Забраў «ката ў мяшку». Чаму беларус не змог вярнуць тавар у Пункт выдачы заказаў?
Беларус купіў навушнікі ў замежнага прадаўца на замежным маркетплэйсе. У пункце выдачы заказаў забраў «ката ў мяшку»: ускрыць упакоўку да пацвярджэння атрымання, па словах пакупніка, яму забаранілі.

Чалавек стаў высвятляць, наколькі гэта правамерна, і выявілася, што «ні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, ні супрацоўнікі ПВЗ не маюць паўнамоцтваў фіксаваць брак ці абавязваць прадаўца прыняць вяртанне — пакупнік павінен сам адпраўляць тавар міжнароднай поштай у Кітай», піша Onliner.by.
«Прымяняецца заканадаўства Кітая»
Узніклі ў беларуса і іншыя пытанні. Напрыклад, пакупнік звярнуў увагу, што пры замове тавару на сайце ў нацыянальнай даменнай зоне.by цана пазначаная ў беларускіх рублях, выбраная дастаўка ў пункт выдачы заказаў на тэрыторыі Беларусі, аднак пасля аплаты касавы чэк фармуецца ў замежнай валюце.
Чытач самастойна звярнуўся ў Мінскі райвыканкам і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Ніжэй — тлумачэнні з нагоды заказаў з-за мяжы, якія атрымаў пакупнік навушнікаў.
Як растлумачылі ў МАРГ, беларус заказаў навушнікі на замежным маркетплэйсе ў кітайскага прадаўца з дастаўкай у Беларусь. А пры афармленні заказу ў замежнага (у тым ліку кітайскага) прадаўца дамова рознічнай куплі-продажу заключаецца наўпрост паміж спажыўцом і прадаўцом.
«У адпаведнасці з артыкулам 1125 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, калі няма пагаднення бакоў аб праве, якое падлягае прымяненню, да дамовы прымяняецца права краіны, дзе знаходзіцца асноўнае месца дзейнасці боку-прадаўца.
Паколькі прадаўцом у дадзеным выпадку выступала кітайская юрыдычная асоба, да ўзніклых праваадносін прымяняецца заканадаўства Кітая. Заканадаўства Беларусі, у тым ліку аб абароне правоў спажыўцоў і аб гандлі, на адносіны з кітайскім прадаўцом, а таксама на дзейнасць замежнай інтэрнэт-пляцоўкі не распаўсюджваецца.
У сувязі з гэтым у МАРГ адсутнічаюць паўнамоцтвы на прыняцце захадаў рэагавання да замежнага суб'екта гаспадарання».

У ведамстве ўдакладнілі: «Спажывец заказвае міжнародную пасылку па працэдуры ўвозу тавару для асабістага карыстання, якая ідзе з КНР наўпрост на адрас спажыўца, мінуючы склады і лагістычныя цэнтры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі; маркетплэйс дае кітайскаму прадаўцу магчымасць размясціць прапанову на інтэрнэт-пляцоўцы, але не прымае тавар на свае склады і не ўдзельнічае ў яго транспарціроўцы і праверцы якасці».
Чаму нельга ўскрываць пасылку ў ПВЗ
Заказаны ў кітайскага прадаўца тавар перасякае дзяржаўную мяжу і праходзіць мытнае афармленне як тавар для асабістага карыстання (міжнародная пасылка).
Мытнае заканадаўства, а таксама правілы міжнародных паштовых адпраўленняў не прадугледжваюць ускрыццё і агляд такога адпраўлення ў ПВЗ інтэрнэт-пляцоўкі.
Ускрыццё ўпакоўкі ў ПВЗ — гэта парушэнне цэласнасці міжнароднага адпраўлення да моманту яго перадачы атрымальніку. Гэта не дапускаецца правіламі працы з трансгранічнымі пасылкамі.
Акрамя таго, супрацоўнік ПВЗ не з'яўляецца прадстаўніком кітайскага прадаўца і не надзелены паўнамоцтвамі прымаць рашэнні аб якасці тавару, фіксаваць недахопы ці ўзгадняць вяртанне.
У сувязі з гэтым прэтэнзіі адносна якасці, камплектнасці ці адпаведнасці тавару апісанню неабходна прад'яўляць кітайскаму прадаўцу, а не супрацоўніку ПВЗ.
А калі пакупка аказалася з бракам?
Такім чынам, навушнікі (і любы іншы тавар) давядзецца спярша аплаціць і толькі потым правяраць. І калі пасля ўскрыцця ўпакоўкі выявіцца, што ў тавару ёсць недахопы, вярнуць яго назад у ПВЗ немагчыма. Замежны маркетплэйс прапануе адзіную працэдуру вяртання: адправіць тавар назад у Кітай за кошт пакупніка.
Грошы за бракаваны тавар вернуць у адпаведнасці з умовамі на сайце маркетплэйса і правіламі краіны прадаўца.
Для гэтага неабходна аформіць заяўку на вяртанне, дачакацца ўзгаднення з кітайскім прадаўцом і адправіць тавар міжнароднай поштай па прадстаўленых кітайскім прадаўцом рэквізітах.
Вяртанне грошай магчымае толькі пасля таго, як кітайскі прадавец атрымае тавар і праверыць яго якасць. Калі недахопы пацвердзяцца, выдаткі на перасылку павінен кампенсаваць прадавец. На вяртанне грошай ёсць 10 дзён з моманту атрымання тавару, гаворыцца ў паведамленні МАРГ.
— У выпадку ўзнікнення спрэчкі з замежным прадаўцом або ўладальнікам інтэрнэт-пляцоўкі беларусы маюць права звярнуцца ў кампетэнтныя органы па абароне правоў спажыўцоў адпаведнай дзяржавы, напрыклад у Расспажыўнагляд або аналагічныя органы КНР.
Каментары