць элітнымі, — звычайныя кватэры сярэдняга класу. Добрая інфраструктура, класныя дзіцячыя пляцоўкі, правільныя пад’езды з фібрацэментнымі фасадамі, высокія столі — усё гэта павінна быць атрыбутам звычайных дамоў. Элітны клас — гэта калі ўжо пачынаецца размова пра басейны ўнутры, умоўна кажучы.

«НН»: 30 адсоткаў вашых кліентаў — замежнікі. Ці моцна іх пажаданні адрозніваюцца ад беларускіх замоў?

АК: Часам здараецца, што нашы праекты публікуюць заўважныя міжнародныя рэсурсы накшталт Archdaily ці Dezeen. Пасля гэтых публікацый да нас прыходзяць кліенты з усяго свету. Па такой схеме мы праектавалі ў Канадзе, ЗША, Францыі, у Дубаі. У асноўным гэта была прыватная забудова. Але ў Аўстрыі, напрыклад, мы стваралі салон прыгажосці, а ў ЗША аднойчы праектавалі краму зброі.

Замежныя праекты спа-салона (злева) і крамы зброі.

АК: Галоўнае адрозненне замежных кліентаў у тым, што ў Еўропе і Амерыцы да дызайнераў і архітэктараў ставяцца як да сапраўдных спецыялістаў. Ніхто нашы рашэнні пад сумнеў не ставіць. А ў Беларусі нам заўсёды даводзіцца даказваць права на голас.

Там у людзей не такія трапяткія адносіны да свайго жытла. Для нас жа зарабіць на ўласны дом — ледзь не траціна вырванага жыцця. Замежнікам начхаць, якімі будуць паліцы ў кухні — галоўнае, каб было зручна. А беларус будзе абмяркоўваць усё, літаральна да колькасці посуду, які туды змесціцца.

Што тычыцца падыходу да фінансавых выдаткаў, то ён амаль не адрозніваецца. Мы думалі, як пачнём працаваць з кліентам у ЗША, то зможам разгуляцца, дазволім сабе супрацоўніцтва з топавымі брэндамі прадметаў інтэр’ера. Аднак людзі і там абіраюць эканомію, бо будуюцца, у асноўным, у крэдыт. Толькі ў Эміратах (з тых краін, дзе мы працавалі) людзі відавочна гатовыя траціцца больш за астатніх.

«НН»: Вы не раз казалі, што ваша глабальная мэта — рабіць беларускі дызайн. 

АБ: Для ўсіх архітэктараў свету існуе агульны сучасны кірунак — постмадэрнізм, у межах якога кожная краіна робіць нешта сваё. Нашы працы — беларускія па сваім пэўным наборы прыёмаў, якія не выкарыстоўваюцца ні ў Расіі, ні ў Еўропе: захаванне прыватнасці жыхароў, пэўная лаканічнасць і іншае.

Чытайце пра 7 адметнасцяў нацыянальнага дызайну ад Андруся Бездара

АК: Калі агулам характарызаваць стан сучаснай архітэктуры, то ад інтэрнацыянальнага стылю ўсе сыходзяць у традыцыйны сегмент. Ужо год 15, мне здаецца, ніхто не будаваў ніякіх сенсацый. Калі ў 2000-я ўвесь свет хварэў на Заху Хадзід з яе параметрычнамі формамі, то цяпер Прытцкераўскую ўзнагароду (аналаг Нобелеўскай прэміі ў архітэктуры) аддаюць за сацыяльныя праекты, якія працуюць на рашэнне праблемы канкрэтнай краіны. У архітэктуры нібыта дамовіліся: трэба імкнуцца не за тым, каб пабудаваць самы дарагі і незвычайны дом, а спачатку вырашыць больш вострыя моманты — і гэта добра.

Прытцкераўская прэмія, 2016 г. Дом Алехандра Аравены. Асаблівы тым, што адна частка блокаў будуецца адразу, а другая — працягвае існаваць у выглядзе каркаса, і яго кожны гаспадар можа трансфармаваць на свой густ. Пры гэтым агульны ансамбль забудовы не парушыцца.

Топ замежных будынкаў, залайканых ZROBYM architects

Гэтыя праекты можна было б паўтарыць і ў Беларусі

  • Квартал Rasu Namai у Вільні

АБ: Выдатны прыклад, якім можна было б натхняцца і рабіць замест таго, што мы бачым у аграгарадках. Невялікія драўляныя домікі стаяць пасярод лесу, і гэта — горад Вільня. Пабудавана ўсё за невялікія грошы, але глядзіцца прыемна. Вельмі беларускі варыянт!

  • The Mountain, Данія

АБ: Гэта мой самы любімы будынак, які вырашае спрэчку паміж загарадным і гарадскім жытлом. У кожнага чалавека ва ўладанні свая невялікая тэраса, дзе ён можа садзіць расліны і смажыць барбекю. Дом складаецца з некалькіх узроўняў, пачынаецца з паркінгу, як і павінна быць, каб разгрузіць двор ад транспарту. У Беларусі ў 1980-х па падобным каскадным прынцыпе з тэрасамі для выкарыстання будавалі дамы насупраць Нацыянальнай бібліятэкі і інтэрнат БНТУ, што ва Уруччы.

Якія будынкі архітэктары пасціралі б з мапы Беларусі?

  • амаль увесь праспект Пераможцаў,
  • ГЦ «Еўропа»,
  • ГЦ «Dana Moll»,
  • будынак Dana Holdings на Кастрычніцкай плошчы.

Яшчэ адной бядой беларускай архітэктуры стваральнікі ZROBYM architects называюць адсутнасць конкурсаў для спецыялістаў. Каб нават такая невялікая студыя, як іх, магла на роўных умовах прэтэндаваць на магчымасць праектаваць аб’екты дзяржаўнага значэння.

Наступныя нашы героі — архітэктурная студыя LEVEL80. Воляй лёсу гэтая каманда атрымала магчымасць паўдзельнічаць у праектаванні Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Ждановічах. Расказваем, як у іх гэта атрымалася.

«Усе стаміліся ад Каменнай Горкі»

Студыя LEVEL80 | architects была створаная ў 2013 годзе. Яе заснавальнікі Кацярына Кавалёва і Кірыл Скарынін пазнаёміліся ў БНТУ: Каця была старастай. Кірыл — спадчынны архітэктар, у гэтай сферы працавалі яго маці і дзядуля, які ў якасці галоўнага архiтэктара Мінскпраекта праектаваў Сляпянскую водную сістэму.

Кірыл Скарынін і Кацярына Кавалёва.

У камандзе студыі сёння 25 чалавек. Усе — досыць універсальныя спецыялісты, бо студыя займаецца стварэннем самых розных аб’ектаў: ад лавак да мікрараёнаў.

У офісе архітэктурнай студыі.

Каго з калег адзначаюць: майстэрню «Цяльцоў і партнёры», Паўла Гарбацэвіча, кампанію «Вараб’ёў і партнёры», студыю Барыса Школьнікава, Аляксандра Кратовіча, архітэктурнае бюро «33|16», Studio 11, ZROBYM Architects і маладую, але перспектыўную студыю DUDES.

Сапраўдную вядомасць студыі прынесла сумесная праца з забудоўшчыкам «А-100 Дэвелапмент» над Новай Баравой (за яе каманда атрымала першую і другую прэміі на міжнародным архітэктурным біенале Leonardo 2017). Да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся, а пакуль дазнаемся, як у прыватнай студыі атрымалася выбіць сабе буйны дзяржаўны заказ і спраектаваць віп-медцэнтр пры Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.

Кірыл Скарынін: Заказчыку клінічнага цэнтра не спадабалася тое, што прапанаваў адзін дзяржаўны праекціроўшчык: «лечкамісія» ў іх праекце выглядала даволi саўкова. На нарадах узнікла пытанне, што з гэтым рабіць. І нам прапанавалі хутка паспрабаваць спраектаваць нешта сваё. Мы падрыхтавалі аўтарскі праект па медцэнтру і трапілі на адну з нарад у Белдзяржпраекце, дзе змаглі яго прэзентаваць: там была цэлая камісія з прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, інжынернай службы, намесніка міністра па будаўніцтве…

Інфармацыю пра нашу альтэрнатыву падавалі вельмі нефармальна: маўляў, паглядзіце, нармальнае рашэнне, у якім ёсць карысць, моц і прыгажосць, а вы захраслі ў СССР. Мы далі зразумець, што гарым архітэктурай. Відаць, гэта падкупіла камісію, якая прывыкла бачыць больш фармальны падыход.

Каб абараніць праект канчаткова, нам спатрэбілася яшчэ недзе тры сустрэчы з камісіяй, што расцягнуліся на 1,5 месяца. Калі яго канчаткова ўхвалілі, адправілі на подпіс прэзідэнту. Цікавы факт: усе паперы на подпіс у Адміністрацыю, як нам было сказана, можна прыносіць надрукаванымі сінім колерам на бэжавым фоне. Мы спачатку супраціўляліся, бо такія колеравыя спалучэнні зусім не ў нашай стылістыцы, але прыйшлося пераробліваць альбом так, як трэба.

Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр.

«НН»: То бок цяпер вы «ў міласці» дзяржавы і можаце разлічваць на буйныя заказы ад яе?

КС: Мы рабілі некалькі прапаноў на закрытых нарадах, куды былі запрошаныя некалькі архітэктурных кампаній. З адной такой нарады ў нас выйшаў камерцыйны заказ, які будзе тычыцца забудовы і рэканструкцыі аднаго з прамысловых раёнаў Мінска.

Мне здаецца, з прыходам ў Мінгарвыканкам новага маладога архітэктара Паўла Лучыновіча назіраюцца пазітыўныя змены: з ім можна спакойна звязацца ў месенджары, нешта спытаць, запісацца на прыём.

Проста не ўсе людзі, у тым ліку архітэктары, ведаюць, што так можна. Таму, калі ў кагосьці ёсць канкрэтныя прапановы, як можна палепшыць горад, раю з імі ісці ў Мінгарвыканкам. Сёння існуе ўстаноўка зверху: слухаць актыўных гараджан. Праўда, калі яны маюць, што сказаць.

Напрыклад: штогод я гляджу на нашу навагоднюю ілюмінацыю і думаю: «Божа, як жа калгасна, а столькі грошай убухалі!». Адна справа, калі я проста працягну абурацца, і зусім іншая, калі прыйду ў камітэт і скажу: «Не змешвайце вы сінія і жоўтыя светадыёды, не трэба ніякіх званочкаў — проста абгарніце дрэвы ў ліхтарыкі з цёплым белым святлом — і ўжо будзе прыгожа».

«НН»: Вы кажаце, што людзей слухаюць, але гісторыя з будынкам, спраектаваным для Кастрычніцкай плошчы, паказвае адваротнае. Вы ж таксама прапаноўвалі альтэрнатыўны праект, але ніхто нікога не слухаў.

Праект LEVEL80 | architects для Кастрычніцкай плошчы.

КС: Dana Holdings, відавочна, мае свае рычагі ўплыву. Горад зацікаўлены ў інвестыцыях, а гэты забудоўшчык завяршае свае аб’екты.

Але самога забудоўшчыка, на жаль, не хвалюе асяроддзе: яны проста зарабляюць грошы, не ўлічваючы, што іх «пачварства» яшчэ вельмі доўга будзе псаваць сваім выглядам горад.

Увогуле, было б нядрэнна пераглядзець усю схему тэндараў. Падчас іх кожная архітэктурная кампанія можа набраць максімальныя 100 балаў. Аднак пунктаў, якія тычацца архітэктуры і яе выразнасці, там усяго 5 адсоткаў. У прыярытэце колькасць супрацоўнікаў у штаце, даходы, наяўнасць судовых разбіральніцтваў — карацей, адміністрацыйныя пытанні, якія маюць мала дачынення да архітэктуры і прыгажосці. 

«НН»: Апошнім часам часта хваляць Новую Баравую. Многія беларусы хочуць там жыць, хочуць аддаць дзяцей у мясцовы садок. Чаму горад толькі цяпер «разжыўся» на такую забудову? 

КС: Тут супалі некалькі фактараў. Перш за ўсё, з’явіўся забудоўшчык «А-100 Дэвелапмент» з запытам на якасную еўрапейскую архітэктуру і асяроддзе. Ён хварэў гэтай справай і сабраў вакол такую ж каманду. Архітэктары і раней маглі нешта падобнае спраектаваць, але ніхто гэтага не хацеў (збольшага, архітэктура адлюстроўвае асобу заказчыка: калі вы бачыце перад сабой непрыгожы будынак — хутчэй за усё, каманда архітэктараў пайшла на павадку ў замоўцы).

Дзіцячы садок у Новай Баравой.

КК: У нас з Кірылам было пэўнае бачанне таго, як павінен выглядаць добры мікрараён: мы шмат што бачылі ў Еўропе і разумелі, як зрабіць так, каб было карысна, прыгожа і эканамічна мэтазгодна. І наша бачанне супала з пажаданнямі заказчыка. Нам абодвум пашанцавала.

«НН»: Вы паўсюдна маніфестуеце, што асяроддзе фарміруе культуру. Вы верыце, што пад’езды ў Новай Баравой з іх «іншым» асяроддзем не стануць праз год 10 такімі ж бруднымі і размаляванымі, як многія беларускія?

КК: Я магу расказаць на ўласным досведзе. Год таму я сама набыла кватэру ў Новай Баравой, у 8-м квартале. І ведаеце, у нас там суседскае кам’юніці ў прамым сэнсе гэтага слова. Усе сочаць за тым, што яны купілі (не толькі за кватэрай, але і за пад’ездам і дваром). Як толькі з’яўляецца новая драпіна на сценцы, адразу пачынаецца ўнутранае расследаванне. Калі нехта прыпаркаваўся каля пад’езда, суседзі адразу пішуць у агульны чат заўвагі і абяцанні ў наступны раз выклікаць ДАІ. Перад Новым годам жыхары самі захацелі паставіць у пад’ездзе ялінку і запрасілі ўсіх упрыгожыць яе разам.

КС: На карысць гэтаму працуе не толькі вайбер-чат: ёсць яшчэ і архітэктурныя фактары. Па-першае, мы імкнуліся захоўваць неабходную камерцыйную шчыльнасць забудовы, але пры гэтым максімальна зніжаць паверхавасць: у мурашніках людзі губляюць пачуццё блізкасці. Акрамя таго, сам забудоўшчык стварае нагоды сабрацца ўсім разам: святы, канцэрты. Людзі там знаёмяцца паміж сабой, а потым ўжо самастойна збіраюцца ў двары на шашлыкі. Важна сфарміраваць у людзей адчуванне, што дом, двор — гэта тваё, каб потым жыхары ўжо былі прывучаныя ўзаемадзейнічаць і не шкодзіць адно аднаму.

«НН»: Ці дачакаюцца нейкай кватэрнай альтэрнатывы жыхары іншых гарадоў, не толькі Мінска?

КС: Безумоўна, усё прыйдзе і ў іншыя гарады, варта толькі пачакаць. Не павінны забудоўшчыкі канцэнтравацца выключна на сталіцы. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца, калі павялічыцца канкурэнцыя ў Мінску. Ці яшчэ варыянт: калі нехта нарадзіўся ва ўмоўным Віцебску, і яму будзе карцець развіваць менавіта родны горад.

Увогуле, усе ўжо стаміліся ад Каменнай Горкі, нават тыя, хто яе праектуюць. Павольна, але дзяржава прыйдзе да выпрацоўкі стандартаў жылога асяроддзя не толькі з мінімальным наборам па ДАСТу: арэлі, каруселі і газон. Мне здаецца, усе новыя раёны пакрысе будуць станавіцца больш чалавечнымі.

Чытайце іншыя матэрыялы праекта «Сучасны беларускі дызайн з rOtring»:

Дзе набыць rOtring?

  • Афіцыйны дыстрыб'ютар rOtring — кампанія Universal Press. Абслугоўванне карпаратыўных кліентаў і дылераў.
  • Раздробны продаж і кансультацыі прыватных кліентаў —студыя каліграфіі Calligraphy.

Каментары6

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву12

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву

Галоўнае
Усе навіны →