«Нават бабарыканцы, якія як бы архітэктары выбараў у КР, хочуць рухаць Ціханоўскую ў нейкі бок»
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у у ютуб-праграме «Часики тикают» выказаўся адносна таго, якія мэты ставяць перад сабой тыя палітыкі, што бяруць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду, і якая ад гэтага карысць ці небяспека для Святланы Ціханоўскай ды яе каманды.
Шрайбман упэўнены, што практычна ўсе ўдзельнікі выбараў у перспектыве нацэльваюцца на тое, каб у зручны момант пасунуць Ціханоўскую з цяперашніх пазіцый:
«Абсалютна ўсе ўдзельнікі працэсу, якія ідуць у КР — акрамя офіснага спісу «Еўрапейскі выбар» — ідуць туды для таго, каб неяк рухаць Ціханоўскую ў нейкі бок.
Хтосьці хоча яе проста спіхнуць з парапета, хтосьці хоча браць удзел у фармаванні [яе] кабінета, хтосьці хоча пасунуць яе ў бок іншага парадку дня — мабільнасць або вызваленчая армія.
Нават арганізатары гэтага працэсу — бабарыканцы, якія таксама зайшлі без свайго спісу, але як бы архітэктары гэтага працэсу, — яны таксама хочуць рабіць гэта з той жа інтэнцыяй. Усім [ім] нешта не падабаецца ў Ціханоўскай».
Вядучая Яўгенія Сугак выказала меркаванне, што ў прадстаўніка бабарыканцаў Івана Краўцова ўсё гэта праяўляецца ў меншай ступені, але Шрайбман запярэчыў:
«Гэта на падкорцы. Маючы зносіны з рознымі людзьмі з усіх спісаў, я бачу што дызайн гэтага працэсу ў тым, каб зрабіць больш плюралістычным гэта поле або пасунуць некамфортнае для ўсіх па розных прычынах лідарства Офіса».
Прычыны ж гэтыя не заўсёды супадаюць:
«Гэта ў многіх сядзіць яшчэ там з 2020 года, калі ёсць адчуванне несправядлівасці таго, што працу рабілі адны людзі, а скарысталіся яе пладамі іншыя людзі.
А ёсць людзі, якія на фоне вайны думаюць, што офіс займаецца нейкай лухтой, а трэба казарму будаваць.
Ва ўсіх розныя прычыны хацець нешта памяняць у канфігурацыі лідарства».
І нічога кепскага ці ненармальнага Шрайбман у гэтым не бачыць:
«Гэта палітычны працэс. Я лічу, што гэта доўгатэрміновая стратэгічная мэта ўсіх, хто туды ідзе. Навошта гэта хаваць?»
Да таго, што ўдзельнікі палітычнага працэсу публічна могуць заяўляць зусім адваротнае, аналітык ставіцца скептычна, бачыць у гэтым толькі тактычныя хітрыкі:
«Цяпер Латушка і Пракоп'еў будуць расказваць казкі, што «не-не, мы хочам пайсці, каб умацаваць Офіс, мы насамрэч прызнаем [лідарства]»… Але гэта ўсё робіцца для таго каб угаварыць Святлану, проста закалыхаць Офіс і Святлану, каб яны падтрымалі выбары напярэдадні і ўключыліся ў іх. А па факце гэтага не адбываецца, Святлана не заклікае галасаваць.
І як бы яны хочуць проста не здавацца занадта пагрозлівымі, але па факце, калі ў іх будзе такая магчымасць цяпер ці ў 2025 годзе, гэта будзе проста падножка ў першы зручны момант».
У той жа час не варта забывацца, што ўся гэтая палітычная кампанія фактычна камерная, і людзей, якіх яна насамрэч цікавіць і тым больш якія ў ёй удзельнічаюць, вельмі мала, і гэта не простыя людзі:
«Ціханоўская выйграла на сапраўдных выбарах, Латушка выйграў на тэлеграм-выбарах. Ды і то нават менш. Гэта выбар нават не ад прадэмакратычных беларусаў, гэта выбар ад ядра ўнутры ядра ўнутры ядра».
Шрайбман: Выбары ў КР — танная трэніроўка для актыва. Але беларусам унутры Беларусі яны не трэба
У Беларусі блакуюць VPN. Што адбываецца і як абысці блакаванне?
За першы дзень выбараў у Каардынацыйную раду прагаласавалі 2463 чалавекі
Беларусам у Беларусі прыходзяць дзіўныя спасылкі з заклікам прагаласаваць на выбарах у КР
Каментары