Сцяпана Латыпава здаў КДБ ягоны расійскі калега-арбарыст. Але сам спрабуе адмаўляць гэта
У злітай «Кіберпартызанамі» базе зваротаў у КДБ Беларусі ёсць два даносы на палітзняволенага Сцяпана Латыпава. Абодва адпраўленыя ў адзін дзень ад імя Ігара Валер'евіча Казанцава з Масквы. Там жа можна знайсці расійскі нумар мабільнага тэлефона, па якім «Еўрарадыё» звязалася з гэтым чалавекам, каб даведацца ягоную матывацыю.
Арбарыст Ігар Казанцаў / Instagram
Як і Сцяпан Латыпаў, масквіч Ігар Валер'евіч Казанцаў — арбарыст (спецыяліст па догляду за дрэвамі). На яго зарэгістраваная гандлёвая марка «Русские арбористы».
У першым ягоным даносе сказана, што беларус закупляў і ўвозіў у Беларусь забароненыя хімікаты. У другім — што ў яго ёсць «карта паляка» і што ён, маўляў, распальвае нянавісць да расіян.
Варта адзначыць, што пасля затрымання Латыпава ў верасні 2020 года дзяржканалы выпусцілі пра яго прапагандысцкі сюжэт, у якім прыпісалі арбарысту намер атруціць супрацоўнікаў міліцыі небяспечнымі хімікатамі.
Паміж «Еўрарадыё» і Казанцавым адбыўся наступны дыялог:
— Добры дзень, гэта Ігар Валер'евіч?
— Слухаю ўважліва.
— Скажыце, а вы знаёмыя са Сцяпанам Латыпавым?
— На жаль, так.
— Ёсць інфармацыя, што вы паведамлялі КДБ Беларусі, быццам Латыпаў увозіў у Беларусь праз Расію забароненыя хімікаты…
— З КДБ Беларусі я не супрацоўнічаў, таму што я знаходжуся ў Расіі і з'яўляюся рэзідэнтам Расіі. А супрацоўнікам КДБ Беларусі можа быць толькі грамадзянін Беларусі.
З Латыпавым знаёмы асабіста і працаваў… Таму і кажу — на жаль, ведаю. Тое, што Латыпаў кантрабандай увозіў у Беларусь забароненыя хімікаты — гэта факт. Адкуль ведаю? Я па тэлефоне нічога не расказваю, і так вам занадта шмат чаго ўжо сказаў.
— Чаму вы вырашылі напісаць пра яго ў КДБ?
— А хто вам сказаў, што я напісаў у КДБ? Спытайце ў таго, хто гэтую інфармацыю пусціў.
— Вы туды не звярталіся?
— А якое дачыненне я маю да КДБ Рэспублікі Беларусь?
— Вы маглі напісаць ліст.
— Так сама, як і вы маглі. Не трэба перакручваць факты.
— Мы правяраем інфармацыю. Ёсць дакумент, у ім — ваш тэлефон.
— Майго тэлефона там быць не можа, не трэба скажаць інфармацыю.
— Дык вось жа, убачылі ваш нумар і патэлефанавалі.
— Я не ведаю, адкуль вы ўзялі мой тэлефон, і ў вочы вас не ведаю.
— Там дзве скаргі ад вас: пра хімікаты (і вы цяпер кажаце, што ведаеце пра гэта) і іншая пра тое, што ён мае «карту паляка».
— Так, я пра гэта ведаю.
— І вы не пісалі ў КДБ Беларусі?
— Мне гэта пачынае дакучаць, адкажу стандартнай фразай — без каментароў. Калі ласка, правярайце. Я пракаментаваць нічога наконт камітэта не магу.
— Дык вы не пісалі ў КДБ, што ён мае «карту паляка» і распальвае міжнацыянальную варожасць?
— Гэта агульнавядомы факт, пра які ён пісаў у адкрытыя крыніцы інфармацыі. Без каментароў, у вас засталася літаральна пара хвілін.
— Вы ведаеце, што Сцяпана Латыпава пасадзілі на 8,5 года ў турму?
— Так, я пра гэта паінфармаваны.
— Як вы да гэтага ставіцеся?
— Я? Без каментароў.
— Вы хацелі, каб яго пасадзілі?
— Без каментароў.
— Як вы ставіцеся да таго, што вашы даныя пазначаныя ў базе зваротаў у КДБ?
— Без каментароў.
— Чаму вы кажаце пра знаёмства з Латыпавым «на жаль»? Што здарылася?
— Таму што гэта вельмі непрыемны чалавек, таму кажу, што на жаль. Ён несумленны ў адносінах да калег, да асоб, што яго акружаюць. Я занадта шмат ведаю пра яго.
— Ён вас чымсьці асабіста пакрыўдзіў?
— Без каментароў. Час выходзіць.
— Як грамадзянін Расіі вы маглі напісаць ліст у КДБ.
— Падкажыце, дзе напісаць. Я напішу, што ён прыдурак, шалапутны, двурушны, і іншыя неэтычныя эпітэты.
— Дык вы пісалі ў КДБ ці не? Ёсць інфармацыя з вашымі адкрытымі данымі.
— Іх не можа быць, бо я не пісаў. Час выйшаў.
Бесараб — пра цынгу Латыпава: Мне тут бачыцца рука нейкіх медыкаў-катаў
«Добра, што ёсць кнігі і ўсеагульная вера». Сваякам даходзяць весткі ад Сцяпана Латыпава з турмы
Сцяпан Латыпаў: Пра чалавека проста паступова забываюць, нібы хаваючы жыўцом
«Мне тут вельмі цяжка, таму што я — Сцяпан Латыпаў». Палітвязня катуюць ШІЗА
Ясень — любімае дрэва Сцяпана Латыпава
Каментары