Усяго патроху

«Настальгія па дзяцінстве». Жанчына сабрала калекцыю больш чым з 1000 старых ёлачных цацак, і чаго там толькі няма

51-гадовая Святлана Грэкава — гаспадыня крамы «Тэхнасіла» ў Бабруйску, а ў вольны час — калекцыянерка старых навагодніх цацак. У яе калекцыі — ужо больш за тысячу вінтажных экзэмпляраў, піша Komkur.info.

«Дзядуля прыносіць ялінку, прыбірае яе, а мы з сястрой назіраем»

Пачалося яе захапленне каля шасці гадоў таму з прагулкі па барахолцы.

«Мы ішлі з мужам, і я ўбачыла цікавыя старыя цацкі, якія прадавала бабуля, — расказала суразмоўца. — Яны былі такія, як у мяне ў дзяцінстве, і вельмі мне спадабаліся! Я мужу і кажу: «Давай купім!» Потым яшчэ дзесьці ўбачыла і купіла. І захацелася ялінку ўпрыгожыць толькі старымі цацкамі.

Гэта была настальгія па дзяцінстве, калі навагодняе свята было сапраўдным цудам і казкай. Мы тады з сястрой жылі з бабуляй і дзядулем на вуліцы Мінскай.

Па гэты дзень яркі ўспамін: дзядуля прыносіць ялінку, упрыгожвае яе, а мы з сястрой назіраем. А 1 студзеня на стале былі розныя смакоткі, і было столькі радасці, таму што канікулы!»

На памяць пра тое дзяцінства ў Святланы засталося ўсяго цацак з пяць. Тады нашы бабулі, дзядулі і бацькі не ведалі, якімі каштоўнымі будуць у будучыні гэтыя ўпрыгожанні, кажа яна.

«Бабуля біла шкляныя цацкі, каб зрабіць нам навагоднія кароны, і мы з сястрой ішлі ў школу на ёлку — такія прынцэсы!»

«Людзі часта прадаюць гэтыя скарбы за капейкі»

Паступова калекцыянаванне цацак захапіла нашу гераіню не на жарты. Муж Святланы прапанаваў ёй даць аб'яву аб куплі рэтра-цацак.

«Людзі тэлефануюць, і многія без шкадавання расстаюцца са старымі навагоднімі ўпрыгожваннямі, — кажа жанчына. — Неяк патэлефанаваў адзін мужчына, які пераехаў сюды з Поўначы. Ён прывёз з сабой вялізную скрынку шкляных навагодніх цацак, а калі выгружаў рэчы, яна ўпала.

Ён сказаў мне: «Выбірайце з таго, што засталося», і аддаў усё бясплатна. Так мая калекцыя папоўнілася адразу сотнямі каштоўных экзэмпляраў.

Пажылыя людзі часта прадаюць гэтыя скарбы за капейкі, кажуць: «Мне яно не трэба, я ялінку не стаўлю, а так хоць будзе на каўбасу».

Жанчыны звычайна больш сентыментальныя, яны як бы апраўдваюцца з сумам: «Сваякі памерлі, а мы такімі не ўпрыгожваем ялінку». Мужчыны расстаюцца з навагоднімі рарытэтамі больш рашуча: «Забірай, мне яно не трэба».

Бывала, што прыязджаю па цацкі, а мне кажуць: «А ў мяне яшчэ Дзед Мароз ёсць і Снягурка, забераце?»

Практычна ўсе свае цацкі жанчына купляе па аб'явах. Кажа, раней ёлачныя ўпрыгажэнні можна было знайсці і на «птушыным» рынку, але з кожным годам іх там менш. А ў камісіёнках, на яе думку, дарагавата — у сярэднім па 15 рублёў за штуку.

У Інтэрнэце рэтра-цацкі наогул могуць каштаваць казачных грошай, і ў апошнія гады цікавасць да савецкіх навагодніх упрыгожванняў расце.

Святлана ўсе свае цацкі купляла па цане ад 50 капеек да 5 рублёў за штуку.

Чыпаліна, Астролаг, хрушчы, кукуруза…

Калекцыя Святланы раскладзеная ў скрынках па тэмах, кожная падпісаная: снегавікі і Дзяды Марозы, лялечкі-дзяўчынкі-дзеці, жывёлы, гародніна, садавіна, рыбы, казуркі, птушкі, шары…

Большасць цацак шкляныя, ёсць таксама з кардона і ваты. Вельмі многія ёлачныя рарытэты — на прышчэпках.

Акрамя рознакаляровых бліскучых шароў, ёсць шмат казачных герояў — тут і Стары Хатабыч, і Чыпаліна, і Чырвоны Каптурок, і Астролаг… А якая разнастайнасць насякомых — божая кароўка, слімак, хрушч… З «гародніны» можна скласці цэлы салат: баклажан, морква, памідор, кукуруза, агуркі розных відаў і нават дзяўчынка-радыска! А якія мілыя дзіцячыя ўспаміны абуджаюць месяц з «тварыкам», хлопчык на санках, навагоднія гадзіннікі і разнастайныя ліхтарыкі!..

У скрынцы з цацкамі з ваты знаходзім медсястру, Снягурку, гусака з грыбамі. А якіх толькі Дзядоў Марозаў няма ў калекцыі — і з ваты, і пластмасавыя. Ашчадна, у асобнай скрынцы складзеныя шкляныя каралі і верхавіны для ялінкі.

Святлана стараецца даведацца пра гісторыю кожнай сваёй цацкі: у якія гады і дзе яна была зроблена. Самыя старыя экзэмпляры — ватныя і шклярусныя (гэта такія шкляныя трубачкі і пацеркі, нанізаныя на дрот), а таксама шары ручной работы, яны датуюцца саракавымі гадамі мінулага стагоддзя. Калекцыянерка мяркуе, што ёсць сярод іх і 1936-1937 года.

«Старыя цацкі хочацца кранаць рукамі, у іх ёсць душа»

«Сучасныя пластмасавыя цацкі мяне не радуюць, — кажа Святлана. — Старыя цацкі хочацца кранаць рукамі, у іх ёсць душа, гісторыя. З сучасных мне падабаюцца толькі ўпрыгожанні фабрыкі ёлачных цацак «Грай», якая знаходзіцца ў Мінску, у іх таксама ёсць душа. Кожны год купляю па адной такой».

Да Новага года яны з мужам ставяць у доме вялікую жывую елку пад два метры вышынёй. Святлана ўпрыгожвае яе толькі старымі цацкамі са сваёй калекцыі. Кажа, што рэакцыя гасцей на гэта адна: «Ваў!»

А вось два яе дарослыя сыны ставяцца да такой рэтра-ялінкі, ды і да самога Новага года, спакойна, жартуюць: «Гэта мамчыны цацачкі!»

Муж Святланы, Андрэй, калекцыянуе вінілавыя пласцінкі, так што захапленні адзін аднаго яны разумеюць і паважаюць. І калі хтосьці ў іх пытаецца: «Будзеце прадаваць свае калекцыі?», муж Святланы адказвае: «Не дай Бог так згаладаць!»

Каментары

Цяпер чытаюць

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча2

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомую егіпецкую тэлевядучую прысудзілі да смяротнага пакарання5

Калі дзіця прагульвае ўрокі, бацькам могуць даць штраф да 450 рублёў6

У бабулі і дзядулі з Палесся 57 унукаў і 38 праўнукаў6

«Я туды не вярнуся ніколі»: Каверын пра Беларусь51

Авіяцыю чакаюць усё больш гарачыя і ветраныя часы — для пасажыраў мала прыемнага

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні7

Былы кіраўнік MI6 агучыў тэрмін, калі Расія і Украіна могуць заключыць мірнае пагадненне2

Лаўроў заявіў пра «пачатак вайны сапраўднай» з Германіяй7

Два аўтобусы беларусаў павезлі ў Маскву на хрэсны ход з мошчамі Данскога на чале з патрыярхам Кірылам17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча2

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць