Грамадства22

Няволя, вайна і выгнанне раскрылі ў многіх беларусах суперздольнасці

Мы апыталі беларусаў, якія захавалі сябе, сваё «я», у няволі, у эміграцыі і на вайне. Як іх змянілі нязвыклыя абставіны рэчаіснасці? Часам фантастычна.

«Збіраць вялікую карціну з мноства дробязных фактаў»

Камандзір медыцынскай роты палка Каліноўскага Настасся «Север» Махамет больш за год вывозіць з перадавой і найбліжэйшых подступаў да фронту параненых вайскоўцаў. У канцы красавіка яе саму параніла, і больш за дзесяць дзён яна была ў шпіталі. Усе суперздольнасці ў Настассі звязаныя з вайной.

Настасся «Север» Махамет. Фота: архіў Настассі 

Адной з першых заўважаных Настассяй у мірнай абстаноўцы стала здольнасць «цалкам ігнараваць сірэны».

«Пакуль ляжу ў бальніцы, пра тое, што ў нас паветраная трывога, даведваюся ад суседкі. Поўны ігнор паловы прылётаў, якія далёка, бо мозг фільтруе нешта нязначнае», — расказвае парамедык.

Набытым за час вайны стала ўменне працаваць штодзень па 24 гадзіны без выхадных.

«Мяне могуць разбудзіць ноччу і днём, таму магу паспаць, пакуль нікому не патрэбная», — адзначае яна.

Яшчэ адна здольнасць: «збіраць вялікую карціну з мноства дробязных фактаў».

«Прычым гэтыя факты трымаеш у галаве: пра людзей, машыны, ратацыі, аснашчэнне, абсталяванне. Адначасова гэта ўсё круціцца. Каму перакінуць, каму перадаць, усё трэба выканаць», — апавядае Настасся.

«Вандраваць у мінулае»

Музыка Лявон Вольскі кажа пра звышздольнасць падарожнічаць у часе.

Лявон Вольскі на канцэрце да Дня Волі ў Вільні. Фота: «Наша Ніва»

«Зрэшты, пакуль што я навучыўся вандраваць толькі ў мінулае і толькі ў межах майго жыцця — ад нараджэння і да сёння», — даводзіць ён.

Дзякуючы свайму ўменню, лідар гурта Volski пры жаданні можа патрапіць у асобна ўзяты год, месяц і дзень.

«Напрыклад, у 75-м годзе прайсціся па Паркавай магістралі ў Менску, у 97-м пасядзець на «Панікоўцы», ці зайсці ў клуб «Рэзервацыя» на альтэрнатыўны канцэрт, ці ў 2009-м зайсці ў тагачасныя варшаўскія Przekąski zakąski з іхнім савецкім селядцова-цыбульна-гарэлачным смакам. Магу зайсці і ў савецкую «шкляшку» ў 1984-м, дзе пануе такі самы пах, — тлумачыць музыка і падсумоўвае:

Карацей, мне падуладнае не вельмі далёкае мінулае, але я працую цяпер таксама над падарожжамі ў будучыню».

«У школе быў цвёрда закладзены комплекс «ты тупая»

Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава кажа, што кожны чалавек, які працуе над сабой, непазбежна дасягне вялікіх вынікаў. Яна пералічвае, што паспела за апошнія тры гады.

Таццяна Грыневіч-Матафонава. Фота: сацыяльныя сеткі

«Вярнулася да грання на фартэпіяна, асвоіла для працы з відэа праграму «Соні вегас», для запісу песень праграму «Кубэйс», а таксама ютуб (раней бы і ў галаву не прыйшло, што змагу асвоіць такія складаныя для мяне рэчы), зараз актыўна прымяняю ўсе свае ўменні, атрыманыя ў музычным вучылішчы: гарманізацыю, аранжыроўку, кампазіцыю», — пералічвае зробленае суразмоўніца.

Яшчэ на радзіме Таццяна асвойвала на той час новыя для сябе інструменты: скрыпку і трубу. Рабіла непад'ёмную, як здавалася тады, працу па стварэнні музычных і паэтычных альбомаў, але ўрэшце 15 дыскаў было выдадзена.

«Таксама можна сказаць і пра вывучэнне моў, — адзначае Таццяна. — У школе быў цвёрда закладзены комплекс «ты тупая, ніколі не зможаш гаварыць на замежнай мове». А ўрэшце і па-італьянску размаўляла, калі брала ўрокі спеваў у італьянскага опернага спевака, і цяпер па-турэцку размаўляю. І ні ў якім разе не стану называць гэта здольнасцямі і суперздольнасцямі. Гэта проста праца над сабой здаровага чалавека. І кожны здольны, было б жаданне».

«Адчула смак вывучэння моў»

Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса ІвашынаВольга Івашына, трапіўшы ў эміграцыю, адкрыла ў сабе здольнасці і прагу вучыць мовы. Гэтаму паспрыяла само жыццё. Яна іначай стала глядзець на свет, адчула сябе свабоднай і разняволенай.

