Ліверпульскі «Эвертан» – супернік барысаўскага БАТЭ па Лізе Еўропы – атрымаў трэцюю буйную перамогу запар.
23 верасня ў матчы 3-га раўнду Кубку Лігі (не блытаць з найстарэйшым футбольным турнірам свету Кубкам Англіі)
«ірыскі» ў гасцях разграмілі «Халл Сіці» з лікам 4:0. Вызначыліся Віктар Анічэбе, Дэн Гослінг, Жо, Леон Асман.
Нагадаем, што тыдзень таму, у матчы першага туру Лігі Еўропы падапечныя Дэвіда Моеса разграмілі ў Ліверпулі грэцкі АЕК – 4:0, а ў мінулую нядзелю ў матчы прэм’ер-лігі -– «Блэкберн» – 3:0.
У наступным туры англійскага чэмпіянату «Эвертан» 27 верасня згуляе ў гасцях супраць абсалютнага аўтсайдэра сёлетняга першынства – «Портсмута».
Матч БАТЭ – «Эвертан» пройдзе 1 кастрычніка на мінскім стадыёне «Дынама» (пачатак а 20-й). Ад пятніцы у касы стадыёнаў у Мінску і Барысаве паступяць білеты.
У сераду, 23 верасня, у матчы чэмпіянату Грэцыі АЕК на сваім полі прайграў «Алімпіякасу» – 1:2. Зараз клуб займае ў чэмпіянаце 4-е месца, маючы сем балаў (дзве перамогі, нічыя, параза, баланс мячоў 5—3) пасля чатырох гульняў. Лідзіруе з 12 баламі «Панацінаікас».
З АЕКам БАТЭ ў Мінску згуляе 22 кастрычніка.