Вайна

ЗША прытрымліваюцца прагматычнай формулы «нічога без Украіны, але не ўсё для Украіны» — Le Monde

Нягледзячы на рэгулярныя заявы Вашынгтона аб падтрымцы Кіева, застаюцца пытанні аб ступені і працягласці гэтай палітычнай і вайсковай падтрымкі.

Джо Байдэн Joe Biden Джо Байден
Джо Байдэн. Фота: Manuel Balce Ceneta / AP Photo

Аўтарытэтнае французскае выданне Le Monde звяртае ўвагу на дэбаты, якія разгарнуліся ў ЗША напярэдадні саміту НАТА, які праходзіць сёння і заўтра ў Вільні. Яны датычаць не пытання неабходнасці вайсковай і палітычнай дапамогі Украіне, якая нікім не аспрэчваецца, а яе метадаў.

Аўтар артыкула заўважае, што Злучаныя Штаты заяўляюць аб сваёй прыхільнасці прынцыпу «адкрытых дзвярэй» для Паўночнаатлантычнага саюза і ў той жа час супрацьдзейнічаюць неадкладнаму ўступленню Украіны.

«Я не думаю, што яна гатовая», — цытуе Le Monde заяву прэзідэнта ЗША Байдэна CNN у гэтую нядзелю.

Карэспандэнт выдання нагадвае, што асноўная прычына не ў выкананні Украінай крытэрыяў для ўступлення, а ў 5-м артыкуле Дагавора аб Паўночнаатлантычным саюзе. Яго палажэнні аб тым, што напад на аднаго члена з'яўляецца нападам на ўсіх, не могуць быць распаўсюджаныя на Украіну падчас вайны з-за асцярогі справакаваць прамы канфлікт паміж НАТА і Расіяй.

Мадэль Ізраіля

Таму Вашынгтон разглядае форму двухбаковага партнёрства ў галіне бяспекі з Украінай у дадатак да абавязацельстваў Паўночнаатлантычнага саюза. Такая мадэль ім выкарыстоўваецца ў адносінах да Ізраіля.

У адпаведнасці з дзесяцігадовым пагадненнем (2019—2028 гады) Злучаныя Штаты штогод аказваюць гэтай дзяржаве вайсковую дапамогу ў памеры 3,8 мільярда даляраў, што, як адзначае выданне, у значнай ступені ёсць замаскіраванай субсідыяй амерыканскай вайсковай прамысловасці.

Le Monde цытуе словы эксперта аналітычнага цэнтра пры Радзе па міжнародных адносінах (Council on Foreign Relations) Чарльза Купчана (Charles Kupchan) аб тым, што

«паміж Украінай і Ізраілем ёсць відавочныя адрозненні. У Ізраіля ёсць ядзерная зброя, а ў Украіны яе няма. Але Украіна суседнічае з магутнай дзяржавай, таму ізраільская мадэль можа быць карыснай для забеспячэння з боку ЗША ваеннай перавагі Украіны. І ў той жа час такая мадэль дазваляе пазбегнуць гарантый бяспекі, эквівалентных 5-му артыкулу».

Гэтак жа Белы дом захоўвае асцярожнасць перад просьбамі ўзмацнення асабовага складу Альянсу на сваіх тэрыторыях, якія выказалі тры краіны Балтыі і Польшча. Яны прагучалі на фоне заявы аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і хуткага прыбыцця ў гэтую краіну вагнераўцаў.

Выданне адзначае, што амерыканская адміністрацыя па-ранейшаму скептычна ставіцца да гэтых дзвюх пагроз.

Дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША Джэйк Саліван кажа пра «патэнцыйнае разгортванне» ядзернай зброі. Што да вагнераўцаў, то высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі сумняваюцца наконт таго, ці зацікаўлены яны ў тым, каб размясціцца ў Беларусі, гэткім санаторыі пасля місій у Афрыцы ці ва Украіне.

Вайсковая дапамога

Аўтар артыкула адзначае, што марыць аб хуткім краху расійскага рэжыму не даводзіцца. Для адміністрацыі Байдэна размова ідзе пра тое, каб засяродзіцца на вайсковай падтрымцы Украіны ў крытычны момант контрнаступлення.

«Гэта будзе вельмі доўга, і гэта будзе вельмі, вельмі крывава. Ні ў кога не павінна быць ніякіх ілюзій з гэтай нагоды», — цытуе карэспандэнт словы начальніка штаба абароны ЗША генерала Марка Мілі (Mark Milley), сказаныя 1 ліпеня.

Белы дом прызнае цяжкасці, з якімі сутыкнулася контрнаступленне, абумоўленыя некалькімі фактарамі: інтэнсіўным мініраваннем тэрыторыі расіянамі, стварэннем эшаланавай абароны і, нарэшце, недахопам боепрыпасаў ва ўкраінскага боку.

Гэтым абумоўлена, як адзначае журналіст, рашэнне ЗША перадаць касетныя боепрыпасы Украіне пры адсутнасці іншых рашэнняў.

