ШІ AI

Выява: vecteezy

Нядаўна ў сеціве стала віруснай песня з выкарыстаннем зробленых штучным інтэлектам галасоў Дрэйка (Drake) і The Weeknd (калі вы раптам не ведалі, то гэта суперпапулярныя амерыканскія выканаўцы). Ні адзін з іх асабіста не ўдзельнічаў у стварэнні шлягера. У той жа час спявачка Граймс (Grimes) паведаміла ў Twitter, што гатовая аддаць 50% ганарару за любую песню, згенераваную ШІ, у якой выкарыстоўваецца яе голас, а затым увогуле заявіла, што зацікаўленая ў «знішчэнні аўтарскага права».

Іншыя музыкі выкарыстоўваюць штучны інтэлект як інструмент для пашырэння межаў сваёй творчасці. Напрыклад, гурт YACHT «скарміў» штучнаму інтэлекту сваю дыскаграфію за 14 гадоў, а затым аб'яднаў вынікі ў альбом «Chain Tripping»; а выканаўца Holly Herndon стварыла адмысловы вэб-сайт, які бясплатна дазваляе любому ствараць музыку, выкарыстоўваючы яе голас.

Вядома, з такім імклівым развіццём тэхналогій, якія папросту могуць мадэляваць чужыя галасы, тут жа з’яўляюцца і нявырашаныя пытанні. Кевін Эрыксан, дырэктар Кааліцыі будучыні музыкі (ёсць такая некамерцыйная арганізацыя, якая базуецца ў Вашынгтоне) у каментары для TechCrunch сказаў: «Элемент, на якім сапраўды трэба сканцэнтравацца, — гэта пытанні згоды. Калі мы з прычыны таго, што тэхналогія здольная абысці згоду ўсіх, проста вырашым прыняць гэта… гэта азначае, што мы не займаемся некаторымі з найбольш важных і цэнтральных пытанняў пра этыку і працу».

Нягледзячы на ​​​​тое, што адна з найбуйнейшых стрымінгавых музычных платформ Spotify выдаліла той самы дыпфэйк-трэк Heart on my Sleeve з выкарыстаннем галасоў Дрэйка і The Weeknd, кампанія, здаецца, асцярожна аптымістычна глядзіць на новыя тэхналогіі. Так, генеральны дырэктар Spotify сказаў, што ШІ павінен прывесці да большай колькасці музыкі — а большую колькасць музыкі кампанія лічыць выдатнай з’явай у культурным плане.

Той самы трэк, згенераваны ШІ, перыядычна выдаляецца і з YouTube

Для такога буйнога бізнэсу, як Spotify, гэта відавочна можа стаць плюсам: чым больш людзей будзе карыстацца сэрвісам для праслухоўвання большай колькасці музыкі, тым больш грошай кампанія будзе атрымліваць. Чаго не скажаш, аднак, пра выканаўцаў, даходу якіх ШІ, хутчэй за ўсё, будзе ўяўляць пагрозу. Цяпер яны, як і візуальныя мастакі ды дызайнеры, сталі свайго роду паддоследнымі трусамі для тэхналогій, здольных прысвойваць іх працу без згоды.

У больш выгаднай пазіцыі могуць аказацца музыкі, якія змогуць «супрацоўнічаць» з ШІ. Такія прыклады калабарацыі мастацтва і тэхналогій у гісторыі музыкі ўжо здараліся: можна ўспомніць, напрыклад, сэмплінг — практыку паўтарэння фрагментаў работ іншых выканаўцаў у новых запісах. Пакуль музыка атрымлівае дазвол ад выканаўцы ці лэйбла, сэмплінг з’яўляецца сумленнай гульнёй.

Прававой сістэме розных краін спатрэбіцца час, каб дагнаць новыя тэхналогіі, але на гэты момант многія буйныя лэйблы кшталту Universal Music Group (UMG) выступілі супраць выкарыстання генератыўнага ШІ. Прадстаўнік лэйбла сказаў, што рост музыкі, створанай ШІ, выклікае пытанне аб тым, на якім баку гісторыі хочуць быць усе зацікаўленыя бакі ў музычнай экасістэме: на баку артыстаў, фанатаў і чалавечага творчага самавыражэння або на баку дыпфэйкаў, махлярства і адмовы артыстам у належнай кампенсацыі. Хутчэй за ўсё, неўзабаве мы станем сведкамі некаторых гучных судовых спраў і прэцэдэнтаў, якія сфармуюць прававое поле для далейшага выкарыстання ШІ ў музыцы.

Клас
5
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
8