Грамадства22

Людміла Класкоўская: Кадэбэшнік ухмыльнуўся і сказаў: «Затрымліваю вас на 15 сутак»

Людміла — маці былой палітзняволенай журналісткі Вольгі Класкоўскай. У студзені 2024 года пенсіянерку затрымліваў КДБ — у рамках масавай аблавы на сваякоў палітвязняў. Жанчына распавяла «Новаму Часу», што азначае быць сваяком палітвязня ў лукашэнкаўскай Беларусі і праз гэта самому ўвесь час сутыкацца з ціскам з боку сілавікоў.

«Сказалі: будзеш яе шукаць — сама сюды заедзеш»

— 14 кастрычніка 2020 года. Доўга не магла заснуць. Ускокваю раніцай, іду ў пакой дачкі. Бачу: ложак засланы, цішыня, Вольгі нідзе няма, — апавядае Людміла Класкоўская. — На ўсялякі выпадак паклікала яе, але і так ужо ўсё было зразумела: Вольга дамоў не вярнулася, яе арыштавалі. 

Дачка брала вельмі актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях пратэсту, яшчэ з дзевяностых. Вядома, у дваццатым яна таксама была ў першых шэрагах, а як па-іншаму? Я таксама раз-пораз далучалася.

Арышт Вольгі — гэта была справа часу. Але ўсё роўна як маці ты не можаш быць падрыхтаваная да таго, што менавіта на тваё дзіця надзенуць кайданкі. Унутры ўсё абарвалася, я бездапаможна села на Вольжын ложак і сціснула галаву рукамі. Я добра разумела, што яе ўжо не выпусцяць. Праз некалькі гадзін трохі прыйшла ў сябе і першай думкай было: «Што цяпер рабіць? Дзе яе шукаць?» Абтэлефанавала сяброў і знаёмых, яны параілі: «Едзь на Акрэсціна». 

У той час каля Акрэсціна было шматлюдна: валанцёры са спісамі затрыманых, неабыякавыя беларусы, што прапаноўвалі рэчы для перадач. Дачкі ў валанцёрскіх спісах затрыманых не аказалася, і я пазваніла ў дзверы ЦІП. Мяне даслалі ў ІЧУ, што месціцца побач. З ІЧУ даслалі назад у ЦІП. На гэты раз дзяжурны сказаў: «Жанчына, калі вы яшчэ раз пазвоніце ў дзверы, заедзеце сюды самі». 

Праз нейкі час Воля знайшлася ў пятым клінічным шпіталі Мінска. Мне паведамілі, што яна трапіла туды з траўмай галавы. Я адразу рынулася ў бальніцу, але ўжо на першым паверсе мяне спыніла міліцыя. Службоўцы сказалі, што Вольгу я ўбачыць не змагу, гэта забаронена, і рэчы для яе таксама не возьмуць. З цяжкасцю ўдалося ўламаць іх, каб прынялі вільготныя сурвэткі і цёплыя шкарпэткі. 

Праз нейкі час са мной на сувязь выйшаў адвакат і сказаў: «Людміла, хутчэй едзь у турму ў Жодзіна, Воля ўжо там, пра гэта мне сказаў следчы». Імгненна сабрала заплечнік, закінула туды цёплыя рэчы, прадукты і пабегла на электрычку. У Жодзіне супрацоўніца ў акенцы з раздражненнем кінула: «Такой тут няма. Шукайце ў Мінску». 

Раніцай зноў набраў адвакат, кажа: «Вольга дакладна ў Жодзіне». Зноў хапаю заплечнік і зноў ускокваю ў электрычку. На гэты раз у акенцы пачула: «Класкоўскую прывезлі. Давайце перадачу». Адчула палёгку, бо больш за дзесяць дзён не магла знайсці дачку. Тым больш забралі перадачу: значыцца, Вольга зразумее, што я побач і што мы яе ніколі не кінем.

Далей жыццё пайшло па схеме «штотыдзень збіраеш перадачкі і на электрычцы — у СІЗА». Скажу шчыра, назад я ўжо проста плялася знясіленая. Псіхалагічная стомленасць, напружанне, пустая хата. Не дзіўна, што неяк нават спатыкнулася на ганку і моцна ўдарылася аб жалезнае перыла. Наступствы той траўмы адчуваю дагэтуль.

