Грамадства33

«Першае, што папрасіў перадаць з Беларусі — індзейскі строй, драўлянае каноэ і ціпі». Хто такія «беларускія індзейцы» і як яны жывуць

Іх называюць «беларускімі індзейцамі». Яны шыюць сабе адзенне з сапраўдных аленевых ці воўчых шкур, выязджаюць у далёкія лясы і жывуць там у сапраўдных ціпі — традыцыйным жытле паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Яны плаваюць па рэках і азёрах у сапраўдных індзейскіх каноэ, ведаюць абрады і валодаюць мастацтвам рытуальных танцаў, умеюць спяваць індзейскія песні. Беларускія індзейцы ездзяць па ўсім свеце і сустракаюцца не толькі з такімі ж, як яны, але і з сапраўднымі індзейцамі. Гэтыя цікавыя людзі сціпла жывуць побач з намі, а мы часам і не здагадваемся пра іх яркі і незвычайны ўнутраны свет.

Алег Мяцеліца стаіць у другім шэрагу па цэнтры. Тут і далей фота — з асабістага архіву Алега Мяцеліцы

Budzma.org паразмаўляла з чалавекам, які з юнацтва захапляецца індзейскай культурай і спалучае ў сваім жыцці старадаўнія індзейскія і старажытнабеларускія традыцыі. Гэта Алег Мяцеліца — грамадскі дзеяч, актывіст экалагічнага і турыстычнага руху з невялікага мястэчка Бялынічы, што на Магілёўшчыне. Размова адбывалася ў Вільні, куды Алег, як і многія іншыя беларусы, вымушаны быў пераехаць пасля падзей 2020 года.

— Алег, як і калі тэма індзейцаў, так бы мовіць, зачапіла? Калі індзейцы ўвайшлі ў тваё жыццё?

— Праз кіно, праз кнігі прыйшло гэта захапленне. І мушу сказаць, што не толькі мяне, а шмат каго з равеснікаў у маім дзяцінстве неверагодна захоплівалі прыгоды, рамантыка апісаных і паказаных з вялікага экрана падзей.

Усе вакацыі мы з братам праводзілі ў бабулі і дзядулі ў вёсцы Старкі Круглянскага раёна — а там у нас хапала сяброў сярод мясцовых хлапчукоў. І вось, як кажуць, знаходзячыся бліжэй да прыроды, у навакольных палях і лясах Кругляншчыны, мы мелі дзве гульні — спачатку «ў нашых і немцаў», а потым «у індзейцаў».

— У большасці хлопцаў гульні ў індзейцаў не пакінулі асаблівых уражанняў, а ў цябе вось захапленне засталося на доўгі час, і нават, можна сказаць, стала часткай усяго жыцця.

— Я не ведаю, як гэта атрымалася, але дакладна памятаю, што калі ў школе нам раздавалі анкеты, дзе адным з пытанняў было «Кім ты хочаш быць?», то ў патрэбным радку я напісаў: «Індзейцам». Такое ў мяне было жаданне патрапіць — нават не ў той кніжны час, а ў атмасферу рамантычных сюжэтаў, цудоўных адносін паміж людзьмі, туды, дзе дабро заўсёды перамагае зло.

— А як ты патрапіў у індзейскую супольнасць? Як наладзіў ужо сур’ёзныя стасункі з аматарамі індыяністыкі?

— Так склалася, што ва ўніверы мы сябравалі з Сяргеем Шапранам, вядомым цяпер журналістам. Зразумела, мы шмат часу праводзілі разам, і я неяк распавёў сябру пра сваё патаемнае захапленне. А Сяргей у хуткім часе прыходзіць з рэдакцыі «Знамя юности», дзе ён у той час працаваў, і кажа, маўляў, у газеце толькі што выйшаў артыкул пра «беларускіх індзейцаў», а дакладней пра айчынных аматараў індзейскай культуры. Зразумела, у тым матэрыяле ўсё было крышачку перабольшана — нібыта нашы «індзейцы» сапраўдныя качэўнікі, вандруюць па лясах і пушчах, вядуць такі суровы лад жыцця з усімі атрыбутамі індзейскага быту.

У рэдакцыі застаўся нумар тэлефона правадыра беларускіх індзейцаў па імені Танта. Мне было вельмі няёмка, больш за тое — сорамна з той нагоды, што я такі дылетант і нічога не ведаю: ні як будаваць ціпі, ні як рабіць індзейскія строі, ні як граць на шаманскім бубне, ні як адзначаць святы. Але я ўгаварыў Сяргея, каб ён дамовіўся на інтэрв’ю з Тантам і папрасіў, каб мой сябра сказаў, што я нібыта фотакарэспандэнт і прыйду на сустрэчу таксама.

І вось мы сустрэліся з тым надзвычай цікавым чалавекам у скверыку непадалёк ад майго геафака, і я не мог нават уявіць тады, што з Тантам мы моцна пасябруем і наша сяброўства працягнецца з першай паловы 1990-х да сённяшняга дня. А на той памятнай сустрэчы Танта, ці Чыф, як яго яшчэ называлі, распавёў не толькі пра беларускіх аматараў-індыяністаў, але і пра супольнасць на ўсёй постсавецкай прасторы. Між іншым, ён меў неасцярожнасць сказаць, што збіраецца на традыцыйнае Пау-Вау — вялікае індзейскае свята, прысвечанае летняму сонцастаянню, адзначыць якое прыязджаюць людзі з усяго былога Савецкага Саюза, і што яно будзе праводзіцца традыцыйна пад Ленінградам.

Тая сустрэча сталася такім вялікім уражаннем, што я другі раз звярнуўся да свайго сябра Сяргея і пачаў ліхаманкава ўгаворваць яго, каб ён выбіў у рэдакцыі камандзіроўку на індзейскае свята пад Ленінградам для сябе, а я зноў паеду нібыта фотакорам. Тады ў мяне толькі нарадзілася дачушка Яўгенія, было вельмі складанае становішча — на двары 1993 год — але мама Яўгеніі адпусціла мяне ў тую вандроўку, таму што разумела, наколькі гэта для мяне важна.

— І вось ваш вялікі паход адбыўся! Ты помніш сваё першае ўражанне па прыбыцці да індзейскага лагера?

— Ад Ленінграда да Талмачова трэба было праехаць дзесьці каля паўтары сотні кіламетраў на цягніку, а потым ісці пешшу ў зададзеным кірунку, проста па мясцовасці ў бок рэчкі. Мы з Сяргеем ішлі, размаўлялі, і тут раптам адкрываецца даліна, абрыў, а далёка ўнізе — разбіты вялікі лагер, стаяць больш за тры дзясяткі ціпі. Бегаюць сабакі, гуляюць дзеці. Усе людзі ў індзейскім адзенні. Іншым словам — ідзе жыццё. Вачам адкрылася сапраўдная старажытная вёска з усімі нюансамі пражывання пасярод дзікай прыроды.

Я замоўк на паўслове і спыніўся, агаломшаны гэтай прыгажосцю. Потым сеў на траву на краі абрыву і глядзеў можа з гадзіну на тое, што адбывалася ўнізе. І тады яшчэ падумаў: «Я марыў сюды патрапіць, і вось яно — збылося!»

Архіўнае фота з Пау-Вау пад Піцерам

Людзі туды прыехалі з самых розных куткоў — з Літвы, з Беларусі, з Латвіі, з Эстоніі, з Украіны, з Сібіры, з Карэліі. Я сустрэўся там і з Тантам, з якім ужо быў знаёмы, і з іншымі беларусамі. У той час, каб дамовіцца на сустрэчу, адзін аднаму пісалі звычайныя папяровыя лісты і адпраўлялі па пошце ці сазвоньваліся па гарадскіх тэлефонах. Але мяне заўсёды цікавіла пытанне — кудысьці ж трэба было адправіць самы першы ліст, каб аб’явіць сябе індзейцам. Напэўна, у нейкую рэдакцыю ці ў нейкі клуб па інтарэсах?

На той момант, летам 1993 года, індзейская тусоўка пад Піцерам сабралася ўжо чацвёрты ці пяты раз.

— Ці праўда, што на некаторыя сустрэчы запрашалі нават сапраўдных індзейцаў з ЗША?

— Так, гэта праўда. Аднойчы ў Мінску мы рабілі такі своеасаблівы індзейскі фэст, і прыязджаў з Амерыкі індзеец наваха. Акрамя таго, што ён быў, як бы гэта сказаць, прапагандыст індзейскай культуры, ён яшчэ выдатна граў на флейце ў сваім ярка выражаным этнічным стылі. Увогуле людзі, якія прыязджалі, яны вядомыя ў сябе на радзіме. Не шараговыя, напрыклад, заўзятары мясцовага бара. Гэтыя індзейцы — публічныя людзі, якія займаюцца такой своеасаблівай культурнай асветай, могуць правесці цырымонію ці абрад, прачытаць традыцыйныя малітвы, распавесці пра нейкія тонкасці ці сакрэты, ведаюць легенды, песні, звычаі, самі маюць высокі статус у індзейскай супольнасці.

— А пасля сваёй самай першай паездкі на Пау-Вау ты прыязджаў туды яшчэ?

— Я ездзіў кожны год, амаль без перапынку, да 2014 года. Да часу, калі палітыка Расіі нас усіх не падзяліла на «сваіх» і «чужых». Усе без выключэння беларусы, літоўцы, латышы, эстонцы, не кажучы пра саміх украінцаў, вельмі дакладна вызначыліся тады з пытаннем «чый Крым».

І для ўсіх нас было вельмі дзіўна назіраць за нашымі расійскімі калегамі па індзейскай тэме — па сваёй сутнасці гэта ж тэма падаўлення вялікай сістэмай свабоды малых народаў, знішчэння іх культуры, мовы, традыцый, захоп тэрыторый. І здавалася б, мы ўсе разам займаемся аднаўленнем той культуры, мы супраць дыскрымінацыі па нацыянальных, па рэлігійных прыметах, мы супраць рэзервацый, мы за вольнасць і незалежнасць!

Але ж так сталася, што практычна ўсе нашы расійскія, былыя ўжо, паплечнікі аказаліся «імперцамі», а мы ўсе для іх сталі «бандэраўцамі».

Алег Мяцеліца побач з буратам Цімафеем на Пау-Вау непадалёк ад Санкт-Пецярбурга

— І пасля 2014 года ты пачаў рабіць індзейскія дні ў Беларусі?

— Мы называлі іх ІТ — Indian Time, ужываючы паміж сабой такое паняцце — «індзейскі час». Так склалася, што на індзейскія дні ўсе збіраліся за тыдзень да правядзення Купалля (дарэчы, сутнасць Пау-Вау і Купалля аднолькавая — свята ў гонар Сонца, у найвышэйшым яго стане ў гадавым цыкле).

Спадар Алег у вобразе

У чым сэнс індзейскага часу? Напрыклад, хтосьці задае пытанне «Колькі часу?» А ўсе на яго глядзяць з непаразуменнем — маўляў, а якая розніца? Сонца яшчэ высока, спаць не трэба. Але ж, калі хочаш паспаць, паспі. Хочаш паесці? Паеш. Ёсць жаданне зрабіць любую іншую патрэбную і карысную справу? Зрабі. Няма ніякіх абмежаванняў па часе. Навошта сабе рабіць штучную праблему з нейкім дэдлайнам. Калі заўтра збіраемся? Як сонца ўстане над лесам, так і збяромся.

Герой нашага матэрыялу — у другім шэрагу стаіць у светлым стэтсане і ў цёмна-чырвонай у клетку кашулі

Мы сустракаліся нашай невялікай беларускай тусоўкай. Бывала, што стаяла і шэсць ціпі ў лагеры, а бывала, што тры. Звычайна было чалавек дзесяць. Наша месца было на Друці, у Бялыніцкім раёне — у дастаткова, так бы мовіць, глухім месцы, але вельмі прыгожым — «на Дубах». Туды вяла ледзь заўважная лясная дарога праз дастаткова вялікі лес і выводзіла ў даліну, на вялізны луг перад вадой, дзе рака рабіла круты паварот. Тыдзень мы стаялі індзейскім лагерам, жылі ў ціпі, а потым на бліжэйшыя да Купалля выходныя збіраліся ўсе астатнія людзі — з машынамі, з намётамі, хто з начлегамі, хто на ноч да раніцы.

 

У некаторыя гады на наша Купалле прыязджала да двухсот чалавек з усіх куткоў Беларусі, а некаторыя нават і з бліжэйшага замежжа.

 

— Вядома, што індзейцы не маюць загадзя падрыхтаваных імён — іх імёны нараджаюцца самі па сабе, інтуітыўна, у залежнасці ад падзей, часу, месца ды іншых акалічнасцяў. Якое імя носіш ты і да якога племені ці племяннога саюза ваша супольнасць імкнецца ўмоўна належаць?

— Нашай супольнасцю кіруе Танта, а ён калісьці выбраў народ лакота. Таму ўсе мы, так ці іначай, разам з нашым правадыром. Але ж, зразумела, насамрэч, усё складаней і глыбей — таму што, паўтаруся, мы даўно мінулі перыяд рэстаўрацый, а ў цяперашнім нашым жыцці ёсць розныя цікавасці — напрыклад мяне вельмі цікавіла канструкцыя лясных макасінаў, і я рабіў іх так, як належыць — і падэшву, і ніткі, і насок, і пятку — карацей, захоўваў цалкам тэхналогію. Тое ж самае тычыцца іншых рэчаў — розных канструкцый каноэ альбо ціпі (ці вігвама), калі хтосьці жадае зрабіць сабе лук са стрэламі, якія, напрыклад, ужывалі горныя паўднёвыя індзейцы, калі ласка, ніхто не забараняе!

Што тычыцца імя, за мной замацавалася Мятла, і болей ніхто ніколі не называў мяне па-іншаму. Тут увогуле цікавая сітуацыя: мы настолькі прызвычаіліся называць адзін аднаго індзейскімі імёнамі — Танта, Птушка, Бізон — што часам бывалі кур’ёзныя выпадкі. Напрыклад, я спяшаюся перадаць тэрміновую інфармацыю свайму сябру Бізону. Тэлефаную на яго хатні тэлефон у Кіеў, у прадчуванні, што вось зараз агаломшу хлопца тым, што скажу. Нечакана здымае слухаўку яго маці, і я раптам разумею, што прасябраваўшы столькі гадоў, я не ведаю ні імя, ні прозвішча Бізона, так сказаць свецкага, па пашпарце. Дзякуй вялікаму Маніту, мама ведала пра сынава індзейскае імя, і на маё няўпэўненае мычанне пра Бізона з усмешкай пагадзілася яго паклікаць.

Гасцінны і добразычлівы гаспадар Мятла прымае ў сваім ціпі гасцей і частуе іх сапраўднымі індзейскімі прысмакамі

—  У 2020-м ты быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў Літву. Ці маеш тут стасункі з «літоўскімі індзейцамі»?

— З калегамі па індзейскіх справах з Літвы я трымаю сувязь яшчэ з першай паловы 1990-х. Кожны год цяпер я выязджаю з імі прыкладна на тыдзень. У іх ёсць свае месцы, і нягледзячы на тое, што тут шмат прыватных зямель, літоўцы вырашаюць пытанне, дзе стаць лагерам на даволі працяглы час.

Усё гэта не афішуецца, людзі трымаюцца сваім, так бы сказаць, закрытым кланам. Прыехаць проста так у лагер да нашых індзейцаў амаль што нерэальна, калі ты не з’яўляешся аднадумцам і сябрам па індзейскіх справах. У адрозненне, напрыклад, ад рыцарскіх клубаў, якія сябе моцна рэкламуюць, робяць вялікія масавыя мерапрыемствы, буйныя фэсты. То-бок, можна сказаць, што і першыя, і другія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй, але ж у індзейцаў усё гэта больш асабістае. І ў большасці выпадкаў проста становіцца ладам жыцця.

Напрыклад, на той момант, як я пакідаў Радзіму, у мяне быў толькі заплечнік. І вось, калі з’явілася магчымасць перадаць нешта з дому, то першае, што папрасіў — гэта індзейскі і беларускі строі, а таксама маё драўлянае каноэ і ціпі. Кажу гэта для таго, каб падкрэсліць разуменне, наколькі гэтыя рэчы важныя ў маім жыцці.

Алег Мяцеліца з дачкой Яўгеніяй на адным з купальскіх святаў, якія яны арганізоўвалі на Бялыніччыне, на беразе Друці

Увогуле, індзейская тэма, індзейская прастора дапамагла мне вызначыцца з маёй уласнай самаідэнтыфікацыяй у свеце. Рэканструюючы індзейскі побыт, я ў нейкі момант зразумеў, што большасць такіх самых рэчаў ужываліся і ў жыцці старажытных беларусаў, а некаторыя ўвогуле выкарыстоўваліся на вёсках амаль да нашых часоў — керамічныя вырабы, жорны, цапы, вяроўкі, тканіна, самаробныя ніці, вязанне, падобныя элементы традыцыйнай размалёўкі, арнаменты. Сюды ж можна далучыць супадзенні ў разуменні і ўспрыманні сутнасці святаў гадавога цыклу, ды шмат чаго іншага.

У мяне асабіста няма ўнутраных супярэчнасцяў. Я — і Мятла, і Мяцеліца. Дарэчы, у паўночнаамерыканскіх індзейцаў існаваў абрад ініцыяцыі, калі праз складаны працэс паста, ужывання спецыяльных галюцынагенных сродкаў, медытацый і малітваў, малады чалавек атрымліваў зверху другое імя. Але нікому і ніколі не павінен быў раскрыць яго.

Каноэ можна выкарыстоўваць у забаўляльных і адукацыйных мэтах, што і робіць Алег Мяцеліца для гэтай кампаніі падлеткаў
Так выглядае каркас індзейскай лазні. Хто там пабываў, запомніў на ўсё жыццё!
Элементы індзейскага быту на прыдруцкім лузе

Каментары3

  • Юрий XXI
    15.04.2023
    Судьба индейцев  XIX века это судьба беларусов XXI века.Истребление и резервация.Американские индейцы хоть сопративлялись.....
  • дочка Максима Дизайнера
    15.04.2023
    цікава) я ж сама сябе трохі індзейцам адчуваю па жыцці... шчэ год 25 таму звязала сабе пончо... тады ніхто ў нас не бачыў такое... на мяне глядзелі, як экзатычную птушку)
    і потым не раз чула, што я, маўляў, індзеец... ці можа хіпі, ці панк і т.п... хоць ні разу не імкнулася ні да якой субкультуры

    п.с. на першым фота да індзейца той, што злева на фота больш за ўсіх падобны... як на мой дылетантскі погляд)
  • Оксана
    15.04.2023
    Юрий XXI, давай не свисти… у белорусов есть своя государственность со всеми атрибутами. У индейцев нет ничего такого и в помине. Другое дело что таким как ты не нравится белорусская государственность.

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае5

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця8

Трамп назваў імёны кіраўнікоў Дзярждэпа і Нацыянальнай выведкі9

«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне10

У Белым доме прайшла сустрэча Трампа з Байдэнам ФОТАФАКТ

Навукоўцы адрадзілі вымерлую жывёліну без кланавання. Якім чынам ім гэта ўдалося?3

Канапацкая адказала, ці ёсць у яе нямецкі ДНЖ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →