Беларускі пракурор: Расіяне, якія забівалі людзей у Бучы і Ірпені, павінны быць арыштаваныя ў Беларусі
Адзін з дзейных пракурораў, які застаецца на службе (мы не называем яго імя), пракаментаваў для «Нашай Нівы» дзеянні расійскіх войскаў у Кіеўскай вобласці з пазіцыі беларускага заканадаўства. Ён сцвярджае, што Крымінальны кодэкс прадпісвае арышт падазраваных на тэрыторыі Беларусі.
«Згодна з часткай 3 артыкула 6 Крымінальнага кодэкса (дзеянні КК да асоб, якія ўчынілі злачынствы на тэрыторыі іншых дзяржаў), адносна шэрагу злачынстваў ён павінен ужывацца незалежна ад крымінальнага права месца здзяйснення злачынства, — кажа наш суразмоўца. —
Збольшага такая норма тычыцца так званых ваенных злачынстваў: генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці, парушэнне законаў вядзення вайны і гэтак далей.
Тыя страшэнныя кадры і словы сведак, якія масава паліліся ў сеціва ўвечары 2 красавіка, можна кваліфікаваць з дапамогай некалькіх артыкулаў КК. Самы відавочны — артыкул 128, злачынствы супраць бяспекі чалавецтва.
Да такіх злачынстваў адносяць: незаконнае ўтрыманне ў няволі, выкраданне людзей з іх знікненнем, катаванні і жорсткасць, здзейсненыя ў сувязі з нацыянальнай, этнічнай прыналежнасцю, палітычнымі поглядамі і інш.
Відавочна, што тое, што здарылася ў Ірпені, Гастомелі, Бучы, наўпрост падпадае пад названы артыкул. Ды і адразу пад некалькі іншых.
Такім чынам, людзі, якія ўчынілі такія злачынствы і не асуджаныя за іх у іншых дзяржавах, павінны быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці ў нашай краіне.
Вядома таксама, што ваенныя часці, якія стаялі ў Кіеўскай вобласці, маглі выходзіць праз тэрыторыю Беларусі ці нават цяпер знаходзяцца тут.
Стартам для расследавання можа служыць заява ўкраінскіх уладаў аб ідэнтыфікацыі нумароў і назваў частак, якія стаялі ў Ірпені і Бучы, — відавочна, што беларускія ваенныя і ўлады добра ведаюць, хто з расіян цяпер стаіць на нашай зямлі.
Беларускі СК, пракуратура і іншыя органы, згодна з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, павінны тут жа завесці крымінальную справу і прыняць меры.
Гэта ж не які-небудзь крадзеж пеўня ці ровара ў вёсцы, а міжнародныя злачынствы, якія нясуць небяспеку ўсяму чалавецтву. Ад такіх злачынстваў больш за ўсе пакутавалі менавіта беларусы ў часы Вялікай Айчыннай вайны, што, дарэчы, і абумовіла з'яўленне гэтых артыкулаў у нашым Крымінальным кодэксе.
Я лічу, што справа гонару для айчынных сілавікоў — пачаць праверку, апрасіць ваеннаслужачых тых частак, якія выйшлі з тэрыторыі Украіны, завесці крымінальныя справы і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
Дарэчы, папулярнае ў сеціве відэа з Мазырскага офіса СДЭК, на якім расійскія ваенныя адпраўляюць некуды велізарную колькасць маёмасці, у суме з заявамі сродкаў масавай інфармацыі таксама можа служыць падставай для пачатку крымінальнай справы з адсылкай да часткі 3 артыкула 6 КК:
адвольнае і маштабнае прысваенне маёмасці, не выкліканае ваеннай неабходнасцю, таксама з’яўляецца ваенным злачынствам.
Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці нашымі гераічнымі сілавікамі, якія абсалютна нецярпімым да ваенных злачынстваў і масштабна расследуюць цяпер аналагічныя падзеі Другой сусветнай вайны ў частцы злачынстваў супраць беларусаў, — іранізуе пракурор. —
І гэта справа не толькі жадання ці нежадання, а яшчэ і абавязак органаў крымінальнага пераследу. Нагод і падстаў згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам хапае. Ігнараванне такіх злачынстваў — само па сабе злачынства».
Каментары