Пра сітуацыю на Фэйсбуку паведаміў суіскальнік Багдан Мельнік:
«Упаўнаважаны па абароне дзяржаўнай мовы, топавы працадаўца ва Украіне па версіі супольнасці DOU адмовіў мне ў наступным этапе сумоўя толькі таму, што я размаўляю па-ўкраінску ў Украіне. І гэта кіеўскі офіс»,
— паведаміў Багдан і прымацаваў скрыншот сваіх зносін з патэнцыйным працадаўцам.
Як пасля аказалася, кампанія не толькі не хоча бачыць у сваім калектыве ўкраінамоўных супрацоўнікаў, але і публічна хваліцца перамогамі ў Расіі, якая для ўкраінцаў — краіна-агрэсар.
Увогуле ўсе пасты кампаніі ў сацсетках выкананыя выключна на рускай мове.
Для нас гэтая сітуацыя цікавая перадусім тым, што створаная ў 2007 годзе IT-кампанія Andersen — беларуская.
Яе галаўны офіс да нядаўняга часу займаў некалькі паверхаў хмарачоса Royal Plaza ў цэнтры Мінска. Але ў канцы 2020-га адбылася рэлакацыя ў Кіеў, звязаная з палітычнымі падзеямі ў Беларусі.
Выглядае, што кіраўніцтва кампаніі не ўсвядоміла, што моўная палітыка Украіны значна адрозніваецца ад беларускай, а таму па звычцы вядзе кадравую палітыку паводле схемаў, шырока распаўсюджаных у Беларусі.