«Папракалі, што дачка размаўляе па-беларуску» 

— Неяк, калі перадавала Вользе перадачу ў Жодзіна, супрацоўніца ўстановы кінула: «А яна ў вас заўсёды размаўляе па-беларуску ці толькі тут?»

Я адказала, што ў нас у сям’і прынята часта размаўляць па-беларуску і што не трэба шукаць крамолу там, дзе яе няма. 

У снежні дваццатага, напярэдадні суда, Вольгу перавялі на Валадарку. Перад этапам у яе адкрыўся моцны крывацёк, і на Валадарцы ў яе амаль заўсёды быў пасцельны рэжым. Дзякуй богу, у мяне заўсёды ў СІЗА на Валадарскага прымалі лекі для яе: медыкі нават прасілі мяне, каб прывозіла кроваспыняльныя таблеткі, бо ў санчастцы іх не было, — гаворыць суразмоўца. 

Людміла Класкоўская кажа, што пасля арышту дачкі на яе выйшла вельмі шмат незнаёмых людзей і арганізацый з прапановай дапамогі: 

— Утрымліваць сваяка-палітвязня за кратамі даволі накладна ў фінансавым плане. Асабліва, калі ты пенсіянер і жывеш адзін. Я не чакала такой хвалі салідарнасці: мне дапамагалі збіраць перадачкі і пасылкі для Вольгі, дапамагалі з транспартам, каб я магла ўсё гэта завезці ў калонію. Асабліва цяжка, памятаю, было збіраць першую рэчавую перадачу, бо патрэбна было набыць зімовы абутак і шмат іншых цёплых рэчаў. Але дзякуючы дапамозе людзей справілася. 

Перадачы ў калонію збірала пакрысе, старалася ўсё самае смачнае для Вольгі набыць. На яе ж у калоніі адразу навесілі статус «злоснага парушальніка» — а гэта абмежаванні на атаварку, толькі на дзве базавыя ў месяц яна магла закупацца. А калі знаходзілася ў ШІЗА, то закупацца ў атаварцы ўвогуле не магла. Таму пасылкі былі для яе паратункам. Але і тых часта пазбаўлялі. Першай вялікай 50-кілаграмовай яе пазбавілі, калі пасылка была ўжо ў калоніі. Яна вярнулася назад мне: дык не дала рады яе сама зацягнуць дахаты, давялося прасіць дапамогі ў выпадковых прахожых. 

Калі падышоў тэрмін наступнай пасылкі, вырашыла завезці яе ў гомельскую калонію сама. На гэты раз яе, дзякуй богу, прынялі. Напярэдадні давялося аб’ездзіць усе абутковыя крамы ў Мінску і Гомелі, бо не магла знайсці для Волі патрэбныя басаножкі. У калоніі ўвесь час мяняліся патрабаванні, што да абутку. Плюс хацелася набыць самыя зручныя, каб хоць трошкі палегчыць яе паўсядзённае жыццё за кратамі.

Самай вялікай радасцю было, калі атрымлівала лісты ад дачкі, дзе яна пісала: «Мамачка, вялікі дзякуй за пасылку, усё атрымала. Усё такое смачнае і прыгожае!» У гэтыя моманты я адчувала ўнутраны ўздым. 

«Не магу чытаць турэмныя дзённікі дачкі»

— За кратамі Воля ўвесь час хварэла: абвастрыліся хранічныя захворванні, з’явіліся новыя. У сувязі з моцным крывацёкам ёй давялося перажыць дзве аперацыі. Я ўвесь час пераймалася, ці ёсць у яе неабходныя лекі? Неяк ёй не маглі спыніць крывацёк, дык урачы калоніі даслалі мне рэцэпт на гарманальныя прэпараты. 

Пазней я даведалася, што ёй не заўсёды аддавалі адмысловыя сродкі гігіены, якія я набывала для крывацёку ў аптэцы. У ШІЗА Вользе часта нават пракладкі не давалі. Мне да гэтых часоў цяжка ўявіць, праз што ёй давялося прайсці, як яна напакутавалася. Дачка пасля вызвалення надрукавала ў «Новым Часе» 25 частак сваіх «Турэмных дзённікаў», дык вось я іх чытаць не магу. Усё ўнутры пераварочваецца, слёзы душаць. 

Мы рэдка размаўляем з Вольгай пра яе зняволенне. Асабліва цяжка і ёй, і мне згадваць пра час, які яна правяла ў ШІЗА і ПКТ. 

Здаралася, што пра чарговыя суткі дачкі ў ШІЗА я даведвалася з медыя. Вельмі цяжка было маральна ад таго, што я нічога не магу зрабіць, нічым не магу ёй дапамагчы. Думала: «Як жа ўсё пры гэтым рэжыме перакулена з ног да галавы: нараджаеш, гадуеш дзіця, і вось так у адзін момант хтосьці пазбаўляе роднага чалавека свабоды ні за што, катуе, здзекуецца». Былі і моманты адчаю, калі думала, што Вольга памрэ за кратамі. Не дай бог бацькам перажыць такія думкі. Што можа быць страшней?

Я ўвесь час дасылала афіцыйныя запыты адміністрацыі калоніі і ва Упраўленне выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці. Прасіла даць афіцыйныя адказы, дзе мая дачка, які стан яе здароўя, на падставе чаго яе зноў змясцілі ў штрафны ізалятар, пазбавілі пасылкі, спаткання, чаму ёй не аказваецца належная медыцынская дапамога? У адказ атрымлівала адныя адпіскі. Маўляў, усё з вашай дачкой добра, а ў ШІЗА мы яе змяшчаем таму, што яна ўвесь час парушае правілы ўнутранага распарадку.

Волю вельмі часта пазбаўлялі і пасылак, і спатканняў. Мы змаглі з ёй сустрэцца ў калоніі толькі пад канец яе тэрміну. Часта да яе ў гомельскую калонію не пускалі і адваката. Турэмнікі заўсёды давалі на гэта аднолькавае тлумачэнне: няма заявы на наведванне адваката з боку Вольгі. Хаця яна такія заявы пісала. 

У дзень званкоў адчувала асаблівае хваляванне, бо цэлы дзень сядзіш на тэлефоне і калі дачка не тэлефануе, разумееш, што штосьці здарылася, што яна хутчэй за ўсё зноў трапіла ў ШІЗА, — дзеліцца ўспамінамі маці былой палітзняволенай.

«Пакінула судовую залю ў знак салідарнасці з дачкой»

— У лістападзе 2021 года Вольгу вывезлі з гомельскай калоніі: у Брэсце завялі новую крымінальную справу супраць яе. Хоць яна і атрымала дадатковы тэрмін за нібыта абразу міліцыянта, але для нас яе этап у Брэст стаўся перадышкай. Я змагла перадаваць туды перадачы і пасылкі, прымалі нашмат болей усяго, чым у калоніі. Плюс яна магла атаварвацца ў шапіку СІЗА без абмежаванняў, магла насіць сваю вопратку. І лісты адносна нармальна хадзілі, — згадвае Людміла Класкоўская.

— Мы ўбачыліся на судзе ў студзені 2022 года. Я прыехала ў Брэст, каб падтрымаць Вольгу. Мы паспелі перакінуцца парай слоў нават, але яе вельмі хутка выдалілі з судовай залі, бо яна адмовілася ўставаць перад судом, — працягвае суразмоўца. — У знак салідарнасці з дачкой пакінула судовую залю і я. 

Што дапамагала мне, як маці, трымацца ўвесь гэты час? Салідарнасць, падтрымка людзей, надзея, вера, стасункі са сваякамі іншых палітвязняў. У нас быў нават адмысловы чат, дзе мы давалі парады адзін аднаму — што, напрыклад, можна перадаваць у СІЗА ці ў калонію, а што нельга, мы дзяліліся навінамі, думкамі, развагамі і ўвесь час падтрымлівалі адзін аднаго. 

У студзені 2024 года пасля масавай аблавы КДБ на сваякоў палітвязняў пляцоўкі былі выдаленыя. Вельмі прыкра, але гэта было правільнае рашэнне на той момант, бо ГУБАЗіК жа яшчэ пачаў рассылаць сваякам папярэджанні, каб тэрмінова павыдаляліся з «дэструктыўных чатаў».

«Я сказала дачцэ: «Калі ты зноў сядзеш, я гэтага ўжо не перажыву»

— Пасля вызвалення Волі з калоніі ў снежні 2022 года мы пачалі праходзіць новыя колы пекла. Не прайшло і сутак пасля яе вяртання, як да нас прыехаў ГУБАЗіК. 

Дарэчы, калі чакалі Вольгу з былой палітзняволенай Аланай Гебрымарыям каля турэмнай брамы, заўважылі, што ў машынах з мінскімі нумарамі сядзелі людзі з рацыямі і пільна за намі сачылі. А пасля паехалі за нашай машынай у Мінск. 

Дык вось прыязджае да нас ГУБАЗіК. Воля ў ваннай была, а я выйшла ў краму. Вяртаюся дахаты — і сутыкаюся на лесвіцы каля пад’езда з двума рослымі мужчынамі. Я напачатку не зарыентавалася, хто гэта і што, і нават папрасіла іх дапамагчы данесці да кватэры заплечнік з прадуктамі, бо цяжкі вельмі быў. Яны, дарэчы, пагадзіліся. Калі я зразумела, што гэта губазікаўцы, анямела. 

Волю тады папярэдзілі, каб нідзе не ўздумала «адсвечваць» і даваць якія-кольвек каментары прэсе. Таксама яе спрабавалі вербаваць. 

Людзі ў пагонах прыходзілі да нас рэгулярна. Але сапраўдную небяспеку мы адчулі, калі дачку выклікалі ў крымінальны вышук, доўга яе там марынавалі, а пасля спрабавалі ўзламаць яе тэлеграм. Службоўцы вельмі раззлаваліся, калі Вольга адмовілася даваць ім воблачны пароль і яны не змаглі атрымаць доступ да акаўнта. 

Ёй сказалі вярнуцца праз некалькі дзён з тэлефонам, але мы параіліся і прынялі рашэнне, што яна туды не пойдзе, што ёй трэба тэрмінова з’язджаць з Беларусі. Я сказала дачцэ: «Калі ты зноў сядзеш, я гэтага ўжо не перажыву».

Калі Воля апынулася ў бяспецы, я нарэшце спакойна выдыхнула. Мяне не асабліва турбаваў мой лёс у гэты момант: галоўнае, што Вольга ўжо ў была ў бяспечнай краіне і ёй больш нічога не пагражала. 

«Прычапіліся да шпалераў у Воліным пакоі»

— Пасля ад’езду дачкі сілавікі пераключылі сваю ўвагу на мяне. Яны ў прамым сэнсе не вылазілі з маёй кватэры: часта прыходзілі, прычым вельмі позна, ледзь ці не ўначы, званілі, грукалі ў дзверы, узнімалі мяне сонную і яшчэ з абурэннем і злосцю кідалі: «Чаму не адчыняеце дзверы?»

Іх вельмі цікавіла, дзе Вольга, патрабавалі назваць дакладную краіну месцазнаходжання, дакладныя адрас і тэлефон. Пыталіся, як яна туды дабралася. Не аднойчы казалі мне, каб угаварыла яе вярнуцца ў Беларусь. 

Неяк міліцыянты прыйшлі ў кватэру, шукалі Волю — пайшлі па пакоях і звярнулі ўвагу на шпалеры. Пытаюцца: «Што гэта за шпалеры? Гэта Вольга так сцены размалявала?»

Сапраўдны ціск на мяне пачаўся, калі на Вольгу ў Беларусі ўзбудзілі новыя крымінальныя справы. Першая з іх — за ўдзел дачкі ў анлайн-трансляцыі Марафону салідарнасці з палітвязнямі. Іншыя справы — дакладна не ведаю за што, але летась да мяне прыехалі супрацоўнікі Следчага камітэту і запыталіся, што я ведаю пра чалавека па прозвішчы Бобр? Я прыкінулася дурніцай, кажу, а ў чым справа? Вёску Бобр, маўляў, ведаю, а чалавека Бабра не ведаю. Следчы кажа: «У нас ёсць інфармацыя, што гэты Бобр аплачваў вашай дачцэ паслугі адвакатаў». Узялі ў мяне паказанні і сказалі, каб перадала Вользе, што яна мусіць прыехаць у Беларусь і прыйсці ў СК па гэтай справе. 

Праз нейкі час прыехалі іншыя следчыя, ужо па іншай крымінальнай справе. «Дзе ваша дачка?» — пытаюцца. Кажу: «Ужо за мяжой даўно, вяртацца не збіраецца. А ў чым справа?» Яны называюць некалькі прозвішчаў і гавораць, што гэтыя людзі рабілі грашовыя пераказы Вользе ў СІЗА і што СК трэба, каб дачка дала з гэтай нагоды паказанні. 

Прыездаў, наездаў і ціску з боку сілавікоў было багата за гэты час. Але па-сапраўднаму я зразумела, што балансую на мяжы, сёлета 23 студзеня, — апавядае маці былой палітзняволенай. 

«Кадэбэшнік сказаў, што затрымлівае мяне на пятнаццаць сутак»

— У той дзень раздаўся званок з незнаёмага нумару. Суразмоўца прадставіўся міліцыянтам, сказаў, што зараз зойдзе да мяне. Я адказала, што сама выйду да бліжэйшай станцыі метро. Выходжу з хаты — а каля пад’езда ўжо чакаюць двое. Сунуць «коркі» ў твар. Адзін службоўца — з міліцыі, другі — з КДБ. Кадэбэшніка звалі Аляксандр, прозвішча не памятаю.

«Пройдзем у машыну», — гавораць. У аўтамабілі адразу ж запатрабавалі мой мабільнік, уважліва пачалі гартаць тэлеграм і запыталіся, пад якім акаўнтам у тг мая дачка. Я паведаміла. Яны адкрываюць нашую з Воляй перапіску і абураюцца, што яна выдаленая. Потым кадэбэшнік запытаўся: «Ці аплачвалі вам е-дастаўку з-за мяжы? Думайце, успамінайце».

Пасля мяне завезлі ў КДБ і абвінавацілі ў атрыманні фінансавай дапамогі ад арганізацыі IneedHelpBy. Кадэбэшнік нядбайна кінуў на стол пастанову пракурора і я паспела прачытаць, што з’яўляюся падазраванай па справе аб замежнай дапамозе. Пракурор пастанавіў затрымаць мяне і дапытаць, а ў маёй кватэры правесці ператрус. 

Допыт быў мардоўны, давялося экспромтам зыходзіць ад пытанняў-пастак. Камітэтчык сказаў, што ў аплатах е-дастаўкі для мяне фігуравала шмат амерыканскіх картак. На ўсе прэтэнзіі я адказвала, што харчовыя кошыкі мне дапамагалі аплачваць сябры і ніякія фонды я не ведаю. Пасля ён прымусіў мяне распісацца ў падпісцы аб неразгалошванні і папярэдзіў: «Крый божа, хоць штосьці ўсплыве. Вы за гэта адкажаце». 

Толькі выдыхнула, як служака здзекліва дадаў: «А зараз я вас затрымліваю на пятнаццаць сутак». Пытаюся: «За што? За рыбу, якую я ўжо даўно з’ела?» Ён задаволена адказвае: «Я пажартаваў. Ідзіце. Але чакайце позву ў суд». Вось такія гумарысты ў КДБ працуюць: ламаюць лёсы людзей і ім ад гэтага смешна. 

Калі гэты супрацоўнік выводзіў мяне на калідор, то дадаў: «Думаеце, мы не ведаем, што вы памянялі тэлефон?» Я кажу яму: «Ну, нічога вечнага на свеце няма: і тэлефоны, і зубы маюць уласцівасць ламацца». 

Цяпер я разумею, што менавіта тэлефон, дакладней яго замена, мяне і выратаваў. Замяніла я яго без нейкага плану напярэдадні: стары проста разбіўся. Страшна падумаць, што было б, калі ў рукі КДБ трапіў мой стары тэлефон: як не чысці, але тыя ці іншыя сляды ў ім усё роўна застаюцца. 

На развітанне супрацоўнік КДБ дадаў: «Сёння цяжкі дзень, тут паток».

Праз два дні мяне зноў выклікалі званком ва Упраўленне КДБ па Мінскай вобласці. Далі прачытаць пратакол допыту, сказалі падпісаць. Запыталі, ці не ўзгадала яшчэ чагосьці па справе харчовых кошыкаў, зноў пыталіся пра Вольгу. 

Дачка была катэгарычна супраць, каб я сама ішла ў КДБ. Але для мяне, як чалавека немаладога, экстранная эвакуацыя ці допыт у КДБ — аднолькавы па сваёй моцы стрэс. Я вырашыла, як будзе, так будзе… 

Уцёкі з Беларусі

— Пасля студзеня 2024 года мне давялося ўвесь час змяняць месца жыхарства, хавацца па розных кватэрах, у розных гарадах і вёсках. Я змяніла сім-карту, бо на яе ўвесь час тэлефанавалі з незнаёмых нумароў, — працягвае Людміла Класкоўская. — Плюс не хацелася, каб па сімцы вылічылі маё месцазнаходжанне.

Я разумела, што трэба з’язджаць, што ў спакоі мяне ўжо не пакінуць. На ад’ездзе і вельмі настойвала дачка. Працэс эвакуацыі заняў пэўны час, бо праз усе выпрабаванні апошніх гадоў узніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Плюс шмат часу забрала працэдура па афармленні візы. 

З Беларусі мяне эвакуявала дачка Вольга. Зноў прайшлі разам і праз бяссонныя ночы, і праз моцны стрэс — асабліва, калі я праходзіла расійскую мяжу. 

Расійскія памежнікі перарылі ўсе мае рэчы, вельмі пільна прагарталі ўсе кнігі, кожную старонку. І зачапіліся за Быкава. Давялося доўга тлумачыць ім, хто такі Васіль Уладзіміравіч. 

Дзякуй богу, у нас усё атрымалася і цяпер я разам з дачкой у Швейцарыі. Пакуль што не магу паверыць, што ўжо ў бяспецы, што за мной ужо ніхто не прыйдзе, нікуды не забярэ. Падпісалася на ўсе незалежныя медыя. Спакойна хаджу па вуліцах, добра высыпаюся, любуюся прыгажосцю Швейцарыі: якая ж гэта маляўнічая, бяспечная краіна! Вельмі хачу, каб і Беларусь была такой. 

Пасля ўсяго перажытага, зразумела, згублена і здароўе, і ўнутры пэўная пустэча. І ўвесь час у душы боль. Ён не знікае. Боль не толькі за дачку і сябе, а за ўсіх беларусаў, што прайшлі і праходзяць праз пекла лукашэнкаўскай дыктатуры. Але мы ўсе мусім трымацца — насуперак усяму. Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…

Каментары2

  • 2020
    18.09.2024
    Дзякуй богу спадарыня Людміла ў бяспецы
  • Шос
    18.09.2024
    Позірк свабоднага эу́рапейскага чалавека

Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага10

Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага

Усе навіны →
Усе навіны

Чалы тлумачыць, чаму ў Беларусі растуць даходы і людзі пабеглі па крэдыты3

ДМК: Грузапаток праз Беларусь знізіўся яшчэ на 30%2

У Расіі вайсковыя вучылішчы не могуць набраць курсы. Няма ахвотных7

«$120 — і я пакіну цябе ў спакоі». Махляр заблакаваў айфон беларускі і запатрабаваў выкуп

Муж уладальніцы кампаніі Wildberries зрабіў узброеную спробу захопу офіса, ёсць параненыя

Ці могуць беларусы, якім Швецыя адмовіла ў прытулку, разлічваць на перагляд рашэння? І што будзе з новымі заявамі?

Кавун каштаваў гарадзенцу 1578 рублёў2

Мінскаму блогеру, які рабіў агляды на крамы, далі два гады хіміі2

Еўрасаюз нарасціў выпуск снарадаў больш чым у два разы. Украіне будзе палёгка

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага10

Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага

Галоўнае
Усе навіны →