Выпускнікі запісваюцца на цэнтралізаваны экзамен. 14 мая 2023 год. Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Выпускнікі запісваюцца на цэнтралізаваны экзамен. 14 мая 2023 год. Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Цэнтралізаваны экзамен у Беларусі сёлета праводзілі першы год. Кожны выпускнік здаваў адзін абавязковы іспыт: па рускай ці беларускай мове. Другі прадмет — па выбары. Заданні адаптавалі да базавага ўзроўню школьнай праграмы.

Вынікі абавязковага экзамену выклікалі масавую незадаволенасць выпускнікоў і бацькоў. 

«Мяне вельмі хвалюе, што няма ніякага тлумачэння гэтай сітуацыі. Я да гэтага часу не магу паверыць, што за год распрацавалі сістэму, якая пакідае столькі пытанняў і непаразуменняў», — абураецца адна з суразмоўніцаў «Нашай Нівы».

Рэакцыяй на памылкі з падлікамі цэнтралізаванага экзамену сталі петыцыі выпускнікоў. Яны патрабуюць пераліку балаў і заклікаюць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў да адказнага стаўлення да сістэмы ацэньвання вынікаў.

«Гэта не адпавядае логіцы і нашым сапраўдным балам, — гаворыцца ў петыцыі. — Нас першапачаткова не азнаёмілі з сістэмай ацэньвання і тым, як правільна вылічыць бал».

Выпускнікі абураныя, што дзяржаўная структура праігнаравала іх незадаволенасць і не прызнала памылкі.

«Калі вы не спраўляецеся са сваёй працай, то альбо прызнайце гэта, альбо сыходзьце з пасадаў», — адзначаецца ў петыцыі.

Петыцыю, дзе патрабуюць пераліку балаў па іспыце па рускай мове, падпісала 11 тысяч чалавек. Такую ж петыцыю, але па іспыце па беларуская мове, амаль 700 чалавек.

На цэнтралізаваным экзамене па дзяржаўных мовах. Фота: БелТА

На цэнтралізаваным экзамене па дзяржаўных мовах. Фота: БелТА

Выпускнікі кажуць, што формула, паводле якой камісія падлічвала вынікі, ім дакладна не вядомая. 

«У мяне ў галаве не ўкладваецца, як падлічвалі вынікі і як вырашалі, колькі балаў здымаць за памылку. Пакуль гэта падобна да сістэмы, у якой ты не маеш права на памылку. Ты мусіш быць робатам», — выказваецца адна з выпускніц, у якой «забралі 20 балаў» і яна не можа разабрацца, як так выйшла.

Паводле дзяўчыны, выпускнікі і іх бацькі змогуць дабіцца праўды, калі будуць дзейнічаць цяпер, пакуль не сталі друкаваць сертыфікаты аб здачы цэнтралізаванага экзамену.

«Хочацца верыць у справядлівасць і людзей, таму я вельмі спадзяюся на прызнанне памылак і пераразлік балаў», — кажа яшчэ адна выпускніца.

Адзін з бацькоў адзначае: усё, што маглі зрабіць незадаволеныя сітуацыяй людзі, зроблена ўчора «масавым пратэстам». Яго чыноўнікі Мінадукацыі стараліся спачатку не зважаць, а потым заявілі, што парушэнняў не было.

«На вуліцу не выйдзеш з абурэннем, бо сабе даражэй. Усё будзе залежаць не ад камісіі ці Міністэрства адукацыі. Будзем чакаць. Але рэальна паўплываць на сітуацыю мы не можам. Не той час. Сцяўшы зубы трэба прыняць тое, што ёсць», — лічыць мужчына.

Скандал з экзаменам не абышоўся без умяшальніцтва Лукашэнкі.

«Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамену. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп'ютары», — адрэагаваў ён сёння.

Ігар Сергеенка, кіраўнік яго адміністрацыі, заявіў, што пастаўлена задача праверыць арганізацыю цэнтралізаваных экзаменаў. Правераць і Мінадукацыі.

Напярэдадні міністр адукацыі Андрэй Іванец не бачыў праблемаў з цэнтралізаваным экзаменам. Чыноўнік назваў «поўным фэйкам» абвінавачванні ў памылковым падліку вынікаў.

«Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюджвальнікаў фэйкаў», — страшыў Іванец.

Да масавай незадаволенасці вынікамі цэнтралізаванага экзамену Міністэрства адукацыі даводзіла, што новая форма атэстацыі выпускнікоў апраўдала сябе.

Першы цэнтралізаваны іспыт па рускай і беларускай мовах быў 14 мая. У ім прынялі ўдзел больш за 53 тысячы 11-класнікаў. Паводле агучаных вынікаў, па рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай — 413 навучэнцаў.

У ведамстве адзначалі, што павелічэнне колькасці 100-бальных вынікаў у параўнанні з ЦТ у мінулыя гады тлумачыцца поўнай карэляцыяй тэставага матэрыялу з вучэбнай праграмай, а таксама выключэннем заданняў пятага ўзроўню складанасці.

Глядзіце таксама:

Сертыфікаты ЦЭ і атэстаты выпускнікі 11-х класаў атрымаюць 10 чэрвеня

Мінадукацыі: адзнака за рэпетыцыю ЦЭ ні на што не паўплывае

Галоўная IT-ВНУ краіны распавяла, колькі студэнтаў плануе набраць сёлета

Выкладанне беларускай мовы ў беларускіх ліцэях на Падляшшы могуць зрабіць факультатыўным. Беларусы пратэстуюць

Клас
8
Панылы сорам
18
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
21
Абуральна
52

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?