Беларусы як скандынавы: топ-7 адметнасцяў нацыянальнага дызайну
Шукаем беларускасць у архітэктуры і інтэр’еры разам з заснавальнікам і арт-дырэктарам архітэктурнай студыі «ZROBYM architects» Андрусём Бездарам (Андрусь Bezdar).
1. Кантэкстуальнасць
У Беларусі будынкі прынята не вылучаць з кантэксту месца, дзе яны знаходзяцца. Гэта характэрна для ўсёй нашай забудовы: і гарадской, і прыватнай. Мы спрадвечна акуратна падыходзілі да дамінантнай забудовы, яна не адрозніваецца асаблівай пампезнасцю. У нас не можа быць узведзены сабор Васіля Блажэннага, што на Краснай плошчы ў Маскве. Нашы культавыя будынкі больш кантэкстуальныя. Узяць той жа Чырвоны касцёл у Мінску — ён лаканічны і просты.
Часта расіяне хочуць прадэманстраваць суседзям сваё фінансавае становішча праз прыватную архітэктуру. Беларускія замоўцы іншыя, большасць з іх хоча, каб дом зліваўся з асяроддзем суседскіх забудоў.
2. Лаканічнасць
Беларуская архітэктура не такая пампезная не таму, што не хапае грошай, а таму, што беларусам гэта непатрэбна.
У кантэкстуальнасці і лаканічнасці мы падобныя да еўрапейцаў. Калі зірнуць на папулярны цяпер ва ўсім свеце скандынаўскі інтэр’ер, мы ўбачым вельмі просты функцыянальны дызайн, дзе няма ніякай вычварнасці.
3. Белы і шэры колеры
У Беларусі да смешнага мала сонечных дзён, таму, каб у памяшканні было светла, здаўна выкарыстоўвалі белы колер, які рассейвае сонечнае святло. Як правіла, у беларускай хаце была драўляная (альбо гліняная) падлога, простая драўляная мэбля і белыя сцены. Сучасны скандынаўскі дызайн таксама стаіць на гэтых трох слупах.
У старажытных інтэр’ерах Нарвегіі ці Даніі сцены рэдка былі белымі. Недахоп сонца жыхары гэтых краін імкнуліся кампенсаваць менавіта колерам: чырвоным, сінім, зялёным і іншымі. Архітэктура і інтэр’еры збольшага былі каляровымі, таму сучасны скандынаўскі дызайн, які цяпер лічыцца модным, больш характэрны для Беларусі, чым для краін Скандынавіі.
Акрамя белага, у беларускім інтэр’еры і экстэр’еры прысутнічае шмат шэрага колеру. Гэта вынікае з таго, што мы амаль усё рабілі з натуральнага дрэва, якое мае ўласцівасць з часам станавіцца шэрым.
Да часоў Савецкага Саюза, калі вёскі пачалі фарбаваць яркай алейнай фарбай, беларускае асяроддзе было цалкам шэрым. Гэта зачапілася ў свядомасці беларусаў і стала лічыцца прыгожым.
Узяць той жа праспект Незалежнасці, ён цалкам шэры, але не таму, што няма грошай на фарбу.
Можна сказаць, што ўвогуле ўвесь Мінск шэры. Калі дызайнеры брытанскай кампаніі INSTID распрацоўвалі брэнд горада «Think Minsk» і шукалі адметнасці, то за аснову быў узяты колер неба, бо архітэктурна Мінск малапавярховы і амаль манахромны. Затое шырокія вуліцы дазваляюць колеру неба стаць асноўным. Еўрапейскія гарады зусім іншыя.
4. Выкарыстанне натуральных матэрыялаў і развітая рамесная вытворчасць
Калі мы прыгледзімся да мэблі, вырабленай у сучасным скандынаўскім дызайне, то заўважым, што часта гэта не машынная вытворчасць. Навуковая і тэхналагічная рэвалюцыя прыйшла да скандынаваў пазней, чым у краіны заходняй Еўропы. Таму там вельмі развітая рамесная вытворчасць, у іх шмат невялікіх майстэрняў, дзе вырабляюць лаканічную драўляную мэблю. Увесь скандынаўскі інтэр’ер менавіта такі, традыцыйны беларускі — таксама.
Мы выкарыстоўваем разнастайныя прыёмы працы з дрэвам. Гэта натуральна, бо ў Беларусі шмат лясоў. Пластыка гэтага матэрыялу дыктуе лаканічныя формы, характэрныя для нашага стылю.
Акрамя дрэва, для беларусаў характэрна выкарыстанне каменя, цэглы, гліны, ільну, з якіх ствараюць элементы інтэр’еру. Складана ўявіць беларускі стыль са спалучэнняў шкла, металу і медзі.
5. Праца з формай і канструктывізм
Да архітэктуры ў беларусаў хутчэй скульптурны падыход. Як правіла, мы робім аднакаляровыя будынкі цікавай скульптурнай формы.
Канструктывізм, які грунтуецца на спалучэнні простых геаметрычных форм, набыў папулярнасць у Савецкім Саюзе. Архітэктар Іосіф Лангбард, які працаваў у гэтым стылі, рабіў будынкі ў адным колеры, белым альбо шэрым, і найперш працаваў з формай. Дом ураду, Дом афіцэраў, Акадэмія навук, Тэатр оперы і балета — усё яго працы. Гэта асноўныя дамінантныя будынкі праспекту Незалежнасці, i яны ўсе паказваюць адметнасці беларускага стылю.
У нас вельмі шмат прыгожых савецкіх будынкаў. Адзін з самых значных — корпус будаўнічага факультэта БНТУ, гэтак званы «караблік».
Савецкі (i беларускі таксама) канструктывізм моцна паўплываў на сусветную архітэктуру.
6. Дамы з унутраным дваром
Так рабілі нашы продкі. Толькі яны ўтваралі ўнутраны двор з дапамогай гаспадарчых прыбудоў, а сёння яго праектуюць у межах аднаго дома.
7. Норы хобітаў
Калі беларусу трапіўся надзел зямлі з перападам рэльефу, ён імкнецца зрабіць так, каб з дарогі дом падаваўся маленькім, а з іншага боку, схаванага ад вачэй, глядзеўся як шыкоўная віла.
«Калі вы хочаце пабудаваць беларускі дом, не абавязкова рабіць копію хаты нашых продкаў. Мы ўсё ж жывём у XXI стагоддзі і мусім рабіць сучасны дом, але ён можа быць заснаваны на тых прыёмах, якімі карысталіся продкі. Многае грунтуецца на тым, што яны хацелі зрабіць дамы энергаэфектыўнымі, функцыянальнымі, абапіраліся на даступныя для апрацоўкі матэрыялы. Варта карыстацца гэтымі прыёмамі, бо яны выпрацоўваліся стагоддзямі і з улікам асаблівасцей нашага клімату», — раіць Андрусь Bezdar.
Напрыклад, дамы з атрыумам (унутраным дваром) не толькі адпавядаюць нашаму менталітэту, але дапамагаюць зберагчы цяпло, калі з паўночнага боку будзе не вуліца, а гаспадарчая прыбудова. Большасць вокнаў мусяць выходзіць на паўднёвы бок, гэта зменшыць цепластрату дома.
Каментары