«Камфорт арганізаваць можна такі ж самы, што і ў горадзе». Тры гісторыі пра тое, як жывуць у вёсках узімку былыя гараджане
Сёння гісторый, калі пацягнула на вёску, насамрэч, нямала. Але шмат хто з аматараў вёскі прыязджае туды толькі ў летнія месяцы, калі цёплае і прыемнае надвор’е падыходзіць для шашлычкоў, купання ў рэчцы ці лясных прагулак. Выданне ж «Моцныя Навіны» пагутарыла з тымі, хто пераехаў у вёску назусім і зімуе таксама там. Наколькі камфортна жыць у вёсцы ўзімку, з якімі галоўнымі цяжкасцямі сутыкаюцца жыхары і ці ёсць у зімовым жыцці ў вёсцы перавагі перад жыццём у горадзе?
Праз пяць гадоў у Мілане захацелася цішыні і спакою ў беларускай вёсцы
Надзея з мужам і траімі дзеткамі жыве ў вёсцы Чорнае Рэчыцкага раёна. Гэта крыху больш за гадзіну язды на машыне ад Гомеля. У лютым будзе ўжо тры гады, як сям’я пераехала ў вёску… з Мілана.
«Нас пацягнула на прыроду і прасторы. Мы самі з мужам гомельскія. Я жыла ў Гомелі ў прыватным доме, муж — у кватэры. Мы ажаніліся і з’ехалі жыць за мяжу. Пяць гадоў жылі ў Мілане. Там было вельмі шумна і цесна. І пасля вось гэтага нашага жыцця там мы зразумелі, што хочам цішыні і спакою.
Мы вырашылі, што вернемся назад і ўжо будзем шукаць сабе месца дзе-небудзь у вёсцы. У нас былі пэўныя крытэрыі для вёскі, у якой хочам жыць: там абавязкова павінна была быць вада, нейкі вадаём — возера ці рака, дзе будзе камфортна купацца, і абавязкова наяўнасць лесу. І каб усё гэта было ў крокавай дасягальнасці.
Мы, напэўна, аб’ездзілі ўсю вобласць, шукалі паўгода сабе такое месца і знайшлі вёску Чорнае. Калі прыехалі сюды ўпершыню пяць гадоў таму, у нас адразу шчоўкнула, што гэта наша месца, бо тут таксама ёсць крынічкі з чыстай і вельмі смачнай вадой».
Дом, які падышоў бы сям’і Надзеі, таксама шукалі доўга і так атрымалася, што знайшлі яго ўжо ўзімку, а пасля здзелкі аб набыцці адразу і засяліліся. Гэта адбылося ў лютым, калі яшчэ ляжаў снег і былі маразы.
«Мы гэтага не пабаяліся, бо вельмі ўжо хацелася засяліцца. Мы так доўга да гэтага ішлі і шукалі, што нас агулам нічога ў гэтым плане не засмучала. Тады ў нас было двое дзяцей, а першы месяц жыцця, атрымліваецца, і быў нашай першай зімоўкай, мы да яе рыхтаваліся.
На той момант у нас было пячное ацяпленне: грубка і камін. Камін па сутнасці не вельмі ацяпляе, але грубкі нам хапала, мы мелі запас дроў. Але ўжо на наступную зіму мы зрабілі для сябе электрычнае ацяпленне».
Высветлілася, што электраацяпленне ў вёсцы ідзе па льготных тарыфах, што вельмі зручна. Калі дом ацяпляецца грубкай, ён хутка стыне. Пры электрычным абаграванні, нават калі з’язджаеш у горад па справах на суткі, дом заўсёды абагрэты, вяртаешся ў цяпло. Вада таксама падаграецца па льготным тарыфе і агулам ад жыцця ў кватэры ў гэтым плане нічым не адрозніваецца. З гэтага боку Надзея ніякіх праблем не бачыла, але праблемы ўсё ж былі.
«Самае нязручнае, калі жывеш у вёсцы — гэта дарогі, якія не чысцяцца ад снегу. У нас была такая праблема, калі мы толькі сюды прыехалі: дарогі чысціліся вельмі рэдка, частку вуліц зусім не чысцілі.
Некаторыя рэчы мы не маглі прывезці, не маглі выехаць. Тэлефанавалі з просьбай пачысціць дарогі, і хоць прыязджалі не адразу, пытанне вырашалася. Так прайшло дзве зімы, але сёлета дарогі чысцяць шыкоўна — адразу, як выпадае снег. Нават не прыходзіцца тэлефанаваць і прасіць пачысціць».
Нягледзячы на гэта, Надзея адзначае, што плюсаў у параўнанні з жыццём узімку ў горадзе на вёсцы болей.
«У першую чаргу, паўсюль чысты белы снег, беласнежная чысціня. У горадзе такога не ўбачыш, у горадзе адчуванне бруду. А ў вёсцы вельмі чыстае паветра. Гэта добра адчуваецца, калі ты два тыдні не выязджаеш у горад.
Калі прыязджаеш у горад зімой, у нос адразу б’е пах выхлапных газаў. Горад вельмі загазаваны. Летам гэта не так адчувальна, а ўзімку паветра вельмі дрэннае. У вёсцы паветра крыштальна чыстае, таму гэтая свежасць — велічэзны плюс. І забаўкі таксама ёсць — можна з горкі пакатацца. Але самае галоўнае для нас, што тут вельмі ціха і спакойна, і няма вялікай колькасці машын».
Што тычыцца выдаткаў, трэба разумець, што тут шмат залежыць ад таго, як ацяпляецца дом, якая яго плошча, і як часта вам трэба наведвацца ў горад.
«Мы параўноўвалі нашыя выдаткі на жыццё ў горадзе і ў вёсцы. Яны агулам аднолькавыя. Не магу сказаць, што ў вёсцы даражэй. Галоўныя выдаткі — гэта ў нас электраацяпленне. На наш дом сыходзіць 150 рублёў, сюды ўваходзіць і падагрэў вады.
Таксама трэба дадаваць і паліва. Мы ездзім у горад два разы ў тыдзень, каб закупіцца прадуктамі. У нашу вёску рэгулярна прыязджае аўталаўка: два разы на тыдзень з Гомеля і два разы на тыдзень з сельсавета. Але ў аўталаўцы прадукты даражэйшыя, чым у краме, і там бракуе таго, што нам трэба. Таму мы ездзім у горад закупацца, і гэта дастаткова затратна».
Але прадукты — не адзіная прычына рэгулярных паездак у горад. У Надзеі трое дзяцей, старэйшы сын ужо ходзіць у школу.
«Старэйшаму сем гадоў, сярэдняй дачцэ — тры гады, а самаму маленькаму — пяць месяцаў. Наш старэйшы сын ужо ў другім класе. У першым класе ён хадзіў у мясцовую школу, яна, дарэчы, беларускамоўная. Туды ён хадзіў увесь год. У школу мы яго вазілі на машыне і гэта, напэўна, таксама можна ўключыць у выдаткі, бо яна за 11 кіламетраў ад нашага дома. Назад ён вяртаўся на мясцовым аўтобусе, і мы забіралі яго з прыпынка. У другі клас ён таксама хадзіў туды да пахаладання. А калі стала холадна, мы перавялі яго на хатняе навучанне. Дома мы з ім займаемся самастойна, а ў школу ён прыязджае толькі на кантрольныя работы».
Садок ёсць пры гэтай жа школе, але Надзея вырашыла не аддаваць туды дачку, бо яна сама ў дэкрэце. А таксама дзеці наведваюць гурткі па танцах і маляванні, калі здараюцца паездкі ў горад па прадукты.
«Калі падсумаваць, мы жывем у вёсцы ўжо год і нам усё падабаецца. Адзіны мінус, які яшчэ ўсё ж ёсць — хацелася б, каб тут былі яшчэ якія-небудзь маладыя людзі. Агулам я бачу тут нашмат больш плюсаў. Камфорт арганізаваць можна такі ж самы, што і ў горадзе, асаблівай розніцы я не назіраю, было б жаданне».
«Калі не медытаваць у прыбіральні, а хадзіць туды згодна з патрэбай — гэта наогул не праблема»
Алеся з мужам і сынам жывуць у вёсцы Гарбачы Смаргонскага раёна. Яны не планавалі жыць там заўсёды, але вёска не адпусціла.
«Мы цалкам гарадскія, але правесці дзяцінства ў бабулі на вёсцы — гэта як зірнуць у глыбіню жыцця. Не пакідала адчуванне, што сапраўднае — там, на прыбітых цёплымі дажджамі лясных дарогах, на нагрэтым за дзень ганку, ля студні, у якую крадком зазірае неба, ля грубкі, якая адагравае не так цела, як душу».
Жыццё ў вёсцы ўяўлялася як мара, нейкая недасяжная мроя далёкай старасці, не раней. Бо як: праца, маленькае дзіця, віхор патрэбных і марных гарадскіх спраў, звычкі і прыхільнасці, халера на іх. Але ў Міці, мужа майго любенькага, ёсць надзвычайная здольнасць ціха і ўпэўнена рабіць мару часткай жыцця. Так мы набылі хатку. Першапачаткова — абсалютна не збіраючыся жыць там заўсёды. І, адпаведна, прайшлі ўсе стадыі прыняцця:
- пасля водпуску Міці, вядома, вернемся ў горад;
- з першымі халадамі, несумненна, з’едзем у кватэру;
- халера! Трэба тэрмінова купляць дровы. Але з першым снегам, вёска, бывай;
- якой хваробы мы тады куплялі гэтыя даражэзныя дровы?! Пераедзем у горад тады, калі замяце так, што Міця не зможа выехаць на працу.
Так мы жывем тут ужо паўтара года.
Першая зіма была незабыўнай. У самым класным сэнсе. Мы ніяк не рыхтаваліся да яе, бо, уласна кажучы, не збіраліся зімаваць.
Першыя дровы былі самымі дарагімі (і сэрцу і гаманцу) — 380 рублёў. Але гэта выключна праз спех і безвыходнасць. Насамрэч, калі рыхтавацца загадзя, як сёлета, усё выйдзе ўдвая (а калі ёсць бензапіла і занядбаныя данельга сады побач), то і ўтрая танней.
Мяне ўсё задавальняла, гэта была першая ў жыцці зіма, з якой мне не хацелася развітвацца. Калі ў інстаграме ўжо ўздымаўся лямант-выццё па вясне, я думала: «Балеснічкі святыя! Як цудоўна ззяе снег пад сонейкам! Няхай бы марозік ціснуў яшчэ з месяцок».
І гэта, каб вы разумелі, у першабытных, з пункту гледжання некаторых, умовах: вада са студні, прыбіральня на вуліцы, грубку тапіць два разы на дзень, на руках гадавалае дзіця, муж днямі на працы, у вёсцы ўзімку жывыя дзве хаты: наша і мужычка Авеніра насупраць — адзінага жыхара вёскі».
Алеся да нязручнасцяў жыцця ў вёсцы ставіцца па-філасофску. Калі не медытаваць у прыбіральні, а хадзіць туды згодна з патрэбай — гэта наогул не праблема. Замеценыя дарогі — праблема выключна пэўнай часткі зімы. І яна не глабальная.
«Так, даводзіцца нагадваць штораз, каб вам пачысцілі дарогу, бо Міця ездзіць на працу за 100 кіламетраў штодня. І так, у сельсавеце мяне ўжо пазнаюць па голасе. Але ўсё гэта, урэшце, дробязі ў параўнанні з тымі запаволенымі аграменнымі хвалямі гарманічнага найшчаслівейшага жыцця, якое дорыць вясковая хата, стары яблыневы сад, магчымасць за адзін крок трапіць з хаты ў вольную прастору, далягляд з гары, што палягае на дваццаць пяць кіламетраў шчымлівай прыгажосці лясоў і ўзгоркаў.
Што тычыцца выдаткаў зімовага жыцця, то, акрамя дроў, я не ведаю, чым яно даражэйшае за гарадское.
Дзіця, вядома, было асобным светам маіх перажыванняў. Яны, найперш, тычыліся сацыялізацыі. Скажам так, я наогул не бачыла праблемы, пакуль мне не сталі задаваць пытанняў тыпу: а як жа ён, бедны, без дзіцячага асяроддзя? А як жа ён сацыялізуецца?
Вядома, па выхадных мы бываем у горадзе ў бацькоў і знаёмых, роўна як бацькі і сябры бываюць у нас. Трапляем і на дзіцячыя пляцоўкі раз-пораз. І ведаеце, якія высновы я зрабіла?
Па-першае, я не ўпэўненая, што дзіця ў дасадаўскім узросце мае пільную патрэбу ў цесным кантакце з іншымі дзецьмі.
Гэта ўзрост малпы, якая падсякае і капіюе ўсё, што бачыць. І я далёка не перакананая, што хачу, каб Ціхан прымаў за ўзор тое, што мне даводзілася часам назіраць на дзіцячых пляцоўках.
Па-другое, у нас ёсць імкненне і мара выхаваць у ім павагу да беларускай мовы і разуменне яе.
Улічваючы татальнае рускамоўнае асяроддзе, некалькі дзён на тыдні, якія ён праводзіць з намі, дай Бог, ідуць на карысць гэтай мары.
Па-трэцяе, вядома, ён пойдзе ў садок праз паўгода, і тут ужо, баюся, сацыялізацыя хлыне, як тайфун, — дай Бог справіцца з яе маштабам.
Пакуль жа мы імкнемся адарыць яго тымі бясцэннымі ўражаннямі, якія дало нам калісьці дзяцінства ў вёсачцы: свабода, босыя ногі па роснай траве і цёплых лужынах, яблыкі з дрэва, бульба з прыску, дзённы сон на посцілцы ў напоеным сонцам садзе.
Я з асалодаю аддала б яго ў мясцовы садок, пагатоў вясковыя садкі беларускамоўныя, але праблема ў тым, што муж працуе за 100 кіламетраў у Мінску, а мая праца, на якую я вяртаюся пасля дэкрэта, за 25 кіламетраў у Маладзечна. У нас пакуль проста няма магчымасці іншай, чым вазіць яго ў гарадскі садок.
Мой выхад на працу пасля дэкрэтнага адпачынку, магчыма, створыць пэўныя праблемы, як то: ацяпленне хаты ўзімку (выязджаем рана, вяртаемся позна), але гэта, спадзяюся, вырашальна.
Мы любім вёску ўсім сэрцам, мы імкнемся захаваць лепшае ў ёй, імкнемся моцна трымацца за карані. Хата поўніцца даматканымі посцілачкамі і вышыванымі ручнікамі, палавічкамі і вязанымі фіранкамі. Гэта ж цуд, людзі добрыя, усё, што створана залатымі рукамі продкаў, — гэта свята. Свята, якое заўжды з намі».
«Гляджу на печ, печ на мяне. Плакала над дровамі і газетай некалькі гадзін»
Анастасію пакручасты лёс спачатку прывёў у палескую вёску Хвоенск Жыткавіцкага раёна, затым у вёску ў Дзяржынскім раёне, дзе, на жаль, летась згарэла хата, у якой планаваўся музей хлеба.
«У лютым 2019 года я вырашыла, што з мужам пад адным дахам жыць немагчыма. Каб мой дах застаўся на месцы, трэба з’язджаць ад мужа з Масквы. На той момант мы гарэлі ідэяй аднавіць частку вёскі і, каб з’язджаць не ў нікуды, а ў добрую і цікавую справу, я з’ехала ў тую самую вёску.
У вёсцы Хвоенск тады было чалавек з дваццаць, агульны транспарт хадзіў два разы на дзень і працавала крама. Дзень, калі апынулася там, запомню, мне здаецца, на ўсё жыццё.
13 лютага 2019 года мой дом яшчэ быў у рамонце, і таму я ўзяла ў арэнду домік у бабы Галі — прыемнай клапатлівай жанчыны, якая прыгожа цягнула літары і казала: «У мяне ў хаце ўсё выстарана і выкрашана».
Яна паказала, дзе ляжаць дровы. У гэты момант яе муж выйшаў з вялізным «букетам» хваёвых галінак. Я падумала, відаць, мужык у лазню сабраўся, будзе ігліцай дыхаць. Але аказалася, што ён прыйшоў чысціць комін, каб «дым на хату не ішоў». Пра гэта я даведалася пазней, калі дым на хату ўсё ж пайшоў. Дарэчы, я ўсё жыццё пражыла ў горадзе, бабулі ў мяне гарадскія, на лецішчах былі печкі, але нас, дзяцей, не падпускалі да іх.
Баба Галя напаліла ў печы і пайшла, у хаце было нават горача. Але быў люты, зіма. Дом астываў і трэба было распальваць агонь.
Гляджу на печ, печ глядзіць на мяне. Куды класці дровы, зразумела. А вось далей што рабіць? Вушка, юшка, заслонка — што куды круціць, не разумею. Здаецца, запаліла, гарыць, і дым ідзе на хату.
Мучылася-мучылася, плакала над дровамі, печчу і газетай, напэўна, пару гадзін. Але ў хаце яшчэ цёпла, у той дзень затапіць печ у мяне не атрымалася. А каб схадзіць да суседзяў і папрасіць растлумачыць — было занадта шмат гонару.
На другі дзень — гісторыя тая ж самая. І ўвечары я ўжо хадзіла па хаце ў паліто. На трэці дзень прыйшла баба Галя і кажа: «Хаджу ў магазін і не бачу дыму з трубы. Ты чаго хату не ацяпляеш і выстудзіла ўсю?» А я кажу, што не ўмею, не разумею: дым ідзе ў хату — і ўсё.
Яна мне паказала, як печ паліць і куды лучыну класці. Распавяла гісторыю, як у школе пад гэтай лучынай урокі рабіла, распавяла, што такое юшка, ды і наогул шмат прыемных гісторый пра вёску расказала.
З бабай Галяй мы пасябравалі, а маімі суседзямі аказалася сям’я: дзед Коля, пячнік і рыбак, ды баба Ева — былая паштальёнка. Дзед Коля часта мне сёк лучыну і расказваў гісторыі пра Палессе, а баба Ева ўсё пра ўсіх ведала, ды і пра мяне сабрала анатацыю, таму што з «навалаччу» на Палессі ўсе асцярожныя, пакуль за новага чалавека не пахадайнічае ў вузкіх колах пара чалавек.
Так пра мяне ў вёсцы і замовілі слоўца дзве жанчыны — баба Галя і баба Ева. Паступова аднавяскоўцы да мяне прывыклі. Але позірк у іх быў напалоханы, адхілены і сумны. Размовы ў вёсцы толькі пра тое, хто памёр, і ў каго калі памінкі. Таму прыйшла ідэя зрабіць іх жыццё ярчэйшым і цікавейшым.
Наступнай зімой мы з бабулькамі вязалі ўсёй вёскай шкарпэткі і прадавалі. Маленькія шкарпэткі дарылі нованароджаным дзецям, увосень збіралі насенне з сямейнымі гісторыямі (старыя гатункі фасолі, памідораў і гэтак далей) і ўзімку прадавалі — для бабуляў гэта была істотная падтрымка да пенсіі.
З мужам мы развяліся, праект па вяртанні да жыцця вёскі быў запушчаны. Мы зрабілі аграсядзібу «Естествознание», дзе бабулькі спявалі песні, баялі байкі, гатавалі палескую ежу і на гэта прыязджалі паглядзець турысты».
На жаль, былы муж Анастасіі не стрымаў сваіх абяцанняў наконт гэтай аграсядзібы, а суразмоўца з’ехала з Хвоенска ў іншую вёску, каб будаваць новы праект — музей хлеба. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
«Аднак Хвоенск і яго жыхары назаўжды застануцца ў маім сэрцы, бо ў адзін са складаных момантаў адагрэлі і падтрымалі».
Чытайце таксама:
«Першы раз села на каня ў 35 гадоў». Гродзенка сабрала вакол сябе табун коней і шчаслівая
«Лічу сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі». Як жыве жанчына пасярод балота
Каментары