Культура33

«Манцірую сцэны для Rammstein, працую грузчыкам». Аляксандр Памідораў расказаў, як яму жывецца ў эміграцыі

Беларускі радыёвядоўца, журналіст, музыка, шоўмэн, лідар гурта Pomidor/OFF Аляксандар Памідораў ужо год жыве ў Варшаве. Выступае з сольнымі канцэртамі, але на жыццё зарабляе, працуючы на будоўлі, пагрузцы-разгрузцы і манціруючы сцэны для канцэртаў сусветных рок-зорак. З ім пагутарыла «Радыё Свабода».

«За кожнае сваё месца працы я магу адказаць, мне зусім ня сорамна»

— Аляксандар, у Менску мы з вамі размаўлялі год таму, калі вы яшчэ працавалі грузчыкам на Камароўскім рынку. І нібыта не зьбіраліся зьяжджаць. Што стала апошняй кропляй, чаму вырашылі ўсё ж такі зьехаць?

— На Камароўскім рынку, які быў апошнім месцам маёй працы ў Беларусі, скончыўся сэзон, бо пачаліся маразы. Калі наступае мінусовая тэмпэратура, не даюць дазвол выходзіць на працу на сэзонным рынку. Праца скончылася, і я вырашыў усё памяняць.

— А як вы апынуліся на Камароўцы? Вядомы радыёвядоўца, музыка, голас якога гучаў, прабачце, з кожнага прасу. Мабыць, няма FM-радыёстанцыяў у Беларусі, дзе Вы не працавалі б. Да таго ж працавалі і на сур’ёзных радыёстанцыях: Радыё Свабода, Эўрарадыё, Радыё Рацыя. Дазволю сабе нават ўпікнуць Вас: нават на «Радио Спутник», якое ўваходзіць у Russia Today…

— Ну, не на ўсіх FM-станцыях: не працаваў я на «Радио Мир», не працаваў на «Пилот FМ», на «Радио ОНТ». Я не радыёпрастытутка — ня буду называць імёнаў людзей, якія па ўсіх станцыях паскакалі.

Я наагул працую на радыё зь лістапада 1988 году. Дарэчы, з пункту гледжаньня HR-адмыслоўцаў у мяне вельмі някепскае CV: я працаваў на дзяржаўным беларускім радыё, на першай беларускай FM-станцыі «Радио ВА», прычым у наўпроставым эфіры і ў вельмі жорсткім рэжыме: наш рэкорд з дыджэем Андрэем Халадзінскім дагэтуль не пабіты — 72 гадзіны ў жывым эфіры (бо працаваць не было каму: дырэктар Яўген Шарашэўскі частку народу пазвальняў, а частка захварэла).

Але за кожнае сваё месца працы я магу адказаць, мне зусім ня сорамна: ні за «Радыё Свабода», ні за «Радио ВА», ні за «Мелодии века», ні за «Радио Рокс», дзе я працаваў у апошні час перад адыходам у 2020 годзе. Ні нават за тое, што вы ўзгадалі — «Радио Спутник» — мне ня сорамна, я прымудраўся ад вострых тэмаў адбівацца.

— А як вы наагул туды трапілі?

— У 2016 годзе я зразумеў, што ўсё: я не магу працаваць ні на водным радыё ў Беларусі, мяне нікуды не бяруць.

— А гэта чаму? Прабачце, праз ваш скандальны характар?

— А я ня ведаю. Час мяняецца, а я з розных прычынаў не мяняюся. Мяне ня бралі нават мантавальнікам на кінастудыю. Я прыходжу, прашуся: «Мне патрэбная праца, мне патрэбныя грошы, дачку ўтрымліваць трэба». А мяне не бяруць. І тут «падвярнуўся» «Спутник», на якім я адпрацаваў 2 гады. І нават перабудаваў саму структуру радыё. У прыватнасьці, студыю, каб яна нармальна «гучала».

Але ў 2018-м на мяне пачалі ціснуць. Я супраціўляўся. Калі пачалася «чахарда» са Скрыпалямі, са «шпілем Солсбэры», я зразумеў, што ўсё, час настаў!

Тут мне патэлефанавалі з «Радио Рокс», сказалі, што ёсьць праца. Праўда, са «Спутніку» мяне не хацелі адпускаць, але я звольніўся. Літаральна ў пятніцу забраў працоўную кніжку, а ў панядзелак ужо сядзеў у жывым эфіры «Радио Рокс». Гэта не падкасты, а гэта рэальны наўпроставы эфір! Я зноў у роднай стыхіі!