Le Monde прыводзіць словы дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйка Салівана (Jacob Sullivan) аб тым, што

«ва ўкраінцаў таксама ёсць значная колькасць сродкаў, якія яны яшчэ не задзейнічалі ў баявых дзеяннях. Гісторыя гэтага контрнаступлення яшчэ і блізка не дапісаная да канца».

Але афіцыйныя асобы ЗША таксама ведаюць, як адзначае аўтар, што Расія ўдзельнічае ва ўласнай гонцы ўзбраенняў. Ва ўмовах ваеннай эканомікі краіна мае намер на працягу трох гадоў узнавіць свае сілы: танкі, бранятэхніку, артылерыю — і мадэрнізаваць узбраенне. Здольнасць Расіі да процістаяння, вядома, паменшала, але ніякім чынам не вычарпана, заўважае карэспандэнт.

Нічога без Украіны, але не ўсё для Украіны

Выданне адзначае, што адміністрацыя Байдэна, увесь час паўтараючы формулу «нічога аб Украіне без Украіны», адмаўляе любую дамоўленасць з Расіяй, якая была б заключана за спінаю ахвяры агрэсіі.

Але нядаўна стала вядома аб сакрэтных кантактах паміж некалькімі экспертамі аналітычнага цэнтра Рады па міжнародных адносінах і расійскімі афіцыйнымі асобамі, у тым ліку кіраўніком расійскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым.

Па даных NBC, былы дыпламат Рычард Гаас (Richard Haass) і аналітыкі Чарльз Купчан і Томас Грэм (Thomas Graham) былі сярод амерыканскіх удзельнікаў канфідэнцыйнай сустрэчы ў Нью-Ёрку ў красавіку.

У адказе на пытанне, зададзенае Le Monde, Чарльз Купчан не пацвердзіў гэтую інфармацыю, але адзначыў, што «нефармальныя ці паралельныя кантакты адыгрываюць ролю, калі афіцыйныя кантакты адсутнічаюць або малаэфектыўныя».

Аўтары артыкула адзначаюць, што з пачатку вайны ЗША ўжо выдзелілі Кіеву на 42 мільярды даляраў вайсковай дапамогі.

Амерыканская лінія заключаецца ў формуле «нічога без Украіны, але не ўсё для Украіны» — прагматычнай прыхільнасці, якая мадыфікуе пэўныя параметры ў залежнасці ад абставін, як заўважае карэспандэнт выдання.

Кантэкст будучых выбараў

Le Monde цытуе словы дырэктара па даследаваннях Брукінгскага інстытута (аналітычнага цэнтра ў Вашынгтоне) Майкла О'Хэнлана (Michael O'Hanlon):

«Я згодны з ідэяй, што Украіна павінна заўсёды ўдзельнічаць у размове, але пры ўмове, што мы не адчуваем сябе абавязанымі заўжды даваць ім тое, што яны патрабуюць. Я за тое, каб даць ім балістычныя ракеты кшталту ATACMS, самалёты F-16 і нават штурмавыя верталёты. Я не падтрымліваю, прынамсі, пакуль, прадстаўленне ім статусу члена НАТА, і я не падтрымліваю абяцанне таго ж узроўню гарантаванай дапамогі, што і ў папярэднія разы».

У каментарыі гэтых слоў карэспандэнт Le Monde адзначае, што адміністрацыя Байдэна перад выбарамі 2024 года не ўпэўненая, што Палата прадстаўнікоў, у якой дамінуюць рэспубліканцы, пагодзіцца прагаласаваць за новы пакет дапамогі ў сферы бяспекі.

Аўтар адзначае, што Захад прызнае права Украіны на самаабарону ад расійскай агрэсіі, але таксама баіцца, што канфлікт можа стаць зацяжным.

Саюзнікі ведаюць, што Уладзімір Пуцін робіць стаўку на стомленасць іх грамадскай думкі і высокую цану безумоўнай падтрымкі Украіны. Крэмль разумее, наколькі могуць паўплываць на трываласць саюзнікаў будучыя выбары — еўрапейскія ў чэрвені 2024 года, а затым, перш за ўсё, амерыканскія прэзідэнцкія выбары ў лістападзе.

Выданне адзначае, што існуе спакуса (якая публічна не агалошвалася) пагадзіцца на замарожванне канфлікту на ўзор ваеннай дэмаркацыйнай лініі паміж дзвюма Карэямі. У такім выпадку размова будзе ісці пра ўмацаванне сувязі Украіны з Захадам без членства ў Еўрапейскім саюзе і НАТА.

Кошт гэтага — адсутнасць магчымасці для Украіны аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць у найбліжэйшай будучыні. Такая форма стабілізацыі ўяўляла б меншае зло для адміністрацыі Байдэна перад прэзідэнцкімі выбарамі, як адзначае выданне.

Чытайце яшчэ:

У Вільні пачынаецца саміт НАТА

Валерый Сахашчык — пра сустрэчы падчас саміту НАТА і Прыгожына з вагнераўцамі

Наўседа заклікаў NATO забыцца пра акт аб супрацоўніцтве з Расіяй і стварыць базы ля яе межаў

Каментары

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»19

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі26

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі20

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»19

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →