Вайна1414

У 35 гадоў стаў генералам, стварыў адну з найлепшых разведак свету. Што вядома пра кіраўніка ГУР Украіны Буданава?

Кірыл Буданаў — 36-гадовы генерал-маёр, які на фоне іншых украінскіх сілавікоў адзначаецца адкрытасцю да медыя, бескампраміснай вастрынёй фармулёвак на адрас Расіі. Ён кіруе вайсковай разведкай. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання быў адным з нямногіх, хто дакладна прадбачыў крокі Расіі. Расказваем пра галоўнага ўкраінскага ваеннага разведчыка.

Фота: ГУР Украіны.

Новае пакаленне

Украінскі разведчык нарадзіўся 4 студзеня 1986 года ў Кіеве. У 21-гадовым узросце Буданаў скончыў Адэскі інстытут сухапутных войскаў. Пасля чаго пачаў ваенную кар'еру са службы ў спецназе Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны (ГУР), дзе займаў розныя пасады.

Калі СССР разваліўся, Буданаву было ўсяго 5 гадоў. Ён з'яўляецца прадстаўніком новага пакалення ўкраінскіх вайскоўцаў, якія абапіраюцца на заходні, а не савецкі досвед. Калі Зяленскі прызначыў Буданава, украінскага прэзідэнта крытыкавалі за тое, што на такую сур’ёзную пасаду ён прызначыў на той момант 34-гадовага чалавека. Уступіўшы на пасаду, ён заняўся наладжваннем сувязяў са спецслужбамі Злучаных Штатаў і Турцыі і засяродзіўся на тым, каб зрабіць разведвальную службу Украіны менш іерархічнай, больш гнуткай і гарызантальнай.

Пасада Буданава ключавая. Без атрымання інфармацыі ад заходніх саюзнікаў (за гэта адказваў Буданаў) Украіне было б нашмат складаней супрацьстаяць ворагу. 

Прайшоў Данбас і атрымаў цяжкае раненне

Кірыл Буданаў удзельнічаў у баявых дзеяннях на Данбасе ў 2014 годзе, калі Расія напала на Украіну. На фронце ён атрымаў некалькі раненняў, адно з якіх цяжкае.

Вядома, што ён правёў спецаперацыю ў Армянску ў акупаваным Крыме ў 2016 годзе.

Украінскія СМІ паведамлялі, што Кірыл Буданаў мог служыць пад камандаваннем камандзіра 10-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння, начальніка спецыяльнага рэзерву Галоўнага упраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Украіны Максіма Шапавала, які летам 2017 года трагічна загінуў у выніку падрыву машыны, спланаванага расійскімі спецслужбамі.

Перажыў замах

Буданаў і сам стаў цэллю расійскіх дыверсантаў яшчэ ў 2019 годзе. У ноч на 4 красавіка 2019 года ў Кіеве ўзарвалі аўтамабіль Chevrolet Evanda. 

Фота: ГУР Украіны.

Аўтамабіль разведчыка спрабаваў падарваць расіянін з дакументамі на імя Аляксея Ламака. Ён усталяваў міну пад машынай, аднак падчас гэтага яна здэтанавала. У выніку няўдалага замаху СБУ ўдалося затрымаць цэлую групу дыверсантаў, якія арганізоўвалі замах на Буданава.

У 2020-м Буданава прызначылі намеснікам дырэктара Дэпартамента Службы замежнай разведкі.

У тым жа годзе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў Кірыла Буданава начальнікам ГУР. 

Ужо ў жніўні 2021 года Буданаў атрымаў воінскае званне брыгаднага генерала, а ў красавіку 2022 года — генерал-маёра. 

Карыстаецца даверам Зяленскага

Кірыл Буданаў — прафесійны вайсковец, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях і паспеў папрацаваць у спецслужбах,— прынцыповым чынам адрозніваецца ад іншых прадстаўнікоў акружэння Уладзіміра Зяленскага, многія з якіх прыйшлі на дзяржаўныя пасады (у тым ліку ў сілавых структурах) з шоу-бізнэсу або грамадзянскай службы.