«Апошняй кропляй стала песьня «Я выхожу»»

— Ведаю, што за дваровыя канцэрты ўвосень 2020 году вы трапілі пад арышт. Вас з «Роксу» пасьля адседкі звольнілі?

— Не. Калі мяне пасадзілі ўвосень 2020-га за дваровыя канцэрты на 8 дзён, то начальства проста не залічыла час адседкі ў працоўныя дні. Хоць ведаю пра сваіх сукамэрнікаў з Wargaming — ім адседку залічылі за працоўныя дні, і нават хлопцу зь Менскага мясакамбінату «суткі» на Акрэсьціна палічылі як бальнічны. Такія былі часы. Мае калегі з «Роксу» цэлую ноч прастаялі пад Заводзкім РУУС, мне сабралі некалькі перадачаў, тады іх перадавалі! І нават тое, што не прынялі, мы потым усім радыё даядалі, тыя далікатэсы.

Апошняй кропляй стала песьня «Я выхожу», апублікаваная на ўсіх пляцоўках у дзень пахаваньня Рамана Бандарэнкі, якога забілі на «плошчы Перамен». Гэта адбылося праз пару месяцаў пасьля арышту.

Я тады быў на бальнічным з каранавірусам. Запытаўся, калі выходзіць на працу пасьля выздараўленьня. Мне адказалі, што, маўляў, «ёсьць каму працаваць, а з дырэктарам станцыі табе трэба будзе пагаварыць». Прыехаў пагаварыць, дырэктар адводзіць вочы і кажа: пішы паперу «са згоды бакоў». І дадае: «У Беларусі на радыё для цябе працы няма».

Мне ж не прывыкаць! Працы да фіга, але менавіта для мяне зноў не было працы! Зьявілася праца на Камароўцы. Але грузчыкам туды ўладкавацца няпроста!

Калі ты працуеш грузчыкам, пераасэнсоўваеш усё, што рабіў раней. І нават праца ў жывым эфіры вельмі-вельмі пераасэнсоўваецца ў параўнаньні з тым, што адбываецца «на асфальце», як некалі Жанна Мікалаеўна Літвіна казала.

— Кажуць, што ваш голас па-ранейшаму яшчэ гучыць у Беларусі ў FM эфіры?

— Так. Зараз такая дзіўная сытуацыя: людзей у краіне няма, а галасы гучаць дагэтуль. Уключаеш «Аўтарадыё» — станцыя як была «ўпакаваная» маім голасам, так і застаецца: «В Беларусі 3 часа дня». Ці «Русское радио Минск» — як было ўпакаванае маім голасам у 2006 годе, так і дагэтуль мой голас гучыць: «Рекламная служба «Русского радио», телефон…» Ну а я ў іншым месцы…

«Музыкай у Беларусі зарабіць на жыцьцё нельга»

— Пагаворым пра музыку. Ці рэальна было ў Беларусі музыкай зарабіць на годнае жыцьцё?

— Не. Музыкай у Беларусі зарабіць на жыцьцё нельга. Бо ў Беларусі няма ўсіх мэханізмаў заробку. Няма продажаў. Няма інвэстыцыяў. Няма музычнай прэсы. Няма рэйтынгаў. Няма гіт-парадаў. Шоў-бізнэсу ў Беларусі няма.

— А некалі ж былі? Была ж «Музыкальная газета», быў «Тузін гітоў», былі «Рок-каранацыі», былі вялікія канцэрты.

— «Рок-каранацыя» — гэта камэрцыйны «капрыз» фірмы «Дайнова» Адама Палюховіча, «Кляс-клюбу» Генадзя Шульмана і «Каўчэгу» Юрыя Цыбіна. «Дайнова» давала грошы, пад гэта ўпісваліся спонсары.

Але ў сытуацыі, калі ў краіне робіцца нявыгадным рабіць рэкляму (калі ты робіш рэкляму, тут жа да цябе прыходзіць праверка), пачынаюць «зьдзімацца» інвэстыцыі.

Зараз у Менску можна запісаць якасны прадукт, які будзе на ўзроўні эўрапейскага. Людзі, седзячы дома, робяць супэрскія запісы! Прыклад — апошні альбом гурту «Дай дарогу» Юрыя Стыльскага. Але гэта ўсё ж — не індустрыя, гэта не мэханізм.

Як творчасьць спалучыць з заробкам — вось у чым рэч! У нас пакуль не мяняецца стаўленьне да артыстаў. Ня толькі з боку дзяржавы, а і з боку простых людзей. У Беларусі мы ня выхаваныя, па-першае. Па-другое (ненавіджу гэтыя рэчы, але ёсьць піраміда Маслоў): у нас яшчэ не замацаваныя нейкія базавыя патрэбнасьці.

У нас усё «заточана» пад Расею. І з гледзішча інфармацыйнага, стылёвага мы ў кантэксьце эўрапейскага сусьвету не ўспрымаемся як нейкая стылёвая самастойная адзінка. З гледзішча бізнэсу нас лічаць часткаю Расеі.

Ад Менску да Варшавы — 570 км. Ад Менску да Вільні — 182. Ад Менску да Масквы — 750. Ад Менску да Кіева — таксама каля 700. Ад Менску да Чарнігава яшчэ менш. Але мы ня ведаем нічога, што адбываецца ў музычным жыцьці Польшчы, Літвы! На 1—2% ведаем, што адбываецца ў музычным жыцьці Ўкраіны. Наагул ня ведаем, што адбываецца ў Латвіі, Эстоніі. Але добра ведаем, што адбываецца ў музычным жыцьці Расеі. Навошта?

Ва Ўкраіне ўжо ўсё склалася. Тут нармальная індустрыя, нягледзячы на тое, што краіна ў стане вайны з 2014 году.

Штогод Украіна выкладае «каўбасу» на гадзіны 2—3 з найлепшых песень. Гэта проста слухаць — не пераслухаць! Як гэта прыгожа, як гэта цудоўна, як гэта файна! У беларускай ратацыі мы ня чуем нашых суседзяў. І адпаведна нашай творчасьці няма ані ў польскім, ані ў літоўскім, ані ва ўкраінскім эфіры.

У сакавіку Лявон Вольскі напісаў песьню, мы падпявалі разам зь Юрам Стыльскім і таксама новая польская зорка — Ørganek. «Героям слава» песьня называецца. Я на свой страх і рызыку зьвязаўся з нашым земляком Віталём Драздовым, генэральным прадусарам «ТАВР медіа» — аднаго з найбуйнейшых гульцоў на мэдыйным рынку Ўкраіны. Яны запусьцілі «Радіо Байрактар». А тады моцна бамбілі з тэрыторыі Беларусі. Я кажу: «Віталь, ёсьць клясная песьня». Ён адказвае: «У нас толькі патрыятычныя, ваенныя песьні. На беларускай мове мы нічога не паставім. Прабач, толькі на ўкраінскай мове».

Я кажу, што песьня Лявона Вольскага па-украінску! Ён адказвае: «Ты дашлі, а я падумаю». Праз тыдзень Драздоў мне напісаў, што песьню паставілі ў эфір. Гэта адзіны выпадак, калі песьню беларусаў паставілі ва ўкраінскі эфір! Але гэта кропля ў агульным моры.

«Мы самі сябе загналі ў кут, бо ў нас нічога свайго няма»

— Ну а тут, у Польшчы, беларусы могуць «упісацца» ў музычнае жыцьцё краіны? Праходзяць жа канцэрты беларускіх музыкаў па ўсёй Польшчы.

— Канцэрты ідуць — выступалі Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Лютыч, Лявон Вольскі едзе ў вялікае турнэ. Прайшоў канцэрт Уладзімера Пугача. У мяне зараз невялічкая стагнацыя, даўно нідзе не выступаў. А выступаю толькі пад гітару, бо мае хлопцы ў Беларусі і з тых ці іншых прычынаў пакуль не прыяжджаюць. Тут значна прасьцей — пытаньне даты і колькі за арэнду. І каб была публіка.

— Канцэрты ёсьць. Але Вы працуеце то грузчыкам, то на будоўлі, то мантуеце сцэну…

— Так, але каб зарабіць канцэртамі, трэба інтэгравацца ў мясцовую культуру, у мясцовы шоў-бізнэс. Каб твае песьні былі на слыху, каб ты быў пастаянным госьцем на радыё і тэлевізіі, каб цябе пазнавалі — хто ты і адкуль ты. А гэта азначае, што ты мусіш мець агента, мусіш укладацца ў рэкляму, кімсьці быць на музычным рынку.

А проста так — што я такая зорка Аляксандар Памідораў, ці выбітны Лявон Вольскі, ці непаўторны Ўладзімер Пугач, ці стылёвы Юры Стыльскі — проста за гэта ні на якія папулярныя FM-станцыі цябе ня пусьцяць. Добра, калі ты трапіш на «Радыё Ўнэт» (інтэрнэт-радыё, створанае беларускімі журналістамі, частка польскамоўнага Radio Wnet. — РС).

А каб «прапіярылі» цябе ў Польшчы на Радыё Eska, ці RMF FM, ці іншых… Цябе могуць паклікаць на тэлевізію толькі таму, што ты беларускі артыст. Але ў цябе будуць пытацца, што ты думаеш пра Аляксандра Лукашэнку, пра ракеты ў бок Украіны і як табе ў Польшчы. І толькі ты расслабісься і падумаеш, што спытаюцца нешта пра творчасьць, скажуць: «Дзякуй, а зараз мы вам распавядзем, як полчышчы дзікоў патапталі пасевы ў Гайнаўцы».

Нават калі ты інтэгруесься, усё адно будзеш замежным артыстам. Хоць, вядома, прыклады былі — маю на ўвазе беларускі гурт «The Toobes», які паспрабаваў інтэгравацца ў Польшчы.

Мы самі сябе загналі ў кут, бо ў нас нічога свайго няма — ані свайго нацыянальнага выдавецкага лэйблу, ані прэсы, ані зваротнай сувязі, нават аўтарскія правы рэгіструюцца цалкам намінальна. Мы ніяк нідзе не прадстаўленыя. Нашыя кружэлкі, нават калі б яны прадаваліся, нікому не патрэбныя. Добра, «Молчат дома» — іх кружэлкі стаяць ў вінілавым склепе тут, у Варшаве. Вінілы менскай групы. Гэта гонар. Але гэта і сум. Чаму няма новага CD-альбому «Крамы», які мы выдалі ў красавіку 2021 году? А яго банальна няма дзе прадаваць.

Таму ў Польшчы ўсё роўна ты будеш замежным артыстам. Да гэтага трэба быць гатовым, як і гатовым да таго, што нават калі ты прыехаў сюды з палітычных прычынаў — ты прыехаў проста за мяжу. Ты будзеш цікавым для публікі месяц—два. У цябе будуць браць інтэрвію, ладзіць сустрэчы, кактэйлі, «party». А потым, як у «краткім курсе ВКП(б)», «народ перайшоў да чарговых справаў».

А табе давядзецца ўвесь час нагадваць пра сябе і займацца ўладкаваньнем свайго жыцьця альбо выжываньнем — гэта як ужо ты паставісься!

«Самы вялікі кайф — мантаваць сцэну для Rammstein»

— Я, вядома, разумею, што пасьля менскай Камароўкі вас не палохае фізычная праца. Дзе давялося папрацаваць у Польшчы?

— Я лянівы чалавек, мне прасьцей пайсьці на некваліфікаваную працу. І мне гэта цікава. Я шмат што зразумеў, цягаючы воз па Камароўцы. Плюс я зразумеў, што ў мяне яшчэ ёсьць тулава, а ў ім засталіся яшчэ цягліцы. Як некалі зь мяне зьдзекаваліся два мае дзядзькі (вельмі рукастыя — маглі ўсё адрамантаваць і зрабіць усё што заўгодна) — яны зь мяне кпілі, што «ў мяне рукі не адтуль растуць». А аказваецца, я магу! Магу і сьценку раздаўбаць, і фуру загрузіць.

На пачатку году працаваў у гіпэрмаркеце «Ашан» грузчыкам, выкладаў тавары ў малочным аддзеле. Толькі расставіш прыгожа, а пакупнікі ўсё парушылі! Потым мяне скарацілі. Зьбіраў і разьбіраў на замову цяпліцы, скручваў вялікія аркушы полікарбанату.

Працаваў і на будоўлі, бегаў з грузам па сто разоў зь першага на шосты паверх, бо ліфтам карыстацца нельга.

Аднак самы вялікі кайф, безумоўна, — гэта змантаваць сцэну для вялікага канцэрту. Гэта ж сцэна, гэта частка майго жыцьця! Я мантаваў сцэны для Rammstein, Guns N’Roses, Coldplay, Iron Maiden, Placebo. І ня толькі ў Варшаве — у Катавіцах, Мюнхэне, Гамбургу, Бэрліне.

У Бэрліне я трапіў на знакаміты «Olympiastadion» і ўзгадаў фільмы Лені Рыфэншталь. Убачыць гэтае страшнае месца ўначы! Дрыжыкі па скуры дагэтуль. У мяне так сапсаваўся настрой там…

Самая цікавая сцэна была, вядома, у Rammstein: тры ўзроўні, гэта машына шоў-бізнэсу! Там распрацаваная лягістыка, што за чым прыяжджае: дэкарацыі, сьвятло, гук, піратэхніка, у гэты час мантуюцца верхнія канструкцыі, і ўсё гэта раскладзена па часе. І тое, што мантуецца 4 дні, дэмантуецца за 3,5 гадзіны. Мне вельмі цікава, як гэта працуе. Здавалася, я ўсё ведаю пра канцэртнае жыцьцё. Аказваецца, не!

Уявіце, музыкі там часам агаляюцца, але яны выступаюць у вогнеўпорнай пажарнай робе, а вытрымаць трэба больш за дзьве гадзіны гэтага фаер-шоў! Частка сцэны са сталёвых рыштаваньняў, з-пад якіх б’е полымя. За сьпіной ў Ліндэмана (лідэр Rammstein. — РС) ў пэўны момант дзевяць вогненых фантанаў. Там сапраўды палыхала! Страляніна вагнём, вогненныя шары на Стадыёне Нарадовым! (Нацыянальны стадыён у Варшаве, найбольшая арэна Польшчы. — РС)

«Ня ведаю, куды хадзіць і што параіць людзям, калі ў Менску зачыняюць бар за ўкраінскую песьню»

— Многія беларускія зоркі зьехалі зь Беларусі — Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, Юры Стыльскі, Уладзімер Пугач, Алесь Дзянісаў, Тарасенка ў Польшчы. Але ж уся краіна ня выедзе. А што рабіць беларусам у Беларусі? Слухаць сясьцёр Грузьдзевых і Аляксандра Саладуху?

— А я ня ведаю. Здаецца, нейкія дыскатэкі ў «RE:PUBLIC» яшчэ праходзяць. Але закрытыя ўсе пляцоўкі. І гэтая сытуацыя ня ў момант узьнікла — я пра гэта ўвесь час кажу. Двухмільённы горад, сталіца краіны. У лепшыя часы беларускі рок-артыст мог выступіць на 4—6 пляцоўках! Некалі адчыніўся «Прайм-хол» у гандлёвым цэнтры «Замак» — заля на 2,5 тысячы чалавек. Калі пайшоў прадусар Руслан Старыкоўскі дамаўляцца пра канцэрт, яму адказалі (па-расейску): «Мы не разглядаем беларускіх артыстаў у якасьці ўдзельнікаў на нашай пляцоўцы. Мы арыентаваныя на заходнюю і расейскую музыку». Ахранець! У 2019 годзе застаецца 2 пляцоўкі: «RE:PUBLIC» на 900 чалавек і на 48 месцаў «Графіці». Ужо і «Графіці» закрылі.

Я ня ведаю, куды хадзіць і што параіць людзям, калі ў Менску зачыняюць бар за тое, што хтосьці сьпеў песьню на-украінску!

— Ці вернуцца тыя, хто зьехаў?

— Думаю, вернуцца. Некаторыя не адразу. Некаторыя будуць жыць на дзьве краіны.

Але вяртаньне магчымае толькі пры татальных зьменах у краінах. Нават калі прачнуліся і даведаліся, што за Макеем пайшлі ўсе астатнія. Нават тады я адразу не паеду. Бо са сьпісаў тых, што падлягаюць рэпрэсіям, ні маё, ні ваша прозьвішча адразу ня зьнікнуць. Разьбірацца давядзецца доўга. А мяняць давядзецца літаральна ўсё! Я маю праграму адбудовы краіны — гэта тэма іншай размовы.

Каментары3

  • Лол
    29.11.2022
    > Я не радыёпрастытутка 

    А Раша тудэй -- гэта чыста па любві! 

    Праблема ў тым, што інстытута рэпутацыі ў нас няма, бо няма нацыі, перад якой даваць адказ. А свая тусовачка ніколі не асудзіць. Што Кулінковічу, што гэтаму "былі патрэбныя грошы", але ж працаваць сумленна не хацелася...     
  • Максим Дизайнер
    30.11.2022
    [Рэд. выдалена]
  • Максим Дизайнер
    01.12.2022
    Саша, молодец!Не вешай нос. Не пропускают мои комменты про культурную жизнь колхозников - сходить в прикорытный гипер, и нагрузиться там как верблюд всяким г. Тяжело жить таким как вы и Леня в это болоте. Рад видеть, что ты съехал. 

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускую мову ва Украіне хочуць выключыць са спісу моў, якія падлягаюць абароне24

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб10

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →