Ініцыятыва Protect Belarus працягне дапамагаць супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія страцілі працу, бо «адмовіліся выконваць злачынныя загады». Яна заснаваная беларускімі IT-прадпрымальнікамі на чале з сузаснавальнікам кампаніі PandaDoc Мікітам Мікадо сумесна зь Беларускім фондам салідарнасьці, піша «Радыё Свабода».

Пра гэта паведаміла «Свабодзе» афіцыйная прадстаўніца PandaDoc Анастасія Міралюбава.

«Дзясяткам людзей дапамаглі выплатамі, маральнай і юрыдычнай падтрымкай. Мы гэтую працу працягваем з нашым партнэрам — Фондам салідарнасьці. Сілавікі да нас зьвяртаюцца штодня, мы апрацоўваем заяўкі і выплачваем дапамогу. І гэтая ініцыятыва будзе працягвацца столькі, колькі патрэбна», — сказала Анастасія.

У PandaDoc заявілі, што ўлады праводзяць рэпрэсіі і чыняць ціск, каб спыніць гэтую ініцыятыву. Паводле кампаніі, «улады вырашылі ўзяць у закладнікі» чатырох невінаватых супрацоўнікаў, якія ня маюць дачыненьня да ініцыятывы заснавальнікаў кампаніі PandaDoc. Чатырох супрацоўнікаў кампаніі PandaDoc — гэта галоўны бугальтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзьмітрый Рабцэвіч, дырэктар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — арыштавалі на два месяцы. Іх падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры.

«Цалкам зразумела, што ўсё гэта палітычная замова. Калегі ніякіх адносін да маёй ініцыятывы ня маюць. Пры гэтым улады спрабуюць настолькі нізкім спосабам узьдзейнічаць на мяне», — заявіў Мікіта Мікадо.

Афіцыйная прадстаўніца PandaDoc Анастасія Міралюбава сказала «Свабодзе», што прычыны і падставы, згодна зь якімі затрыманыя супрацоўнікі кампаніі ў Менску, незразумелыя.

«Кампанія ў шоку, мы ўспрымаем гэта як палітычныя рэпрэсіі, накіраваныя ў бок Мікіты з прычыны яго актыўнай дзейнасьці па дапамозе звольненым сілавікам. Іначай гэта назваць нельга, бо ніякіх падстаў для арышту супрацоўнікаў ня бачым ні мы, ні юрысты. Гэта неправамерныя, несумленныя арышты. Пакідаць гэта ў цішыні, як шмат што адбываецца ў Расеі і Беларусі, мы таксама ўжо ня можам», — сказала Анастасія.

Паводле Анастасіі, арышты супрацоўнікаў не былі брутальнымі, але «сам факт таго, што калегам і іх сем’ям цяпер даводзіцца праходзіць праз такі страх — гэта брутальна само па сабе».

Цяпер кампанія накіравала ўсе сілы на тое, каб вызваліць сваіх супрацоўнікаў з-за кратаў.

Паводле Анастасіі, пакуль PandaDoc спадзяецца, што зможа працягваць далей сваю працу ў Беларусі і ёй не давядзецца выяжджаць з краіны.

«Мы спадзяёмся на лепшае, што адбудзецца зьмена рэжыму і кампанія зможа застацца на радзіме, дзе не давядзецца баяцца за сваё жыцьцё, за тое, што нехта будзе арыштаваны, што будуць рэйды і вобшукі ў офісе. Але цяперашнія падзеі паказваюць, што трэба разглядаць дадатковы варыянт. Але спадзяёмся, што кампанія ўсё ж зможа застацца ў Беларусі, не давядзецца зьяжджаць і ў Беларусі таксама застанецца ПВТ, бо беларускія эўрабонды трымаюцца выключна на ІТ-тэхналёгіях. Мы не хацелі б, каб усе ІТ-кампаніі зьяжджалі, а гэта адбудзецца, калі ня зьменіцца рэжым і ня сыдзе тыранія».

Мікіта Мікадо заявіў, што затрыманыя супрацоўнікі ні ў чым не вінаватыя, іх тры дні ўтрымлівалі бяз допуску адвакатаў і цяпер зьбіраюцца пасадзіць.

Другога верасьня ў менскім офісе кампаніі PandaDoc прайшлі ператрусы, падчас якіх былі заблякаваныя больш за 20 супрацоўнікаў, 7 зь якіх затрымалі для допыту. У некаторых супрацоўнікаў правялі вобшукі дома, урэшце іх затрымалі. Цягам двух наступных дзён супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў апыталі больш за 100 працаўнікоў кампаніі.

«Яны, відаць, зачапілі за самае балючае»

Віктар Куўшынаў цяпер у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла яго жонка Саша Дзікан.

«Яго туды завезьлі адразу з ДФР. Будзем высьвятляць, ці магчымыя зь ім сустрэчы, і будзем працягваць змаганьне. Што нам яшчэ застаецца рабіць?»

Саша кажа, што мужа затрымалі дома пяцёра сілавікоў, на яго надзелі кайданкі.

«2 верасьня недзе паўтары гадзіны цягнуўся вобшук у нас. Увесь дзень яго трымалі ў ДФР, і недзе а гадзіне ночы іх адтуль вывезьлі. Напісалі, што мужа затрымалі а 10 вечара 2 верасьня, хаця па факце затрымалі а 10 раніцы, калі па яго прыехалі да нас дадому. Вылічылі па геалякацыі, на жаль, мабільныя апэратары зьліваюць інфармацыю, мяне цяпер праслухоўваюць. Забралі мой і яго кампутары».

Паводле Сашы Дзікан, ініцыятыва Protect Belarus — прыватная ініцыятыва заснавальнікаў PandaDoc, яна ніяк не зьвязаная з кампаніяй.

«Тут офіс кампаніі вялікі, і яны, відаць, вырашылі ўзяць мужа і яго трох калегаў у закладнікі. Мэтаў уладаў я ня ведаю. Магчыма, яны хочуць імі гандляваць, каб спынілі дзейнасьць, альбо публічна паказальна пакараць, альбо сказаць сілавікам, што яны атрымаюць сьпісы тых, хто прасіў дапамогі. Там зьвярнуліся па падтрымку многа людзей, і Мікіта гэта публічна абвяшчаў. Яны, відаць, зачапілі за самае балючае, бо для Лукашэнкі важна, каб яго падтрымлівалі сілавікі», — кажа Саша.

Саша Дзікан кажа, што кампанія PandaDoc, якая ўваходзіць у Парк высокіх тэхналёгій, праходзіла шмат міжнародных аўдытаў і там «усё чыста».

«Калі я ўбачыла інфармацыю пра 107 тысяч беларускіх рублёў, мне стала проста сьмешна. Гэта плявок, ведаючы, якія заробкі ў іх. Атрымліваецца, што гэтыя 30 тысяч эўра яны ўчатырох нібыта скралі. Ды яны за пару месяцаў могуць зарабіць такія грошы. Яны ўжо ня ведаюць, што ім прыпісаць. Яны абсалютна ні ў чым не вінаватыя. Я спадзяюся, што муж вернецца дахаты», — кажа Саша.

«Цяпер выходжу і за сябе, і за мужа»

Саша Дзікан кажа, што сям’я ў шоку ад затрыманьня Віктара, бацькі двухгадовага дзіцяці.

«Але трымаемся, што рабіць. Для мяне прыклад — Святлана Ціханоўская, яна трымаецца, у яе сытуацыя з мужам наогул жахлівая. Таму і нам трэба трымацца».

Сёньня Саша Дзікан прыняла ўдзел у чарговай мірнай акцыі пратэсту жанчын у Менску.

«Я хачу іншага жыцьця ў свабоднай краіне, дзе я буду адчуваць сябе ў бясьпецы, дзе ня будуць рэпрэсаваць маю сям’ю, каб мой муж выйшаў на свабоду і мог спакойна працаваць далей. Цяпер выходжу і за сябе, і за мужа», — сказала Саша Дзікан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?