Вольга і Дзяніс Івашыны. Фота: сацыяльныя сеткі

«Да пераезду ў Польшчу я прынцыпова не хацела вывучаць польскую мову, бо на ёй ёсць і без мяне каму размаўляць, лепей сваю развіваць. Але тут ужо пачаўшы вучыць, як той казаў, адчула смак, цяпер хочацца вучыць іншыя мовы», — тлумачыць яна.

«Вучыцца адаптаванню»

35-гадовы медык-эмігрант з Брэстчыны Віталь Пятроўскі суперздольнасцю лічыць разуменне і прыманне чужога меркавання, а таксама гатоўнасць дапамагаць іншым.

«Няхай гэта дробязь, але ведаю па сабе, як важна, калі людзі адгукаюцца і проста дапамагаюць у меру сваіх магчымасцяў. Гэта бясцэнная якасць», — адзначае ён.

Віталь прызнаецца, што да эміграцыі не лічыў адаптаванне складанай для сябе справай, але рэаліі выявілі іншае. На радзіме ён працаваў з пацыентамі розных пластоў насельніцтва, і камунікацыя не была праблемай. У іншай жа краіне гэтага, як аказалася, замала. Тут даводзіцца развіваць новыя здольнасці.

«Ніяк не магу звыкнуцца, што трэба гаварыць на іншай мове, таму трэба вучыцца не таму, чаму хочацца, а што трэба найперш. Гэта няпроста, і калі пераадолееш праблему, то прыдбаеш сабе суперздольнасць», — падкрэслівае Віталь.

Віталь адзначае, што па натуры ён лянівы і яго трэба пастаянна варушыць. У эміграцыі ж прыйшло разуменне, што ад нічога не рабіць стамляешся ды тупееш. Таму хочацца працаваць і прыносіць карысць.

«Самарэалізоўвацца»

На думку магілёўца, а цяпер жыхара Ізраіля, журналіста ды актывіста яўрэйскай грамады Сымона Глазштэйна не існуе ніякіх суперздольнасцяў. Дзяржава павінна ствараць умовы, каб чалавек рэалізаваў тое, што ў ім закладзена ад нараджэння.

Сымон Глазштэйн. Фота: сацыяльныя сеткі

«Магчыма, гэта і ёсць суперздольнасць — самарэалізацыя. У Ізраілі гэта можна зрабіць натуральна поўнасцю і больш, — кажа Сымон. — Постсавецкае грамадства і дзяржава, што застаецца ў Беларусі, імкнецца стрымаць раскрыццё ў чалавека яго патэнцыялу, заціснуць у шчыльныя рамкі кантролю і празмернай забароны. Гэта вельмі прыніжае людзей».

«Цярпець і не зважаць на прыніжэнні»

Былы палітвязень 31-гадовы Валянцін Лабачоў месяц таму выехаў за межы краіны і спрабуе выжыць у эміграцыі. Яго паўтара года ўтрымлівалі ў калоніі агульнага рэжыму за нібы «абразу Лукашэнкі». Сядзеў мужчына ў наваполацкай вязніцы.

Валянцін кажа, што за кратамі ўзгадаваў неймаверную для сябе здольнасць цярпець і не зважаць на здзекі ды прыніжэнні. Прыдушваў сваю гаварлівасць і пазбягаў спрэчак, што на волі было адметнасцю яго характару.

Валянцін Лабачоў. Фота: сацыяльныя сеткі

Выжываць Валянціну дапамагала ўзгадаваная здольнасць прыстасоўвацца да нязведаных і жудасных рэалій. Суцішаць эмоцыі, якія ва ўмовах турмы вядуць да пагаршэння сітуацыі і канфліктаў.

«З'явілася прага чытаць. І гэтую акалічнасць я б назваў суперздольнасцю многіх, — адзначае былы палітвязень. — На волі ў мяне не было такой цягі да кніг, якія ў няволі дапамагаюць адасабляцца ад рэальнасці. Чытаючы, акунаешся ў іншы свет і забываешся на тое, што дзеецца вакол».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Быў хімікам, стаў капітанам яхты». Беларус змяніў прафесію ў 40 год і расказвае, як гэта 

«Завистливые злопыхания крыс». Раёнкі Магілёўшчыны дружна апублікавалі артыкулы, як кепска жывецца беларусам у эміграцыі. Чытаць гэта — асалода

«За тыдзень пайшло 3 тысячы рублёў». Беларусы распавялі, колькі выдаткавалі на якасны адпачынак у Беларусі

Новыя даследаванні генетыкаў змушаюць вярнуцца да расісцкіх тэорый аб «добрых» і «дрэнных» генах

Каментары2

  • тіха ноў ска я
    20.05.2023
    "Яшчэ на радзіме Таццяна асвойвала на той час новыя для сябе інструменты: скрыпку і трубу. Рабіла непад'ёмную, як здавалася тады, працу па"
    а яна не дакучала гэтым суседзям па дому?
  • Slizh
    21.05.2023
    Uzho katory raz zauvazhaju shto Volski - bolsh patryjet polshchy, chym Belarusi. I NRM-maucy taksama tak miarkujucj. with all due respect to his talent, jon vekmi slizki typok.

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі39

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →