Гісторыя44

Які беларускі горад першым трапіў у аб'ектыў фотакамер

У адзін год з Вільняй, на пару гадоў раней за Мінск.

Адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt

Датай вынаходніцтва фатаграфіі лічыцца 1839 год, калі ў сценах Французскай акадэміі навук быў зачытаны даклад пра дагератыпію — ранні фатаграфічны працэс, у якім выкарыстоўвалася святлоадчувальнае ёдзістае срэбра. 

Стварэнне такіх здымкаў было дарагім і патрабавала шмат часу. Сапраўдны бум фатаграфіі адбыўся ў 1850-я гады, калі на змену дагератыпам прыйшлі амбратыпы і фератыпы, дзе ў якасці асновы выкарыстоўвалася шкло і металічныя пласцінкі, пакрытыя святлоадчувальным калодыем.

Партрэт маці мінскага фатографа Антона Прушынскага, зроблены ў 1858 годзе, з’яўляецца першай вядомай беларускай фатаграфіяй. 

У гэты час фатаграфія пранікае і на тэрыторыю Беларусі. Адным з піянераў фатаграфіі стаў мінскі шляхціц Антон Прушынскі, які адкрыў сваю фотамайстэрню ў 1850 годзе. Праўда, першая вядомая беларуская фатаграфія датуецца 1858 годам — на ёй адлюстравана маці фотамастака. Амаль уся фатаграфія таго часу канцэнтруецца па партрэтных здымках, зробленых у дэкарацыях прыватных майстэрняў.

Рака Вілія і Замкавая гара ў Вільні. Абдон Корзан, каля 1860 года. Фота: madeinvilnius.lt

Вуліцы беларускіх гарадоў яшчэ амаль дзесяцігоддзе не трапляюць у аб'ектывы фотакамер. Каля 1860 года фатограф Абдон Корзан стварыў шэраг фотаздымкаў Вільні і ваколіц, якія сёння лічацца першымі здымкамі гарадоў на тэрыторыі Літвы.

Але паколькі дакладная дата здымкаў невядомая, а ў кадр трапляюць будаўнічыя работы, звязаныя са стварэннем чыгуначнага тунэлю ў Панарах, то з імі могуць канкураваць здымкі іншага аўтара.

Будаўніцтва чацвёртай у Расійскай імперыі чыгункі, Пецярбурга-Варшаўскай, якая мусіла звязаць сталіцу імперыі са сталіцай Царства Польскага, вялося з 1852 па 1862 гады. Чыгунка пралягала акурат праз Вільню. 

Будаўніцтва моста цераз Нёман у Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt

У сакавіку 1862 года быў адкрыты ўчастак Дынабург — Ландварава, які злучыў Пецярбуг з Вільняй. У маі — участак Варшава — Беласток, які трохі пазней працягнулі да Гродна. Нарэшце ў верасні ўжо можна было даехаць з Варшавы да Вільні.

Для ўзвядзення найбольш складаных інжынерных аб'ектаў на чыгунцы былі прыцягнуты французскія спецыялісты, адзін з якіх запрасіў венгерскага фатографа Антала Рорбаха сфатаграфаваць іх. 

Рорбах працаваў на радзіме аптэкарам, але праславіўся сваімі фотаздымкамі гарадскіх пейзажаў. У 1850-я гады, нягледзячы на недасканаласць тагачаснай фатаграфіі, ён зрабіў шмат здымкаў горада Сегеда, дзе жыў і працаваў.

У Расійскую імперыю Рорбах прыехаў у жніўні 1861 года, а вярнуўся ў назад толькі ў снежні. За гэты час ён зрабіў здымкі будаўніцтва мастоў і тунэляў на чыгунцы, але не канцэнтраваўся выключна на іх — нярэдка на здымкі трапляюць і гарадскія краявіды. 

Краявід старога горада ў Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt
Краявід старога горада ў Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі (фрагмент). Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt

Мяркуючы па здымках, Рорбах наведаў прынамсі Рэжыцу, Дынабург, Вільню, Коўна і Гродна. Здымкі змешчаны ў альбом, які сёння захоўваецца ў музеі ў літоўскіх Шаўлях.

У Гродне фатограф зрабіў не менш за тры здымкі, на якіх паказанае будаўніцтва чыгуначнага моста цераз Нёман.

Першы паказвае будаўніцтва апор моста з узроўню ракі, так што, акрамя рыштаванняў, схілаў рачной даліны і дахаў хатак, нічога больш і не бачым.

Два іншыя больш цікавыя. Адзін з іх, зроблены, відаць, аднекуль з Лінейнай вуліцы, дзе цяпер знаходзіцца «Белкард», паказвае будоўлю з вышыні карэннага берага ракі, захопліваючы вялікі кавалак старога горада з вежамі храмаў. Іншы, зняты з насыпу, які вядзе да моста, паказвае выключна стары горад, які спускаецца да Нёмана.

На сёння гэта найстарэйшыя фотаздымкі гарадской забудовы Беларусі. На іх можна знайсці подпіс аўтара і год здымкі.

Найстарэйшы здымак Мінска, зроблены каля 1863 года. Фота: «Фотографическая Иллюстрация», №№ 8-9

Першы здымак, напрыклад, Мінска з'яўляецца толькі ў 1863 годзе ў расійскім літаратурна-мастацкім часопісе «Фотографическая Иллюстрация». Ён зроблены з Татарскіх агародаў, якія ў савецкі час былі часткова затоплены для пашырэння Свіслачы, і паказвае Траецкую гару і Высокі рынак. 

Праўда, на старонках часопіса пазначаны толькі аўтар здымка — мінскі фатограф Брафман, — але не пазначаны час, калі ён быў зроблены, так што ў беларускай сталіцы яшчэ ёсць шанец нагнаць і перагнаць і Гродна, і Вільню.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Так
    29.05.2024
    Тады Горадня не была беларуская, але фактычна ўжо пачынала ператварацца пад царскай адміністрацыяй. Цяпер працэс паскорыўся і некалі еўрапейская Горадня стае тыповым горадам Белой Руси.
  • Anatol Starkou
    30.05.2024
    А я купил на eBay открытку. На оборотной стороне по немецки написано, что это Кобрин 1916-го года. Перефотографировал. Там еще была надпись на немецком: русские дети.
  • дочка Максима Дизайнера
    30.05.2024
    звар'яцець. а здымкі-то якія якасныя. ледзь не лопнулі астаткі маіх вачэй)

    акром жартаў. сапраўды - здымкі Гродна - гэта нешта
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна17

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна

Усе навіны →
Усе навіны

На беларускім аўкцыёне хочуць прадаць стары плашч за 30 тысяч рублёў2

Шрайбман апісвае варыянты, як пры Трампе можа скончыцца вайна ва Украіне8

ХАМАС замест загінулай закладніцы перадаў Ізраілю цела іншай жанчыны

У Гомелі даўжніка шукалі чатыры месяцы. А ён увесь гэты час у грыме і на вазку прасіў міласціну па заданні

У Беларусі пачнуць выпускаць сухія вінаградныя віны са сваёй сыравіны

Ці можа Маск адключыць украінцам Starlink? 8

Топ артыстаў новай хвалі, якія робяць песні па-беларуску11

Mark Formelle прапанаваў дызайн новых цішотак «Беларусы гавораць»7

Нацбанк пастрожыў патрабаванні да банкаўскіх картак

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна17

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць