Бурмістр паўночнага польскага горада Ілава, дзе знаходзіцца юніёрская зборная Беларусі па футболе (узрост гульцоў да 18 гадоў), прынёс прабачэнні за ганебныя паводзіны сваіх суайчыннікаў.

Паводле інфармацыі прэс‑службы Беларускай федэрацыі футбола, інцыдэнт адбыўся 23 верасня, калі каманда пасля перамогі над польскімі равеснікамі (1:0) выправілася на вечаровую прагулку.

«Некалькі польскіх падлеткаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, сваімі паводзінамі справакавалі рэакцыю ў адказ з боку беларускіх непаўналетніх футбалістаў, — гаворыцца ў паведамленні.

— Усе ўдзельнікі і сведкі канфлікту далі тлумачэнні супрацоўнікам праваахоўных органаў. Ніякіх пытанняў і прэтэнзій з боку мясцовых уладаў да беларускай зборнай не ўзнікла. Пра гэта сведчыць і той факт, што сёння ў гасцініцу, дзе размяшчаецца наша каманда, прыязджаў бурмістр Ілавы, які папрасіў прабачэння за ганебныя паводзіны сваіх юных суайчыннікаў».

Прэс‑служба БФФ адзначае, што польскі бок, які запрасіў зборную Беларусі для правядзення таварыскіх матчаў, «быў абавязаны арганізаваць бяспеку гульцам і агарадзіць іх ад магчымых інцыдэнтаў».

25 верасня юніёрскія зборныя Беларусі і Польшчы сустрэнуцца зноў.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0