Калі раней усе масава фарбаваліся ў блонд ці чорны, то цяпер трэнд на яркія колеры. Прычым не толькі сярод дзяўчат. Мы прапанавалі змяніць імідж супрацоўніку Рэдакцыі Ягору Хаванскаму і адправіліся на смелы эксперымент у адмысловую мужчынскую цырульню. А заадно даведаліся, якія стрыжкі трэндавыя, ці можна паскорыць рост барады і як стаць падобным да Брэда Піта.
Новы імідж Ягору будзе ствараць майстар цырульні «Мужчынская тэрыторыя» на Незалежнасці, 43 Арцём Пракопчык.
Пачынаем са стрыжкі. Майстар расказвае, што самымі моднымі цяпер лічацца цэзар, кроп і андэркат. Што яны з сябе ўяўляюць?
Цэзар — гэта вельмі кароткі верх з выразнай акантоўкай твару, бакі і патыліца выбрытыя практычна пад нуль.
У кропе верх даўжэйшы, часта робяцца эксперыменты з чубком: ён можа быць зачасаны гладка наперад ці растрапаны.
Што да андэркату, то пры гэтай стрыжцы валасы на макушцы пакідаюць даўгімі і зачэсваюць на бок ці назад.
— Часта мужчыны паказваюць фота акцёраў і просяць зрабіць гэтаксама. Для многіх эталонамі прыгажосці становяцца Леанарда Ды Капрыё і Брэд Піт. Таксама цяпер вельмі папулярны вобраз галоўнага героя серыяла «Вострыя казыркі», у яго выбрыты бакі.
Пры падборы стрыжкі майстар адштурхоўваецца ад формы галавы кліента, структуры валасоў і яго пажаданняў. Для прыкладу, да вострага твару падыходзіць кроп, да авальнага — андэркат.
У выпадку Ягора майстар раіць адрасціць верх, але, заўважае ён, гэта ўжо пытанне камфорту.
Гады тры таму на піку папулярнасці ў хлопцаў была прычоска топ-кнот — маленькі хвосцік на макушцы. Цяпер яна ўжо менш актуальная — як і дрэды. Затое мужчыны, як і жанчыны, падхапілі трэнд на коскі з упляценнем штучных ці натуральных валасоў.
Бывае, даводзіцца адгаворваць кліентаў ад неабдуманых эксперыментаў. Арцём успамінае, як да яго прыйшоў мужчына, які хацеў выбрыць скроні і зрабіць іракез. Уладальнікам рэдкіх і тонкіх валасоў, якія хочуць стрыжку з доўгім верхам, майстар тлумачыць, што гэты варыянт для іх нявыйгрышны.
— З неардынарнага — часта хлопцы прыходзяць фарбавацца. Даволі папулярны папялісты колер, некаторыя абіраюць чырвоны, фіялетавы, — расказвае Арцём. — Чаму папялісты ў модзе? Магчыма, мужчыны хочуць здавацца больш сталымі.
Дарэчы, беларуская мода на стрыжкі не адрозніваецца ад еўрапейскай: усе трэнды хлопцы адсочваюць анлайн. Краіну-заканадаўцу стылю складана вылучыць — хутчэй, папулярным становіцца тое, што носяць вядомыя акцёры.
Іншая справа, што ў кожнай нацыянальнасці свой тып валасоў, што ўплывае на выбар прычоскі. Калі афра-амерыканцы з жорсткімі і непаслухмянымі валасамі аддаюць перавагу кароткім стрыжкам, то беларусы, у якіх пераважна прамыя і больш мяккія валасы, могуць пагуляць з даўжынёй.
Наступны пасля стрыжкі этап — асвятленне валасоў.
Усяго вылучаюць 10 тонаў (10-ы — самы светлы). У Ягора 4-ы тон — каб фарба добра лягла, яго трэба абясколерыць да восьмага. Наносім склад і вытрымліваем паўгадзіны.
Цяпер чарга фарбавальнага пігменту. Для эксперыменту мы абралі адценне «перламутравы бландзін» з серыі Hair Happiness ад беларускага вытворцы «Беліта-М». На ўсялякі выпадак узялі і модны колер «пепельны бландзін».
Адценняў у серыі аж 22, але большасць — вельмі натуральныя. Мы ж шукаем рызыкоўныя.
Пакуль майстар прафарбоўвае пасмы, распытваем пра бароды. Арцём кажа, яны па-ранейшаму актуальныя.
— Гэта неад’емная частка вобразу. Барада пасуе абсалютна ўсім мужчынам. Іншая справа — якая. Калі барада густая, можна падабраць любую форму пад свой тып твару. Калі ёсць залысіны, канечне, складаней, трэба шукаць варыянты. Але ў барбершопах і цырульнях прадаецца маса алеяў для барады, якія паскараюць рост валасоў. Туды дадаюць кампаненты, якія да таго ж робяць бараду больш мяккай, шаўкавістай і паслухмянай. У аптэцы таксама можна знайсці спрэі-стымулятары росту валасоў.
Адкуль наогул такая папулярнасць барбершопаў у наш час? Арцём мяркуе, гэта звязана з тым, што мужчыны сталі больш даглядаць за сабой.
— І я не лічу гэта дрэнным, бо чалавек павінен заўсёды выглядаць прыгожа, каб успрымацца ў грамадстве адэкватна.
У цырульню, дарэчы, мужчыны прыходзяць не толькі па стрыжку. Звяртаюцца і па васковую дэпіляцыя валасоў у вушах і носе. Таксама папулярная паслуга — чорная маска для ачысткі пораў.
Апошні штрых (майстар пасыпае валасы пудрай для лепшай укладкі) — і новая прычоска гатова.
На змену іміджу ў нас сышло каля дзвюх гадзін. Арыгінальна атрымалася?
Як працуе сістэма абароны валасоў ад сухасці і ломкасці трывалай крэм-фарбы Hair Happiness:
Ланалін, пратэіны соі і пратэіны кукурузы прадухіляюць перасыханне і разбурэнне структуры воласу і гарантуюць выдатны дагледжаны выгляд валасоў.
Таксама ва ўпакоўцы:
+ Пажыўны бальзам-догляд для афарбаваных валасоў прадухіляе вымыванне пігменту, забяспечвае надзейную абарону адцення ад выцвітання і выгарання.
+ Вадкасць для вывядзення фарбы са скуры дазваляе хутка і бяспечна ачысціць яе, калі выпадкова патрапіла фарба для валасоў.