Быценскі манастыр на гравюры 1862 года. Фота: Wikimedia Commons

Быценскі манастыр на гравюры 1862 года. Фота: Wikimedia Commons

Гісторыяй, якая адбылася ў першай палове XVIII стагоддзя, падзяліўся ў фэйсбуку гісторык-архівіст Дзяніс Лісейчыкаў. Яе запісалі быценскія базыльяне. 

У той час Быцень быў мястэчкам у Слонімскім павеце Новагародскага ваяводства (сёння аграгарадок у Івацэвіцкім раёне). Базыльянскі ордэн пабудаваў тут адзін з найбагацейшых уніяцкіх манастыроў на тэрыторыі Беларусі, ад якога праз ліхалецці XX стагоддзя да нас дайшла толькі малая царква. 

Падзеі, запісаныя манахамі, адбыліся ў мястэчку ў 1726 годзе:

«Дзівосная мясцовая нядаўняя гісторыя. У нас тут адбыўся выключны выпадак. Пан Лабачэўскі, быценскі падстароста, <…> памёр, але цела яго да трэцяга дня заставалася цёплым і з жывой крывёй. Таксама з шыі, перабітай рыдлёўкай, кроў як з быка ішла.

І закапаны быў на могілках у мястэчку. Але паколькі не толькі манастыр, але і ўсё мястэчка апаноўваў страх, мы загадалі назаўтра ж надвячоркам адкапаць. Але зноў труп быў знойдзены цёплым, а з галавы і шыі ішла свежая кроў.

Айцец вікарый тады ўчыніў экзарцызм, і труп быў спалены. А ў час спалення быццам дзве крыніцы вады з яго выбухнулі ўгару і залілі полымя. Нарэшце, калі ўжо вялікім полымем косці згарэлі, пры кавалку цела засталося сэрца, якога полымя, абступаючы, не ахапіла, а з яго як зарад пораху альбо ракета выбухнула, аж на людзей высыпаўшы іскры. Толькі тады пачало гарэць.

І нават тады, калі сэрца ўжо толькі адно засталося і лёгкія згарэлі, яшчэ кроў з сэрца струменем лілася. Хоць мы і ў вялікім страху былі, аднак з Божай ласкі не мелі шкоды».

Фрагмент архіўнага дакумента, у якім зафіксаваная дзіўная гісторыя з Быценя. Фота: фэйсбук Дзяніса Лісейчыкава.

Фрагмент архіўнага дакумента, у якім зафіксаваная дзіўная гісторыя з Быценя. Фота: фэйсбук Дзяніса Лісейчыкава.

Трупаспаленне, або па-іншаму крэмацыя, ніколі не віталася ў хрысціянстве. Па-першае, крэмацыю атаясамлялі з язычніцкімі практыкамі, па-другое, хрысціяне вераць, што ў Судны дзень усе людзі ўваскрэснуць у плоці і выйдуць са сваіх магіл, а спаленне трупа, пасля якога не застаецца нават костак, разбурае гэтую веру.

Сёння каталіцкая і праваслаўная цэрквы не забараняюць крэмацыю, але раяць устрымацца ад яе, выбраўшы традыцыйны спосаб пахавання. Але больш як тысячу гадоў існавала поўная на яе забарона, уведзеная яшчэ Карлам Вялікім у 785 годзе, за парушэнне якой чакала пакаранне смерцю. 

Каталіцкая царква, да якой належыць і ўніяцкі ордэн базыльянаў, змякчыла забарону толькі ў 1960-я гады. Так што спаленне манахамі трупа ў Быцені было надзвычайнай сітуацыяй.

Што ж магло здарыцца з целам падстаросты? 

Разважаючы пра прычыны таго, што адбывалася з целам пана Лабачэўскага, варта адразу адкінуць летаргічны сон і іншыя падобныя станы, калі чалавек выглядае мёртвым, але пры гэтым застаецца жывым. З апісання базыльянаў зразумела, што з ранай ад рыдлёўкі на шыі, з якой як з быка ішла кроў, падстароста доўга б не працягнуў. Не перажыў бы ён і закопванне ў зямлю, як бы глыбока не спаў. 

Яго адкапанае цела ў любым выпадку мусіла б астыць. Але гэта не адбылося. 

Пасмяротны перагрэў — з'ява неаднойчы задакументаваная, але дагэтуль да канца не вытлумачаная навукоўцамі. Большасць спецыялістаў паказваюць на працэсы разлажэння. Напрыклад, некаторы нагрэў цела могуць выклікаць бактэрыі-сімбанты, у тым ліку кішачныя, якія працягваюць раскладаць ежу. 

Гэтыя ж працэсы маглі прывесці да накаплення ўнутры памерлага чалавека газаў, што сталі прычынай выбуху «пораху альбо ракеты», які назіралі жыхары Быценя, калі паспрабавалі спаліць труп. Пад гэтым унутраным ціскам з трупа магла працягваць выцякаць кроў і іншыя вадкасці цела. Вядома, што трупная кроў толькі спачатку гусцее, але праз 30-90 хвілін зноў «разрэджваецца» — яе, як і донарскую, сёння выкарыстоўваюць для вырабу плазмы для пералівання.

Усе апісаныя з'явы, якія адбыліся з трупам, можна было б вытлумачыць рацыянальна, калі б падзеі адбываліся не ў глухой правінцыі ў часы, калі медыцына яшчэ не была дастаткова развітой. 

Чытайце таксама:

Маладзечанскія ўлады вырашылі знесці 200-гадовы касцёл. Вось чым гэта скончылася

Навукоўцы раскрылі адну з галоўных таямніц егіпецкіх пірамід

Як кароль Стэфан Баторый бараніў праваслаўных ад новага календара

Гісторык разгадаў таямніцу дзіцячых малюнкаў у старадаўняй кнізе

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
29
Сумна
3
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?