Яшчэ ў 2021 годзе вельмі дакладна спрагназаваў наступ Расіі 

Кірыл Буданаў яшчэ ў лістападзе 2021 года заявіў, што Расія рыхтуе ўварванне ва Украіну. Буданаў гаварыў, што яно можа адбыцца ў канцы студзеня — пачатку лютага (памыліўся на некалькі тыдняў). Падобны ацэнак прытрымліваліся і амерыканцы. Нагадаем, у той момант Масква неаднаразова хлусіла, што планаў ўварвання ва Украіну ў яе няма.

Фота: ГУР Украіны.

Буданаў прагназаваў, што напад Расіі пачнецца з артылерыйскіх і авіяцыйных удараў, а таксама высадкі марскога дэсанту ў раёне Адэсы і Марыупаля. Таксама, як казаў Буданаў, наступ будзе весціся з тэрыторыі Беларусі.

Генерал меркаваў, што перад вайной будзе праводзіцца аперацыя па дэстабілізацыі Украіны з мэтай прымусіць яе насельніцтва не аказваць супраціў.

«Яны хочуць арганізоўваць мітынгі і акцыі пратэсту, каб паказаць, што людзі выступаюць супраць улады», — казаў Буданаў. 

«Яны хочуць, каб сітуацыя ва Украіне ўвесь час горшала, і дамагчыся, каб самі ўкраінцы змянілі ўладу. Калі ім гэта не ўдасца, у справу ўступіць армія», — заяўляў Буданаў.

Падобная ацэнка сітуацыі ад кіраўніка ўкраінскай разведкі аказалася даволі дакладнай, хаця расіяне і не рэалізавалі ўсё задуманае. 

Не падбірае словаў адносна Расіі

У адрозненне ад палітычнага кіраўніцтва краіны, якое яшчэ часам падбірае словы, Буданаў пра Расію выказваецца рэзка. Ён адкрыта кажа, што мэта Расіі — знішчэнне Украіны, называе гэтую краіну «монстрам з ядзерным дручком» і не верыць у тое, што расіяне могуць і хочуць нешта змяніць. 

Фота: ГУР Украіны.

Пратэсных настрояў у Расіі, кажа Буданаў, чакаць не варта. Ні санкцыі, ні страты ад вайны іх не цікавяць. Над людзьмі праводзілася доўгая прапагандысцкая праца. Яны пра ўсё ведаюць і падтрымліваюць дзеянні Пуціна, мяркуе ўкраінскі генерал.

«Адкрыйце іх паблік, каментары пачытайце, што яны там пішуць. Гэта ж не піша Пуцін ці Патрушаў, не», — кажа Буданаў. 

Розныя ўкраінскія палітыкі па-рознаму глядзяць на тое, што можна лічыць перамогай у вайне. Для кагосьці перамога — расійскія войскі, адкінутыя на межы 24 лютага. Для іншых — дэакупацыя ўсяго Данбасу, а для некаторых — уключна з Крымам.

Буданаў заяўляе, што вайна будзе працягвацца да поўнага вызвалення ўкраінскіх тэрыторый, у міжнародна прызнаных межах 1991 года. 

«Я не ведаю ніякіх меж, акрамя меж 1991 года», — сказаў генерал, маючы на ўвазе год, калі Украіна здабыла незалежнасць.

«Хто можа прымусіць Украіну замарозіць канфлікт? Гэта вайна ўсіх украінцаў, і калі нехта ў свеце думае, што можа дыктаваць Украіне ўмовы, у якіх яна можа ці не можа абараняцца, — сур'ёзна памыляецца», — дадаў Кірыл Буданаў.

Адказваючы на пытанне журналіста брытанскай газеты Financial Times аб формах барацьбы супраць Расіі, кіраўнік украінскай вайсковай гаварыў пра партызанскую вайну на акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці згадаўшы падрыў аўтамабіляў прадстаўнікоў адміністрацыі ў Херсонскай вобласці. Па яго словах, напады «праводзіліся, праводзяцца і будуць праводзіцца ў Расіі і ў многіх іншых месцах».

Адным з ключавых кампанентаў працы Буданава была арганізацыя партызанскіх атрадаў, якія засталіся ў тыле расіян і палююць на мясцовых здраднікаў-калабарантаў. 

Уляпаўся ў непрыемны скандал

Украінскія журналісты ў 2021 годзе высветлілі, што Буданаў жыў у адным будынку са скандальна вядомым намеснікам кіраўніка МУС Украіны Аляксандрам Гагілашвілі. 

Скандал быў у тым, што ў Гагілашвілі быў дзеючы расійскі пашпарт і падатковы нумар і раней ён нават працаваў памочнікам дэпутата расійскай Думы Мікалая Валуева. 

Журналісты высветлілі, што Буданавы і Гагілашвілі сябруюць сем’ямі. Сам Гагілашвілі нават выкладваў сумесныя фоты з Буданавым, зробленыя ў жніўні 2021 года. 

Фота: Слідство-Інфо.

Буданаў прызнаў, што жыў у памяшканні Гагілашвілі, бо ў ягонай кватэры быў рамонт. Але сумесны побыт галоўнага ваеннага разведчыка Украіны і грамадзяніна Расіі выклікаў тады шмат пытанняў. 

Гагілашвілі сваю пасаду страціў, на кар'еры Буданава скандал не адбіўся.

Дзёрзкасць і працаздольнасць

Унікальнае спалучэнне дзёрзкасці і працаздольнасці зрабілі Буданава ідэальным кіраўніком разведкі ваеннага часу. І гэтая разведка — пра ролю саюзнікаў у гэтым можна спрачацца — раз за разам перамагае расійскую.

Каментары14

  • День щекотунчиков sentyabr/17
    17.09.2022
    паказала сыну (16 г.) першае фота. ну мне проста ад аднаго ягонага выгляду стала щекотно)
    смешная "форма"... шапачка (гэта сын так фурашку назваў)... уся гэта танная біжутэрыя - брошкі і інш., якая ў гэтых красавцев медалямі і пагонамі пэўна завецца

    сын:
    - мам, он напомнил мне (фото показывает) Роммель Эрвин
    - это кто? чем он отличился?
    - ему тоже топлива не хватало
    - чего?
    - топлива
    - где?
    - в Африке
  • за прагнозамі - гэта да рабава ці да вангі
    17.09.2022
    "Буданаў прагназаваў, што напад Расіі пачнецца з артылерыйскіх і авіяцыйных удараў, а таксама высадкі марскога дэсанту ў раёне Адэсы і Марыупаля. Таксама, як казаў Буданаў, наступ будзе весціся з тэрыторыі Беларусі."

    прагназаваў? ці ўсё вядома і спланавана было?
  • Зацвіла бавоўна
    17.09.2022
    , хамса, накіроўвай свайго мужа на фронт, тэрмінова! Такія эскперты губашлёпы патрэбны лугандоніі
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Амерыканскія вайскоўцы, што зніклі на мяжы Літвы з Беларуссю, загінулі ў балоце1

Амерыканскія вайскоўцы, што зніклі на мяжы Літвы з Беларуссю, загінулі ў балоце

Усе навіны →
Усе навіны

«Я схапіў яе за сцёгны, каб не паслізнуцца». У Парыжы ідзе судовы працэс над Жэрарам Дэпард'ё па абвінавачванні ў сэксуальным гвалце5

Колькі ў Беларусі можна зарабіць на валасах? Іх набываюць нават з вошамі3

Джэй Дзі Вэнс вырашыў далучыцца да жонкі падчас візіту ў Грэнландыю. На востраве візіт назвалі правакацыяй3

Рубель умацоўваецца. Што гэта азначае для эканомікі і для кашалькоў4

«Ён добры чалавек». Трамп не стаў звальняць свайго дарадцу пасля ўцечкі інфармацыі ў чат Signal8

Як беларусы па ўсім свеце адзначылі Дзень Волі ФОТЫ8

Еўрапейскія кампаніі адмаўляюцца ад амерыканскіх сэрвісаў праз Трампа6

Брэсцкі блогер паказаў, як кітайскі электракар бачыць зданяў на могілках ВІДЭА2

Крэмль назваў пералік аб'ектаў, якія падпадаюць пад дзеянне мараторыя на ўдары па энергасістэмах4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканскія вайскоўцы, што зніклі на мяжы Літвы з Беларуссю, загінулі ў балоце1

Амерыканскія вайскоўцы, што зніклі на мяжы Літвы з Беларуссю, загінулі ў балоце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць